Зорка філаматаў
нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
I вось гладзюткай аўтастрадай, што прастуе недзе аж на Маскву, бяжыць-куляецца наш аўтобусік. Сядзяць тут больш за ўсё «вожыкаўцы», цяперашнія і былыя: сам галоўны рэдактар Валянцін Блакіт, далей Іван Стадольнік, Пятро Сушко («Пётр I»), А яшчэ наш саюзаўскі начальнік Анатоль Жалязоўскі, родам з-пад Оршы, а таксама не менш паўнамоцны адзін з падначальнікаў Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў Пятро Ліпай «Мяне не Чапай» (альбо «Пётр II»), вядомы ўсёй пісьменніцкай сям’і «лімаўскі» фатограф Уладзімір Крук і я, «прымкнёны Шэпілаў». А вязе гэтую каманду наш нязменны саюзаўскі шафёр Пятро «Пётр III». Вядома, добра вось так, скінуўшы з плячэй цяжкую ношу бясконцых клопатаў, калывацца сабе на мяккім сядзенні, пазіраць у акно, за якім праплывае наша палявая-лясная зямля з яе простымі, але заўсёды мілымі сэрцу краявідамі. Ну, вядома, і пагаманіць у такой разнаякай кампаніі, уволю пасмяяцца, пажартаваць, a то і зацягнуць пад настрой якую песню, што сама папрасілася на язык. Дарога ёсць дарога! Калі пад’язджалі к Аршанскаму раёну і, звярнуўшы з магістралі, скіравалі проста на Барань радзіму Уладзіміра Корбана, я дастаў з кішэні блакнот занатоўваць назвы населеных пунктаў на дарожных указальніках: а можа, яны неяк памогуць мне адшукаць Занаў Кахачын? Перад вачамі замільгалі: Коханава Звенячы Ляўкова Шапчына Лісуны Тумінічы Зубрэвічы (гэта ж радзіма нашага сябра Янкі Сіпакова) Клюшнікава і нарэшце Барань, дзе мы спыніліся і адразу пачалі знаёміцца з новай для большасці з нас мясцінай.
Для мяне гэта было цэлае адкрыццё: я трапіў у горад, пра існаванне якога дасюль нават не падазраваў. Горад гэты Барань. He мястэчка, не гарадскі пасёлак, а сапраўдны, прытым
немалы сучасны горад! Вось яшчэ адзін доказ нашага, у першую чаргу майго «ведання» Беларусі!
Сустрэў нас перад будынкам гарвыканкама сам мэр горада. А быў ім шчуплы, падцягнуты, фізкультурнай камплекцыі малады чалавек, нядаўні настаўнік беларускай мовы і літаратуры адной з бараньскіх школ. Звалі яго Юрый Аляксандравіч Нагорны. Родам з Наваградчыны, з-пад Свіцязі. Усе мы з прыемнасцю адзначылі яго чыстую беларускую мову. I гаварыў ён пабеларуску не толькі з намі, літаратарамі. Беларуская мова, як высветлілася, жыве ў яго сям’і, па-беларуску ён гаворыць з усімі, па-беларуску вядзе і сесію гарсавета. Інакш кажучы, робіць так, як і павінна быць у Беларусі, раз мы хочам называцца цывілізаванай нацыяй.
Барань горад вельмі кампактны, з вялікім старым паркам у самым цэнтры, з сучаснымі дамамі, вядома ж, «каробачнага» (тут нікуды не дзенешся) тыпу, з прамымі шырокімі вуліцамі.
Пасялілі нас згодна з распараджэннем мэра не абы-дзе у санаторыі! Высокі шматаконны гмах на беразе ракі Адроў. 3 акон санаторыя адкрываецца шырокі краявід светлы пасак ракі ў вербалозах ды вольхах перад самым фасадам, зялёная. вельмі вабная лугавіна ў рачной пойме, маляўнічыя залесеныя ўзгоркі за ракой, маўклівы цемнаваты хвойнік удалечыні. А стаіць санаторый на ўскраіне горада, да цэнтра якога ісці хвілін дзесяць, не болей! Санаторый гэты пабудаваў для сваіх работнікаў завод «Чырвоны Кастрычнік», той, на якім працаваў Уладзімір Корбан і які называўся цвікавым. Толькі ён, вялікі, усесаюзнага значэння завод, які, дарэчы, і ўзгадаваў з колішняга пасёлка сапраўдны горад, мог дазволіць сабе такую раскошу. Праўда, санаторый амаль пусты: у кожнага ж завадчаніна недзе побач свой дом, свая кватэра. А персанал, вядома ж, працуе, зарплата ідзе. Можа, гэта адзін з безлічы нашых БАМаў, толькі ў мініяцюры?
На самім заводзе мы таксама змаглі пабываць. Паглядзелі збольшага цэхі, зазірнулі ў музей, які мае такую афіцыйную назву «Народный музей революцнонной, боевой н трудовой славы оршанского завода “Красный Октябрь”». Мноства фотаздымкаў,
схем, вымпелаў, узнагарод. 3 цікавасцю паслухалі мы расказ работніка музея пра гісторыю завода, што пачынаецца задоўга да рэвалюцыі. Аказваецца, на гэтым «цвікавым» заводзе яшчэ з вайны 1914 года вырабляўся калючы дрот. Цікава, у колькі змен працавалі цэхі па выпуску гэтай прадукцыі ў часы, калі ёю абгароджваліся незлічоныя астравы архіпелага ГУЛАГа? А яшчэ выпускалі тут кайданы. Нам паказалі стэнд, дзе расказвалася пра аднаго з рабочых цэха па вырабе кайданоў Івана Фаміча Кляўзу, які за рэвалюцыйную дзейнасць быў закуты пры царызме ў кайданы... уласнай вытворчасці. Дастаўшы з-пад шкла, нам паказалі яго аб’ёмісты дзённік, у якім ён скрупулёзна, з цікавымі дэталямі расказвае пра свой удзел у вядомых нам падзеях, гэты жывы дакумент часу. Шкада толькі, што ў музеі мы не ўбачылі саміх кайданоў гэтую «важную» прадукцыю завода. Зрэшты, ніякага ўпамінку не было і пра тых, хто цягаў іх не толькі «ў змрочныя часы царызму», але і ў «светлую эру чалавецтва, адкрытую вялікім Кастрычнікам».
У Барані мы пабылі два дні. Сустрэчы, выступленні, экскурсіі, адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Уладзіміра Корбана на вуліцы яго імя. Усё гэта, вядома, было цікава. Але ж мне рупіла іншае: знайсці на Аршаншчыне Занаў Кахачын, пабываць на яго апошнім прыстанку. Тут, у Барані, усе, у каго я ні пытаўся пра яго, толькі паціскалі плячамі.
Заставалася ехаць у Смаляны. Пэўне ж, Кахачын быў недзе недалёка ад Смалян, раз сюды прывезлі хаваць яго гаспадара. Развітаўшыся пасля ўрачыстасцяў з гасціннымі гаспадарамі Барані і сябрамі-літаратарамі, якія ад’язджалі ў Мінск, застаўшыся адзін, як бізун, я сеў на рэйсавы аўтобус і пакаціў у Оршу, каб адтуль весці свае росшукі.
Як выявілася, Смаляны ад Оршы недалёка. Аўтобусы ходзяць туды рэгулярна. Але яшчэ ў Барані ласкава падручыўся звазіць туды мяне на сваёй машыне намеснік старшыні гарвыканкама Васіль Віктаравіч Дзяржыцкі. Па мяне ён пад’ехаў у Оршу, да гасцініцы.
Прыехалі мы ў Смаляны рана. Там Васіль Віктаравіч перадаручыў мяне старшыні сельсавета Івану Сымонавічу Бутару. Іван
Сымонавіч, добры і прыветлівы чалавек сталага веку, расказаў мне збольшага пра Смаляны. Мястэчка (цяпер яго чамусьці завуць вёска) даволі вялікае, тут дзве буйныя гаспадаркі калгас «Новае жыццё» і саўгас-тэхнікум, які ўзнік на базе даўняй сельскагаспадарчай школы. Іван Сымонавіч быў дырэктарам гэтага саўгаса-тэхнікума. Сам ён з Вілейскага раёна, робіць тут з 1962 года. Для лепшага знаёмства з гісторыяй Смалян Іван Сымонавіч завёў мяне ў музей саўгаса-тэхнікума, куды падышлі таксама яго загадчык Эдуард Іванавіч Іваноўскі і завуч саўгаса-тэхнікума маладая абаяльная жанчына, імя якой я, на жаль, не запісаў. Аказваецца, Смаляны даволі старажытнае паселішча. У хроніках яны ўжо згадваюцца з канца XV стагоддзя як уладанне князёў Бельскіх. Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр падарыў Смаляны сваёй жонцы Алене, дачцэ вялікага князя маскоўскага Івана III. Потым Смаляны былі падараваны вялікім князем літоўскім Жыгімонтам I праслаўленаму военачальніку Вялікага Княства Літоўскага Канстанціну Астрожскаму, які са сваім 30-тысячным войскам недалёка адсюль, на рацэ Крапіўна, у 1514 годзе ўшчэнт разбіў 80-тысячнае войска вялікага князя маскоўскага Васілія III. Са Смалянамі звязана таксама імя рускага палкаводца Андрэя Курбскага. які, пасварыўшыся з царом Іванам Грозным, перайшоў на бок беларускага гаспадарства Вялікага Княства Літоўскага, за што як узнагароду і атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста гэтае мястэчка пад Оршай. Пазнейшымі ўладарамі Смалян былі князі Сангушкі, а з XIX стагоддзя, калі Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, рускія высокія чыны Сямёнавы, Цітовы. У музеі на фоне ўсяго мінулага Смалян паказвалася гісторыя тэхнікума. Пачатак яму паклаў памешчык Цітоў, арганізаваўшы тут у 1900 годзе так званую ніжэйшую сельскагаспадарчую школу першага разраду. Рыхтавала школа спецыялістаў для буйных памешчыцкіх гаспадарак. Праіснавала яна да 1917 года. Праз год на базе дадзенай школы ўтварыўся сельскагаспадарчы тэхнікум, які за гады свайго існавання выпусціў многія сотні спецыялістаў. Сярод выпускнікоў гэтай сельскагаспадарчай навучальнай установы былы прэзідэнт Акадэміі навук БССР Васіль Феафілавіч Купрэвіч.
Дырэктарам тэхнікума перад вайной быў Уладзімір Елісеевіч Лабанок, вядомы партызанскі камандзір, а потым дзяржаўны дзеяч Беларусі.
Але першае, што хацелася мне даведацца ад маіх новых знаёмых, зноў жа пра Кахачын. Дзіва: і тут пра яго ніхто нават блізка не чуў ні старшыня сельсавета, які, вядома ж, назубок павінен быў вывучыць свае ваколіцы, ні загадчык музея, які родам з недалёкай адсюль вёскі, ні завуч саўгаса-тэхнікума. Нічога пра Кахачын не сказалі мне і навучэнцы саўгаса-тэхнікума, з якімі папрасіла мяне сустрэцца завуч.
Заставалася толькі задаволіцца наведаннем магілы Тамаша Зана. Шукаць яе мы пайшлі разам з Іванам Сымонавічам і Эдуардам Іванавічам. Спачатку Іван Сымонавіч хацеў адгаварыць мяне ад гэтага: пасля дажджу, які толькі што скончыўся, там будзе быццам бы гразка, ды і праз кусты цяпер не прадзярэшся. Але ўбачыўшы, што я ўсё роўна не адступлюся, нехаця згадзіўся.
Ісці давялося зусім нядоўга: смалянскія могілкі у самым мястэчку. I ніякай гразі там я не ўбачыў, і ні праз якія кусты нам не трэба было прадзірацца. Неахвоту старшыні сельсавета весці мяне сюды я зразумеў, калі мы падышлі да месца: так, парадак на могілках не з ідэальных, як, зрэшты, і ўсюды ў нас на ўсеагульны наш вялікі сорам.
Магілу Тамаша Зана знайшлі адразу: пра яе ў Смалянах ужо ведалі, вучні Смалянскай школы нават узялі яе пад сваю апеку добрая прыкмета часу, нашага духоўнага выздараўлення. Перада мною сярод кустоўя былі два роўныя, аднолькавай прамавугольнай формы гранітныя помнікі з уманціраванымі жалезнымі рэйкамі, пры дапамозе якіх, відаць. мацавалася верхняя частка помнікаў.
На першым з іх было выбіта: «Брыгіда Зан», на другім, справа, «Тамаш Зан» (усё на польскай мове). А перад абодвума помнікамі, якраз пасярэдзіне, ляжаў вялікі пляскаты валун з вычасанай на ім і добра адшліфаванай плітой. На гэтай пліце быў акуратна высечаны чыімсьці вельмі старанным долатам надпіс: «Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць якога ў блаславенстве... Жыў шэсцьдзясят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 г. у Кахачыне».
А трошкі ніжэй: «Брыгіда Зан з Свентажэцкіх пахавана побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 г. ва ўзросце 81 г.». Яшчэ ніжэй ішлі больш дробныя літары, якія цяжка было разабраць. Укленчыўшы перад каменем, мы доўга прачышчалі літары ад даўнейшага моху. Іван Сымонавіч дастаў з кішэні сцізорык і, асцярожна адскрабаючы мох, вадзіў ім па жалабках літар. I ўсё ж цалкам прачытаць надпіс мы не змаглі. Нам удалося толькі разабраць пачатак і канец фразы: «Сын іх... памёр у 1854 г.». Прычым лічба 5 была не зусім выразная, і я ў блакноце, куды заносіў усе надпісы, паставіў пасля яе пытальнік. Ніяк не прачытвалася сярэдзіна фразы нейкае доўгае слова (ці мо і не адно), якое пачыналася быццам бы на «С». Я толькі запісаў прыкладную канфігурацыю літар. У іх, відаць, хавалася імя Занавага сына, а магчыма, яшчэ нейкая інфармацыя.