Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Магілу Яна Чачота знайсці было зусім няцяжка. Прайшлі туды, дзе былі старыя могілкі, і праз колькі часу блукання на іх убачылі акуратна агароджаны з усіх бакоў, сціплы, але даволі прыстойны чатырохвугольны помнік. Здалёку кідалася ў вочы выбітае залатымі літарамі прозвішча Яна Чачота. I як тут было не здзівіцца, не ўзрадавацца? на магіле паэта я ўбачыў слоік са свежымі гваздзікамі! Ды ўжо дзеля аднаго гэтага можна было сюды ехаць!
На фасадным баку помніка надзвычай добра чыталіся выбітыя яшчэ 136 гадоў назад прачулыя і вельмі дакладныя радкі
верша на польскай мове Антонія Эдварда Адынца філарэта, малодшага сябра Яна Чачота і Адама Міцкевіча:
Сваю маладосць ён аддаў для навукі і цноты, За век свой ён зведаў і холад, і змрок сутарэння. Спагада да бліжніх вось існасць ягонай істоты, Цяжкое жыццё яго ўсё гэта шлях да збавення. Імя яго будзе ў краіне навекі звязана 3 Адамам Міцкевічам, іменем Томаша Зана.
Хто ведаў яго перад каменем гэтым схіліся, Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся.*
Сцяжыны Яна Чачота... Многа яшчэ на іх нязведанага, схаванага ад нас заслонай часу. У сваіх, можа быць, трохі раскіданых нататках я, вядома ж, не мог раскрыць ва ўсёй паўнаце гэту вельмі прывабную постаць у гісторыі нашай літаратуры і культуры ў цэлым. Шматбаковая дзейнасць Яна Чачота паэта, фалькларыста, этнографа, мовазнаўцы, грамадскага дзеяча яшчэ чакае свайго ўдумлівага, сур’ёзнага даследчыка, таго, кажучы купалаўскімі словамі, «новага, а мудрага гісторыка», які, зняўшы густыя напластаванні часу, ва ўсёй велічы высвеціць перад намі гэты яркі вобраз аднаго са слаўнай кагорты сейбітаў разумнага, добрага, вечнага.
1983, 1991, 2004, 2017

ДАРОГАМІ ТАМАША ЗАНА
Мясата
У Мясату я падбухторыў з’ездзіць са мною Генадзя Каханоўскага. А ехаць туды, як выявілася, вельмі проста і мне, мінчуку, і яму, маладзечанцу: Мясата ж адзін з прыпынкаў электрычкі Мінск Маладзечна. Значыць, мы з двух канцоў дарогі я з Мінска, Генадзь з Маладзечна можам там і з’ехацца. Нам трэба было толькі выбраць час «сустрэчы на Эльбе».
Час гэты падабраў Генадзь, а калі казаць дакладней, дык яго знаёмая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мясацкай дзевяцігодкі, актывістка краязнаўства Яўгенія Васільеўна Костачка, якой ён відаць, па тэлефоне расказаў пра нашу задуму. Яўгенія Васільеўна, адразу ж ухапіўшыся за намер двух літаратараў наведаць Мясату, папрасіла зрабіць гэта першага верасня: яна хацела, каб мы выступілі ў школе на ўрачыстым адкрыцці новага навучальнага года і правялі першы ўрок, прысвечаны 500-годдзю з дня нараджэння Францішка Скарыны. Калі Генадзь сказаў мне па тэлефоне пра такую просьбу, я, не вагаючыся, адразу даў згоду: што ж, урок той а намячаўся ён роўна на дзевяць гадзін раніцы пэўне ж, зойме няшмат часу, пасля яго застанецца яшчэ ўвесь белы дзень, і мы паспеем як след пазнаёміцца з Мясатай і яе ваколіцамі.
Раніца першага верасня была светлая, з халадком. Я сеў у электрычку недзе каля сямі гадзін у самую бадзёрую пару. I вось за акном узгорыстая Маладзечаншчына. Любуючыся свежымі жаўтавымі ржэўнікамі з параскіданымі каткамі саломы, сіратлівымі, у быльнягу прысадамі пакінутых хутарскіх
астраўкоў, каляіністымі пясчанымі дарогамі, што губляліся ў падступных лясах-пералесках, я перад кожным прыпынкам «вастрыў» вуха, каб разабраць прыглушаны дынамікам голас машыніста з яго аб’яўкамі: хаця б не прапусціць «маёй» Мясаты.
Мясата... Для большасці пасажыраў, што едуць у Маладзечна, гэтая назва, пэўне ж, нічога не кажа: ці мала якія ёсць у нас вёскі! Для мяне ж яна не са звычайных. Яна выклікае цэлы рой добрых думак, адразу пераносячы ў адшумелае XIX стагоддзе. Мясата радзіма Тамаша Зана.
Імя Тамаша Зана стала шырокавядомым пасля гучнага працэсу над філаматамі і філарэтамі ў 1823-1824 гадах у Вільні, з якога людзі даведаліся аб выдатна арганізаваных і даволі прадстаўнічых тайных згуртаваннях беларускай моладзі, накіраваных супроць царызму. Па сутнасці яны былі блізкія сваімі задачамі і ідэямі дзекабрысцкім арганізацыям, якія ўзніклі якраз у гэты час у Расіі і ва Украіне. Філаматы ўжо наладжвалі з імі кантакты. Выкрыццё віленскіх згуртаванняў моладзі перашкодзіла больш цесным іхным сувязям. Можна смела сказаць: калі б Таварыства філаматаў не было ліквідавана царскімі ўладамі, яно знайшло б спосаб падтрымаць паўстанне на Сенацкай плошчы Пецярбурга ў снежні 1825 года. Зрэшты, тыя з філаматаў, якім удалося выбавіцца з кіпцюроў царскіх паслугачоў і пазбегнуць турмы і высылкі «ў аддаленыя губерні Расіі», і праўда падтрымалі выступленне дзекабрыстаў. Адзін з іх, блізкі сябар Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Міцкевіча, філамат Міхал Рукевіч прычыніўся да выступлення раскватараванага на Беласточчыне Літоўскага асобнага корпуса царскіх войск супроць самога Мікалая ў тым жа снежні 1825 года, яскрава выказаўшы гэтым самым сваю салідарнасць з рускімі рэвалюцыянерамі. I, відаць жа, нездарма адбываў філамат-дзекабрыст Міхал Рукевіч ссылку ў Сібіры разам са сваімі рускімі сябрамі па няволі Мікітам Мураўёвым, Сяргеем Валконскім, Сяргеем Трубяцкім, братамі Бястужавымі. Дарэчы, дзякуючы М. А. Бястужаву захаваўся зроблены ім у ссылцы партрэт нашага славутага земляка.
Тамаш Зан быў галоўным арганізатарам радыкальных згуртаванняў моладзі ў Вільні. Якраз ён разам з Адамам Міцкевічам
і Юзафам Яжоўскім з’яўляўся ініцыятарам стварэння Таварыства філаматаў, якое стала ядром усіх іншых прагрэсіўных аб’яднанняў на Беларусі. Ён жа арганізаваў і больш шырокае, разгалінаванае згуртаванне Таварыства прамяністых (тых, хто быццам бы выпраменьвае высокую духоўнасць) легальную арганізацыю, якую неўзабаве змушаны быў пераўтварыць у тайную пад назвай Таварыства філарэтаў (аматараў дабрачыннасці), стаўшы яго кіраўніком (прэзідэнтам). Першапачатковая назва гэтага таварыства, якую Тамаш таксама прыдумаў сам, дала яму прозвішча «архіпрамяністы» (самы прамяністы). Тамаш Зан быў сапраўдным кумірам моладзі, якая заўсёды хінулася да яго, брала прыклад мужнасці, арганізаванасці. Ён мэтанакіравана рыхтаваў моладзь да будучай бітвы з царскім самаўладдзем за вызваленне роднай яму Беларусі ад дэспатызму.
Пра ролю Тамаша Зана ў згуртаванні прагрэсіўных сіл грамадства Беларусі і Літвы, пра тое, якую вялікую надзею ўскладвала на яго як свайго прызнанага лідара перадавая моладзь краю, выразна кажа Ян Чачот у вершы «У дзень урачыстасці ў гонар Тамаша Зана 29 мая 1821 года»:
He трэба тужыць...
Новай славы праменне
Азорыць яшчэ нашых прадзедаў цені Хай знаюць, што й сёння іх родныя нівы, Дзе колісь паказвалі мужнасці дзівы, Усё ж нараджаюць сыноў яшчэ годных... Да дзеяў рыхтуемся высакародных Мы сёння, дух будзячы ўсюды ў краіне, Хоць цемра навокал, усё ж ён не згіне... О брацці! Нам Заўтра шчаслівае ззяе! Яго перад намі Тамаш расчыняе. Ён першы, яго паказаўшы ясноты, Павёў нас да славы дарогаю цноты Мы з ім палюбілі свой гурт і ў забавах Задумалі разам вялікую справу...’
Сенатар Мікалай Навасільцаў, якога царскія ўлады прыслалі ў Вільню для расследавання дзейнасці тайных арганізацый, адразу ўбачыў у асобе Тамаша Зана самага актыўнага завадатара
моладзі, надзвычай небяспечнага для рэжыму рэвалюцыянера. У рапарце ў Варшаву царскаму намесніку вялікаму князю Канстанціну ён даносіў, што якраз Тамаш Зан быў заснавальнікам прадстаўнічага Таварыства філарэтаў, «тайнай мэтай» якога мелася быць «рэвалюцыя ў думках». 1 нездарма ж складзеная самім царом Аляксандрам I камісія, у якую ўвайшлі сенатар Навасільцаў, міністр асветы Шышкоў і генерал Аракчэеў, самы суровы прысуд з усіх двухсот пакараных філарэтаў вынесла якраз яму, Тамашу Зану, «як стваральніку і кіраўніку ўсяго таварыства»: цэлы год крэпасці ў Арэнбургу і пасяленне там без права вяртання на радзіму. Цар Аляксандр I зацвердзіў гэты прысуд. На працэсе над філаматамі і філарэтамі Тамаш Зан паказаў сапраўдную мужнасць і высакароднасць. Каб выгарадзіць сваіх сяброў па арганізацыі, ён усю віну за яе дзейнасць узяў на сябе. Вельмі добра расказаў пра гэта Адам Міцкевіч у сваіх славутых «Дзядах», дзе побач з іншымі філаматамі намаляваў прывабны вобраз Тамаша Зана пад яго ж імем. Вось якія словы ўкладае вялікі паэт у вусны Тамаша:
Адзін у нас ёсць толькі сродак ад напасці: Павінны выбраць з гурту мы свайго ахвяры, Што на сябе віну ўсіх здолелі б ускласці. Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы, I абавязак мой за вас прыняць пакуты.*
I ён свядома, без нараканняў пайшоў на гэтыя пакуты. Уяўленне пра роспачны, змрочны настрой зняволенага і выгнанніка, адарванага ад радзімы, ад родных і блізкіх, пра безвыходнасць яго становішча можа даць напісаны Занам у 1825 годзе ў крэпасці верш «Выгнаннік»:
Каму тут свой выказаць смутак? Хто згасную верне надзею? Трывожна і цяжка чаму так На сэрцы? Хто хмары развее? Няма ні сястры тут, ні брата. Мая ты найлюбая, дзе ты? Ад вас, родных ніў, перакатаў Мяне аддзяляе паўсвету...
Бязмоўе. Для вока, для вуха Усё тут няміла ў чужыне. 3 кім словам абмовіцца? Глуха. Адзін між чужых што ў пустыні. Ды не без сваіх і край свету: Тут друга, здараецца, бачу. Ён гэткі ж выгнаннік, ён гэту ж Тут кару нясе, так жа плача. Сляза тут у хвалі Урала Спадзе, і яны будуць несці Яе не да родных прычалаў, А ў мора Хвалынскае дзесьці. Хто ўздых тут мой цяжкі пачуе? Ледзь вырвецца ён, як завея Падхопіць яго, завіруе, Па стэпе татарскім развее. Я тут падуладны буранам, Навее ўспаміны мне хмара. Былое маё за туманам.
Жыццё як далёкая мара.*
Але турма і ссылка не зламалі «найпрамяністага». Ён і там, на далёкім Урале, адседзеўшы прызначаны тэрмін у глухіх і халодных турэмных сценах, застаўся верны ідэалам маладосці. Імя Тамаша Зана я нечакана сустрэў на старонках рамана вядомага рускага пісьменніка Эрнста Сафонава «Казённые людн». На аснове знойдзеных на Урале дакументаў Э. Сафонаў расказаў пра ўдзел славутага філамата ў тайнай арганізацыі рускіх рэвалюцыянераў у Арэнбургу, пра шчырую дружбу з яе кіраўніком Пятром Кудрашовым, рускім паэтам, творы якога друкаваліся разам з творамі Аляксандра Пушкіна ў такіх выданнях, як «Вестннк Европы», «Календарь муз», «Весеннне цветы», «Полярная звезда», «Отечественные запнскн»...
Пра няскоранасць духу, пра актыўную палітычную дзейнасць у ссылцы Тамаша Зана шмат новых і цікавых фактаў падаў гісторык Валянцін Грыцкевіч у сваёй кнізе «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна». 3 яе мы даведваемся, напрыклад, што Зан у 1833 годзе прымаў удзел у змове ссыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстанне супроць мясцовых улад з тым, каб уцячы потым за мяжу.