Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Дык, значыць, там у вас ёсць падданыя? Жыська мне пра тое нічога не казаў. Пачуўшы, што ў Гарайна ёсць там чатыры хаты з адзінаццаццю душамі сялян, Сыракомля ўстаў і ўзяў шапку:
Вельмі шкадую, што патурбаваў вас. Я хачу купіць фальварак без падданых. Сам з сям’ёю хацеў бы абрабляць зямлю. Бывайце здаровы!
Але размова на гэтым не скончылася. Сыракомля быў запэўнены, што падданыя сяляне з Рабушак выедуць пад Слуцк яны даўно мараць пасяліцца на слуцкіх чарназёмах. Пасля гэтага паэт згадзіўся паехаць з Гарайнам на агледзіны фальварка.
I вось зграбны панскі вазок нясе абодвух у бок Заслаўя. Памалу распачынаецца гаворка. Пасля некалькіх роспытаў пра гаспадарчыя вартасці той мясцовасці Сыракомля нечакана папытаў:
А ці ёсць там салаўі?
Пытанне здзівіла Гарайна. Ён пачаў больш пільна прыглядацца да свайго суразмоўніка, гадаючы, што ж гэта за чалавек. Гарайна цікавіла адно: як бы з найбольшай выгадай збыць свой няўдалы фальварак, і ён ізноў загаварыў пра яго даброты:
Ад Мінска міль тры, ад Радашковіч, дзе некалькі разоў на год, асабліва ў дзень Святой Тройцы, бываюць не горшыя, чым у Міры, кірмашы, дзве мілі, ад касцёла парафіяльнага ў Заслаўі некалькі вёрст. А вунь Сёмкаў... Бачыце, якая тут лёгкасць для
збыту прадуктаў. Прытым, гляньце, якія ў гэтым баку ўраджаі! Жыта і пшаніца як шчотка. Зараз пачнуць красаваць. Ячмяні такія бываюць густыя, што аж вылягаюць. 3 размовы Гарайн даведаўся, што яго суразмоўнік знаёмы з вядомым пісьменнікам Юзафам Крашэўскім, што нават гасцяваў у яго.
Можа, вы яго сваяк? пазайздросціў Гарайн.
Сыракомля адказаў, што не сваяк, але што яны свае па духу, бо абодва літаратары. Гарайн, прыпомніўшы, што купца завуць Людвік Кандратовіч, прызнаўся, што да гэтага часу не сустракаў яго імя ў друку, хоць ён і сочыць за літаратурай. Калі Сыракомля назваў сваё літаратурнае імя, Гарайн аж падскочыў ад здзіўлення: ён жа даўно ва ўсіх дапытваецца, хто хаваецца за гэтым імем Уладзіслаў Сыракомля, якім падпісваюцца такія цікавыя творы.
Дык гэта ж вы перакладчык польска-лацінскіх паэтаў? Вы аўтар «Дыферэнцыі» і гэтулькіх цудоўных гавэндаў? Аўтар «Выбрыкаў вясёлага гумару»?.. I я пра гэта толькі цяпер даведваюся! Пан Людвік! Пан Уладзіслаў! Дык гэта ж вы той, хто ўжо на пачатку сваёй такой цяжкай літаратурнай працы стаў аздобай нашай літаратуры! А я так да вас аднёсся...
I Гарайн пачаў горача прасіць у Сыракомлі прабачэння. За тое, што хацеў яму прадаць свой няўдалы фальварак. I гэтак жа маляўніча, як расхвальваў, пачаў бэсціць сваё ўладанне:
Гэта ж жыць там нудота, змарнеў бы там са сваёй сям’ёй: зямля там цвёрдая, сухая, няплодная, на лугах адзін сівец, лес яловы, вады няма, салаўі туды ніколі не залятаюць, знікла б там усё тваё паэтычнае натхненне! Гэта не для цябе месца! Давай заварочваць назад, бо я табе яго не прадам!
Але Сыракомля ўсё ж наважыў паглядзець фальварак. Калі прыехалі да Рабушак, паэт адразу ж згадзіўся са сваім прадаўцом, што фальварак для яго не падыходзіць. Галоўнае, не быў прыдатны для жылля панскі драўляны дамок: падгніў, схіліўся набок, у пакоях сыра і змрочна. Так і вярнуўся ні з чым Сыракомля на сваю арэнду ў Залуча.
А можа, яму не спадабалася мясцовасць?
Я захацеў пашукаць тыя Рабушкі, сваімі вачыма паглядзець на тутэйшыя краявіды. Заслаўскія старажылы сказалі мне, што такая вёска сапраўды ёсць каля Заслаўя. Толькі прамой дарогі туды няма, лепш за ўсё ў Рабушкі ехаць праз Мінск. Я ўжо меркаваў так і зрабіць, але выпадкова сустрэў на вуліцы свайго знаёмага, аспіранта-завочніка сектара фальклору нашага інстытута Барыса (такое прозвішча), які якраз настаўнічаў у тых мясцінах. Ён сагітаваў мяне пусціцца туды пеша, нацянькі. Як сапраўдныя падарожнікі. Мы так і зрабілі.
Ішлі пакручастай палявой дарогай. Наўзбоч дзве сценкі жыта. 3-за пасвятлелых ужо сцяблін выглядваюць там-сям вясёлыя валошкі, на зялёную броўку дарогі выпаўзаюць пад ногі доўгія гірлянды чысценькіх бела-ружовых сподачкаў кветак карлікавай бярозкі. Пахне жытам, полем. А над галавой трапеча на адным месцы, чаруючы сваёй песняй, адвечны жаўранак.
Потым мы збочылі на сцежку, якая павяла нас праз лес. Лес быў яловы. Хоць стаяў дзень, у ім было змрочна. Пад высокімі густымі елкамі ні травінкі: зямля спрэс засцелена рыжай ігліцай. Але хутка сцежка зноў вывела нас з ельніку на поле. Яна ўспаўзала на ўзгоркі, спускалася ў зялёныя лагчыны, бегла паўз бярозавыя пералескі, пакуль не ўлілася зноў у дарогу. Мінуўшы маленькую вёсачку Куты, мы адразу ўбачылі на ўзгорку дахі Рабушак. Перад вёскай старая развесістая бяроза, далей ліпы. Кругом лясы, пералескі. He, усё ж такі мясціны тут што трэба. Праўда, няма рэчкі, але ж затое якія ўзгоркі!
Вядома, пры добрых абставінах У. Сыракомля мог бы тут прыжыцца. Чаго-чаго, а вясковай цішыні яму тут хапіла б. Ды і салаўі па сёння заліваюцца ў бярозавых пералесках. Можна толькі пашкадаваць, што так атрымалася ў паэта з купляй зямлі. Магчыма, зусім інакш склаўся б лёс «вясковага лірніка». Якраз гэтая спеўная зямля ўзгадавала потым Янку Купалу: яго Вязынка адсюль рукой падаць.
Такім чынам, не знайшоўшы прыстанку ў «сваіх ваколіцах», паэт змушаны быў зняцца з бацькоўскай зямлі і адправіцца ў Вільню шукаць долі ў шырэйшым свеце. Якраз да часу ад’езду Сыракомлі ў Вільню адносіцца яго верш «Пілігрым у канцы
вандроўкі», які лагічна завяршае як кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», так і ўвесь давіленскі перыяд жыцця і творчасці яе аўтара:
Вось, нарэшце, і абышоў я, радзіма, Гарады твае, вёскі з кіем пілігрыма. Блізка бачыў я вежы касцёлаў, крыніцы, Падзямельныя склепы твае, камяніцы, I каб мне пахваліцца хоць чым было можна. Памятак колькі ўзяў я ў ранец дарожны: Частку нёманскай хвалі, камень даўняй вежы, Завушніцу з магілы, з дрэва лісцік свежы... О куткі мае мілыя! О родныя далі!..
Калі ў свет мяне кіне нястрыманым ветрам, Набяру сабе ў грудзі адгэтуль паветра, Набяру яго шмат, каб надоўга хапіла, Каб яно мае песні заўсёды жывіла...
3 болем адсюль пусціўся я ў новую пуцявіну, Ну а памяць пра край свой у песні пакінуў.'
Ходзячы па ваколіцах Заслаўя і па яго вуліцах, я даволі-такі прытаміўся. Убачыўшы за паўрасчыненымі варотамі прамкамбіната зацененую лавачку каля прахадной, прайшоў да яе і сеў адпачыць. 3 будкі выйшла пажылая, з вострым позіркам нізкарослая жанчына:
А вам чаго тут?
Ды от хачу пасядзець трохі, цётка. Хіба няможна?
Чаму ж не, пасядзіце. Толькі не заходзіць на тэрыторыю!
Жанчына прысела каля мяне на лаўку. Да яе якраз падышоў чарнявы, добра апрануты хлопец з лагодным тварам. Жанчына адразу пачала яго ўшчуваць за тое, што не так, як яна хацела, перасыпаў ёй веранду. Хлопец цярпліва даводзіў ёй, што так якраз лічыцца добра. Але жанчына стаяла на сваім і са слязьмі ў голасе пачала абвінавачваць хлопца, што ён не хоча ёй памагаць, што ўсё робіць, абы збыць з рук. Так ён і пайшоў, нічога не даказаўшы жанчыне, якая сыпала яму ўслед свае крыўды.
Гэта сын, сказала яна мне, трохі заспакоіўшыся. Жыве тут, у Заслаўі, з жонкай і дзецьмі. Вы, мусіць, чулі трохі, пра што мы гаварылі. Але ж, канешне, не ўсё панялі. Я б вам расказала
пра ўсё, але ж доўга гаварыць. А тут толькі доўга трэба. Я, ведаеце, люблю хадзіць на суд, слухаць. Дык от, бывае, калі падсудзімы надта загаворыцца, суддзя перапыняе яго і кажа: сакрашчона гаварыце, сакрашчона. А сакрашчона яно, ведаеце, не заўсёды і палучаецца. Дык от і тут так: сказаць сакрашчона не поймеце. Але хай, папробую... I жанчына добрую гадзіну расказвала мне «сакрашчона» пра ўсё, што ў яе набалела. Яна нават не зважала на тых, хто праходзіў у двор прамкамбіната. Толькі зрэдку спыняла каго-небудзь:
Вам куды? і, паслухаўшы тлумачэнне, зноў паварочвалася да мяне. Яно, сказаць папраўдзе, тут няма чаго і красці. Але я пытаю так проста, каб не стаяць тут без дзела. Аднаго прапушчу, а другога вазьму і астанаўлю, патрэбую дакументы. Хай ведаюць, што ёсць стораж!
Пад канец, калі я сабраўся ісці, жанчына не без удзячнасці за тое, што я выслухаў яе, сказала:
От пагаварыла з вамі. і аж лягчэй стала. Сыны мне, ведаеце, колькі раз казалі: хаця ты не гавары многа, не разнось пра нас абы-чаго па горадзе. А як жа мне не гаварыць. Калі буду маўчаць я ж лопну!
Вечарам я сеў на электрычку, якая імкліва панесла мяне ў Мінск, адкуль я пачынаў сваё падарожжа. Вяртаўся я туды ўжо зусім з другога боку, скалясіўшы добрую частку поўдня Беларусі.
Паездка ў Барэйкаўшчыну
Вярнуўшыся з падарожжа па Палессі і Міншчыне, я ўсё ж адчуваў, што не да канца выканаў пастаўленую перад сабой задачу. Неадкрытай, зацягнутай даволі густым туманам невядомасці была для мяне Барэйкаўшчына падвіленская вёска, куды перасяліўся і дзе жыў апошнія дзесяць гадоў Уладзіслаў Сыракомля.
Барэйкаўшчыну паэт атрымаў у арэнду ад графа Тышкевіча. Месца было далёка не ідэальнае. Але нічога лепшага паэту знайсці не ўдалося. Вось як пісаў пра новую арэнду сам Сыракомля:
«Жыллёвы дом невялікі, але дагледжаны; з акна далёка відаць вёскі, замглёныя лясы і ўзгоркі, вялікі сад; народ працавіты, цвярозы і сумленны; на сценах некалькі дзесяткаў карцін, у шафах некалькі соцень добрых кніжак. Чаго ж тут болей трэба? Долі і хлеба! Першай мне ад нараджэння не дадзена, а другі тут цяжка здабыць, бо хоць зямля і ўрадлівая, але яе тут вельмі шчуплы кавалачак. Да таго ж тут невялікая колькасць рук, не хапае работнікаў. Усё гэта не дазваляе ўзняць гаспадарку на належны ўзровень».
Нягледзячы на матэрыяльныя нястачы, тут, у вясковай цішыні, паэту працавалася вельмі плённа. У Барэйкаўшчыне ім былі напісаны такія выдатныя творы, як «Кавалак хлеба», «Фрагменты пра Піліпа з Канапель», «Жменя пшаніцы», «Непісьменны», «Вясковая школа», «Улас», «Штогадовыя святы на Літве», «Школьныя часы», «Вызваленне сялян» і цэлы шэраг іншых.
Мяне цікавіла перш за ўсё, што сабой уяўляла сама вёска Барэйкаўшчына, сярод якіх людзей жыў там «вясковы лірнік», адкуль, з якіх крыніц чэрпаў ён тэмы і вобразы для сваёй творчасці ў апошняе дзесяцігоддзе.
I вось роўна праз год пасля маёй экспедыцыі па поўдні Беларусі я з камандзіровачным пасведчаннем у кішэні апынуўся ў Рукайняйскім сельсавеце Вільнюскага раёна Літвы. Ад шумлівай аўтамагістралі Вільнюс Ашмяны проста ў жыта ішла пясчаная палявая дарога. У зялёным жытнёвым разліве танулі ўперадзе раскіданыя там і сям, як астраўкі, хаты вёскі Барэйкаўшчына. За высознымі старасвецкімі ліпамі мне хутка адкрылася прадаўгаватая драўляная школа, абсаджаная кругом кустамі, кветкамі. Яе мне паказаў дзядзька, што вёз аднекуль на кані поўныя, з верхам, драбіны прывялай палявой травы. У школе, як я ўведаў яшчэ ў Вільнюсе, месцілася бібліятэка-музей У Сыракомлі. Бібліятэкарка, маладая чарнявая дзяўчына Ванда Даугевічутэ, сустрэла мяне ветліва. Даведаўшыся, хто я і чаго сюды прыехаў, яна спачатку паказала мне бібліятэку. Бібліятэка небагатая што ж, людзей тут няшмат: летась з-за адсутнасці патрэбнай колькасці вучняў галоўных яе чытачоў нават была