Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
У свой прыезд Ігнат Дамэйка меў магчымасць пабачыць абрад дажынак, паслухаць знаёмыя з дзяцінства песні беларускіх сялянак. Адна з газет пісала, што ён пры гэтым нават расплакаўся: «Якраз так спявалі вясковыя жанчыны на Літве пяцьдзясят гадоў назад».
Пасля полудня пачалі з’язджацца на сустрэчу з земляком, славутым вучоным Ігнатам Дамэйкам, шматлікія госці зблізку і здалёку Рдултоўскія, Верашчакі, Анцуты, Кабыліная, Слізені, Абламовічы з Нясвіжа і іншыя, сярод якіх быў і «Завадскі з Крашына, унук паланецкай пані Радзівіл».
Назаўтра Дамэйка разам з сям’ёй і сваім спадарожнікам Антоніем Эдвардам Адынцом выехаў у Крашын. «У дзесяць гадзін раніцы, успамінаў Дамэйка, у Крашыне чакаў нас на імшу ксёндз у касцёле, пры якім пахавана мая сястра Язерская. Імша была жалобная. Пасля імшы пайшлі мы пакланіцца магіле маёй сястры, а потым мураванай грабніцы сям’і Завадскага, дзе ляжаць яго бабка Юрага з Радзівілаў, матка і жонка, ад якой асталіся два прыгожыя хлопцы. Ласкавы гаспадар запрасіў мяне і Адынца, каб мы на памяць недалёка ад дома пасадзілі па дубку. 3 ахвотай выканалі мы гэтую ганаровую місію пасадзілі ў падрыхтаваныя ямкі два дубкі, а ксёндз асвяціў гэтае месца...»
Нельга абысці і яшчэ адно імя, звязанае з крашынскай драмай. Гэта наглядчык вучылішчаў Наваградскага павета граф Адам Храптовіч. Ён удзельнічаў у следстве з нагоды крашынскага бунту і асабіста пазнаёміўся з Паўлюком Багрымам. Як паказваюць дакументы, ён «чуў памянёныя вершы, якія чыталі хлопчыкі, што служылі ў ксяндза Магнушэўскага», але рэктару ўніверсітэта паведаміў, што «ў Крашынскім вучылішчы ніводнаму з вучняў яны не былі вядомыя». Як відаць, Адам Храптовіч імкнуўся апраўдаць Паўлюка Багрыма.
Граф Адам Храптовіч, гэтак жа як і бацька Іаахім Літавор Храптовіч, быў перадавы чалавек, ён удзельнічаў у паўстанні 1794 года. Гэта той самы Адам Храптовіч, у маёнтку якога ў Шчорсах знаходзілі спагаду і прытулак філаматы Адам Міцкевіч, Францішак Малеўскі, Юзаф Яжоўскі, Тамаш Зан і іншыя, карыстаючыся яго багатай бібліятэкай, той самы Храптовіч, які
прытуліў у сябе Яна Чачота пасля яго вяртання з уральскай ссылкі і даў яму працу ў той бібліятэцы. Вядома ж, Адам Храптовіч не мог не расказаць беларускаму паэту і фалькларысту Яну Чачоту пра таленавітага хлопца з Крашына, пра яго трагічную долю.
Вельмі пашырыў нашы ўяўленні пра ўзаемасувязі дзейных асоб крашынскай эпапеі а.маль сенсацыйны артыкул Язэпа Янушкевіча «Ледзьве здымкі ўратаваў...», апублікаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 4 лістапада 1988 года. У ім даваўся агляд матэрыялаў, прысланых на імя аўтара ў Інстытут літаратуры нашай Акадэміі навук з Польшчы 85-гадовым ксяндзом Каролем Жураўскім, які служыў перад вайной пробашчам у Крашынскім касцёле і збіраў інфармацыю пра Паўлюка Багрыма і гісторыю мястэчка. Жураўскі паведамляў, што ведаў хату Паўлюка Багрыма пад саламянай страхой і кузню, дзе ён працаваў, што гэтая кузня «месцілася дзесьці на дворскай тэрыторыі, бо такі быў звычай, што ў двары мелася кузня для направы інструментаў і для кавальскіх работ: падкоўвання коней, вастрэння і вырабу плугоў, сярпоў, барон і г. д.». Сярод прысланых Жураўскім матэрыялаў была фотакопія запісу хрышчэння Паўла Багрыма ў Крашынскім касцёле, дзе ясна гаворыцца, што нарадзіўся ён 2 лістапада 1812 года і праз дзень быў ахрышчаны ксяндзом Магнушэўскім. Дакументы паказваюць таксама, што ў Паўла Багрыма былі яшчэ чатыры браты Вінцэнт, Аляксандр, Валенцій, Станіслаў і дзве сястры Ганна і Тэрэза, што маці паэта памерла 9 студзеня 1832 года ва ўзросце 40 гадоў, а бацька дажыў удаўцом да 1855 года.
Па-новаму глянуць на біяграфію Паўлюка Багрыма змушае і прысланая фотакопія пратакола аб шлюбе яго ў 1864 годзе, дзе падаюцца дакладныя звесткі пра абаіх «маладых». 3 яго мы даведваемся, што Павел Багрым быў «сынам Юзафа і Марыі з Стахоўскіх», а маладая «дачка Юстына і Ядзвігі з Сівіцкіх-Рэўкоўскіх», што ён «родам з мястэчка Крашын», а яна з фальварка Канілова тутэйшай парафіі, што яму было ў той час 52 гады, а ёй 26, што абое католікі, што ён «з мяшчан», а яна «са шляхецкага стану», што ён жыве ў парафіі ад
нараджэння, а яна шэсць гадоў, што ён «вольнага стану», а яна «удава» (муж яе загінуў у паўстанні 1863 года).
Публікацыя Язэпа Янушкевіча дала новыя звесткі пра адносіны філаматаў з Юрагамі. 3 яе мы даведваемся, што пры шлюбе дачкі Юрагаў Тэафіліі з князем Яўгеніем Робертам СвятаполкЗавадскім летам 1843 года ў Крашыне адным са сведкаў быў Тамаш Зан.
Пра другіх сведкаў у артыкуле нічога не гаварылася. Але мне было важна даведацца, з кім жа Тамаш Зан падзяляў гэтую місію. Таму давялося папрасіць у аўтара публікацыі дазволу прагледзець у Інстытуце літаратуры прысланыя яму матэрыялы. Выявілася, што разам з Тамашом Занам сведкамі пры шлюбе дачкі Юрагаў былі вядомыя ўжо нам Канстанцін Радзівіл і Гектар Анджэй Прушынскі. Гэта таксама не абы-які факт. Ён гаворыць пра тое, што Тамаш Зан быў добра знаёмы з Канстанцінам Радзівілам. Завадатар студэнцкай моладзі мог пазнаёміцца з князем праз свайго дзядзьку ксяндза Валентага Зана, які служыў нейкі час пробашчам у радзівілаўскай Паланэчцы. Факт гэтага знаёмства наводзіць на думку, што Канстанцін Радзівіл, ведучы ў 1823 годзе ў Вільні перамовы з Аляксандрам Бястужавым, проста не мог не пазнаёміць з прадстаўніком дзекабрысцкай арганізацыі і Тамаша Зана як кіраўніка антыцарскага згуртавання моладзі і адначасова супольніка таго ж самага Патрыятычнага таварыства. П. Альшанскі, аўтар кнігі «Дзекабрысты і польскі нацыянальна-вызваленчы рух» (Масква, 1959), кажучы пра тую паездку ў Вільню рускага рэвалюцыянера, пераканаўча паказаў, што «Бястужаву ўдалося ўстанавіць сувязь з некаторымі кіраўнікамі Таварыства філаматаў». Цяпер можна сказаць з упэўненасцю, што адным з гэтых кіраўнікоў быў Тамаш Зан. Якраз з ім і меў сустрэчы Аляксандр Бястужаў.
Будучаму даследчыку, відаць, варта зацікавіцца і трэцім сведкам шлюбудачкі Юрагаў-Гектарам Анджэем Прушынскім. Ці не продак гэта па якой-небудзь лініі выдатнага беларускага паэта Алеся Гаруна Аляксандра Уладзіміравіча Прушынскага? У нашай жа гісторыі ўсё нейкім чынам пераплецена. Апрача публікацыі Язэпа Янушкевіча апошнім часам у друку з’явілася пра
Паўлюка Багрыма нямала іншых цікавых матэрыялаў, якія дадаюць новыя штрыхі да біяграфіі паэта. Напрыклад, аўтару змешчанага ў часопісе «Родная прырода» (1978, № 2) нарыса «Лотаць цвіце...» Яраславу Пархуту ў час паездкі ў Крашын удалося пагутарыць з людзьмі, якія добра ведалі дачку Паўлюка Багрыма (называлі яе Багрымша) і яе дзяцей Фрыдрыха, Івана і Ванду; «Багрымша» ў 1914 годзе выехала з сям’ёй у Расію. Яраслаў Пархута нават натрапіў на след вершаў Паўлюка Багрыма. Быццам бы іх зберагаў адзін з завадатараў Крашынскага бунту Казімір Камінскі, які нібыта быў высланы не ў Сібір, як мы ведаем з літаратуры, а ва ўрочышча Залужжа недалёка ад Крашына, дзе была вельмі кепская зямля («суцэльны глей») і дзе ён пражыў да канца сваіх дзён. Перад смерцю Камінскі перадаў «сшытак багрымаўскіх вершаў» свайму сыну Антону. Той хаваў іх за бэлькаю хаты і «толькі ў рэдкіх выпадках, калі збіралася ў хаце ўся радзіна, даставаў той сшытачак і чытаў вершы». Гэты сшытак нібыта страчаны ў 1941 годзе. Ад яго засталася толькі зялёная вокладка, якую паказала аўтару нарыса дачка Камінскага Алена, расказаўшы ўсю гісторыю пра Багрымавы вершы. Што гэта-рэальны факт ці яшчэ адна паэтычная легенда? У кожным разе ёю варта зацікавіцца літаратуразнаўцам. Тым больш што асобныя факты з артыкула Я. Пархуты пацвярджаюцца дакументальна. Напрыклад, тое, што завадатар Крашынскага бунту і праўда не быў сасланы ў Сібір. Пра гэта сведчыць апублікаваны ў згаданай кнізе Ісідара Баса дакумент, дзе гаворыцца, што гродзенскі цывільны губернатар вынес прапанову не высылаць у Сібір Казіміра Камінскага, «улічваючы яго малады ўзрост», а «аддаць у вайсковую службу, калі ён акажацца да яе здольны».
Важнае даследаванне прарабіў мастак Сымон Свістуновіч. Ён адшукаў выкаваныя Паўлюком Багрымам агароджы своеасаблівыя творы мастацтва. Пра гэта мастак расказаў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1984, 9 лістап.), падаўшы там і замалёўкі Багрымавага кавальства. Вельмі сур’ёзны артыкул пра радзіму Паўлюка Багрыма ў мінуласці апублікаваў у дванаццатым нумары часопіса «Полымя» за 1988 год адзін з арганізатараў вельмі нашумелага ў канцы 1980-х гадоў таварыства маладых
літаратараў «Тутэйшыя» Анатоль Сыс. Ён намерыўся зазірнуць у далёкае мінулае Крашына, выявіць яго даўнейшых валадароў, прыгледзецца да людзей, што жылі некалі ў мястэчку, ну і прасачыць радавод самога Паўлюка Багрыма. Дзеля гэтага Анатоль не паленаваўся перагартаць шмат якія старыя фаліянты і рукапісы, добра распытаць крашынскіх старажылаў, зазірнуць на іх гарышчы, дзе, аказваецца, і сёння можна знайсці цікавыя старадрукі і важныя дакументы. Адзін з такіх дакументаў, адшуканых Сысам, копія «Акта даравальнага дакумента ад паноў Юрагаў панам Яну і Мікалаю Рачкоўскім, выданага года 1836 месяца ліпеня 2 дня». Цікавыя таксама меркаванні аўтара артыкула пра паходжанне Багрымаў з крымскіх татараў.
Калі я знаёміўся з дакументальнымі матэрыяламі пра Паўлюка Багрыма, у галаву лезла адна «крамольная» думка: а можа, гэта не ён аўтар верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», можа, яго не «ўспомніў» праз дзясяткі гадоў, а напісаў сам Ігнат Яцкоўскі? Наваградскі ж адвакат не толькі аўтар мемуараў, але і вершаў на польскай мове. Паспрабаваць што-небудзь напісаць па-беларуску яго мог схіліць беларускі і польскі паэт Аляксандр Рыпінскі, гэтакі ж выгнаннік, з якім ён разам стварыў у Лондане незалежную друкарню. Тым болын што і ў жыцці яго, паўстанца, былі вялікія ўзрушэнні, сугучныя таму вершу.
Але я адразу адкінуў гэтую версію: галоўнае, не было ніякай прычыны ў Яцкоўскага публікаваць у дакументальных нататках такую няпраўду. У карысць аўтарства Паўлюка Багрыма трэба аднесці і яго вялікую цікавасць да вершаваных твораў і, што асабліва важна, да беларускіх. Трагізм падзей у Крашыне, бяда, што абрынулася на самога Паўлюка Багрыма, усё гэта змушала яго ўзяцца за пяро, каб выліць неяк пачуцці, якія перапаўнялі сэрца юнака, прыгаворанага да салдатчыны. Дарэчы, у 1828 годзе пятнаццацігадовага Паўлюка Багрыма маглі прыгаварыць да яе толькі на будучае, з тым, каб аддаць у вайсковую службу, калі ён, як гаварылася ў дачыненні да Казіміра Камінскага, «акажацца да яе здольны». Значыць, да салдатчыны Паўлюк Багрым жыў яшчэ колькі гадоў у Крашыне, жыў, прыгавораны да 25-гадовай няволі на чужыне. Якраз тады, пэўне ж, і пісаліся яго поўныя