Зорка філаматаў
нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
і Адаму Міцкевічу, у якіх таксама дакараў яго за наведванні маскоўскіх салонаў, за ўдзел у свецкіх забавах рускіх. У адказ Адам Міцкевіч растлумачваў Яну Чачоту беспадстаўнасць яго абвінавачванняў, не адабраючы яго «цяперашні стаіцызм», яго погляды на адносіны да рускіх, сярод якіх ён сустракаў нямала такіх жа праціўнікаў царскай тыраніі, як і яны самі. Горача абараняючы Зана ад несправядлівых нападак Чачота, Міцкевіч яшчэ раз напамінаў пра мужнасць «архіпрамяністага» ў час віленскага працэсу над філаматамі, запэўніваў, што ён «і цяпер зрабіў бы гэтак жа пры падобных абставінах». Падагульняючы свае меркаванні аб спрэчцы Чачота з Занам, Адам Міцкевіч так заканчваў адзін з лістоў да іх: «Калі б які анёл убачыў гэтыя вашыя сваркі і закіды, ён гневаўся б, смяяўся і плакаў бы адначасова».
Але паколаты збан склеіць было ўжо нялёгка. Тым больш што гэтыя «трэшчыны» вельмі паглыбіў яшчэ адзін важны чыннік каханне Яна Чачота і Тамаша Зана да Зосі Малеўскай, іх суперніцтва. Як ужо не раз пісалася, дачка рэктара Віленскага ўніверсітэта і сястра філамата Францішка Малеўскага Зося была сапраўднай музай Яна Чачота. Пазнаёміўшыся з ёй на адной з вечарын у рэктарскім доме і захапіўшыся яе ігрой на фартэпіяна, Ян Чачот пакахаў яе назаўсёды, хоць і без надзеі на ўзаемнасць. Ён прысвяціў Зосі мноства сваіх песень у Вільні, пра яе трызніў на далёкім Урале:
Трызню табою, адзінай, О маё шчасце, дзяўчына! Дзе ты, жыццё маё, ранне, Ты, маё ў свеце каханне? Ты за той дальняй смугою! He за адной ты гарою. He за аднымі барамі, He за аднымі гарамі!
Хаця Чачот і ведаў, што Зося Малеўская яго не кахае і ўжо, напэўна ж, ніколі не пакахае, усё ж мроіў пра яе, цешыўся ў далёкай ссылцы, што яна ёсць у свеце:
Любоў да сям’і ўсёй (філамацкай. К. Ц.) і Зосі Мне ўцехаю стала адзінай,
Мне ўцехаю стала адзінай 1 смуткаў нязводных прычынай.
Аб сіле пачуцця Яна Чачота добра кажа і хвалюючая рэліквія, якую нейкі час назад разам з паперамі філаматаў атрымаў адкульсьці Літаратурны музей імя Адама Міцкевіча ў Варшаве і якую мне там паказалі складзены канвертам лісток паперы з прымацаванай да яго пасмачкай залацістых валасоў Зосі Малеўскай і з напісаным рукой Яна Чачота чатырохрадкоўем:
Пасмай валасоў во гэтай Так душа мая сагрэта! Хоць яны тугі прычына, Іх цалую безупынна.
Гэту пасмачку валасоў Зосі Малеўскай насіў Ян Чачот з сабою ва ўральскай высылцы і да канца свайго жыцця. Тамаш Зан таксама быў закаханы ў грацыёзную Зосю Малеўскую з першых філамацкіх вечарын у доме рэктара ўніверсітэта, толькі ён хаваў свае пачуцці. Ёсць сведчанні, што і Зося не была абыякавая да гэтага стройнага, чорнавалосага, лабастага хлопца, лідара моладзі, які да таго ж прапаведаваў чысціню і высакароднасць у адносінах да слабага полу, як і наогул дабрату, спагадлівасць да ўсіх людзей. Асабліва разгарэлася гэтае пачуццё рамантычнага кахання, калі ў час працэсу над філаматамі і філарэтамі Тамаш Зан быў кінуты ў муры базыльянскага кляштара ў адзіночнае заключэнне. He вядома, як бы склаліся іх адносіны, калі б не турма і шматгадовая ссылка Тамаша Зана і Яна Чачота.
У кожным разе ў маладзенькай рэктаравай дачкі каханне да «трохкутнага», як называлі часам Тамаша Зана сябры за своеасаблівую канфігурацыю яго лба, не набыло яшчэ такой моцы, каб кінуць абжыты і ўтульны бацькоўскі дом з фартэпіяна і пусціцца ўслед за сваім абраннікам у беспрытульную далеч пад сібірскія маразы і завеі, тым больш што і намёку пакуль што не было пра які-небудзь шлюб. Зося паўздыхала па сваім герою і пры першай магчымасці выйшла замуж, стаўшы паняй Брахоцкай.
Як і Чачот, Тамаш Зан тужыў на Урале па Зосі. Дзённік, які ён вёў у ссылцы і які выйшаў у Польшчы асобнай кнігай, вельмі
добра даносіць да нас гэтую тугу: «Наймілейшая, найдаражэйшая! Толькі ты ў маёй думцы і ў сэрцы, ты мой плач і маё жыццё! Божа, паслухай маю малітву, блаславі, Божа, няхай жа будзе воля твая!»
Але ў адрозненне ад Яна Чачота Тамаш Зан не быў засяроджаны толькі на адносінах з Зосяй. Бываючы часта ў доме генерала арэнбургскай дывізіі Жамчужнікава (сваяка літаратараў Жамчужнікавых, якія разам з А. Талстым хаваліся пад псеўданімам Казьма Пруткоў), дзе даваў урокі яго сыну, Зан неўзабаве па вушы закахаўся ў генеральскую дачку Жэню. Нават мерыўся ажаніцца з ёй, да чаго схільныя былі і яе бацькі, але сама яна выйсці за яго чамусьці не рашылася.
Як бы там ні было, і для Тамаша Зана Зося заставалася далёкай і нязбытнай марай, частачкай маладосці. Таму ў першы дзень па вяртанні ў Вільню з сямнаццацігадовай ссылкі ён пайшоў у дом Малеўскіх на сустрэчу з юнацтвам, дзе знайшоў сваё каханне з маленькім сынком Кастусём на руках. Пра гэтую сустрэчу вяртанец так расказаў Францішку Малеўскаму ў сваім пісьме: «Зося была першая, хто мяне сардэчна прывітаў, бо Марыня (Зосіна сястра. -К. Ц.) і пані рэктарша былі яшчэ на набажэнстве ў касцёле святога Яна. Дружба нашая сапраўдная, прыгожая, бо захавалася аж дасюль. Костусь гожы анёлачак... У тваім доме засталося ўсё па-старому, толькі фартэпіяна іншае і на іншым месцы, яно даўно ўжо не адкрывалася (ад смерці рэктара). Усё ж для мяне былі праспяваны “Вілія” і “Ніна”... а таксама Чачотавы песні: “Што мы вашэці скажам...”» (Як мы яшчэ раз можам пераканацца, беларускія песні Яна Чачота былі своеасаблівым сімвалам філамацкага сяброўства.)
У тым жа 1841 годзе вярнуўся ў свае родныя мясціны і Ян Чачот, але нават такі знаўца яго біяграфіі, як Станіслаў Свірка, нідзе не знайшоў упамінку пра наведванне паэтам свайго нязбыўнага кахання, што было, мусіць, невыпадкова. Нідзе не знайшлося таксама следу пра сустрэчу Зана з Чачотам пасля іх вяртання на радзіму.
Пасля вяселля Тамаш і Брыгіда Заны намерыліся зрабіць своеасаблівае падарожжа па Беларусі, каб адведаць сваіх блізкіх
і знаёмых. «На свята Божага Нараджэння, успамінае Зан, мы адведалі Наваградак Ігнася (Занавага брата. К. Ц}, Дварэц Верашчакаў, Далматаўшчыну Вяржбоўскіх, Паланэчку Радзівілаў, Бортнікі Слізеняў, Крашын Юрагаў, Вольну Рафаля Слізня, Куль Бжазоўскіх, Сляпянку Ваньковічаў, Аборак Дэдэркаў, Беніцу Швыкоўскіх, Манулы Багдановічаў. На Тры Каралі былі мы ў Лепелі».
Тамашу Зану не цярпелася заняцца гаспадаркай у сваім кутку, які адшукаў яму Ваўжынец Путкамер, муж Марылі. Зан набыў яго за дадзеныя ў пасаг грошы ў Адольфа Дабравольскага. Гэта маёнтак Кахачын пад Оршай. Але адправіцца туды Зан з жонкай пакуль не мог, бо яго трымалі абавязкі перад Горным інстытутам. Давялося пабыць яшчэ ў маёнтку бацькоў Брыгіды Свентажэцкай. Тут і нарадзіўся іх першы сын Віктар (другое імя Серафін). Хроснай маткай яго была Марыля Путкамер.
Урэшце Зан з сям’ёй змог перабрацца ў свой маёнтак, пачаў яго абжываць. Праўда, асаблівай радасці ад свайго набытку ён не меў. Гаспадар скардзіцца ў адным з пісем Марылі Путкамер на адарванасць ад родных і блізкіх, наракае на сваю долю: «Вязень над Віліяй, бадзяга над Урал-ракой, жабрак і пакутнік над Нявой, хворы над Нёманам, чыноўнік над Дзвіной; не прытуліла мяне сяброўства на Літве, горная справа на Жмудзі, сваяцтва і вучоная сябрына на Чорнай, грамадзянства і набожнасць над Дняпром і на Белай Русі. Няўжо ж, пакуль я жыву, буду вечным выгнаннікам і пілігрымам?» Усё ж яму давялося жыць і гаспадарыць у гэтым закінутым і забытым Богам кутку Беларусі да канца жыцця.
Кахачын, як відаць з Занавых пісем, была вёска, што ляжала дзесьці пад Оршай.
Каб даведацца што-небудзь канкрэтнае пра Кахачын, я ўзяўся праглядаць розныя геаграфічныя даведнікі. Перш за ўсё я разгарнуў у аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Акадэміі навук не раз мною памянёны вельмі грунтоўны «Геаграфічны слоўнік...». На жаль, Кахачына ў ім не знайшоў. He аказалася яго і ў «Слоўніку населеных пунктаў Віцебскай вобласці» Яўгена Рапановіча, які выйшаў ужо ў наш час і ў якім пададзены ўсе, нават самыя
малыя населеныя пункты Віцебшчыны. Значыць, трэба з сумам канстатаваць, што такой вёскі ўжо не існуе на Беларусі...
Якім жа чынам і ў які час выпала са спісаў, сцерлася з карты Беларусі вёска ці вёсачка Кахачын, вядомая мне толькі тым, што тут закончыў сваю драматычную адысею «вечны выгнаннік і бадзяга», бунтар і інсургент, паэт і ўрэшце добры сем’янін «архіпрамяністы» Тамаш Зан? Мо згарэла ў адной са шматлікіх войнаў, што пракаціліся па Беларусі? А можа, у нашы часы «вялікіх пераўтварэнняў» трапіла ў злачынныя спісы «неперспектыўных» і была задушана ў пятлі чыноўніцкіх пастаноў?
Як бы там ні было, але месца, дзе стаяла вёска, недзе ж засталося. А значыць, засталася і яе назва, якая, пэўне ж, стала цяпер назвай простага ўрочышча, як гэта звычайна здараецца.
Толькі як знайсці гэтае ўрочышча? Відаць, трэба ехаць на месца, пад Оршу. Тым больш што ў мяне ж ёсць і арыенцір: былое мястэчка Смаляны, дзе ў 1855 годзе знайшоў свой вечны спачынак «архіпрамяністы».
У пошукі апошняга прыстанку Тамаша Зана мы з Генадзем Каханоўскім таксама дамовіліся ехаць разам. Калі прыкідвалі час паездкі, мне сустрэўся на вуліцы Анатоль Жалязоўскі, тагачасны намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Ці не захацеў бы ты з’ездзіць у складзе пісьменніцкай групы на святкаванне юбілею Уладзіміра Корбана, на яго радзіму? На «Рафіку», як трэба...
Радзіма Уладзіміра Корбана Аршаншчына. Дык гэта ж, мусіць, на лаўца і звер бяжыць! Памеркаваўшы, што пасля ўрачыстасці можна ж будзе адлучыцца і ў Занавы мясціны, я даў згоду і папрасіў запісаць у групу яшчэ Генадзя Каханоўскага.
Я ўжо ўяўляў, як мы, два да ўсяго цікаўныя краязнаўцы, будзем блукаць незнаёмымі дарогамі і сцежкамі Аршаншчыны, разам шукаць там сляды Тамаша Зана, дзяліцца ўражаннямі ад сустрэч з людзьмі, з помнікамі мінуўшчыны. Ды тут зноў мае планы зблытаў Генадзь. Ужо напярэдадні паездкі, зайшоўшы ў наш кабінет у рэдакцыі «Полымя», я на сваім рабочым стале знайшоў запіску ад яго. Запіска была для мяне як удар па галаве якой балдавешкай: «Кастусь! Я іду на вяселле да сваёй роднай
сястры: аддае дачку. He выпадае ехаць. Надта хацелася пад’ехаць, але... блізкая радня, няёмка. Сам я забыўся пра свае клопаты...»
Што ж мне аставалася цяпер рабіць? Ехаць аднаму ў незнаёмыя мясціны зусім не тое. Мо адкласці паездку? Але ж я ўжо запісаўся, у маіх руках камандзіроўка. Памеркаваўшы і так і гэтак, вырашыў канчаткова: трэба ехаць як будзе, так і будзе.