Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Але Тамаш Зан заслужыў нашу пашану не толькі як змагар супроць царскай тыраніі, як будзіцель грамадскага руху за разняволенне. Вялікая яго роля і ў культуры, перш за ўсё ў нараджэнні на Беларусі новага, прагрэсіўнага літаратурнага напрамку рэвалюцыйнага рамантызму. Якраз ён, Тамаш Зан, адным з першых звярнуў увагу на народную паэзію, вусна-паэтычную творчасць беларускага народа як на новую, прынцыпова важную крыніцу абнаўлення літаратуры. А зварот да фальклору, як вядома, быў характэрны якраз для паэтаў-рамантыкаў.
Ужо ў студэнцкай камедыі «Грэцкія піражкі», напісанай у 1817 годзе, Тамаш Зан падаў добры прыклад выкарыстання беларускага фальклору, перш за ўсё прыказак і прымавак, характэрных для нашай мовы выслоўяў. Вось некаторыя з іх: «На злодзею і шапка гарыць», «Не адзін Гаўрыла ў Полацку», «Баба з калёс калёсам лягчэй», «Хто ўкраў парасё, у таго ў вушах пішчыць». Матывы і вобразы народнай творчасці беларусаў бачым мы і ў яго аб’ёмістай паэме «Табакерка» (1818), дзе даволі цікава апісваецца беларускае вяселле, язычніцкае свята Купалле, расказваецца пра русалак, пра розныя звычаі і абрады беларусаў. У тканіну твора аўтар арганічна ўплятае беларускія народныя паданні ў сваёй апрацоўцы. Паводле паданняў нашага народа былі напісаны і найболып цікавыя Занавы балады «Цыганка», «Свіцязь-возера» і іншыя. Гэтыя творы Тамаша Зана разам з баладамі і беларускімі песнямі Яна Чачота сталі вызначальнымі ў літаратурнай долі іх агульнага сябра Адама Міцкевіча, пра што ўжо не раз адзначалася ў літаратуразнаўстве. Тамаш Зан, як і ўсе пісьменнікі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя, пісаў на польскай мове, якая была мовай тагачаснай літаратуры, усяго нашага справаводства. I ўсё ж такіх польскамоўных пісьменнікаў, прадстаўнікоў беларускай спольшчанай шляхты, як Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і часткова польскамоўны Ян Чачот, трэба з поўным правам аднесці да пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Перш за ўсё таму, што ўпершыню асновай іх твораў стала вусна-паэтычная творчасць роднага ім беларускага народа. Яны паказвалі яе глыбіню, высокую эстэтычную вартасць, скіроўвалі ўвагу грамад-
скасці на самабытнасць традыцыйнай культуры беларусаў, на адметнасць іх як асобнай нацыі, адным словам, адкрывалі перад шырокім светам цэлы народ, які дагэтуль вельмі ж спрытна «прысвойвалі» больш моцныя суседзі, імкнучыся раздзіраць яго на часткі. Акрамя таго, усе тры названыя паэты выразна праявілі ў шматлікіх творах свой «краёвы» патрыятызм, апяваючы родную «Літву», сілай мастацкага слова ўваскрашаючы яе шматвекавую гісторыю. Яны, можна сказаць, ушчыльную падышлі ўжо і да стварэння ўласнабеларускай літаратуры. Першым крокам да гэтага былі іх выказванні аб самабытнасці, аб мілагучнасці і прыгажосці беларускай мовы, да якой усе яны ставіліся з глыбокай павагай і прыхільнасцю. Другі крок спробы асобных з іх пісаць на гэтай мове, а таксама ўводзіць яе ў канву сваіх польскамоўных твораў.
Інакш кажучы, якраз з польскамоўнымі пісьменнікамі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя трэба звязваць нараджэнне новай беларускай літаратуры. Асноўная іх заслуга ў тым, што яны падрыхтавалі для яе глебу, пасеялі першае зерне нашага нацыянальнага адраджэння. Іх творчасць гэта першапачатковы этап у гісторыі новай беларускай літаратуры, этап, без якога зусім немагчыма растлумачыць увесь працэс яе развіцця. Лічу вялікай недарэчнасцю, што творчасць паэтаў-рамантыкаў, а таксама лацінскамоўных беларускіх пісьменнікаў мы выключаем з нашай літаратуры. Яна ж, апрача ўсяго іншага, наша жывая гісторыя.
Варта сказаць і пра адносіны канкрэтна Тамаша Зана да беларускай мовы. Як і ўсе філаматы, ён добра яе ведаў і шанаваў. Ён сам падкрэсліваў у сваіх успамінах, што яшчэ ў час вучобы ў Мінскай гімназіі «мужыцкай мовай Міншчыны ахвотна карысталіся студэнты», што яна не чужая была і студэнтам Віленскага ўніверсітэта, дзе вучылася пераважна моладзь з беларускіх губерняў. Тамаш Зан свядома браў для сваіх вершаў, балад і іншых твораў беларускія словы і выразы. На гэта неаднаразова звярталі ўвагу польскія і беларускія літаратуразнаўцы. Напрыклад, Станіслаў Станкевіч у сваёй кнізе «Беларускі пачатак у польскай паэзіі першай паловы XIX стагоддзя», якая выйшла ў 1937 годзе на польскай мове ў Вільні, прыводзіць цэлы спіс
«беларускіх правінцыялізмаў», якія ён знайшоў у творах Зана. Сярод іх ён называе такія, як «Чым хата багата, тым ці будзець рада», «ні тое ні сёе», «кішэня», «бусі» (пацалунак), «харошы», «хвост», «галубчык», «глечык», «кажан», «кужэльны», «краска», «наўда», «неахайны», «акрайчык хлеба», «аруд», «паспець», «рана», «русы», «што», «заклікаць» і іншыя. На аснове сваіх назіранняў С. Станкевіч робіць вывад, што Тамаш Зан быў адным з самых першых і самых гарачых прыхільнікаў «культывавання краёвай літаратуры». Якраз таму, трэба думаць, вельмі горача вітаў TaMam Зан беларускамоўныя творы свайго сябра Яна Чачота. Каб даць ім шырэйшы ход, ён сам пісаў на іх музыку, з ахвотай спяваў іх разам з сябрамі. Ёсць усе падставы меркаваць, што Тамаш Зан таксама пісаў на беларускай мове. Але паколькі беларускія творы не было дзе друкаваць, яны маглі б толькі цудам захавацца, дайсці да нас. Мне думаецца, што і пра большасць беларускіх вершаў Яна Чачота наўрад ці сёння б мы ведалі, калі б ён не здагадаўся апублікаваць іх у сваіх фальклорных зборніках пад выглядам народных песень...
Тамаш Зан паходзіў з тыповай беларускай шляхты. Сапраўднае прозвішча яго продкаў Зань. Так гучала прозвішча і Тамаша, але ў час вучобы ва ўніверсітэце яно чамусьці «пацвярдзела». Дзед Тамаша Зана таксама Тамаш быў бурмістрам у Радашковічах, дзе меў нейкія зямельныя надзелы. Адначасова ён арандаваў недалёкі адсюль маёнтак Селішча. Продкі Тамаша Зана па мацерынай лініі жылі ва Уздзе. Былі яны ўніятамі. Відаць, уніятамі былі і Зані. А гэта азначае, што ўсе яны ў мінулым праваслаўныя. Тыповыя метамарфозы беларускай шляхты.
Бацька Тамаша Кароль Зань атрымаў у спадчыну ўладанні ў Радашковічах. У яго былі ўсе ўмовы для спакойнага сямейнага жыцця. Але сядзець у зацішку ў той бурлівы час а гэта была мяжа XVIII-XIX стагоддзяў ён не мог. Калі ў краі выбухнула паўстанне супроць царызму, Кароль Зань ідзе ў шэрагі барацьбітоў за волю на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Пасля разгрому паўстання ён вяртаецца дамоў. Але пачуўшы пра рэпрэсіі ў адносінах да паўстанцаў, Кароль Зань на нейкі час сыходзіць з дому, уцякае кудысьці аж пад Крулявец. Цяжарную ж жонку Кацяры-
ну з першым сынам Вінцэнтам адвозіць у маёнтак Селішча да брата, дзе яна павінна была пачакаць, пакуль вызваліцца куплены Занам перад ад’ездам невялікі маёнтачак Халецкоўшчына ў гэтым жа Вілейскім павеце. Ды вось бяда: нейкім чынам згубіліся дакументы на яго куплю, і Кацярына нечакана засталася і без грошай, і без дома. Даведалася яна пра гэта якраз тады, калі выехала ўжо ў Халецкоўшчыну. Затрымалася ў Мясаце, дзе і нарадзіла Тамаша. Трэба думаць, адбылося гэта ў панскім доме, у Тышынскіх.
Як мяркуюць біёграфы паэта-філамата, жонцы паўстанца небяспечна было заставацца ў Мясаце, бо праз вёску якраз праходзілі казацкія войскі. Яна вымушана была ўцякаць у лес. Памагла ёй перабыць ліхі час тутэйшая сялянка, якая напаткалася ў лесе: яна хадзіла сюды да свайго мужа, што хаваўся ад рэкрутчыны. Гэтая сялянка нават стала для Тамаша «мамкай»: карміла яго сваімі грудзьмі. Але ёсць і другая версія пра месца нараджэння Тамаша Зана: нібы гэта было ў мясцовай, мясацкай, карчме. Як бы там ні было, але Мясата месца яго прыходу ў свет 21 снежня 1796 года.
Ад станцыі Мясата да самой вёскі ісці кіламетры два праз поле. Усё ж я, здаецца, не спазніўся: калі прыйшоў, якраз выстройвалі дзяцей у вестыбюлі школы на ўрачыстую лінейку. Генадзь Каханоўскі мяне ўжо чакаў. Нам далі слова, і мы павіншавалі дзяцей з пачаткам новага навучальнага года, а потым правялі першы ўрок у старэйшых класах расказалі пра нашага славутага асветніка і першадрукара, пра пакручастыя шляхі нашай гісторыі, пра ўздзеянне беларускай культуры ў Сярэднявеччы на ўсё ўсходняе славянства, у першую чаргу на Масковію.
Пасля ўрока Яўгенія Васільеўна Костачка паказала нам школьны музей, які яна курыруе. Для яго адвялі звычайны класны пакой. Вядома, больш за ўсё тут фотаздымкаў. А яшчэ кнігі і рукапісныя альбомы, дзе паказваецца гісторыя вёскі, школы. Тут жа і стэнд, прысвечаны Тамашу Зану. I этнаграфічныя рэчы. Музей пакуль што сціплы, аматарскі. Але галоўнае ён ёсць, і таксама важна дзеці самі збіраюць для яго матэрыялы. Вядома, пад
кіраўніцтвам Яўгеніі Васільеўны. Думаю, такія краязнаўчыя музеі павінны быць у кожнай школе. Яны ж, як нішто лепей, абуджаюць у дзяцей цікавасць да свайго краю, даюць ім першыя навыкі і смак даследчыцкай працы і, напэўна ж, могуць паказаць каму-небудзь з іх магістральную дарогу ў жыцці. Акрамя таго, гэтакія музеі могуць стаць своеасаблівымі цэнтрамі вывучэння кожнай мясцовасці. Сабраныя дзецьмі прадметы сялянскага побыту, запісаныя на магнітафонную стужку расказы старых людзей пра іх жыццё, пра мінулае вёскі, а таксама захаваныя ў памяці народныя песні, паданні, казкі, прыказкі, прымаўкі, выслоўі, загадкі гэта ж найкаштоўнейшы наш скарб. Уражанне ад сустрэч у школе было ў нас абодвух самае прыемнае. Вядома, не таму, што нас добра прынялі. А таму, што мы пабывалі ў сапраўды беларускай школе, дзе шануецца родная мова, выхоўваюцца сапраўдныя грамадзяне Беларусі, патрыёты бацькоўскай зямлі, а не іваны. якія не помняць, хто яны і адкуль. He раз даводзілася мне бываць у школах, дзе нават слова беларускага не пачуеш ад настаўнікаў і не ўбачыш на шыльдах усюды руская мова. Як быццам трапіў ты ў нейкую вобласць Расійскай Федэрацыі. Звычайна ў такіх школах дырэктарамі недалёкія людзі, адшчапенцы.
У Мясацкай школе мы ўбачылі сапраўдных педагогаў, не адлучных ад свайго народа, шчыра зацікаўленых у патрыятычным выхаванні вучняў, у іх духоўным здароўі. Як прыемна было чуць на «лінейцы» і пасля яе з вуснаў і настаўнікаў, і вучняў, і самога дырэктара нашу чыстую беларускую мову. I з розных плакатаў, насценных надпісаў не зганялі яе тут, як у асобных школах чыноўнікі-невукі. Усё тут беларускае, усё роднае, як і павінна быць.