Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Твор пачынаецца зваротам да дзяўчат, з якімі сустракаўся ён у сваіх вандроўках па Прыдзвінні і ў самім Віцебску. 3 далёкай чужыны ўсё тут бачыцца яму дарагім і мілым:
Дзяўчаты майго беларускага краю! Я з дзён маладосці вас сёння гукаю. Як мары вясны, у дні ясныя тыя Заходзілі вы ў мае сны залатыя. Я помню, выгнаннік, калі вы зычліва За песні, што з вамі спяваў так шчасліва, Гуртом на чало мне вянок ускладалі 3 тых просценькіх кветак, што ў полі збіралі.'
3 паэмы мы даведваемся, што адна з дзяўчат звалі яе Наталля навечна запала ў сэрца паэта:
Я ўбачыў цябе на жыцця майго ранку, Нібы незямную нябёсаў пасланку...
Вачэй тваіх промень з-пад веек агністых
Мне проста ў душу ўпаў, высокі і чысты.*
На берагах Дзвіны толькі запаліўся гэты светлы агонь кахання. Хлопец не паспеў нават адкрыцца сваёй каханай, саромеўся: яму ж было ўсяго дваццаць два гады, калі яго арыштавалі і, пратрымаўшы ў турме, адправілі ў салдаты. Толькі там, на Каўказе, і толькі ў радках сваёй паэмы змог ён прызнацца ў сваім каханні, каб адразу ж сказаць любай дзяўчыне і словы развітання.
Сніліся Тадэвушу Ладу-Заблоцкаму на Каўказе і мясціны самога Віцебска, дзе ён вучыўся, дзе правёў свае маладыя гады. Як відаць з паэмы, Тадэвуш Лада-Заблоцкі выразна ўсведамляў сябе беларусам, сынам вялікай краіны з самабытнай культурай і слаўным гістарычным мінулым. Блукаючы па Віцебску, паэт шукае сляды колішняга замка віцебскіх князёў, сляды гераічнага змагання роднай Беларусі з ворагамі-нападнікамі:
Вось тут беларус у часы найстарыя
He раз адбіваў войскаў зграі чужыя.
За край свой спрадвечны устаўшы сцяною, Ен біўся адважна тут з Руссю, з Літвою.*
Тадэвуш Лада-Заблоцкі клікаў лепшых сыноў роднага краю ўспомніць былую славу Бацькаўшчыны, каб устаць на адваёву страчанай волі:
Тваёй даўніной, Беларусь, зноў я мрою...
Дзе сёння твае палкаводцы-героі, Што колісь на бітвы выстройвалі роты? Дзе славы тваёй песняры вайдэлоты, Што спеўнаю лютняй шматструннай сваёю Шляхетныя сэрцы ўздымалі да бою?.."
Гарачае юнацкае жаданне Тадэвуша Лады-Заблоцкага вызваліць свой край ад «чорта цара» скончылася, як ужо гаварылася, арыштам. Паэма «Ваколіцы Віцебска» стала развітальнай песняй паэта з уласнай воляй і роднай зямлёй:
Дубровы густыя, гаі і даліны!
Вякоў курганы пад шнурком жураўліным!
Прыміце ж апошні уздых пілігрыма. Што арфу настроіў на гукі Радзімы. Шчаслівы, хто дзесь у канцы падарожжа Заплакаць, Дзвіна, ля вады тваёй можа... О людзі! Хто брата свайго з вас аплача, Таго, што заручаны з доляй бядачай?.. Ды ўсё ўжо! Расстання пара наступае Унь бура мой ветразь ужо напінае I ў ноч гоніць лодку, бьі пёрка малое, Грамы нада мною, віры пада мною.
Слязіна астатняя ўпала з павекі...
Бывай жа, мой Віцебск, край родны, навекі!*
Тадэвуш Лада-Заблоцкі пісаў пераважна на польскай мове тагачаснай літаратурнай мове Беларусі. Але, як зазначае Генадзь Кісялёў у складзенай ім кнізе «Пачынальнікі», «не выключана, што Заблоцкі пісаў таксама па-беларуску». Толькі ж вершы яго на беларускай мове, не замацаваныя друкам, не зберагліся. А магчыма, распаўсюджваючыся ў народзе вусна, яны трапілі потым у хрэстаматыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя як ананімныя. Адно відавочна: сваім духам, сваёй накіраванасцю ўсе творы Тадэвуша Лады-Заблоцкага папраўдзе беларускія. I варты таго, каб заняць сваё месца ў школьных чытанках і хрэстаматыях.
2004, 2017

ТАЙНЫ КРАШЫНСКАГА ПАРКУ
На алеі і на ўзбочнай зялёнай траве вялікага напаўздзічэлага парку — свежаапалае жоўтае лісце. Яго шмат яшчэ і на дрэвах — яркай святлянай лістотай аж палыхаюць раскідзістыя старасвецкія клёны, гэтакія ж старыя, там-сям з падсохлымі галінамі нязвыкла высокія ясені, стаўбунаватыя каштаны... Быццам у нейкія залатыя харомы, уваходжу я ў гэты старадаўні парк. Крашынскі парк...
Сюды, у Крашын, прывяла мяне загадка Паўлюка Багрыма, пошукі слядоў, мусіць, беззваротна страчанай намі Атлантыды беларускай літаратуры XIX стагоддзя.
Ад яе, гэтай Атлантыды, збераглася, дайшла да нас, па-мойму, толькі маленькая частачка. I болей за ўсё гэта альбо асобныя творы без імён аўтараў, альбо, наадварот, імёны без твораў. Нібы ўцалелыя пасля вялікага патопу выпадковыя шчэпкі пабудоў, нейкім чынам выкінутыя на бераг абыякавымі да ўсяго хвалямі.
Адна такая хваля вынесла на свет Божы і гэтае журботнае імя ў беларускай літаратуры Паўлюк Багрым. Разам з аднымадзіным ягоным вершам. Нібы адшліфаваны кавалачак бурштыну, падняў знаходку і, па-сапраўднаму яе ацаніўшы, не даў ёй згубіцца ў бяздоннай Леце разумны беларускі інтэлігент, юрыст, удзельнік паўстання 1831 года на Беларусі, выхадзец з Наваградчыны Ігнат Яцкоўскі, які на чужыне, у далёкай эміграцыі, шчасліва збярог у памяці той шчымлівы Багрымаў верш і праз чвэрць стагоддзя пасля першага знаёмства з ім, у 1854 годзе, апубліка-
ваў у Лондане ў сваёй кнізе ўспамінаў пад назвай «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды», дзе ўпершыню расказаў людзям пра трагічную долю ў самым зародку загубленага вялікадзяржаўем бясспрэчнага генія нашай літаратуры.
3 кнігі Ігната Яцкоўскага ўведалі мы і пра тыя драматычныя падзеі ў Крашыне ў 1828 годзе.
Увесь сыр-бор узгарэўся тут з дамаганняў гаспадара маёнтка ў Крашыне Станіслава Юрагі перавесці крашынцаў, былых панцырных баяраў, з вольнага стану ў прыгонных, у сваіх падданых. Паколькі дакументы на валоданне зямлёй у крашынцаў не зберагліся, суд і права былі на баку Юрагі. Але крашынцы не хацелі мірыцца са стратай вольнасці, з несправядлівасцю ўлад. Яны адмовіліся падначальвацца свайму «ўзаконенаму» гаспадару.
Уціхамірваць бунт улады накіравалі ў Крашын дзве роты салдат. «Пры гэтай экзекуцыі, піша Ігнат Яцкоўскі, некалькі сялян былі збіты да смерці, звыш дзесятка сасланы ў Сібір або ў вайсковую службу, а двор і вёска моцна пацярпелі, бо тая каманда з афіцэрамі на працягу некалькіх месяцаў утрымлівалася за мясцовы кошт».
У падбухторванні крашынцаў да бунту ўлады абвінавачвалі тутэйшага ксяндза Войцаха Магнушэўскага. Адну з прычын гэтага бачылі ў незадаволенасці ксяндза жаніцьбай Юрагі з Антанінай Радзівіл і пераходам да яго Крашына. Крашын быў адным з маёнткаў князёў Радзівілаў. Каб завалодаць ім, паручнік польскіх войск Станіслаў Юрага і папрасіў быццам у князя Мацея Радзівіла рукі ягонай дачкі Антаніны. Вядома, збяднелы шляхціч быў не раўня магутнаму радзівілаўскаму роду. Але старэйшая за яго Антаніна, мусіць, моцна пакахала бравага афіцэра і вельмі хацела выйсці за яго замуж. Бацькам жа такі «няроўны шлюб», вядома, не мог быць даспадобы. Ды жаніху і нявесце пасадзейнічаў брат Антаніны Канстанцін Радзівіл, які пасябраваў са Станіславам Юрагам яшчэ ў 1813 годзе ў крэпасці Мадлін над ракой Віслай. Пасля жаніцьбы Крашын як пасаг за Антанінай перайшоў да Юрагі. Ксёндз, відаць, убачыў у гэтым шлюбе нешта нядобрае. Але галоўнай прычынай непрыязнасці справядлівага і добрага Войцаха Магнушэўскага да Юрагі і падбухторвання
супроць яго прыхаджан-крашынцаў было іх гвалтоўнае заняволенне ўладаром Крашына.
Ігнат Яцкоўскі расказвае, што ў час расследавання сялянскага бунту ў Крашын прыехалі тагачасны папячыцель Віленскай навучальнай акругі сенатар Мікалай Навасільцаў (той, што чатыры гады назад расправіўся з філаматамі і філарэтамі) і рэктар Віленскага ўніверсітэта Венцаслаў Пелікан, якія дачуліся, што быццам бы ксёндз Магнушэўскі самачынна, без дазволу ўніверсітэта адкрыў у Крашыне парафіяльную школу і «прывівае там непакорнасць духу». Каб пераканацца ў гэтым, яны намерыліся «злавіць яго ў путы ліслівасці» і выпытаць усё пра настроі школьнікаў. Паверыўшы ў добразычлівасць самага высокага начальства на ніве асветы, Войцах Магнушэўскі пачаў «траціць патрэбную цвярдыню асцярожнасці» і выказвацца ў абарону ўзбунтаваных крашынцаў. Тут Навасільцаў папракнуў ксяндза, што ён кепска выхоўвае сваіх прыхаджан, не дае ім асвету. He зразумеўшы «хітрыкаў» сенатара, Магнушэўскі расказаў, што ён якраз многа робіць у гэтым напрамку, што мае нават парафіяльную школу. Атрымаўшы такое прызнанне ксяндза, сенатар Навасільцаў захацеў азнаёміцца са школай. Для гэтага ксёндз загадаў паклікаць з вёскі лепшых вучняў, якіх і ўзяліся экзаменаваць прыезджыя. Сенатар з рэктарам пачалі хваліць ксяндза за добрыя веды вучняў, за тое, што сваім навучаннем ён «робіць паслугу краю». Паверыўшы ў шчырасць «экзаменатараў», Магнушэўскі пахваліўся яшчэ, што сярод ягоных вучняў ёсць сапраўдныя таленты. Тут ён папрасіў аднаго з іх пачытаць «уласныя вершы на беларускай гаворцы, напісаныя без чыйгонебудзь натхнення і ўзору». Хлопчык, якога аўтар называе Пётракам (як мяркуюць, памылкова альбо дзеля перасцярогі), дастаў сшытак і «пачаў чытаць свае журботныя элегіі, з якіх толькі некалькі строф засталося ў аўтара ў памяці іх тут і прыводзім».
I Яцкоўскі падае тэкст вядомага цяпер усім верша Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы...».
Паўлюк Багрым, як сведчыць Яцкоўскі, прачытаў тады прыезджым «шэсць ці сем элегій». Сшытак Багрымавых вершаў сенатар забраў з сабой і, ад’язджаючы, паабяцаў падумаць «пра
лёс такога незвычайнага паэта». Падумаць-то ён падумаў, але зусім не так, як чакалі ксёндз і яго выхаванец: за «крамольныя» вершы хлопец быў аддадзены ў рэкруты, а ксяндза Магнушэўскага ўзялі пад варту. Усё гэта канчаткова дабіла старога і хворага ксяндза. Асабліва шкадаваў ён, што сваёй неасцярожнасцю стаў прычынай жорсткага пакарання таленавітага паэта. Свае разважанні пра Паўлюка Багрыма Ігнат Яцкоўскі заканчвае такімі словамі: «Бёрнс, парабак з Англіі, пры менш цяжкіх акалічнасцях, уласным талентам, не падтрыманым ніякай навукай, забяспечыў сабе неўміручае імя, а сваёй сям’і пашану і дастатак; Пётрак з Крашына за талент, дадзены яму Богам, зазнаў самае жорсткае няшчасце!»
Пра Крашынскі бунт і Паўлюка Багрыма цікавыя звесткі дадалі следчыя справы, што апублікавалі літаратуразнавец Ісідар Бас у сваёй кнізе «Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні» (Мінск, 1969) і Генадзь Кісялёў у «Пачынальніках» (Мінск, 1977).
3 гэтых дакументаў відаць, што для расследавання бунту крашынскіх сялян прыязджаў сам гродзенскі губернатар Бабяцінскі з чыноўнікам па асобых даручэннях Нечвалодавым і што якраз Нечвалодаву, а не Навасільцаву з Пеліканам чытаў Паўлюк Багрым па просьбе ксяндза Магнушэўскага вершы. Вось як піша пра гэта ў сваіх паказаннях сам Паўлюк Багрым: «Ад роду мне 15 гадоў, рэлігіі рымска-каталіцкай, вучыўся ў плябаніі чытаць, пісаць і пачаткам арыфметыкі ў кс. пробашча Войцаха Магнушэўскага і ў былога вікарыя нябожчыка кс. Піуса Гарбацэвіча. Пасля таго, прыслугоўваючы кс. пробашчу Магнушэўскаму, вывучаў розныя вершы, якія я перапісаў у арганістага пры плябаніі Георгія Арлоўскага, у іх ліку перапісаў і вывучыў вершы на простай польскай мове (г. зн. на беларускай мове. К. Ц.) пад назвай «Размова хлопаў». Вершы гэтыя мною вывучаны ўжо каля пяці гадоў, але ніколі кс. плябан ні перад кім не прымушаў мяне ў сваёй прысутнасці расказваць іх, і я сам не помню, каб калі-небудзь і перад кім-небудзь расказваў гэтыя вершы. Але ў бытнасць п. гродзенскага цывільнага губернатара з чыноўнікам сваім п. Нечвалодавым у апошніх чыслах мая месяца гэтага года ў кс. пробашча Магнушэўскага ён, Магнушэўскі, у сваёй