Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Дарэчы, чаму Смольгава? Я звярнуў увагу, што і ў раённай газеце так пішуць. Між тым бібліёграфы Сыракомлі пісалі Смольгаў. Як жа правільна? На вуліцы я прыпыніў старую жанчыну. Яна аказалася старажылам вёскі. Волыа Іванаўна Масальская. Ёй, як яна сказала, пайшоў восьмы дзясятак. На пытанне, як старыя называюць вёску, адказала так:
— Заўсёды называлі вёску толькі Смольгаў. Колькі я помню Смольгаў і Смольгаў. Я не ведаю, чаму гэта цяпер так перакручваюць Смольгава. Так няправільна.
У яе голасе я адчуў незадаволенасць. Значыць, гэта час змяніў, «абкатаў» назву. Але ці толькі час? Вельмі часта і ў нас саміх праяўляецца гэты неадольны сверб мяняць, «прыхарошваць» геаграфічныя назвы. Пры гэтым мы забываем, што кожная назва вёскі. горада, ракі, возера, нават малога ручая гэта своеасаблівы гістарычны помнік. Многія з назваў зарадзіліся даўно, яшчэ задоўга да ўзнікнення пісьма, і з’яўляюцца адзінымі моўнымі сведкамі далёкіх часоў. Аналізуючы іх, чытаючы гэтую «мову зямлі», вучоныя шмат могуць даведацца і расказаць нам пра далёкае мінулае нашай Бацькаўшчыны, пра тое, якія народы засялялі яе ў самыя розныя эпохі, пра гаспадарку, заняткі, культуру, мову далёкіх продкаў. Археолагі ва ўсіх канцах свету перакопваюць сёння горы зямлі, каб адшукаць у яе глыбіні маленькі гліняны чарапок. Кожны такі чарапок старанна ачышчаюць ад пылу, фатаграфуюць, беражліва пераносяць у кабінеты вучоных, у музеі. Ён дарагі сведка мінуўшчыны. Можа, гэта якраз той ключык, які адамкне дзверы ў не спазнаны дагэтуль дзівосны свет. Гэтакія ж сведкі далёкіх тысячагоддзяў і геаграфічныя назвы. I чым лепш яны захаваюцца, чым меней будуць зменены.
«адшліфаваны», тым больш каштоўным матэрыялам будуць для навукі. Да таго ж на іх адшуканне не трэба траціць столькі сродкаў, працы, колькі на археалагічныя раскопкі. Геаграфічныя найменні на паверхні. Іх трэба толькі зберагаць. У Смольгаве ніхто, каго я ні пытаў, не адказаў мне, адкуль узялася назва вёскі. А яна ж пра нешта расказвае. Дарэчы, вёска Смольгаў, як я даведаўся з кнігі С. Александровіча «Па слядах паэтычнай легенды», цікавая яшчэ тым, што гэта ж тут, аказваецца, была тая жаданая «новая зямля», пра якую так марыў Міхал бацька Якуба Коласа. На гэтую зямлю, якую з такой цяжкасцю давялося купіць у Хадыкі («Ядзяць іх мухі з камарамі!»), так і не перабралася сям’я Міхала, хоць Антось і прыязджаў яе засяваць. Яна засталася ў паэме «Новая зямля» як сімвал неажыццявімай пры панскім ладзе мары хлебароба аб вольным жыцці. Па сутнасці, у паэме Якуба Коласа ідзе гаворка пра зямлю, якую ў першай чвэрці XIX стагоддзя арандаваў Аляксандр Кандратовіч і на якой нарадзіўся Сыракомля. Таму, ходзячы па вуліцах і сцежках Смольгава, я з падвоенай увагай глядзеў на магутныя дрэвы прысадаў, на шырокія хвалі неспакойнага жытнёвага мора, што налівалася і спела пад шчодрым ліпеньскім сонцам, на чыстыя асфальтаваныя дарогі, па якіх няспынна снавалі машыны. Цяпер сапраўды гэта была новая зямля.
Слядамі легенды
Далей мой маршрут ішоў у глыбіню Палесся. Мне даўно рупіла пашукаць там невялікае лясное ўрочышча, якое дало назву аднаму з самых паэтычных твораў Уладзіслава Сыракомлі паэме, ці, як сам аўтар называў яе, гавэндзе, «Хадыка». У прыпісцы да першай яе публікацыі ў 1848 годзе аўтар паведамляў, што заснаваны твор на народным паданні пра пасеку Хадыка на Палессі, у Дзякавіцкіх лясах. Паэма «Хадыка» друкавалася некалькі гадоў назад у «Полымі>>, потым яна ўвайшла ў кніжку перакладаў выбраных твораў Сыракомлі. Чытачы, напэўна, помняць яе сюжэт. У Слуцкім замку, дзе мясцовы ваявода правіў суд, з’явіўся раптам, расштурхоўваючы людзей, увесь аброслы,
абшарпаны дзядуля. Зняможаны і задыханы, ён упаў перад суддзёй. Аддыхаўшыся, загаварыў праз плач. Ён з Палесся, завуць Хадыка. Быў асочнікам звяроў, меў у лесе хаціну. Аднойчы паклікаў яго ў двор пан лоўчы і паведаміў, што на паляванне прыбудзе сам Сапега вяльможны («Гэта гетман літоўскі, не жарты, васпане»), Трэба асачыць мядзведзяў, абкружыць. «Будзь пільны і жвавы, наказваў лоўчы асочніку. Каб пад кулю яму зверына выбягала...» Але Хадыка, атрымаўшы наперад грошы, загуляў. Калі ж спахапіўся, астаўся адзін дзень да прыезду гетмана, а мядзведзь, як на тое, сышоў з пушчы. I вось: «Трубіць гучна аблава, страляе, гукае», а мядзведзя няма. Так і паехаў ні з чым гетман, пры гэтым добра аблаяў лоўчага. Лоўчы сваю злосць спагнаў на асочніку. «Падхапілі мяне, расказвае стары, прывязалі да дрэва, лупцавалі гарапнікам з тоўстага дроту, падплываў я крывёю ад панскага гневу». Але не са слабых духам быў Хадыка. «Меў за дзягай тапор і, хоць вельмі знясілеў, засвяціў між вачэй таму пану абухам». Вядома, што чакала ў той час селяніна, які адважыўся ўзняць руку на пана. Хадыка ўцёк у пушчу. Там, у непраходнай палескай глушы, зрабіў ён сабе ў дупле агромністага дуба бярлогу. У гэтай бярлозе, хаваючыся ад людскога вока, пражыў ён ні многа ні мала трыццаць гадоў. Асноўная частка паэмы гэта паэтычны расказ пра жыццё Хадыкі сярод векавечных лясоў Палесся. Як здабываў ён там ежу; як навучыўся разумець прыроду птушак, звяроў, дрэвы; як, злавіўшы ў лесе пчаліны рой, памалу развёў цэлую пасеку; як яна, гэтая пасека, праца з пчоламі памаглі яму выжыць у адзіноце столькі гадоў. Пад старасць, расказваецца ў паэме, не вытрымаў Хадыка. Надта ж захацелася яму пабачыць людзей, аблічча якіх пачаў ужо забываць. «Усіх людзей схапіў бы я ў абдымкі», расказваў стары. I вось ён у Слуцкім замку: судзіце... Заканчваецца паэма так:
Не ведаю, які быў дзень той судны, Ды званары са Слуцка мне казалі, Што ў кляштары памёр стары прыблудны, Якога быццам бы Хадыкам звалі.
...А між бароў, сярод імшары дзікай, Дасюль вядзецца пасека лясная, Багата дзіў аб ёй апавядаюць I называюць гэтак жа Хадыка.
(Пераклад Я. Пфляўмбаўм)
Прыгожая, чыста беларуская, з сівых вякоў легенда. Нечым падобная на паданне пра Машэку. Але ці існавала сапраўды такая легенда? Можа, гэта толькі прыгожая кветка паэтычнай фантазіі? Усё гэта трэба даказаць. А каб даказаць неабходна пашукаць легенду. Праўда, з таго часу, як мог чуць яе Сыракомля, прайшло сама меней 122 гады. За гэты час не адно пакаленне людзей змянілася на той зямлі. Але ж народныя паданні і легенды, як сцвярджаюць фалькларысты, жывуць доўга, яны пераходзяць з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. Тым больш легенды тапанімічныя. Ва ўсякім разе, хай не сама легенда, то хоць бы назва ўрочышча павінна захавацца, калі яно сапраўды існавала. Праўда, адшукаць нейкае маленькае ўрочышча ды яшчэ ў глухіх бясконцых лясах мусіць, нялёгкая задача. Ну, а ўсё ж? Адрас жа ў мяне ёсць Дзякавіцкія лясы.
Дзякавічы я знайшоў на карце. Гэта вёска ў Жыткавіцкім раёне. Каля самай большай ва ўсім Палессі блакітнай плямкі з надпісам «Чырвонае» легендарнага Князь-возера, якое, дарэчы, таксама апісана ў паэме Сыракомлі. Значыць, спачатку еду ў Дзякавічы. Тым больш што недзе там, на Палессі, павінна быць і вёска Яскавічы, куды разам з сям’ёй, ва ўзросце, здаецца, аднаго года, пераехаў са Смольгава будучы паэт.
У пакоі адміністратара любанскай гасцініцы сядзелі тыя, каму не хапіла месца. Што ж, гэта не дзіўна: гасцініца ў Любані старэнькая, драўляная, на 24 ці 26 чалавек. Але ўсё ж я назваў бы яе гасцініцай у поўным сэнсе гэтага слова. Мне нямала даводзілася бываць у раённых і абласных гасцініцах. Як часта ўжо з парога цябе сустракалі халодныя, нерухомыя, далёка не гасцінныя вочы, якія самі гаварылі: «Месцаў няма». Да адміністратара з такімі вачыма не падыходзь: усе просьбы, усе довады адскокваюць ад яго, як ад сцяны гарох. Начуй хоць пад плотам -
не яго клопат. Тут жа было інакш. Невысокая шчуплая жанчына, загадчыца, не засланялася ад мяне бранябойным шчытом з гэтых двух штампаваных слоў «Месцаў няма». Яна толькі паморшчыла лоб. Памаўчаўшы з хвіліну, сказала: «Пакуль усе месцы занятыя. Прыйдзецца вам пачакаць пад вечар нешта прыдумаем». I вось, чакаючы, што прыдумае нам загадчыца гасцініцы, сядзім: вельмі гаварлівая жанчына гадоў трыццаці з вялікім падбародкам інспектар нейкай санстанцыі; мужчына ў замусоленай куртцы, «пад мухай» здаецца, шафёр; маладая дзяўчына з Далёкага Усходу студэнтка дарожнага факультэта політэхнічнага інстытута (прыехала сюды на практыку пракладваць дарогі); капітан міліцыі з Мінска; загадчыца гас цініцы і я вось больш-менш пастаянны сёння «экіпаж» адміністратарскага пакоя. Гаворка ідзе на самыя розныя тэмы. Пра гасцініцу, злачыннасць, санітарыю, пра тое, як кормяць у рэстаранах і сталовых, пра навуку і вучоных, нарэшце пра літаратуру.
Няма ў нас цяпер сапраўдных пісьменнікаў, катэгарычна заяўляе шафёр. Такіх, як Пушкін, Лермантаў.
Як гэта няма? падхопліваецца жанчына з санстанцыі.
Ну, хто? Назавіце...
Хаця б Шолахаў...
Ну, дапусцім... А яшчэ?
Юрый Герман...
А Роберт Раждзественскі, Эдуард Асадаў? падымае ад кніжкі вочы студэнтка з Далёкага Усходу. Чым дрэнныя паэты?
Шафёр толькі ўсміхаецца: не пераканалі. Я таксама ўмешваюся ў гаворку: мне здалося, што ў шафёра свой густ, свой падыход да літаратуры. Называючы асобных, найбольш выдатных, на маю думку, пісьменнікаў, стараюся давесці, што нашай як усесаюзнай, так і беларускай літаратуры ўсё ж ёсць чым ганарыцца. Але шафёр стаіць на сваім:
Усё гэта не тое...
Мы пачынаем падазраваць, што ён проста нічога не чытае, а спрачаецца, толькі каб падражніць нас, і пераводзім гаворку на іншую тэму.
Я больш слухаю. I то не з увагаю пятае цераз дзясятае. Я жыву ўжо сваім далейшым падарожжам. Каб даведацца, як дабірацца ў Дзякавічы, іду на аўтастанцыю. У дыспетчарскай сказалі: трэба ехаць да вёскі Абоз. Аўтобус Любань Абоз ідзе роўна ў 9 гадзін раніцы. Як ехаць далей не ведаюць. Можа, спадарожнымі. Машыны там хадзіць павінны, бо ў Абозе, хоць вёска і Любанскага раёна, Жыткавіцкі леспрамгас. Леспрамгас? А можа, гэта якраз тое, што мне трэба? Хто ж лепей ведае лес, як не работнікі лесу? Ну, што ж, астаецца адпачыць перад дарогай.
Вечарам загадчыца гасцініцы ўсё-такі нас парастасоўвала каго ў нумар, каго на калідор, каго ўладкавала проста на прыватнай кватэры непадалёку. Нават вясковаму дзядзьку з малым хлопчыкам знайшлося месца на раскладушках у калідоры. Дзядзька быў вельмі давольны: раскладушкі яму і сыну паставілі побач, галава к галаве. Малы, зашыўшыся пад коўдру з падбародкам, пасопваў носам каля самай бацькавай галавы.