Зорка філаматаў
нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
Падкухар Ясік, які круціў на ражне парася, расказваў далей аўтар, так заслухаўся гаворкаю госця, што падпаліў на агні парасячы бок.
«Нечаканы госць» быў не хто іншы, як паэт Ян Баршчэўскі. Як сцвярджаюць даследчыкі, Аляксандр Гроза вельмі дакладна намаляваў у сваёй аповесці яго вобраз. А яшчэ падаў жывы, з нечаканымі падрабязнасцямі партрэт паэта: «Высокі, тонкі, з прыўзнятымі плячыма і згорбленаю спіною, з доўгім бледным тварам, агромністым носам, маленькімі вочкамі, неадпаведнаю росту галоўкаю». I, дамалёўваючы вобраз Яна Баршчэўскага, аўтар «Нечаканага госця» дадаваў: «Яго вельмі любілі дзеці: ён будаваў ім з картаў цудоўныя палацы, мяўкаў, як кот. А яшчэ тысячамі апавядаў казкі, і ў кожнай з іх дзейнічалі мухі, восы, матылі. Прабавіўшы цэлы дзень з дзецьмі, вечарам ён станавіўся
іншым чалавекам сур'ёзным, суровым, глыбакадумным, набожным...»
Вандруючы дарогамі роднай Беларусі, слухаючы жывую гаворку народа, размаўляючы на ёй з землякамі, Ян Баршчэўскі, калі яму захацелася выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, натуральна, і пісаў іх не інакш, як на гэтай жа «тутэйшай» гаворцы, сваёй айчыннай беларускай мове. Уласныя беларускія вершы ён сам чытаў па памяці ўдзячным непісьменным слухачам сялянам, a то і разумным панам.
На жаль, да нас дайшлі толькі тры беларускія творы Яна Баршчэўскага «Дзеванька», «Гарэліца» і «Размовы хлопаў». Першы верш прысвячаўся каханай дзяўчыне, другі быў накіраваны супроць п’янства. Трэці, які яшчэ называюць паэмай, адлюстроўвае падзеі французска-расійскай вайны 1812 года. Верш хадзіў сярод людзей у розных рукапісных варыянтах і называўся яшчэ «Бунт хлопаў», «Рабункі мужыкоў». У ім паэт не без гумару расказвае, як прыгонныя, карыстаючыся ваеннай заварухай, кінуліся рабаваць панскія маёнткі, дабівацца сабе волі.
Свае беларускія творы, якіх, як відаць, было нямала, Ян Баршчэўскі складаў толькі для вуснага выканання, нават не думаючы пра іх надрукаванне.
Але паэту рупіла расказаць пра родны край, пра свой беларускі народ, пра яго традыцыі і прыродную мудрасць самым шырокім колам грамадства, усяму адукаванаму свету. А гэта можна было зрабійь толькі праз друк. Паколькі ж не было яшчэ беларускага друку, то паэт мусіў перайсці ў сваёй творчасці на польскую мову.
У Пецярбургу Ян Баршчэўскі зблізіўся з землякамі-літаратарамі, сярод якіх былі Рамуальд Падбярэзскі, Людвік Штырмер і іншыя. У расійскай сталіцы быў створаны зямляцкі літаратурны гурток, дзе абмяркоўваліся творы яго ўдзельнікаў. А гэта вельмі стымулявала іх творчасць. Аднаго разу сябры падвялі Яна Баршчэўскага да невысокага смуглявага хлопца з задумлівымі вачыма. Як жа быў усцешаны Ян Баршчэўскі, калі пры знаёмстве хлопец адрэкамендаваўся: Адам Міцкевіч. Той Адам Міцкевіч, цудоўнымі баладамі якога ён даўно зачытваўся! Паэ-
там-землякам было пра што пагутарыць. Адам Міцкевіч заахвочваў «барда з Паўночнай Беларусі» да літаратурнай творчасці, уважліва прачытаў яго вершы, выказаў канкрэтныя заўвагі пра першыя пробы пяра. А як ускалыхнулі, паднялі дух Яну Баршчэўскаму яго сустрэчы са славутым украінскім паэтам, будзіцелем нацыі Тарасам Шаўчэнкам, што вельмі цікавіўся беларускай літаратурай, якая толькі нараджалася! Усе гэтыя сустрэчы, літаратурнае асяроддзе ў Пецярбургу вельмі падахвочвалі Яна Баршчэўскага да пяра. Па прыкладзе Адама Міцкевіча беларускі бард узяўся пісаць балады. Засноўваў ён іх на шматлікіх легендах і паданнях, якія сабраў падчас вандровак на поўначы Беларусі. Свае балады Ян Баршчэўскі друкаваў у альманаху «Незабудка». У іх знайшлі сваё месца не чутыя яшчэ паданні азёрнай Віцебшчыны, народныя звычаі і абрады беларусаў. Сябры-літаратары, убачыўшы, якімі багатымі скарбамі беларускага фальклору валодае Ян Баршчэўскі, параілі выкласці сабраныя ім народныя апавяданні не вершам, які скоўвае аўтара, а прозай. Паэт і сам гэта адчуваў. Таму неўзабаве адкінуў баладны жанр і ўзяўся расказваць пра пачутае ў народзе празаічнымі апавяданняміаповесцямі. Яны і пачалі ў хуткім часе з’яўляцца ў друку. Гэтыя народныя апавяданні склалі потым кнігу «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», якая выйшла з грунтоўнай прадмовай Рамуальда Падбярэзскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі».
Перадавая беларуская інтэлігенцыя ўжо тады па-належнаму ацаніла высокую вартасць гэтага своеасаблівага твора, які раскрыў Беларусь знутры, праз традыцыі і вераванні народа. Адзін з землякоў Яна Баршчэўскага ксёндз Ігнат Галавінскі, пазнаёміўшыся з яго апавяданнямі, прыемна ўражаны імі, з захапленнем пісаў свайму сябру-літаратару Міхалу Грабоўскаму ў 1843 годзе: «Пан Баршчэўскі ўстае перад намі самым дасканалым выразнікам простанароднай фантазіі і звычаяў беларускага народа... Пачаў ён прозай пісаць аповесці. He магу табе перадаць сваё вялікае ўражанне ад іх. Усё там выканана па-майстэрску пад выглядам найвялікшай прастаты. Гэта не збіральнік народных паданняў: у яго ёсць усе патрэбныя і незвычайныя для гэтага
ўмовы. Шчыры беларус, не цяпер, а з самага дзяцінства правёў ён усё жыццё з народам. Яго твар, загарэлы, не кабінетны, гаворыць, што гэта чалавек дзеяння, не спекуляцыі. Выхоўваўся ён у езуітаў, што не пазбавіла яго пачуцця і прастаты. Ён глыбока верыць у тое, пра што піша, а гэта не малая вартасць, бо з верай кожнае апісанне непараўнальна жывейшае і праўдзівейшае. Беларусь ён ведае дасканала. бо разоў трыццаць абышоў яе ўсю пеша і цяпер штогод прыязджае на радзіму з Пецярбурга, і ўсюды ён тут жаданы, усюды яго сардэчна прымаюць, бо як бард гэтага краю апавядае несупынна пра ўсё, што ведае, людзям. Апавяданні, показкі сыпле як з рукава. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: амаль нічога свайго не дадае, а ўсё яго творчасць. Голая казка не мела б ніякай вартасці, але ён аздабляе яе іншымі паданнямі, дасканала драматызуе і раптам вырастае нешта цэласнае, поўнае простанароднай праўды і самага звычайнага жыцця... Мова яго твораў зусім простая, і не польская, а беларуская; у кожным слове быццам чуеш беларуса...»
Ксёндз Ігнат Галавінскі, хоць не літаратар, не крытык, а ўжо тады, калі толькі друкаваўся «Шляхціч Завалызя...», разгледзеў усю сутнасць творчасці Яна Баршчэўскага, яе глыбінную беларускасць.
Пасля выхаду ў 1844-1846 гадах асобнымі томікамі твора «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» аўтар моцна занядужаў і, адгукнуўшыся на запрашэнне сваёй добрай знаёмай графіні Юліі Ржавускай, пераехаў з Пецярбурга ў яе маёнтак у Чуднаве, на Валыні, дзе і памёр праз пяць гадоў. Пасля яго смерці ніхто не парупіўся тады ці проста не змог перавыдаць гэтую цудоўную кнігу Яна Баршчэўскага ды іншыя цікавыя творы з яго спадчыны. I толькі ўжо ў новым, XX стагоддзі, асобныя старонкі са «Шляхціча Завальні...» вывудзіў з той ракі забыцця наш Максім Гарэцкі, змясціўшы іх у складзенай ім «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век 1905 г.», выдадзенай у 1922 годзе ў Вільні. А цалкам кніга Яна Баршчэўскага ў перакладзе на беларускую мову Міколы Хаустовіча выйшла толькі ў 1990 годзе, амаль праз паўтара стагоддзя пасля апублі-
кавання! Колькі ж пакаленняў беларусаў не ведала адной з лепшых кніг пра сябе!
3 выхадам у свет у наш час «Шляхціча Завальні...» беларуская грамадскасць вельмі зацікавілася асобай Яна Баршчэўскага: што ж напісаў яшчэ гэты забыты самабытны пісьменнік?
Выканаць «сацыяльны заказ» па вяртанні літаратурнай спадчыны Яна Баршчэўскага ўзяўся «Беларускі кнігазбор». Сабраць у адзін том усё самае значнае з творчага набытку пісьменніка падручыўся перакладчык «Шляхціча Завальні...» Мікола Хаустовіч, які дасканала вывучыў творчасць Яна Баршчэўскага, абараніў па ёй кандыдацкую дысертацыю. Работа па складанні кнігі вельмі не простая: трэба вывудзіць з мора друкаванай прадукцыі за паўтара стагоддзя ўсё, што напісаў пісьменнік, і не прапусціць нічога вартага. Такую работу Мікола Хаустовіч выканаў.
Цяпер трэба было прарабіць не менш складаную працу: перакласці з польскай на беларускую мову адабраныя творы пісьменніка. 3 прозай Яна Баршчэўскага было прасцей. Пераклад самага буйнога яго твора «Шляхціча Завальню...», які раней зрабіў Мікола Хаустовіч, мы ўжо мелі на руках. Ён узяўся перакладаць і ўсю астатнюю прозу Баршчэўскага, у тым ліку яго лісты. А як быць з паэзіяй? Яна ж, можна сказаць, яшчэ нсвядомая беларускаму чытачу. Хто можа ўзяцца за яе пераклад? У нас ёсць перакладчыкі з польскай мовы, і нямала, ды пераклады большасці з іх падобны на птушак, у якіх паадрывалі крылы, a то і зусім іх пакалечылі. Вось каб падбіць на гэта Рыгора Барадуліна ды Васіля Сёмуху! Пераклады абодвух заўсёды чытаеш, як іх уласныя творы: так натуральна і хораша яны гучаць. Майстры!
Спачатку я дазваніўся да Васіля. Ён рад бы падключыцца да гэтай работы, ды галавы не падымае ад Бібліі, пераствараючы яе па-беларуску. Што ж да Рыгора, то ён, на маю вялікую радасць, нечакана лёгка згадзіўся: Ян жа Баршчэўскі яго зямляк, з той жа Віцебшчыны. Яму я і аднёс амаль усе вершаваныя творы земляка. Каб трохі лягчэй было Барадуліну, дзве балады аддаў я на пераклад яшчэ аднаму някепскаму паэту, знаўцу польскай мовы. Ды калі ён прынёс свае пераклады, я жахнуўся: не чытаюцца! Здаецца, і не адступіўся перакладчык ад арыгінала,
а словы не тыя: быццам калом ён уганяў іх у радок так і выпіраюцца адтуль, як сукі-патырчакі. Пападкрэсліўшы іх, паспрабаваў аддаць пераклады на дапрацоўку. Дапрацаваў, прынёс. Падкрэсленыя словы-патырчакі неяк паўпіхваў, але яны павылазілі ў іншых месцах! Хоць і шкода было мне паважанага паэта, але мусіў вярнуць яму ягоную работу. Пачакаўшы, калі Рыгор Барадулін зробіць сваю, ільвіную, долю перакладаў, я папрасіў яго перакласці і гэтыя дзве балады. Калі яны былі гатовыя, я не мог не нарадавацца: як цудоўна, як лёгка чытаюцца! Гэтак жа, як і ўсе барадулінскія пераклады, як яго ўласная паэзія. He падвёў студэнцкі сябар.
Калі ўсе тэксты былі гатовыя, «кнігазбораўскі» супрацоўнік Алег Глекаў зрабіў вёрстку кнігі, вывеў на кальку. Усё! Цяпер толькі кладзі яе на друкарскія станкі. I чакай выхаду. Ды скора казка кажацца, але не скора дзея дзеецца! Самая галоўная загвоздка: дзе ўзяць грошы на выданне кнігі на паперу, на ўсе матэрыялы, на друкарскія паслугі, на аплату працы перакладчыкаў і ўсіх, хто рыхтаваў кнігу да друку? Пра тое, як яны шукаліся, можна было б таксама пісаць кнігу. Але дзякуючы добрым людзям мы ўсё ж выпусцілі ў свет аднатомнік выбраных твораў Яна Баршчэўскага. Глядзіце цяпер, людзі, што ў нас быў за цудоўны пісьменнік у XIX стагоддзі! Мы выдалі яго немалым па тым часе тыражом ажно сем тысяч асобнікаў. Пачалі прыкідваць, якая будзе выручка з улікам усіх затрат. Ці зможам хаця за гэты заробак выпусціць наступны том серыі?