Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Сад бязлісты. Ясната наўкола.
Крохкі снег — як сіненькі фаянс. Па дарогах Англіі вясёлай Трубіць старадаўні дыліжанс.
Хоць перад намі праплывала ніякая не Англія, а свая родная беларуская зямля і на дварэ стаяла зусім не зіма, а сама раскашавала лета, радкі гэтага просценькага вершыка, «песенькідрындушкі», былі ў нечым сугучныя нашаму вандроўніцкаму настрою. Бо нас таксама ж нёс свой «старадаўні дыліжанс», мусіць, старэйшы за некаторых удзельнікаў экспедыцыі, нёс па дарогах нашай зямлі, не менш, а можа, і больш прыгожай за той туманны Альбіён ці нават за квяцістую Андалузію і хвалёную Швейцарыю. Наўрад ці ёсць яшчэ на свеце край, дзе гэтулькі параскідана чыстых, як сляза, крынічных азёр, як у нас на Віцебшчыне. Мы яшчэ не налюбаваліся адным возерам, як перад вокнамі аўтобуса адкрывалася ў зялёным вянку серабрыстых ракітнікаў ці чырванастволых хвояў другое, а за ім яшчэ і яшчэ. I адно прыгажэйшае за другое! Як дзівосныя ланцугі караляў!
Папатрэсваўшыся па ямістых пескавых прасёлках, панатупваўшыся па вуліцах і вулачках вёсак і засценкаў, дзе дагэтуль ніколі не ступала нага этнографа, мы звычайна пад канец дня аблюбоўвалі адно з азёр і на яго цвярдзейшым беразе развіналі свае лёгкія турысцкія палаткі. А перад тым, як залазіць у іх, ішлі да вады і, параздзяваўшыся, цешылі свае «грэшныя целы» ў пяшчотнай азёрнай хвалі, добра нагрэтай за доўгі летні дзень. Потым раскладвалі агонь і ставілі на яго свой паходны кацельчык з азёрнай вадой. Этнографы мужчынскай паловы закідвалі дзе-небудзь у затоцы пры аеры ці чароце свае вуды і, падчапіўшы на кручок акуня ці плотку, тут жа подбежкам неслі жанчынам-этнаграфічкам з вострымі нажамі напагатове, і тыя, беручы з рук трапяткую здабычу, барзджэй скрэблі яе і кідалі ў буркатлівы кіпень. А калі, пасеўшы на зялёнай траве-мураве наўкруга дымнага катла-кацельчыка, мы сёрбалі пахкую, з цыбулькай ды ўсякім перчыкам-шмэрчыкам юшку, у нас на відаглядзе серабрыстага возера аж хадзілі ўпрысядкі насы. Улагодзіўшы жываты, мы па адным паволі адвальваліся ад катла і, пакуль аддавацца ў абдымкі Марфею, снавалі адзінцамі ці ідылічнымі парамі па беразе і глядзелі-любаваліся, як апускаецца за пацямнелыя прыазёрныя хмызы чырвоны дыск нязвычна вялікага сонца, як доўга палымнее пасля яго на захадзе неба, як незаўважна за-
цягваюцца сіняватай павалокай жарыны застылых там прадаўгаватых хмурын ды ўсё больш цямнее, ахутваючыся белым туманам, азёрная пространь. Калі мы лажыліся спаць, нам і з брызентавых палатак доўга чулася дыханне возера. Часам адтуль даносіўся гучны ўсплёск вады (мусіць, гуляў шчупак ці сом), спрасонку падавала голас нейкая птушка. У сваёй экспедыцыі мы не абмінулі тады і вялікае, па-свойму прыгожае возера Няшчэрда, хадзілі яго берагамі, нават плавалі па ім на лодцы. Возера шырока разліваецца ва ўсе бакі. Невялічкай рачулкай злучаецца з другім возерам Доўгім. Які тут размах і прастор, якая воля!
На жаль, мы доўга там не забавіліся. Бо ніхто з нас тады не прыгадаў, што гэта ж тут радзіма нашага слаўнага беларускага паэта XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага. У прыазёрнай вёсцы, ці засценку, Мурагі ён першы раз убачыў свет, тут бегаў малым хлапчуком, блукаў ваколіцамі ў юначыя гады, наведваўся сюды ў сталасці. Як жа нам добра было б найдаўжэй затрымацца тут, зазірнуць у хаты землякоў паэта, параспытваць яго нашчадкаў, пашукаць камяні бацькоўскай сядзібы.
Ян Баршчэўскі вельмі любіў свой чароўны куток. У вершы, прысвечаным сябру юнацтва Станіславу Юр’евічу, ён не толькі выказаў замілаванне да бацькоўскага краю, але і падаў канкрэтнае апісанне роднага селішча і сваёй Няшчэрды:
Наш дом быў на гары увесь у дрэвах, У шуме лісця, у птушыных спевах. А пад гарой Няшчэрда: звеку хвалі Пясчаны бераг ціха падмывалі. Ты помніш, як па роўнядзі азёрнай Плылі з табой мы пад зарой вячорнай, Як лодка хвалю, бы дэльфін, сабою Разрэзвала вір віўся за кармою... Якія краявіды там удала Што той мастак! прырода малявала. Як там вада вірыла ў час разліву, Б’ючы наўзмах аб жоўты мур абрыву!.. А ўвечар від які, калі палае Агнём рубінавым паўнебакрая!.. Пажар той у вадзе з лісцём ракіты, 3 чародкай хвой да рыскі быў адбіты...'
Добра дапаўняе гэты паэтычны малюнак Яна Баршчэўскага і яго «Нарыс Паўночнае Беларусі», дзе ёсць цікавыя згадкі: «Бліжэй пад Полацк возера Няшчэрда на некалькі міль залівае прастору, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень шырокія паплавы з купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк між чароту, хаваюцца ў разліве азёрнае вады...» I далей: «На паўднёвым баку возера Няшчэрда ёсць гара, якую з трох бакоў амывае вада, на той гары стаіць сярод хвояў маленькі драўляны касцёлак. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі срэбныя манеты, шкляныя аздобы, якія насілі бабулі нашых бабуляў, іржавыя рэшткі разнастайнай старажытнай зброі. Кажуць, на той паўвыспе быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ў ім уладарыў, невядома...»
Каб можна было якім-небудзь чынам трапіць туды яшчэ раз, я абавязкова «зверыў» бы звесткі Яна Баршчэўскага, як кажуць вучоныя, з рэчаіснасцю. Ды хіба ж не цікава пахадзіць па той гары-паўвыспе, а мо і паставіць там палатку, паслухаць краканне качак у чароце, налюбавацца ўзыходамі і заходамі сонца, ну і абавязкова пашукаць рэшткі мінулага, паглядзець, ці захаваўся там згаданы касцёлак або хаця б камяні яго падмурка: гэта ж, відаць, у ім служыў уніяцкім святаром бацька Яна Баршчэўскага. Пасля нашаіа наведання радзімы паэта дапяў сюды апантаны краязнавец і няўтомны вандроўнік, мой добры сябар, на жаль, цяпер ужо нябожчык Генадзь Каханоўскі. Пра сваю паездку ён расказаў у кнізе «Адчыніся, таямніца часу», якая выйшла ў Мінску ў 1984 годзе. Генадзь пабываў у вёсцы Мурагі, дзе, аказваецца, жывуць яшчэ людзі, што носяць прозвішча Баршчэўскі. Без сумнення, далёкія нашчадкі паэта. Адным канцом вёска, расказваў Генадзь Каханоўскі, упіраецца ў возера. Відаць, там і стаяў дом Баршчэўскіх. Убачыў Генадзь і тую «гару», пра якую пісаў паэт, пакатаўся на лодцы па люстранай Няшчэрдзе, зазначыўшы пры гэтым, што «возера даволі чыстае яго хвалі не замуціла цывілізацыя».
У 1817 годзе Ян Баршчэўскі ў пошуках месца пад сонцам пакінуў свае родныя мясціны і пакаціў «на перакладных» у Санкт-Пецярбург, які надоўга ўкруціў яго ў сваю арбіту. Там
ён неўзабаве пачаў выдаваць польскамоўны альманах «Незабудка», каб друкаваць творы сваіх землякоў-«беларусінаў», а таксама і свае ўласныя. Але і ў расійскай сталіцы не забываў паэт пра родны азёрны край. «Пасля таго як доля закінула мяне ў далёкія мясціны, прызнаваўся ён, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе гэтулькі мілых успамінаў малюе мне памяць!»
Ян Баршчэўскі ў любую вольную часіну вырываецца з гарадской штурханіны дадому, у сваю Беларусь. Ён намерваецца сабраць і запісаць дзе ў блакнот, а дзе проста ў памяць паданні і легенды роднай зямлі, яе быліны і байкі, каб потым ужо ў апрацаваным выглядзе вярнуць ізноў свайму народу. Вандроўкі па бацькоўскім краі зрабіліся душэўнай патрэбай паэта, яго захапленнем. Сама дарога натхняе, уздымае Яна Баршчэўскага:
Я ў дарозе! У сонцы гоні!
Фурман лейцы ўскіне з маху, I звініць званок па шляху, Мчацца сокаламі коні!..
На ходкай запыленай брычцы, а часцей пеша, з хатулём за плячыма тыднямі і месяцамі куралесіў паэт па шляхавых дарогах і пакручастых прасёлках роднай беларускай поўначы. Усёй душой слухаў ён галасы роднай зямлі, узіраўся ў яе асмужаныя далячыні, усюды шукаючы водгалас мінуўшчыны, слаўнай гісторыі краю. 3 радасцю сустракаў на сваёй дарозе кожнага чалавека, усё роўна якога б ён ні быў стану. А больш хінуўся да простых людзей, сялян, да якіх заходзіў у хаты, дзе заседжваўся да позняга часу, слухаючы іх апавяданні пра розныя дзівосы і, у сваю чаргу, расказваючы ім шмат цікавага. Хоць быў ён шляхціч і вельмі адукаваны чалавек, але з усімі гаварыў як роўны з роўнымі, ніколі нават не думаў падкрэсліваць сваю «вышэйшасць». Ну, і людзі ў адказ раскрывалі яму свае сэрцы. Пра бадзяжніцтва Яна Баршчэўскага, яго вясёлы і непасрэдны нораў цікава расказаў у сваёй аповесці «Нечаканы госць» сябра паэта, вядомы ў свой час пісьменнік Аляксандр Гроза. Аповесць
пачынаецца з таго, што да гаспадара аднаго маёнтка завітаў незнаёмы вандроўнік («нечаканы госць»), які папрасіўся пагрэцца ды адпачыць.
Гасцінны гаспадар адразу загадаў:
Завесці коней на стайню, лёкаяў на кухню, а самога пана прашу ў маю канцылярыю.
Mae коні, мае лёкаі і я, адказаў з усмешкай вандроўнік, які назваўся Севярынам, гэта тройца ў адной маёй асобе; я пілігрымнічаю на паравай машыне пары сваіх ног, якія разам з сабою маю гонар рэкамендаваць пану. Вялікую пашану робіш мне, пане, запрашаючы ў сваю канцылярыю, але я лічу за лепшае пайсці на кухню: люблю вялікі агонь і размовы з лёкаямі...
Гаспадар не пярэчыў.
А праз тры дні ў яго папыталася жонка:
Што гэта ты за дзівака прыгрэў? Нікога з лёкаяў даклікацца не магу: сядзяць усе ў кухні ды слухаюць лухту, што ён ім меле. Зацікаўлены гаспадар незаўважна зайшоў на кухню акурат у той момант, калі госць прылёг у кутку каля печы, прыклаў да падлогі вуха і паведаміў лёкаям, якія згрудзіліся вакол яго:
Пяць дзён яшчэ будуць маразы, а потым дождж і вясна.
Усе пачулі ў цішыні, як недзе ў шчыліне роўна пяць разоў азваўся цвыркун.
Чуеце? загаварыў госць. Выразна цвыркнуў пяць разоў, дык пяць дзён будуць маразы, пасля адлега і цёплая вяснакрасна.
Калі госць падняўся, гаспадар папытаўся:
Скажы мне, пане, дзе ты набыў такіх метэаралагічных ведаў і што такое цікавае апавядаеш маім людзям, што іх немагчыма даклікацца?
Добрыя ў цябе людзі, пане, адказаў на гэта госць. Я сею зярняты, якімі мяне Пан Бог надарыў, і падаюць яны, здаецца, не на бясплодную раллю. Напрыклад, цяпер я вучыў іх па строкаце цвыркуна адгадваць надвор’е. Чалавек праз сваю ўлюбёнасць у самога сябе думае, што ён цэнтр сусвету, што ўсё жывое павінна круціцца вакол яго і што ён робіць ласку жывёлам, якіх выбера сабе на спажытак. Чалавек праз гэтую пыхлівасць стра-
ціў повязь з прыродаю, аслеп ды аглух. Нягледзячы на ўсё гэта, ён яшчэ цалкам не пазбавіўся ад дарагіх першасных дароў і мог бы вярнуць іх сабе, калі б стаў іншы. Чыстае сузіральнае жыццё адкрывае сэрца і вочы ды ўводзіць чалавека ў духоўны свет... Вунь павук. Калі б ты, пане, столькі пражыў у сяброўстве з павуком, як я, то зразумеў бы, што ён не толькі пра мух думае. Павук гэта мудры філосаф. Ён снуе сваю разумную сетку, а сетка гэта ягонае пісьмо, гэта гісторыя ягоных пачуццяў, уражанняў, успамінаў. Усміхаешся, пане, што я павуціну пісьмом называю? Нібыта дзеля таго, каб занатаваць нашыя думкі, абавязкова патрэбны гусінае пяро і атрамант! А старажытныя перуанцы ці ж пяром запісвалі сваю гісторыю? He, яны па-павучынаму вязалі яе на шнурках. Вязалі грубыя думкі на грубых шнурках. А павук прамяністую думку снуе ў сваёй далікатнай сетцы! 1 калі муха хоча яе парваць, дык ён яе так сваёю разумнаю сеткаю агорне, што, змучаная дарэмнымі намаганнямі, яна ўрэшце страціць галаву, як і кожны дурань, які наважыць ублытацца ў цянёты мудраца. Промні павучынае сеткі адпавядаюць промням ягонай душы, ён сягае імі далёка, можа, далей за чалавека. Што павук адчувае і бачыць, таго чалавек адчуваць і бачыць не будзе: я прачытаў адно павучынае пісьмо.