Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
археалагічнага інстытута), Станіслаў Манюшка (беларускі кампазітар, дырыжор і педагог), Уладзімір Спасовіч (публіцыст, літаратуразнавец і грамадскі дзеяч; быў прафесарам крымінальнага права Пецярбургскага ўніверсітэта; прататып адваката Фецюковіча ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы), Бенядзікт Дыбоўскі (заолаг, прыродазнавец, публіцыст; быў прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта; удзельнік паўстання 18631864 гадоў; вывучаў гісторыю і этнаграфію Беларусі), Аляксандр Ельскі (беларускі пісьменнік і краязнавец; быў членам Акадэміі ведаў у Кракаве, аўтар каля 10 тысяч артыкулаў пра гарады і вёскі Беларусі ў «Геаграфічным слоўніку Польскага Каралеўства і іншых славянскіх краёў»), Антон Трусаў (беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў паўстання 18631864 гадоў на Беларусі; быў адным з арганізатараў Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, перапісваўся з К. Марксам), Іван ГольцМілер (рускі паэт-рэвалюцыянер, аўтар папулярнай рэвалюцыйнай песні «Слухай»), Янка Лучына (беларускі паэт-дэмакрат), Мікалай Мінскі (рускі паэт), Эдуард Пякарскі (вучоны і рэвалюцыянер, аўтар «Слоўніка якуцкай мовы»; быў ганаровым акадэмікам AH СССР), Ядвігін Ш. (беларускі пісьменнік) і, як адзначалася на дошцы, «іншыя вядомыя дзеячы літаратуры, мастацтва, навукі, вызваленчага руху супроць царызму».
Прыемна было ўсведамляць, што нехта ж паклапаціўся пра такое вельмі разумнае ўшанаванне Мінскай гімназіі, адзначыўшы сапраўды выдатных людзей, якія тут вучыліся.
Мне цяжка было ўстрымацца, каб не зайсці ў сярадзіну будынка. Сапраўды, духам даўніны павеяла ад старых сцен, ад даўнейшай, багата аздобленай трывалай лесвіцы, ад скляпеністай столі, таямнічых ніш, даўгіх калідораў з усялякімі пераходамі, ад унутранага дворыка, што добра праглядваецца з калідорных акон. Тут, па гэтых калідорах, і бегалі калісьці гімназісты, напаўняючы дом гоманам і шумам.
Мінская гімназія ўтварылася не на пустым месцы на базе Мінскай губернскай школы, першапачатковая гісторыя якой сягае аж у XVII стагоддзе, калі тут актывізаваліся езуіты.
У часы Тамаша Зана Мінская гімназія налічвала дзвесце з лішнім навучэнцаў. Гэта была сямікласная навучальная ўстанова. У першых двух класах студэнты (так называлі гімназістаў) вывучалі польскую і лацінскую граматыкі, арыфметыку, «пачаткі» геаграфіі, вучыліся таксама каліграфіі, атрымлівалі ўрокі маральнасці. У кожным з двух класаў быў свой настаўнік. 3 трэцяга класа кожны прадмет выкладаўся асобным настаўнікам. У старэйшых пяці класах праходзілі польскую, рымскую літаратуру, гісторыю, геаграфію, лацінскую і грэчаскую мовы, гісторыю права, фізіку, матэматыку, хімію, заалогію, батаніку, аграномію, маляванне. Замежныя мовы нямецкая і французская былі неабавязковыя, вывучаліся па жаданні студэнтаў. Да замежных адносілі і рускую мову. Настаўнікам першага класа быў Міхал Галаўня, які вучыў дзяцей у мінскіх школах з 1788 года. У сваіх «Мемуарных нататках», напісаных у 1850 годзе па просьбе вядомага беларускага вучонага-краязнаўца Канстанціна Тышкевіча, Тамаш Зан казаў пра свайго настаўніка як пра «нешта пачцівае, набожнае і гарбатае» і адзначаў, што ён быццам бы набыў свае веды, плаваючы па Нёмане, Дзвіне і Прыпяці на віцінах ды стругах. У другім класе Тамаша вучыў Ян Пілецкі «даўганосая скамянеласць», якая ажыўлялася толькі пры чытанні «Граматыкі...» Капчынскага. Пра гэтую «Граматыку польскай мовы» варта сказаць колькі слоў асобна. Яна не толькі вучыла грамаце, але і выхоўвала дзяцей у польскім патрыятычным духу, для чаго там былі падабраны найбольш яркія ў гэтым плане ўрыўкі з твораў польскіх пісьменнікаў. Аб сіле ўздзеяння «Граматыкі...» Капчынскага на моладзь сведчыць той факт, што на працэсе над філаматамі і філарэтамі ўлады разам з прафесарамі і студэнтамі Віленскага ўніверсітэта абвінавачвалі ў пашырэнні польскага патрыятызму і яе, «Граматыку...», якая падлягала цяпер забароне.
Тамашу Зану запомніліся таксама многія настаўнікі-прадметнікі. Польскую літаратуру, напрыклад, вёў экс-езуіт Феліцыян Міхалоўскі, які сам любіў свой прадмет і перадаваў гэтую любоў вучням. Гісторыю права выкладаў памочнік дырэктара гімназіі Ян Лапінкевіч, фізіку Ігнат Абламовіч, латынь і грэ-
часкую мову Кароль Тгыль, матэматыку Ян Сухецкі, маляванне Ігнат Брушкевіч. Гімназійным капелянам быў Ян Жылінскі, які імкнуўся абуджаць у дзяцей польскі патрыятызм. Нямецкую мову і літаратуру выкладаў вельмі дасведчаны і паважаны ўсімі настаўнік Готліб Стэнзлер, але нават яго лекцыі з усёй гімназіі наведвала, напрыклад, у 1808 годзе ўсяго 13 чалавек. Французскай мове ў гімназіі не пашанцавала, бо яе выкладаў зусім не падрыхтаваны стары француз Джон Підо. Што ж да рускай мовы, то яе вёў да 1809 года былы вайсковец Андрэй Захарэўскі з Магілёўшчыны, на лекцыі якога збіраліся хіба што пасваволіць ды пасмяяцца. Як згадвае Тамаш Зан, ён уночы весяліўся «пры пуншы і гуслях», а ўдзень спаў «у мундзіры і ў хустцы, каб заўсёды быць гатовым да лекцыі». Ён нібы знарок вучыў дзяцей непрыязнасці да рускай мовы, выкладаў яе абы-як, больш рабіў выгляд, што вядзе навучанне. Дзецям ён казаў так: «Дело не делать, от дела не бегать». Запомніўся Зану і такі «дыялог» у класе: «Господйн учнтель, голова болнт». «Ну, так ндн домой; префект не прндет твое счастье, прндет скажу: бежал». Вядома, за такую прамату, весялосць і бесшабашнасць дзеці не маглі не любіць Захарэўскага. Студэнты нешта карыснае ўзялі і ад яго. Цікава, што Зан праз сорак з лішнім гадоў успамінаў, як ён, Андрэй Захарэўскі, расказваў студэнтам пра Баву-каралевіча, пра жар-птушку і іншых герояў рускіх народных казак. У 1809 годзе гэты настаўнік усё ж быў звольнены, а яго месца заняў Ян Астравумаў, чалавек бязвольны, няздатны да выкладчыцкай працы. Былі выпадкі, што студэнты нават білі яго.
Важнай асаблівасцю навучання ў Мінскай гімназіі было тое, што ў ёй імкнуліся даць выхаванцам як мага болей практычных ведаў, асабліва звязаных з гаспадараннем на зямлі.
Тамаш Зан вучыўся добра, ён належаў да найбольш здатных вучняў. Вось яго адзнакі, пастаўленыя, відавочна, настаўнікам аднаго з першых класаў: «Тамаш, сын Кароля, Зань з Вілейскага павета, католік, гадоў 10. Здароўе добра, уважлівасць добра, латынь добра, маральнасць добра, геаграфія добра, арыфметыка добра, фарміраванне характару добра». У старэйшых
класах Тамаша Зана асабліва адзначалі за добрае веданне матэматыкі, фізікі, за поспехі ў маляванні.
Актыўны ўдзел браў Тамаш Зан і ва ўсіх студэнцкіх зборах і забавах. 3 трэцяга класа навучэнцы ўтваралі сваё вучнёўскае кіраўніцтва, свае суды. Як відаць, у Мінскай гімназіі і набыў Тамаш Зан першы вопыт самастойных студэнцкіх згуртаванняў.
Вядома ж, шмат дало Тамашу Зану для агульнага развіцця і тагачаснае грамадскае жыццё Мінска. Перш за ўсё студэнты не маглі не наведваць прадстаўленні Мінскага тэатра, які месціўся ў тым жа будынку, што і гімназія. А па-за сценамі гімназіі, тут жа, на Высокім рынку, які з XVII стагоддзя зрабіўся адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Мінска, можна было ўбачыць прадстаўленні батлейкі, вандроўных скамарохаў, дрэсіраваных смаргонскіх мядзведзяў, розныя шэсці, абходзіны рэлігійных свят. Асобныя вобразы з тагачаснага побыту мінчан запомніліся Зану назаўсёды: «Жыдоўка з абаранкамі, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, вар’ят Янка, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звону, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя, архірэй Пацёмкін вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года».
Як бачым, тут згадваецца і немец з грэцкімі піражкамі, вобраз якога вывеў потым Тамаш Зан у сваёй камедыі «Грэцкія піражкі».
Тут, у Мінскай гімназіі, робіць Тамаш Зан і свае першыя спробы ў паэзіі. Як прыгадвае ён сам, настаўнік Брадоўскі, навучаючы дзяцей правільна выкладаць свае думкі, загадваў ім перарабляць вершы Нарушэвіча і Красіцкага ў прозу, а прозу, казкі у вершы. Тамаш Зан на аснове пачутай ад бабкі Далеўскай беларускай народнай казкі пра курку і знесенае ёю залатое яйка напісаў даволі вялікі верш, здзівіўшы ім і вучняў, і настаўнікаў. Самымі блізкімі сябрамі Тамаша Зана ў Мінскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны Міхал і Юзаф. Асабліва моцна падружыўся ён з дабрадушным і таварыскім Міхалам. Іхная дружба цягнулася ўсё жыццё. Дзякуючы ёй Тамаш Зан пазнаёміўся і пасябраваў потым з сястрой Верашчакаў Марыляй: у час навучання ў Віленскім універсітэце ён быў частым
госцем у іх маёнтках у Туганавічах і Плужынах. Якраз праз Тамаша Зана ўведаў Марылю і Адам Міцкевіч. Цікавая ўзнікае думка: гэта ж калі б не было Мінскай гімназіі, якая звяла Верашчакаў і Зана, Адам Міцкевіч, пэўне ж, ніколі не ведаў бы нават пра існаванне Марылі, а значыць, не было б якраз гэтага яго вялікага кахання да яе, а тады, у сваю чаргу, не было б ні «Дзядоў», ні «Пана Тадэвуша», ні мноства выдатных міцкевічаўскіх балад, санетаў, вершаў, на якія натхніла паэта яго каханая, інакш кажучы, не было б вялікага паэта сусветнага значэння, не было б Адама Міцкевіча! Вось што такое яго вялікасць Выпадак! Ці, можа, Збег Акалічнасцяў? А мо ўсё гэта называецца проста — Наканаванне?
I на завяршэнне думкі, на якія наводзіць знаёмства з навучаннем у Мінскай гімназіі. Гэта была тыповая на Беларусі навучальная ўстанова. На яе прыкладзе можна прасачыць наогул характар асветы на беларускіх землях у пачатку XIX стагоддзя. Мінская гімназія, як і іншыя навучальныя ўстановы ў беларускіх гарадах, мястэчках, сёлах, была польская. Выкладанне ўсіх прадметаў вялося на польскай мове, усе настаўнікі павінны былі выхоўваць у дзяцей польскі патрыятызм, даводзіць, што яны палякі, а ўсе беларускія правінцыі неад’емная частка Полыпчы.
Гэта была сапраўдная польская экспансія на Беларусі, яе «ціхая» заваёва, пра якую нашы гісторыкі гавораць чамусьці мо з нашай традыцыйнай беларускай далікатнасці? напаўголаса. Пачалася яна, зрэшты, многа стагоддзяў назад, з аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ў 1385 годзе, калі палякі ў выніку прыняцця Крэўскай уніі пасадзілі на свой трон вялікага князя літоўскага Ягайлу. 3 гэтага часу пры дапамозе каталіцызму польскія феадалы распачалі паступовую, але няўхільную паланізацыю Беларусі, вынікам якой стала амаль поўнае апалячванне к XIX стагоддзю верхніх, найбольш адукаваных слаёў беларускага грамадства. Гэтая вялікая нацыянальная трагедыя павяла за сабой такія страты ў культуры, якія нам ніколі не ўдасца падлічыць.