Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Калі я агледзеў з усіх бакоў помнікі, замаляваў іх і занатаваў усе надпісы, мне захацелася паглядзець і іншыя. I вось зусім неспадзявана недалёка ад месца пахавання Занаў я ўбачыў за кустом, здаецца, бузіны яшчэ адзін падобны помнік, толькі ўжо з жалезным, таксама чатырохвугольным верхам і такім жа жалезным, прыгожа аздобленым крыжам і прачытаў на ім вельмі выразны надпіс: «Абдон Зан. Памёр у 1903 г. дня 9 кастрычніка. Гадоў 54» і ніжэй: «Адпусці нам грахі нашы». Ды гэта ж сын Тамаша Зана!
Агледзець помнік Абдону Зану было няпроста: перашкаджалі кустоўе ды высокае бадыллё. Да таго ж перад самым помнікам, на месцы магілы зеўрала... глыбокая яма. Гэта, як мне растлумачылі, «папрацавалі» рабаўнікі нашы, савецкія вандалы. Што яны хацелі знайсці сярод касцей? Золата, каштоўнасці?..
Параўноўваючы помнік Абдону з помнікамі яго бацькам, якія былі выкананы ў адным стылі, я зразумеў, што і тут былі гэтакія ж жалезныя надбудоўкі над гранітам і гэтакія ж, з густам выкаваныя крыжы. Нехта, як бачым, паквапіўся і на жалеза святых крыжоў, надмагільных памятак...
Пасля наведання могілак у мяне быў яшчэ час знаёміцца «ў натуры» з самімі Смалянамі, у якіх, вядома ж, не раз бываў Тамаш Зан.
Першае, што кідаецца ў Смалянах у вочы, гэта багацце помнікаў гісторыі і культуры і... наша варварства. Калі я глянуў на мястэчка з ускраіны, перада мною адкрыўся велічны малюнак: злева ішоў у неба высозны гмах дамініканскага касцёла, правей вылучаліся сярод простых местачковых дамоў мураваная Аляксееўская царква, драўляная Спаса-Праабражэнская царква і на ўзгорку уцалелая вежа даўняга замка.
Але калі я пачаў бліжэй знаёміцца з гэтымі архітэктурнымі помнікамі мінулага, мой энтузіязм змяніўся нечым адваротным.
Вось рэшткі старажытнага замка, які называюць Белы Ковель. Пабудаваў яго ў XVII стагоддзі князь Сымон Сангушка. Як сведчаць гісторыкі, Сангушкі атрымалі Смаляны ад Андрэя Курбскага ў абмен на іх уладанне на Валыні Ковель: непакорнаму ўцекачу-палкаводцу, пэўне ж, не зусім спакойна сядзелася паблізу пакінутай ім Масковіі на чале з грозным царом, і таму ён наважыў падацца далей ад яе межаў. Сангушкам жа Смаляны прыйшліся даспадобы, і яны, згадзіўшыся на абмен, замацаваліся тут на вякі. У памяць аб першапачатковым уладанні свой замак яны назвалі Белы Ковель «белы» таму, што ён быў светлы, відаць, пабелены. Гэта было велічнае і прыгожае збудаванне, акружанае ровам з вадою. 3 багатым аздабленнем усярэдзіне.
У час Паўночнай вайны ў Смалянскім замку засеў атрад шведаў на чале з генералам Капіферам, каб абараніцца ад войска Пятра I. Тады ж, у 1708 годзе, ад ядраў рускай артылерыі, якая выбівала адтуль шведаў, замкавыя вежы былі разбіты, а сцены атрымалі першыя прабоіны. Дарэчы, ад шведаў, якія разам з іх военачальнікам былі там захоплены ў палон, рускія даведаліся аб шведскім корпусе генерала Левенгаупта, што рухаўся на дапамогу Карлу XII пад Палтаву, і дзякуючы гэтаму разбілі яго каля вёскі Лясной, што мела ці не рашаючае значэнне для перамогі ў Палтаўскай бітве.
Нягледзячы на вялікія разбурэнні, Смалянскі замак у Паўночную вайну яшчэ не поўнасцю страціў свой першапачатковы выгляд. Далейшы заняпад замка, як сцвярджаюць гісторыкі, пачаўся з далучэннем Беларусі да Расіі ў канцы XVIII стагоддзя
і асабліва тады, калі новы гаспадар Смалян, царскі чыноўнік Сямёнаў, прадаў замак нейкім гандлярам на цэглу. Цэглы гэтай хапіла і ім, і, відаць, пазнейшым ахвотнікам пажывіцца дармовым матэрыялам, бо руіны замка засталіся без прыгляду. Як мне расказалі смалянцы, з замкавай цэглы будаваліся кароўнікі. У выніку ад велічнага замка Белы Ковель засталася толькі не да канца разбураная пяціпавярховая галоўная вежа, якая ўзвышаецца над мястэчкам як жывая сведка адшумелых стагоддзяў.
Я не адразу змог падысці да замка: і цяпер роў, што агінае ўзгорак з замкавымі руінамі, напоўнены вадой, мутнай, забруджанай зялёнай раскай. Толькі калі мне паказалі кладкі ў густым кустоўі, я падняўся па іх на той вельмі вабны зялёны ўзгорак, падышоў да магутных сцен з прахонамі акон і дзвярэй. Руіны замка зусім не даг леджаны, усярэдзіне і знадворку поўнае запусценне, сляды чыіхсьці рыдлёвак, якія невядома што тут шукалі. I ўсё ж нават гэтая абабітая, абдзёртая, зруйнаваная вежа дае добрае ўяўленне пра веліч Белага Ковеля.
Цікава, што з замкам народ і тут звязвае свае легенды. Набожная бабулька, з якой я разгаварыўся, на поўным сур’ёзе расказала мне, што аднаго разу вечарам да замка падымаўся, перайшоўшы кладку, мясцовы дырэктар школы і што быццам бы насустрач яму выйшла ўся ў белым княгіня. Наблізіўшыся, яна хацела падаць яму руку, але ён, спалохаўшыся здані, пусціўся адтуль наўцёкі.
Гэта была заклятая княгіня, — закончыла свой расказ бабулька. Кажуць, усе людзі, якія памерлі, некалі выйдуць з зямлі...
Што ж да касцёла, які так добра глядзеўся здалёку, дык ён быў сапраўдным шкілетам адны голыя сцены, ды і тыя забруджаныя, абляпаныя нейкім мазутам, усярэдзіне і каля ўвахода рэшткі смецця, бітай цэглы, усялякага лому праўда, нехта сабраў гэта ў кучкі. Бабулька, якая расказвала мне пра заклятую княгіню, паведала, что купал касцёла абваліўся зусім нядаўна: нішто ўжо яго не трымала як жа, тут быў машынны двор калгаса, усю сярэдзіну касцёла выкінулі, выдралі, пераўтварыўшы ў смецце ўсе перагародкі, скульптуры, карціны, багатае аздабленне.
А некалі ж усё тут аж блішчала, расказвала бабулька. Я не каталічка, але любіла сюды прыходзіць. Побач з касцёлам я заўважыў даўгі і невысокі мураваны будынак, на фасадзе якога прачытаў: «БССР. 1937. МТМ». Літары выбіты не сатрэш. Таму я і паверыў быў надпісу. Але падышоўшы бліжэй, убачыў там зусім новую шыльду, з якой вынікала, што гэта была «Келейная», помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Калі я ўвайшоў усярэдзіну, на мяне патыхнула машынным маслам, саляркай і яшчэ невядома чым, нейкім смуродам. На зямлі (падлогі і следу не было) валяліся рэшткі аўтамабільных шын, жалезны лом, усялякі друз. Як і ў касцёле голыя, толькі чымсьці заляпаныя, запаскуджаныя сцены.
Аляксееўская мураваная царква здалёку выглядала лепш, калі не лічыць нахілены набок жалезны крыж на самым яе версе жыўцом вырывалі яго некалі камсамольцы, гэтыя «хунвэйбіны» дваццатых гадоў, ды так і не змаглі да канца вырваць. Кажуць, царкву маюць намер рэстаўрыраваць. Я хацеў паглядзець яе бліжэй, але калі падышоў да рэчкі, за якой яна высілася на ўзгорку, то мусіў хутчэй падавацца адсюль прэч: гэтакім смуродам патыхнула на мяне ад рачной вады, бруднай, жоўтай, чымсьці падобнай на тавот.
Хто ж гэта так забрудзіў рэчку? папытаўся я ў жанчыны, што выглядвала з блізкага каля рэчкі двара.
Гэта ж там свінарнік з цялятнікам... паказала яна ўверх па цячэнні рачулкі. Адтуль ідзе нам пад нос гэтая поскудзь... Засмуродзілі ўсё на свеце...
Вось так па сёння глумім мы, паскудзім, апаганьваем сваю ўласную зямлю, зямлю нашых дзядоў і прадзедаў. Быццам бы мы не дзеці сваёй Бацькаўшчыны, а якіясьці прыблуды, якім напляваць на яе красу, на памяць продкаў, на ўсё святое. Гледзячы на гэтае спусташэнне, занядбанне старажытнага беларускага мястэчка, на вартыя жалю рэшткі велічных помнікаў мінуўшчыны, я ўспомніў перакладзены мной горкі верш украінскага паэта Дзмітра Паўлычкі пра тое, як не чужынцы, а свае ўласныя манкурты, «адукаваныя маголы» сталінскага гарту
безаглядна нішчылі, руйнавалі па ўсёй нашай зямлі святую спадчыну стагоддзяў:
Тут таптала ўсё іх гвардыя: Ад святынь пустэч жуда. Бы краінай неагляднаю Пракацілася арда.
Ад’язджаючы са Смалян, я з аўтобуснага прыпынку ў самым цэнтры мястэчка яшчэ раз акінуў вокам узгорак з могілкамі адсюль яны былі як на далоні. Вунь і той схіл, тое зялёнае кустоўе, у цяні якога ўжо 135 гадоў спачывае «вечны выгнаннік» і паэт, «нефармальны» лідар беларускай моладзі пачатку XIX стагоддзя Тамаш Зан. Паўз яго курсіруюць ніколі не бачаныя ім жоўтыя запыленыя аўтобусы, шмыгаюць туды-сюды хуткія «Жыгулі» ды «Запарожцы», грукочуць «Кіраўцы» ды «Беларусы» плыве новая, зусім невядомая яму эпоха.
Я пакідаў Смаляны з адчуваннем не да канца выкананага абавязку перад самім сабой. Галоўнае я не знайшоў у сваім падарожжы апошняга прытулку Тамаша Зана на гэтым свеце яго абжытага маёнтка, ад якога засталася адна толькі голая назва Кахачын.
Усё ж у мяне не прападала надзея адшукаць хоць яго месца. He можа ж быць, каб не засталося ад Занавай сядзібы хоць якіх слядоў няхай хоць бэзавых кустоў, старасвецкіх ліп ды клёнаў гэтых заўсёдных вартаўнікоў чалавечага жылля на Беларусі.
У галаву прыйшла думка пашукаць дапамогі ў мясцовых краязнаўцаў. Дзеля гэтага па звароце ў Оршу я адразу пакіраваў у рэдакцыю раённай газеты «Ленінскі прызыў»; там жа пра іх павінны ведаць абавязкова. Ды ў рэдакцыі не толькі ведалі пра краязнаўцаў, але і некаторыя з яе супрацоўнікаў самі аказаліся краязнаўцамі. Аднаго з іх я і сустрэў у кабінеце рэдактара. Гэта быў Юра Копцік, малады хлапец і малады журналіст, які выступае з даволі цікавымі артыкуламі не толькі ў раённай газеце, але і ў рэспубліканскіх. Чытачы штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», напрыклад, не маглі абмінуць яго вельмі востры артыкул
пра аршанскія Курапаты «“Крумкачы” на Кабыляцкай гары». Юра паказаў мне і апублікаваныя ў некалькіх нумарах сваёй газеты цікавыя дарожныя нататкі з паездкі ў групе «нефармалаў» на месца славутай бітвы беларускіх і польскіх войскаў пад Грунвальдам, каб адзначыць яе 580-я ўгодкі. У гэтых нататках мне ўбачылася пяро сапраўднага пісьменніка гістарычнага жанру, што так яшчэ ў нас занядбаны.
Ад Юры я ўведаў, што якраз ён і яго сябры, арганізаваўшыся ў гісторыка-краязнаўчую суполку «Повязь», самі як сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі ўзяліся за ўпарадкаванне гістарычных помнікаў Аршаншчыны, знявечаных падчас шматгадовай вакханаліі невуцтва і разбою. Гэта яны, «нефармалы», наладзіўшы талаку, у вольны ад работы час прыязджалі ў Смаляны і расчышчалі страшэнныя завалы ў касцёле і дамініканскім кляштары, павесілі шыльды на помніках мінуўшчыны. Да іх гэтыя помнікі былі яшчэ ў больш страшным стане. Супольнікі таварыства «Повязь» паклапаціліся і аб ушанаванні магілы Тамаша Зана, якая дагэтуль была зусім занядбана. Што ж да Кахачына. то Юра Копцік таксама нічога пра яго не ведаў. Нічога не мог сказаць пра гэтае паселішча і другі краязнавец, з якім мяне Юра пазнаёміў, Вячаслаў Адамавіч Касперскі, пенсіянер, былы фінансіст, які абхадзіў Аршаншчыну ўдоўж і ўпоперак і які піша цяпер цікавыя ўспаміны пра сваё жыццё.