Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
усе неадчэпныя думкі, якімі заўсёды была запоўнена галава, здаліся тут дробязнымі, не вартымі ўвагі. Яны бляднелі, адыходзілі на задні план на фоне гэтай вось ціхай першароднай раніцы, гэтага чыстага без хмурынкі неба, бялявай зары, якая, яснеючы, роўна разлівалася над зямлёй, будзячы па алешніках і асацэ балоцін птушыныя спевы.
Я дома. Тут маё карэнне, пачатак мяне самога, мой працяг. Тут жылі мае дзяды, тут пасвіў, касіў, вяршыў стагі, спускаў бярозавы сок, араў, сеяў, баранаваў, звозіў снапы, малаціў мой бацька. Я першы кінуў адвечны хлебаробскі занятак маіх продкаў. Яны прыходзілі і адыходзілі, перадаючы з рук у рукі сваім наступнікам стары. але лёгкі і ходкі плуг з люстэркам лемяша; да паловы зрэзаную і ўсё яшчэ вострую, як брытва, касу з выгладжаным да бляску касільнам; берасцяную каробку-сяўню ды цупкі малацьбітны цэп. Усе мае папярэднікі о, як мала я ведаю пра іх! бралі гэта ў спадчыну як самы дарагі скарб. Я першы не ўзяў. Я разарваў доўгі спрадвечны ланцуг хлебаробскага племя...
Слухаючы музыку бацькоўскай зямлі, я пачынаю лепш разумець і Сыракомлю у яго ж была душа селяніна. Калі лёс вымусіў паэта пакінуць родныя палеткі, ён адчуваў сябе як рыба, выкінутая з вады. У адным са сваіх апошніх вершаў вясковы лірнік параўноўваў сябе з салоўкам, які апынуўся «за кратамі з дроту».
Я прыгнаў каровы, калі ўжо добра ўгрэла і скаціне нельга было абараніцца ад заедзі. Увайшоўшы ў хату. я скінуў размяклыя ад расы чаравікі, пацяжэлыя штаны і, адпачыўшы ў халадку, палез у шафу па сваю дарожную вопратку. У канцы вёскі я сеў у аўтобус з непрывычным маршрутам Старыя Дарогі Зялёная Дуброва. Раней, каб дабрацца да горада, зялёнадуброўцы хадзілі за сем кіламетраў у Фалічы на цягнік. Сёлета па выхадных пусцілі аўтобус.
Са Старых Дарог я даехаў цягніком да Урэчча, там перасеў на любанскі аўтобус.
Дарога ішла якраз праз вёску Таль, якую ўпамінаў «Геаграфічны слоўнік...». Гэта ўжо не вёска, а вялікае сяло, з некаль-
кімі аўтобуснымі прыпынкамі. За сялом паабапал дарогі калыхалася жыта, густое, з цяжкімі каласамі. У ім танулі ўдалечыні калгасныя дамы пад шыферам. Гэта ж недзе тут і павінна быць вёска Смольгаў. Ці астаўся ад яе амаль праз 150 гадоў які след? У чырванашчокага дзядзькі, які падсеў на прыпынку ў Талі, з заміраннем у сэрцы пытаюся, ці не ведае ён, дзе тут вёска Смольгаў.
Смольгава? адказаў дзядзька. Ёсць такая. Вунь туды, кіламетры два адгэтуль, к Пагосту. Я памкнуўся быў спыніць аўтобус, каб вылезці. Але тут жа раздумаў: чаго спяшацца. Смольгаў жа цяпер ад мяне нікуды не ўцячэ. Паеду спачатку ў Любань, знайду фатографа, магчыма і машыну.
На аўтобуснай станцыі людна, мітусліва. Людзі снуюць тудысюды бесперапынна. Усе заняты сваімі клопатамі, сваімі клумкамі і чамаданамі. Цябе ніхто і не заўважае. Можаш так вось стаяць на адным месцы дзень, і гэта нікому не кінецца ў вочы. I я нейкі момант стаю, слухаю людскую гаману. Але ж трэба ісці. Толькі куды? У рэдакцыю газеты? У райвыканкам? Райкам? Ці не здасца там дробязнай, не вартай увагі мая справа?
Зялёная, падобная на вясковую, вуліца завяла ў цэнтр. У раённым гарадку ў цэнтры звычайна сабрана ўсё: райкам партыі, райкам камсамола, райвыканкам, рэдакцыя раённай газеты, Дом культуры, гасцініца, рэстаран або чайная, раймаг, харчовы магазін. На вочы трапілася шыльда: «Любанскі раённы камітэт КПБ». Чаму б не зайсці сюды? Падымаюся адразу на другі паверх. Стукаюся ў дзверы да загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. Павітаўшыся, гавару пра мэту маёй паездкі.
Гэта цікава, — падымаецца з-за стала загадчык Сцяпан Іванавіч Ісайка. Мы якраз ствараем музей. Можна будзе зрабіць стэнд пра Сыракомлю усё ж такі зямляк. Зайдзіце, калі ласка, да першага сакратара. Я таксама зараз падыду. Памяркуем.
Да сакратара, ды яшчэ першага, сам я ісці не адважыўся б. Я ведаю, як загружаны першы сакратар райкама партыі. Але раз прапанавалі трэба зайсці. У прыёмнай пытаюся, ці можна.
-	Калі ласка, адказвае мне дзяўчына-сакратарка.
-	А там ёсць хто?
-	Ёсць людзі.
Гэта трошкі здзівіла. Я думаў, што, каб папасці да такога начальства, трэба мала ці многа, а пацерці крэслы прыёмнай. А тут заходзь, калі ласка. На дзвярах пад шклом шыльдачка «Слабада A. I.». Гэта прозвішча першага сакратара. Цягну на сябе ручку дзвярэй.
-	Можна?
Каля стала стаяць, схіліўшыся, трое. Штосьці абмяркоўваюць: на тварах відаць заклапочанасць. На мяне ніхто не звярнуў асаблівай увагі: заходзь, калі хочаш. Гэта неяк адразу заспакоіла, зняло напружанасць. Падышоў да стала, даў «добры дзень». Сакратар (ён стаяў за сталом) кіўком галавы паказаў на крэсла пачакаць. Твар у сакратара адкрыты, просты. Бровы зведзены да пераносіцы: слухае, што даводзіць яму высокі, добра апрануты чалавек, і нешта абдумвае, паціраючы рукой лоб. Я саджуся, прыслухоўваюся. Паступова высвятляю, пра што тут гаворка. У адной школе раёна знялі з пасады дырэктара. Знялі таму, што не зжыўся з калектывам, супрацьпаставіў яму сябе, камандаваў, груба абыходзіўся з настаўнікамі. Пра гэта настаўнікі напісалі ў райкам. Разбіраліся доўга, дэталёва, гутарылі з усім калектывам. I знялі. Хоць па паспяховасці з прыходам гэтага дырэктара школа стала адной з лепшых у раёне, за што дырэктар не раз атрымліваў прэміі. Што ж, зазнаўся. А цяпер вось прыйшоў настаўнік школы, член партыі, і даказвае, што дырэктара знялі няправільна. Ён даўно ведае яго гэта сумленны, прынцыповы камуніст, былы афіцэр Савецкай Арміі, паспяховасць узняў... Ну, строгі, дык нельга ж без строгасці...
Я разумею сакратара, тут ёсць над чым паморшчыць лоб: справа ідзе пра людскія душы.
Што ж, гаворыць урэшце ён, выпростваючыся, прыйдзецца яшчэ раз вярнуцца да гэтага. Будзем разбірацца.
Калі настаўнік выйшаў, сакратар павярнуўся да мяне. Я растлумачыў, што ў мяне за клопат.
Усё ясна — пасадзейнічаем,— сказаў ён коратка і, усміхаючыся вачыма, працягнуў мне руку. Трымайцеся яго, кіўнуў ён на Сцяпана Іванавіча (загадчык аддзела прапаганды і агітацыі
таксама быў ужо тут). Я падзякаваў усё, аказваецца, проста робіцца ў добрых людзей.
I вось рэдакцыйны «газон» імчыць па дарозе з Любані. Са мной фатограф раённай газеты «Будаўнік камунізму» Сцяпан Рыгоравіч Дарожка, рухавы вясёлы чалавек, і яшчэ два хлопцы варацілы раённай прэсы. Хлопцы ссадзілі нас на краі вёскі, а самі падаліся далей на нейкі сход у глыбінны калгас.
Мы з Дарожкам ідзём па Смольгаве. Акуратныя, зробленыя па-сучаснаму хаты, разгалістыя векавыя ліпы ля платоў, шырокая вуліца. У вёсцы, як я даведаўся, 60 двароў. Ёсць клуб, бібліятэка, васьмігадовая школа, фельчарска-акушэрскі пункт. Смольгаў цэнтр калгаса «Ленінскі шлях». Пры вуліцы будынак з белай цэглы. Гэта праўленне калгаса. Зайшлі. За сталамі пераважна дзяўчаты. Пытаемся, як убачыць старшыню калгаса.
А ён толькі што паехаў дадому, у Невалаж. Невалаж як бы працяг Смольгава. Зусім побач. Ну што ж, завітаем.
Іван Яфімавіч Мурашка, малады, поўнага твару мужчына, быў без пінжака, у клятчатай сарочцы.
Вы якраз у час, малайцы, вітаючыся, сказаў ён з усмешкай. Я толькі збіраўся снедаць.
Пасадзіўшы нас на крэслы, Іван Яфімавіч ускінуў на плечы пінжак, узяў у рукі сетачку.
Пачакайце хвіліну — я зараз... Праз «хвілінку» ён зноў затупаў па ганку, а яшчэ праз «хвілінку» на стале бліснула бутэлька «Расійскай».
За чаркай і добрай старшынёўскай скваркай выдатна гаварылася пра ўсё. Калгас, як высветлілася, не лепшы ў раёне, але і не ў хвасце «з сярэдзінкі на палавінку». Мала моладзі. Усе бягуць у горад там, бачыце, весялей. Але астаюцца і дома, асабліва ў апошні час. Калгас памалу набірае сілы і хто ведае? можа, яшчэ пераходны сцяг атрымае...
За сталом сядзелі нядоўга (мы з Дарожкам выпілі для прыліку па чарцы, гаспадар яшчэ менш: «Не магу, хлопцы, работа»). Івану Яфімавічу трэба было з’ездзіць у раён. Нам ён прапанаваў праехаць трохі па калгасе: якраз падкаціў да двара «газік».
Пакалясіўшы па калгасе, мы з Дарожкам зайшлі ў смольгаўскую бібліятэку: цікава, што чытаюць на радзіме Уладзіслава Сыракомлі, які некалі, у вершы «Непісьменны», пісаў ад імя беларускага мужыка:
Я не зайздрошчу, крый мяне Божа, Нікому ў свеце, ніякай сіле;
Адно зайздросна мне толькі, можа, Што вас, панове, пісаць наўчылі.
Месцілася бібліятэка ў звычайнай хаце. У адной палавіне стэлажы кніг, у другой абсталявана маленькая чытальная зала. У бібліятэцы, як расказала мне загадчыца Марыя Кузьмоўна Ермаліцкая, 8800 тамоў кніг, чытачоў на абанеменце 386. Што ж, дзіўнага для мяне нічога не было. Для Сыракомлі ж, ведама, які марыў аб асвеце народа, гэта была б вялікая і радасная навіна. У яго час прыгоннікі не толькі не заахвочвалі сялян да асветы, а наадварот, забаранялі вучыцца. Больш за тое, селяніна, які браў у рукі кнігу, абвяшчалі бунтаўшчыком, за гэта яго жорстка каралі. Адзін такі выпадак з болем у сэрцы апісаў Сыракомля ў сваім драматычным творы «Вясковыя палітыкі». Да пана суддзі (які, дарэчы, лічыўся яшчэ лібералам) прыйшоў аканом са скаргай на млынара Янку, быццам той бунтуе ўсю вёску. Што ж гэта быў за бунт? Аказваецца. млынар перастаў хадзіць у карчму, пачаў адгаворваць ад гэтага іншых сялян (а гэта ж удар па кішэні карчмара і гаспадара) і ў дадатак — чытае кніжкі! Паведамленне занепакоіла пана: «Калі хлоп паразумнее тады ўжо вядома: не пойдзе на паншчыну... Чытанне!.. Хоча быць разумнейшы за мяне! Гвалт! Сканчэнне свету!» I ён загадвае пакараць селяніна бізунамі, каб той больш не адважваўся браць у рукі кніжку.
Да бібліятэкаркі падышла маладая дзяўчына з сімпатычнымі ямачкамі на шчоках абмяняць кнігі.
Ну, ну, што чытаюць смольгаўскія дзяўчаты? як бы між іншым пытаюся я, заглядаючы, якія кнігі запісвае бібліятэкарка.
А от паглядзіце, працягвае Марыя Кузьмоўна картку.
Папытаўшы дазволу ў дзяўчыны, гартаю лісткі. «Вецер у соснах», «Основы земледелня», «Детская болезнь “левнзны” в ком-
муннзме», «Руководство для растенневодства», «Основы полнтмческнх знаннй», Ясенін, «Математнка», Бруна Ясенскі. Стэфан Цвэйг, Брэт Гарт, Пецёфі...
Мяркуючы па кнігах, вы студэнтка. Адгадаў?
He зусім, смяецца дзяўчына. Я працую ў калгасе. Вучуся завочна. У Горацкай акадэміі.
I не сумна тут, у вёсцы?
Наадварот, Смольгава мне падабаецца.