Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Логіка ў яго такая: раз ён і яго землякі, яго бацькі і дзяды жылі ў польскай дзяржаве значыць, усе яны палякі. Палякам ён лічыць сябе яшчэ таму, што яго так запісалі ў метрыках. Яшчэ ў даўнія часы, растлумачыў дзядзька, «як хрысцілі на каталіцкую веру, тады на палякоў усіх і папісалі».
Дык вось яна разгадка паходжання падвіленскіх «палякоў».
Дарэчы, пра тое, як «памагалі» ўжо ў складзе рускай дзяржавы «дахрышчваць» простага беларускага мужыка царскія «казакі з тутэйшага ды ў палякі» (тым, што сілком пхалі ў рускую веру), вельмі цікава расказаў Францішак Багушэвіч у вершы «Хрэсьбіны Мацюка».
Добра пагутарылі мы з гаспадарамі бліжэйшай ад дарогі хаты ў правай, навейшай, частцы Свіран. Гэта былі Філіповічы Юлія Пятроўна і Станіслаў Казіміравіч, муж і жонка, людзі ў гадах. Тут у васямнаццатым ці дзевятнаццатым годзе ўзяў зямлю ў арэнду ад дзяржавы яшчэ бацька Станіслава Казіміравіча, які сам быў родам з суседняй (кіламетраў пяць адсюль) вёскі Карадзішкі «прыезны», як сказала гаспадыня. Значыцца, на бацькаўшчыне сядзіць з сям’ёю цяперашні гаспадар хаты.
Я папытаўся ў Філіповічаў, ці ведаюць яны, што з іх Свіранаў родам класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. He, нават не чулі пра такога.
Можа, Марык ведае ён жа ў школу ходзіць, і жанчына паклікала чарнявага хлапчука, які па нечым стукаў малатком каля падпаветкі.
Гэта быў унук Філіповічаў ён прыехаў да дзеда і бабы на канікулы з Вільнюса, дзе жывуць яго бацькі і дзе ён вучыцца.
Марык, папытаў я, а ці ведаеш ты, што ў вашых Свіранах нарадзіўся выдатны беларускі паэт Францішак Багушэвіч?
-	Які, які?
Францішак Багушэвіч.
-	Які паэт?
-	Беларускі.
He, першы раз чуе пра гэта Марык Філіповіч, вучань восьмага класа, які, дарэчы, вельмі натуральна гаворыць з намі па-беларуску. Мы ўсім гуртам кінуліся запаўняць прабелы ў Марыкавай адукацыі, расказваць гэтаму вельмі цікаўнаму, як мы ўбачылі, хлапчуку пра яго земляка Францішка Багушэвіча. Валодзя Содаль скокнуў да аўтобуса і прынёс паказаць складзены ім і выдадзены ў 1986 годзе ў Мінску раскошны і даволі змястоўны альбом пра Багушэвіча. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю гартаў яго Марык. пазнаючы на фотаздымках знаёмыя пейзажы, углядаючыся ў рысы твару самога паэта, а таксама яго бацькоў і блізкіх. Потым узяўся чытаць змешчаныя там урыўкі Багушэвічавых вершаў.
Ну, ну, пачытай уголас паглядзім, як у цябе атрымліваецца, папрасілі мы.
На вяршынях сумна сосны Зашумелі ціха, Невясёлыя іх вёсны, Бо наўкола ліха.
Бо наўкола пні, магілы, Гора і няволя, Вецер нішчыць рэшту сілы, Рвуцца буры з поля...
Першы раз у жыцці, трохі спатыкаючыся. але ўсё ж даволі прыстойна пачаў чытаць Марык беларускую кніжку, беларускія друкаваныя вершы, вершы свайго земляка Францішка Багушэвіча, які яшчэ сто гадоў назад, звяртаючыся да братоў-беларусаў, горача заклікаў іх не пакідаць мовы нашай беларускай, «каб не ўмёрлі!». Каб не ўмёрлі як народ, як нацыя. Як гэта ні дзіўна,
як ні сумна, але поўнае трывогі слова паэта па сёння не дайшло да яго землякоў на роднай яму Віленшчыне.
Адной з асноўных задач нашай экспедыцыі было пашукаць для музея гісторыі беларускай літаратуры рэчавых этнаграфічных помнікаў з мясцін Францішка Багушэвіча. Асабліва важна было займець што-кольвечы з радзімы паэта. Таму, пакуль мы з Содалем гутарылі з землякамі Францішка Багушэвіча, работнікі музея маладыя, вельмі шчырыя дзяўчаты, паспелі абысці ўсе хаты ў Свіранах, пытаючыся ў людзей больш за ўсё прадметы ткацтва, у якіх, мабыць, лепш чым дзе праяўляецца народны геній. Але, як вельмі часта здараецца з намі, непаваротлівымі беларусамі, і сёння мы катастрафічна запазніліся: усё найбольш цікавае з ткацкіх вырабаў «тутэйшых» узоры народнага адзення, посцілкі, сурвэткі, ручнікі выманілі падчыстую работнікі віленскіх музеяў: так, літоўцы не спяць у шапку! Дзяўчатам удалося набыць толькі адзін ручнічок ды кавалак кужалю усё, што засталося ад шматколернага багацця свіранскіх ткачых.
Але як можна было вяртацца з радзімы Францішка Багушэвіча з такім скупенькім набыткам? Дапамагчы музейным работнікам падахвоціліся мы з Содалем, два старыя ваўкі падобнага збіральніцтва. Звычайна, калі распытваеш пра этнаграфічныя рэчы, людзі вельмі «пераканаўча» даводзяць, што ў іх нічога цікавага няма. А калі добра агледзіш хату ды панадворак, то вока не-не ды і наткнецца на каштоўную, часам вельмі рэдкую, унікальную рэч, якой, бывае, проста няма цаны. Гаспадары толькі падзівяцца, бо яны і думаць не думалі, што гэтая звычайная для іх непатрэбшчына можа каго-небудзь зацікавіць.
Мы з Содалем намерыліся добра абследаваць хаты. Зайшлі спярша да даўніх Валодзевых знаёмых Субачаў, якія прыехалі сюды з-пад нашых Пастаў. На жаль, знайсці тут і праўда нічога не ўдалося, бо хата Субачаў не так даўно пабудавана. Да іх на гэтым месцы жылі Тамашэвічы. Калі выбіраліся адсюль, усё сваё пазабіралі. Былы гаспадар Фэлька Пятровіч Тамашэвіч выехаў недзе ў Вільню. А цешча, якой ужо сто ці болей гадоў, быццам бы жыве ў Польшчы. Калі Субачы ўлезлі ў новую хату, усе старыя рэчы, што засталіся і выйшлі даўно з ужытку, спалілі як
непатрэбныя. Колькі яркіх помнікаў старога сялянскага побыту такім во чынам пайшло ў нас з дымам!
Ад Субачаў проста праз сад зайшлі ў суседні панадворак. Каля калодзежа сустрэлі самога гаспадара Станіслава Адамавіча Ермалковіча. Станіслаў Адамавіч старажыл, сядзіць на бацькаўшчыне. Дзядзька расказваў нам, што тут даўней былі нейкія пабудовы праўда, не за яго памяццю. Часам плуг і сёння выворвае даўнейшую цэглу чырвоную, моцную, хоць цяпер з яе печ выкладвай. Калісьці тут быццам бы жылі «нейкія папы». Успомнілася, што маці Францішка Багушэвіча была з сям’і Галаўнёў, што яна пляменніца ўніяцкага біскупа Адрыяна Галаўні і што жылі Галаўні якраз у Свіранах. Дык ці не памяць пра гэтых «папоў» і захавалася ў народзе? 1 яшчэ адну немалаважную дэталь паведаў нам дзядзька: за Субачамі, «на горцы, быў калісьці могілызік», так казалі старыя людзі. Мы з Содалем бачылі гэтую горку там цяпер поле. Ад могільніка ніякага знаку. Ці не тут хавалі продкаў Францішка Багушэвіча па мацерынай лініі?
У Ермалковіча мы таксама папыталіся, ці чуў ён што пра свайго славутага земляка Францішка Багушэвіча?
Я чуўшы, так, «па-тутэйшаму», адказаў Станіслаў Адамавіч: пра гэта ён прачытаў у раённай газеце «Дружба», якая выходзіць на рускай мове (і, здаецца, яшчэ на польскай, а мо і літоўскай).
Але галоўнае, што нам трэба было ад Ермалковіча, гэта добра агледзець яго хату хату старую, праўда, яшчэ моцную. Дзядзька не пярэчыў. I што важна дазволіў нам злазіць на гарышча. Працуючы ў свой час у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору нашай Акадэміі навук, я ў нярэдкіх экспедыцыях па зборы этнаграфічных памятак для акадэмічнага Музея старажытнабеларускай культуры папалазіў па такіх во гарышчах там жа часта чакаюць этнографа сапраўдныя скарбы! У Ермалковіча былі там больш новыя рэчы для часовага захоўвання, але іх я абмінаю, заглядваю ў самыя глухія куткі, пад кроквы. Во даўнейшае крэсла з паўкруглай спінкай. Часткі кроснаў. Чаўнакі, вітушкі. Самаробная, даволі арыгінальная рам-
ка для карціны. А што гэта за выгладжаная жардзінка з прыладжанай збоку драўлянай дужкай? Відаць, не кожны здагадаўся б, што гэта за штуковіна. Але я добра ведаю яе, яна яшчэ нядаўна бытавала ў маёй Зялёнай Дуброве, нават у нашай сям’і карысталіся ёю. А завецца яна хадун, альбо хадунок. Прылада, пры дапамозе якой вучаць малых дзяцей хадзіць. Жардзінка ўверсе ўстаўляецца ў жалезнае вушка на бэльцы, а ўнізе ставіцца ў выемку так, каб яна магла круціцца. Ставяць дзіцянё ў той абручык, малеча абапіраецца на яго локцямі і пабегла само вакол жардзінкі. Проста і мудра! Калі я выцягнуў з гарышча гэты хадунок, Содаль быў у захапленні: што яшчэ можа быць для музея цікавейшае з месца нараджэння паэта! Гэта ж, пэўне, і маленькі Францішак вучыўся тут, у Свіранах, рабіць першыя крокі ў такім во хадунку!
Рукойны
Са Свіран мы пакіравалі ў тутэйшы сельсавецкі цэнтр-мястэчка Рукойны (цяпер, па-літоўску, Рукайняй), дзе хрысціўся Францішак Багушэвіч. Рукойны для мяне месца не новае. Сюды я прыязджаў, калі ў пачатку 1970-х гадоў вандраваў сцяжынамі Уладзіслава Сыракомлі: Сыракомлева Барэйкаўшчына адсюль кіламетраў шэсць толькі ў бок Вільні. Гэтага ж самага Рукайнянскага сельсавета. Сыракомля жыў у Барэйкаўшчыне з 1853 па 1862 год, вельмі часта наязджаючы ў Вільню, дзе супрацоўнічаў у газеце «Кур’ер Віленскі». Малады Францішак Багушэвіч, навучаючыся ў гэты ж час (1852-1861) у Віленскай гімназіі, ездзіў да сваіх бацькоў на Ашмяншчыну праз Рукойны і Сыракомлеву Барэйкаўшчыну. I ці ж мог гімназіст Францішак Багушэвіч, які, пэўне ж, з юнацтва захапляўся паэзіяй, не зацікавіцца асобай вядомага ва ўсёй «Літве» Уладзіслава Сыракомлі, не ведаць яго асабіста? Будучы «панарскі салавей» мог убачыцца, а мо і пазнаёміцца з «вясковым лірнікам» і ў Рукойнах, і ў Барэйкаўшчыне, і ў Вільні. Тым больш што яны былі не толькі землякі, але, як сведчаць іх творы, і браты па духу, аднадумцы ў адносінах да беларускага народа, да якога ставіліся з глыбокай павагай і сыноўняй любоўю, шанавалі яго культуру,
мову. Нездарма ж пісаў потым Францішак Багушэвіч у польскім часопісе «Край»: «Паэтычныя творы Сыракомлі павінны быць у кожнай сям’і як скарб, што перадаецца з пакалення ў пакаленне». Дарэчы, сустрэцца яны маглі і ў самой гімназіі, дзе вучыўся Францішак Багушэвіч, бо там у 1855 годзе быў заснаваны Віленскі музей старажытнасцяў, у рабоце якога самы актыўны ўдзел прымаў Уладзіслаў Сыракомля, выбраны ў 1856 годзе яго супрацоўнікам. Гімназіст Багушэвіч таксама меў дачыненне да гэтай важнай культурнай установы. Цікавае супадзенне: якраз у тым жа 1856 годзе ён падараваў музею старажытнасцяў каштоўныя рэчы, сярод якіх былі відаць, знойдзеныя на Ашмяншчыне старажытныя манеты, славянскі гадальнік, ядро ад гарматы, крыж са славянскім надпісам, скамянелая ракавіна. Ці ж мог энтузіяст народнай культуры Уладзіслаў Сыракомля, які таксама падараваў музею нямала цікавых рэчаў, не зацікавіцца гэтымі каштоўнасцямі, не папытацца, хто іх адшукаў і прынёс у музей?
Папалуднаваўшы ў цеснаватай, але вельмі прыстойнай сталоўцы, пайшлі шукаць пробашча тутэйшага касцёла. Даволі сціплы, нічым не адметны яго дамок быў на галоўнай, самай шумнай і пыльнай вуліцы. па якой бесперапынна грукаталі машыны. Вельмі звычайны, просты, са спакойным выразам твару ксёндз (звалі яго Альфонс Тамулайціс) запрасіў нас на сціпленькую веранду, што размяшчалася ад вуліцы, за крокі тры ад яе (так што ўвесь вулічны грукат быў тут), і ўважліва выслухаў нас. Так, пра Францішка Багушэвіча ён ведае, што ж да нашай просьбы паказаць кнігу метрычных запісаў, то гэтага ён зрабіць не можа, бо яна захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Вільнюсе. Ну, а касцёл, дзе ў 1840 годзе хрысціўся будучы паэт, ён пакажа з ахвотай.