Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
прысутнасці і бытнасці п. Нечвалодава загадаў мне памянёныя вершы прагаварыць на памяць, што я і выканаў, а потым па просьбе п. Нечвалодава і па загадзе кс. Магнушэўскага перапісаў іх і, яшчэ раз прачытаўшы перад п. Нечвалодавым, аддаў яму асабіста...»
Як бачым, тут шмат што не стыкуецца з успамінамі Ігната Яцкоўскага.
Галоўнае з паказанняў самога Паўлюка Багрыма вынікае, што ён чытаў не свае вершы, а толькі перапісаны ім верш «Размова хлопаў» варыянт вядомага беларускага верша Яна Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў». Але тады паўстае пытанне: адкуль жа ўзяўся ў Ігната Яцкоўскага верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»? Тут магчыма такая версія: услед за вершам Яна Баршчэўскага Паўлюк Багрым, падахвочаны Магнушэўскім, чытаў і свае, але запісаў іх пад адзіным загалоўкам «Размова хлопаў». А, хутчэй за ўсё, ён напісаў свае вершы пазней і паказаў іх разам з іншымі Ігнату Яцкоўскаму як адвакату. Што ж да наведвання Крашына самім сенатарам Навасільцавым і рэктарам Віленскага ўніверсітэта Пеліканам, то гэта дакументальна, здаецца, не пацвярджаецца. Але пра падзеі ў Крашыне яны дасканала ведалі з данясенняў службовых асоб і на іх аснове прымалі «неабходныя меры».
Самае галоўнае, мы не ведаем, куды дзеліся вершы Паўлюка Багрыма. Няўжо не была «падшыта» гэтая «крамола» ў якіх-небудзь справах? А можа, Багрымавы вершы згубіліся ў паперах каго-небудзь з удзельнікаў тых далёкіх падзей і, некранутыя, пыляцца недзе на архіўных паліцах, чакаюць не дачакаюцца свайго Шэрлака Холмса?
Загадкі, загадкі... Па-мойму, па-сапраўднаму разгадваннем іх у нас ніхто яшчэ не займаўся. Ды, відаць, работа гэта не для аднаго даследчыка. Каб разгадаць загадку Паўлюка Багрыма, трэба падступацца да яе, мусіць, з розных бакоў.
Перш за ўсё, відаць, варта больш уважліва прыгледзецца да ўсіх дзейных асоб той хвалюючай драмы пад назвай «Крашынскі бунт».
Толькі ці правільна будзе паказваць яе ў адных чорна-белых фарбах, як гэта бачым ва ўсіх без выключэння артыкулах і мастацкіх творах? Узяць хаця б Станіслава Юрагу. Ці папраўдзе такі ўжо быў ён звер, як малюецца ўсюды? Мусіць, не варта абмінаць заўвагу пра яго і звязаных з ім асоб, зробленую ў згаданых успамінах Ігнатам Яцкоўскім, чалавекам перадавых поглядаў, спагадлівым да сялян (ужо тое, што ён захаваў у памяці праз многа гадоў хвалюючы Багрымаў верш, шмат пра што гаворыць): «...мы ведалі ўсіх асоб, што дзейнічалі ў гэтай драме, з найлепшага боку і ў наўмыснай жорсткасці ніводную з іх не абвінавачваем...» Але паколькі «жорсткасць усё-такі адбылася», Ігнат Яцкоўскі, «не адважваючыся сам выносіць прысуд», імкнецца аб’ектыўна расказаць, з чаго ўсё пачалося. 3 яго тлумачэння вынікае, што Юрага хацеў свае спрэчкі з сялянамі наконт зямлі скончыць «па-прыяцельску». Але тут нібыта ксёндз Магнушэўскі перашкодзіў дамоўленасці. Тады Юрага «запатрабаваў сабе ўласнасці праз афіцыйныя ўстановы». Пачалося следства. Юрагу і сялянам прапаноўвалася прыйсці хоць да якоганебудзь пагаднення. «Аднак усе сродкі аказаліся дарэмнымі, а ўрад, узяўшы аднойчы гэту справу ў свае рукі, лічыў неабходным пераканаць бакі, што пастановы вышэйшай улады павінны быць выкананы, і дзве роты салдат, накіраваныя з гэтай мэтай у маёнтак, дамагліся здзяйснення статута, зацверджанага ўрадам». Вядома, я не збіраюся апраўдваць Станіслава Юрагу: усё ж гэта ён дамагаўся падпарадкавання сабе крашынцаў, але ж, як відаць, былі ў яго дзейнасці і «змякчальныя абставіны». У кожным разе з дакументаў не відаць, што ён выклікаў салдат для ўціхамірвання сялян.
Будучы скрупулёзны даследчык, я думаю, аб’ектыўна разбярэцца ва ўсім, дэталёва прасочыць біяграфію Станіслава Юрагі, які, дарэчы, паходзіў з багатага колісь княскага роду Гедройцяў.
Як відаць з дакументаў і кнігі Яцкоўскага, на баку Станіслава Юрагі ў яго спрэчцы з сялянамі быў і брат Антаніны, уладар Паланэчкі Канстанцін Радзівіл. Гэта таксама не адназначная гістарычная постаць. У дарожных нататках пра Уладзіслава Сыракомлю мне ўжо даводзілася згадваць пра Канстанціна Радзівіла
як ліберальнага князя. аднаго з кіраўнікоў літоўскага філіяла тайнага антыцарскага польскага Патрыятычнага таварыства, яго актыўнага дзеяча, які наладжваў сувязі з дзекабрыстамі для сумесных дзеянняў супроць царскага самадзяржаўя, дзеля чаго неаднаразова сустракаўся ў 1823 годзе з Аляксандрам Бястужавым. Імя Канстанціна Радзівіла сустракаў я і сярод карэспандэнтаў Рускага геаграфічнага таварыства, куды ён пасылаў матэрыялы па беларускай мове і этнаграфіі.
I яшчэ напрошваецца адно пытанне: ці не было якой-небудзь сувязі, хай і ўскоснай, паміж Паўлюком Багрымам і філаматамі? Пра філаматаў і філарэтаў пасля іх выкрыцця ў 1823 годзе гаварыла ўся Беларусь, і моладзь, вядома ж, не магла не зацікавіцца смелымі антыцарскімі вершамі паэтаў-філаматаў, у тым ліку і беларускімі. He мог не ведаць гэтыя творы і цікаўны да ўсяго Паўлюк Багрым. Тым больш што самыя славутыя паэты-філаматы Адам Міцкевіч і Ян Чачот былі якраз яго землякамі з Наваградскага павета. А дзяцінства Яна Чачота праходзіла зусім блізка ад Крашына, на рацэ Мышанка, таксама «пад Баранавічамі». Як паказваў следчым ксёндз Магнушэўскі, Паўлюк Багрым на памяць ведаў як беларускі верш Яна Баршчэўскага «Размова хлопаў», так і «розныя байкі з Нарушэвіча, Эзопа і «Вядомосці Бруковых» віленскага сатырычнага антыпрыгонніцкага часопіса. Вядома, называць творы нядаўна пакараных, высланых за межы Беларусі паэтаў-філаматаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана ксёндз-дэмакрат зусім не мог. Можна з упэўненасцю сказаць, што творы паэтаў-філаматаў, паэтаў-землякоў Паўлюк Багрым таксама чытаў і перапісваў у свае сшыткі, толькі пра гэта нельга было і заікацца.
Дадатковым доказам знаёмства Паўлюка Багрыма з творамі філаматаў могуць быць і іх непасрэдныя кантакты з асобнымі дзейнымі асобамі той крашынскай драмы, кантакты, пра якія чамусьці яшчэ не згадвалі нашы літаратуразнаўцы.
Я прыводзіў ужо згадку філамата Тамаша Зана пра тое, што ў час яго вясельнага падарожжа па Беларусі восенню 1846 года ён разам са сваёй маладой жонкай Брыгідай Свентажэцкай, аб’язджаючы блізкіх і сяброў, наведаў і Юрагаў у Крашыне.
Шукаючы вытокі гэтага сяброўства, я на ўсякі выпадак прагартаў выдадзеную ў Польшчы «перапіску філаматаў» у пяці тамах. Эўрыка! Сярод тых, з кім былі звязаны філаматы ў 1817— 1823 гадах, знаходжу і Юрагаў, а канкрэтна імя жонкі Станіслава Юрагі Антаніны, з якой, аказваецца, сябравала каханая Адама Міцкевіча Марыля Верашчака (Путкамер). Прывядзём урывак з пісьма Марылі да Тамаша Зана ад 18 (30 па ст. ст.) верасня 1822 года: «Няхай пан Тамаш будзе такі добры і напіша мне пра пані Юрага, як яна сябе пачувае і дзе жыве. Пані Юрага вельмі мяне запрашала, каб я наведала яе ў Вільні да канца гэтага месяца, але я яшчэ не ведаю, ці здолею зрабіць гэта». У чарговым пісьме да Зана Марыля ізноў пытаецца пра здароўе «любай пані Юрага» і паведамляе, што збіраецца яе наведаць. Пра гэта Тамаш Зан паведамляе і Адаму Міцкевічу, які таксама, як вынікае з пісьма, ведаў Антаніну Юрага.
Перапіска паказвае, што Антаніна была замужам за Станіславам Юрагам ужо ў 1822 годзе, а не ў 1826, як падае, напрыклад, Сцяпан Александровіч у нарысе «Слядамі легенды», апублікаваным у яго кнізе «Незабыўнымі сцежкамі» (Мінск, 1959). Выходзіць, спрэчка паміж Юрагам і крашынцамі цягнулася не меней як шэсць гадоў?
Марыля Верашчака ведала Антаніну Юрага, відаць, з маленства: за чатыры ж кіламетры ад радзівілаўскага Крашына ў маёнтку Сачыўкі над той жа Шчарай жыла яе бабуля і іншыя сваякі. He мог не ведаць Антаніну Юрага і Марылін стрыечны брат філамат Ігнат Дамэйка, які наведваўся ў Сачыўкі і да агульнай для яго і Марылі бабкі, і да сваёй сястры, а потым і да мацеры, што з часам перабралася сюды. На ўсё жыццё запомніліся Ігнату Дамэйку тутэйшая прырода і дзіцячыя забавы ў Сачыўках. «Нібы цяпер бачу, пісаў ён на схіле жыцця, як тры малыя Марылькі: мае дваюрадныя сёстры Верашчака (пазнейшая Марыля), Залэнская (паходжаннем з Касцюшкаў) і родная сястра, трымаючы доўгую гірлянду з руж і язміну, спяваюць перад расчуленай бабуляй». Ігнат Дамэйка ўспамінаў, як у час, калі жыла тут яго маці, гулялі вяселлі дзвюх яго сясцёр і брата Адама. «Тут, згадваў Ігнат Дамэйка, развітаўся я з маткай, апошні
раз пацалаваўшы ёй рукі (у красавіку 1831 года) праз год яе ўжо не стала...»
Пасля паўстання 1831 года Ігнат Дамэйка як яго ўдзельнік вымушаны быў пакінуць Беларусь, выехаць у эміграцыю. Толькі ў 1884 годзе, пасля больш чым паўвекавой разлукі, змог ён наведаць бацькоўскі край. I больш за ўсё цягнулі Ігната Дамэйку родная Медзвядка, вёска ў цяперашнім Карэліцкім раёне, дзе ў 1802 годзе ён першы раз убачыў свет, і Сачыўкі, дзе былі пахаваны яго бабка, маці і дзе заставалася яшчэ яго радня. Гэтую хвалюючую сустрэчу падрабязна апісаў ён ва «ўспамінах выгнанніка» — кнізе «Мае падарожжы». Думаю, варта прывесці асобныя вытрымкі з кнігі, дзе гаворыцца пра Сачыўкі, Крашын і ваколіцы. Вось як апісвае аўтар саму сустрэчу з краем яго дзядоў: «Галава мая поўнілася думкамі і ўспамінамі, я кідаў вачамі ва ўсе бакі. Ужо відаць былі вялікія белыя вежы Сталавіцкага касцёла, статкі кароў, што пасвіліся каля лянівай Шчары на шырокай даліне, удалечыні адкрывалася вёска Крашын, вятрак на ўзгорку; і вось з-за цёмных вольхаў паказаўся Сачыўскі двор, палепшаны, але не зменены. На ганку сустракала мяне многа гасцей і шматлікая радня нашчадкі маіх братоў і сясцёр; справа ад ганка дамашнія, служба, злева грамада сялян. Гаспадар Язерскі і яго жонка... падалі мне на падносе хлеб, соль і мёд, а старшы з сялян, пакланіўшыся, прывітаў мяне: «Нех бэндзе пахвалены пан Езус». Я адказаў яму «навекі», і пачаліся поціскі і пацалункі. Якая гэта была радасць!..» Перш за ўсё Ігнат Дамэйка схадзіў пакланіцца магіле сваёй мацеры упершыню пасля яе смерці, а таксама магіле бабкі. Могільнік быў зусім недалёка, на Паповай гары, паміж Сачыўкамі і Загор’ем. Як расказала мне ўраджэнка Загор’я паэтэса Ніна Загорская, на гэтых могілках ужо нікога не хавалі, але людзі шанавалі гэтае месца, не пускалі туды жывёлу. Ды зусім нядаўна занадта разумны мясцовы начальнік загадаў узараць стары могільнік, дзе значыліся яшчэ магільныя курганкі, і засеяць яго збажыной. Вяскоўцы са слязамі на вачах расказвалі Ніне, як плугі выварочвалі з зямлі чарапы ды косці іх продкаў. Жанчыны журботна пазбіралі тыя астанкі і перазахавалі ў агульнай ямцы пад бліжэйшымі кустамі.