Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Да пакіньце горла драць!..
Калі ён прахапіўся, то ўбачыў перад сабой двух сваіх сяброў Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Яны ехалі з Вільні ў Наваградак
1 Піндар старажытнагрэчаскі паэт, класік харавой лірыкі.
і таксама спыніліся на гэтай станцыі. Даведаўшыся, што тут начуе іх сябар Тамаш Зан, яны такім во чынам і выказалі сваю радасць ад сустрэчы. Бачачы такую прыхільнасць Адама Міцкевіча да твораў на беларускай мове, Ян Чачот і ў гонар ягонага вельмі чаканага ўсімі філаматамі прыезду з Коўні піша прывітальны верш зноў-такі на беларускай мове. У час хвалюючай сустрэчы паэт пад бурныя воплескі сяброў прачытаў Адаму Міцкевічу гэты верш, у якім выказаў агульную радасць:
Едзе міленькі Адам, Глядзіце, а онь, а онь, Ды ён харашэнькі сам, Пад ім вараненькі конь. Золатам пояс ззяе, Аж ад бляску снег тае, На шапцы сіні баран, Хто бы думаў, што ён пан! Так адзет харашэнька, Едзе, едзе барздзенька.
Гайда...
Заканчваўся верш такімі шчырымі сяброўскімі прызнаннямі:
Без цябе усё тут смутна. Па табе плача гай, I рэчкі плывуць мутна, У жалобе увесь край. Наш ты міленькі Адам, Насмуціў жа ты нас досць. Наградзі смутак нам I будзь у нас доўга госць.
Калі разам з іншымі філаматамі і філарэтамі Ян Чачот быў кінуты ў турму ў Вільні, свае самыя гарачыя пачуцці ён выказваў якраз у беларускіх песнях, на мове свайго народа. Пра тое, як узрушыла сяброў па няволі адна з такіх песень Яна Чачота, расказваюць у сваіх мемуарах філарэты Отан Слізень і Антоні Эдвард Адынец, прыгадваючы адзін і той жа выпадак развітанне з Янам Чачотам, Тамашам Занам і Адамам Сузіным перад самай адпраўкай іх у далёкі і цяжкі нявольніцкі шлях, ва ўральскую ссылку.
Як паказвае Адам Мальдзіс у кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (Мінск, 1969), у Яна Чачота былі ў той час і іншыя беларускія творы. Сярод іх п’еса ў гонар Адама Міцкевіча, напісаная для тэатра: аб ёй упамінае ў адным з пісем Рамуальд Зямкевіч. На жаль, гэта п’еса, як і шмат іншых твораў паэта, да нас не дайшла.
На маю думку, беларускія песні і вершы Яна Чачота філамацкага перыяду, якія тут упершыню, здаецца, паказваю я нашаму чытачу ў такім вось найбольш поўным, нераскіданым выглядзе, па сённяшні дзень не ацэнены як трэба ў літаратуразнаўстве. Вядома, калі мераць іх сучаснымі меркамі, то можна знайсці шмат недахопаў, асабліва моўных. Але ж не трэба забываць, што Ян Чачот быў, як ужо гаварылася, першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліне, яму трэба было яшчэ ўздымаць, кажучы словамі Янкі Купалы, «скібіну слова».
Тым не менш у беларускіх творах Яна Чачота сапраўды ёсць тая «лёгкасць», той паэтычны «агонь», пра якія казаў Адам Міцкевіч. Мова твораў Чачота, калі апусціць не такія ўжо і шматлікія паланізмы, мала чым адрозніваецца ад сённяшняй беларускай літаратурнай мовы. Яна даволі багатая, гнуткая, разнастайная. Узорам для Яна Чачота служыла мова беларускіх народных песень, матывы якіх ён шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці. У філамацкіх беларускіх вершах Яна Чачота, і перш за ўсё ў драматычнай сцэнцы, можна ўбачыць выразныя адзнакі часу, некаторыя асаблівасці побыту беларускай дарэформеннай вёскі, яе сацыяльную структуру. Даволі жывым, «бачным» паўстае перад намі вобраз цівуна, які выступае ад імя сялян, не адрываючы і сябе ад іх, і выяўляе немалую дасведчанасць у многіх рэчах, нават у гісторыі. Хай, можа, ён крыху ідэалізаваны, але ўсё ж няма ў ім той аднабаковасці, якую мы прывыклі бачыць у гэтым сацыяльным тыпе, што стаў сімвалам прыгонніцтва. Вельмі прываблівае ў сцэнцы вобраз вясковых дзяўчат-сялянак. Хоць дзяўчаты спачатку — такі ўжо ў беларусаў характар! і «прыбядняюцца» (быццам не могуць «звязаць» песні, бо іх, бачыце, «мысль не багата»), але ж папраўдзе ўмеюць яны і «звязаць» словы, і скласці цудоўныя песні. Ды і пачуццё
ўласнай годнасці ў іх ёсць: дзяўчаты прама кажуць панічу, што сярод іх знойдуцца і такія, якія будуць годныя і яму ў жонкі, трэба толькі ўмець пасватацца. Праўдзівая ў Чачота і характарыстыка вясковых хлопцаў. Хоць яны «ад сахі, ад бараны... пісаць, чытаць не учаны», але ж таксама ўмеюць і песню спець, і выказацца як трэба. 3 твора відаць адносіны юнакоў да рэкруцтва, ад якога яны звычайна ўцякаюць у лес. Надзвычай цікава тое, што сялянскія хлопцы выказваюць трывогу за лёс сваёй мовы, называючы яе «рускай», мовы, якой цураюцца паны, што «па-польску ўсё гавораць». Вядома ж, Ян Чачот у вусны сваіх герояў уклаў сваю ўласную заклапочанасць аб мове народа.
Ян Чачот і потым пісаў вершы і песні на беларускай мове, якія ён змясціў у сабраных ім фальклорных зборніках у 1844 і 1846 гадах. Гэта былі ўжо больш дасканалыя ў мастацкіх адносінах творы, палешпылася і іх мова, пашырылася тэматыка, у іх таксама паэт праявіў павагу да роднага народа, выказаў спачуванне да яго незайздроснай долі. Так, у вершы «Да мілых мужычкоў» паэт пісаў:
Да і я вам памагу Песеньку спяваці, Ды і я ж між вамі ўзрос Пры бацьку і маці.
I мне Бог на свеце даў Гора гараваці, Штобы лепш я вас любіў I ўмеў спагадаці.
Ой, што ж вы напелі тут, Ды якога дзіва!
Шкода, што на голас ваш Старонка драмліва. А як прачнецца з сна Гэта Дабрадзейка, Пэўна, будзе слухаць вас Лепш, як салавейка...
Але гэтым пазнейшым вершам Яна Чачота больш пашанцавала. Апублікаваныя яшчэ пры жыцці аўтара, яны адразу трапілі ў поле зроку даследчыкаў і гісторыкаў літаратуры і былі дэ-
талёва разгледжаны як з мастацкага, так і з ідэйнага боку. Таму паўтарацца тут няма патрэбы.
Значэнне беларускіх твораў Яна Чачота, як кажуць, цяжка пераацаніць. Пачаўшы расцярэбліваць дарогу для новай беларускай літаратуры, ён стаў выдатным прыкладам для наступных пакаленняў творчай інтэлігенцыі «паўночна-заходняга краю» ў стаўленні да народа, яго культуры і мовы. Якраз у гэтым важнейшая заслуга Яна Чачота перад нашай літаратурай.
3	літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую цікавасць уяўляюць таксама напісаныя ім у 1818-1819 гадах на польскай мове балады, якія адыгралі надзвычай важную ролю ў творчай біяграфіі яго славутага сябра Адама Міцкевіча.
Да нас дайшло восем балад Яна Чачота, якія ён заснаваў на вуснай паэзіі народа.
Вышэй былі разгледжаны некаторыя з іх «Свіцязь», «Калдычэўскі шчупак», «Узногі», «Мышанка», «Наваградскі замак», у якіх паэт выкарыстаў пачутыя ім у народзе паданні роднага краю. Народныя паданні сталі сюжэтамі і такіх яго балад, як «Бекеш», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, ці Заснаванне Вільні».
Польскія даследчыкі яшчэ як след не ацанілі мастацкія вартасці балад Яна Чачота. Галоўныя іх недахопы яны бачаць у рыхласці кампазіцыі, зацягнутасці апавядання, а таксама ў тым, што аўтар слепа трымаўся фальклорнай асновы ў кожнай з балад, а галоўнае карыстаўся гутарковай мовай, «засмечанай» шматлікімі «правінцыялізмамі», «дыялектызмамі», інакш кажучы, беларускімі словамі і выразамі.
Затое з боку фалькларыстыкі польскія вучоныя надаюць баладам Яна Чачота надзвычай важнае значэнне, бо яны данеслі да нас з самага пачатку XIX стагоддзя многа найкаштоўнейшых звестак з галіны фальклору, амаль цалкам беларускага. У васьмі баладах Янам Чачотам было «зафіксавана», як падлічыў у сваіх працах польскі фалькларыст Станіслаў Свірка, дванаццаць паданняў і народных казак. Яны леглі ў аснову гэтых твораў і пададзены аўтарам з вялікай дакладнасцю.
Доўгі час у літаратуразнаўстве нічога не было вядома нават пра існаванне большасці з балад Яна Чачота.
Упершыню пра іх расказаў у польскім друку ў 1886-1889 гадах, г. зн. праз шэсцьдзясят гадоў пасля напісання, Ян Рыхтэр, які натрапіў у паперах аднаго з сяброў паэта гаспадара маёнтка Цешаўля Наваградскага павета Адольфа Кабылінскага на рукапісны сшытак з Чачотавымі баладамі. Але хутка гэты сшытак ізноў на доўгі час выпаў з поля зроку даследчыкаў. Яго лічылі беззваротна згубленым. Другі раз яго знайшоў у 1953 годзе зноў праз шэсцьдзясят з лішнім гадоў! польскі даследчык Чэслаў Згажэльскі: як выявілася, перададзены ў бібліятэку Асалінскіх у Львове сшытак быў няправільна зарэгістраваны і патануў у папяровым моры, адкуль і быў выпадкова выцягнуты на святло. I толькі нядаўна яшчэ амаль праз дваццаць гадоў, а канкрэтней, у 1972 годзе, усе восем знойдзеных балад Яна Чачота былі апублікаваны упершыню! Станіславам Свіркам у кнізе «3 кола філамацкага перадрамантызму». Інакш кажучы, больш чым сто пяцьдзясят гадоў яны былі схаваны ад вачэй чытачоў.
I хоць балады Яна Чачота нідзе не публікаваліся, яны былі вядомы сябрам-філаматам, у тым ліку і Адаму Міцкевічу.
Балады Яна Чачота надзвычай зацікавілі генія сусветнай літаратуры, у якой ён тады толькі шукаў сваю дарогу.
Як вядома, у першых сваіх творах Адам Міцкевіч прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Творы «Мешка, князь Наваградка», «Пані Анэля», у якіх малады паэт ішоў ад Вальтэра, верш «Гарадская зіма», дзе відаць творчае перайманне ў польскага класіцыста Трамбецкага, «Ода да Бруна», «Ода да Пыры», санеты «Прыпамінаю», «Ужо з пагодных нябёс...», узорам для якіх паслужылі творы Гарацыя і Петраркі, паэмы «Бульба», «Жывіля» і іншыя творы, напісаныя з 1817 па сярэдзіну 1819 года, былі цалкам вытрыманы ў стылі класіцызму.
У той час, калі Адам Міцкевіч і ў сваёй паэтычнай практыцы, і нават у публіцыстычных выступленнях адстойваў прынцыпы гэтага літаратурнага напрамку, яго сябры-філаматы Ян Чачот і Тамаш Зан настроілі ўжо свой паэтычны слых на новыя павевы. А гэта быў час, калі ў выніку нарастання ўсееўрапейскага руху
за разняволенне народаў устарэлыя каноны класіцызму станавіліся ўсё больш цеснымі для літаратуры, якая імкнулася адлюстраваць новыя, больш радыкальныя настроі ў перадавых колах грамадства. Адзін з галоўных шляхоў абнаўлення літаратуры па-новаму настроеныя яе прадстаўнікі бачылі ў звароце да народнага жыцця, да фальклору. Гэты шлях адным з першых сярод філаматаў якраз і выбраў шчыры нарадалюбец Ян Чачот, які з поўным усведамленнем важнасці сваёй справы ўзяўся за мастацкае асваенне фальклорнай спадчыны беларускага народа, што і адлюстравалася ў яго песнях і баладах ужо ў 1818-1819 гадах. Адама Міцкевіча з самага пачатку прывабіла гэта тэндэнцыя ў творчасці сябра, прымусіла яго самога задумацца над сваімі творчымі прынцыпамі. Вядома, такі вялікі пералом у творчасці Адама Міцкевіча, як пераход да рамантызму, не быў просты і не мог быць абумоўлены толькі адной прычынай. Перш за ўсё гэты пералом трэба, мусіць, растлумачыць унутранай неабходнасцю паэта ярчэй выказаць сябе і свой час, знайсці найболып эфектыўныя, калі можна так сказаць, сродкі ўздзеяння на чытача. Да гэтага ж, вядома, прычынілася і знаёмства з рамантычнымі плынямі ў заходнееўрапейскай літаратуры, і перш за ўсё захапленне творчасцю вялікага нямецкага паэта Фрыдрыха Шылера, які ў яго чытацкіх інтарэсах заняў месца Вальтэра.