• Газеты, часопісы і г.д.
  • Жыць і дзеіць  Вітаўт Кіпель

    Жыць і дзеіць

    Вітаўт Кіпель

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 442с.
    Мінск 2015
    133.87 МБ
    Жыў айцец Рабэр у студэнцкім доме і быў там фактычна скарбнікам пад ягонай адказнасьцю былі ўсе фінансавыя справы беларускіх студэнтаў. Фармальна айцец ці, як мы яго называлі, пэр Рабэр прадстаўляў бэльгійскую арганізацыю Камітэт дапамогі беларускім студэнтам. Роля айца Рабэра ў кіраваньні Беларускім студэнцкім домам была хутчэй сымбалічная, аднак аўтарытэт у яго быў велізарны. Усе студэнты яго вельмі паважалі і раіліся зь ім і ў студэнцкіх, і ў асабістых справах. Ясна, былі студэнты, зь якімі ён быў бліжэй, а былі й такія, што мелі зь ім толькі фармальныя дачыненьні.
    Вельмі часта да студэнтаў прыяжджалі знаёмыя, ім трэба было недзе пераначаваць, і пэр Рабэр заўсёды дапамагаў. Месца ў доме
    было ў абрэз усе пакоі занятыя, у кожным па два-тры, а часам і чатыры чалавекі, дадатковых ложкаў не было, дык пэр Рабэр знаходзіў бэльгійскую сям’ю або гатэльчык, дзе было крышку таньней.
    У тыя часы мы не маглі сабе дазволіць купіць на цэлы дом пральную машыну, таму раз на тыдзень прыяжджала машына, якая забірала нашу бялізну і праз тыдзень прывозіла назад. Нехта аплачваў усе гэтыя рахункі, усё дапілноўваў і адміністрацыяй гэтае будзёншчыны займаўся пэр Рабэр.
    Калі на нашы запросіны прыехаў спадар Равенскі, ён быў у поўным здароўі. Я ім найбольш апекаваўся, бо ён ведаў маіх бацькоў зь Менску, таму мы былі даволі блізкія. Тым больш, што ён быў знаёмы і з Савёнкамі дык мы з Зорай шмат яму дапамагалі, найчасьцей нас было трое я, Вострыкаў і Зора. Але калі Равенскі захварэў і трэба было зь ім у шпіталь, дык за гэта ўзяўся пэр Рабэр. Хварэў Равенскі пару гадоў, у яго быў рак лімфатычных сасудаў, хвароба зацяжная мяняліся шпіталі, мяняліся дактары, усім гэтым апекаваўся пэр Рабэр.
    Я асабіста быў зь ім блізкі, але, думаю, ня быў у ліку ягоных найбліжэйшых сяброў і дараднікаў. Што мяне ўражвала ў айцу Рабэру, дык гэта ягонае разуменьне іадданасьць беларускай справе: ён пашыраў імя Беларусі дзе мог (а сувязі ў яго былі надзвычайныя!) гаварыў пра Беларусь, пісаў, дзе мог падаваў як прыклад. Як мне здаецца, ён зразумеў Беларусь будучы радавітым, адукаваным флямандцам, адначасна адчуваючы сябе роўным і ў францускамоўным культурным асяродзьдзі (якое «заглушала» флямандзкасьць), пэр Рабэр зразумеў праблему і беларусаў глыбокую русыфікацыю, велізарнае жаданьне беларусаў вырвацца з расейскага поля прыцягненьня, тым часам як шырокая грамадзкасьць гэтай праблемы не разумела. Флямандзец зразумеў беларусаў 1 як мог ім дапамагаў. Я ўпэўнены: тое, чаго беларуская студэнцкая грамада дасягнула ў Лювэне, не было б магчымым, калі б не было пэра Рабэра.
    Беларускі дом як інтэрнат для беларускіх студэнтаў праіснаваў да сярэдзіны 60-х гадоў. Пэра Рабэра нібыта за мяккацеласьць у дачыненьні да студэнтаў пакаралі і паслалі ў Афрыку на місійную працу. Там ён прабыў гадоў дваццаць, потым, кажуць, прыехаў у Лювэн, захварэў і памёр.
    Студэнты і беларуская палітыка
    Што да паваенных беларускіх палітычных падзелаў, то студэнты ў Лювэне на 99 працэнтаў падтрымлівалі Міколу Абрамчыка, выключэньнем былі я і Сянькоўскі. Мы былі «стрыманыя» БНРаўцы: было відавочна, што БНР як беларускае прадстаўніцтва была тады больш на часе, але з тым, каб ганьбіць беларускую працу падчас нямецкай
    акупацьп, адмаўляцца ад яе, мы пагадзіцца не маглі. Было яшчэ зь дзесяток студэнтаў нэўтральных, якіх абсалютна не цікавіла беларускае палітычнае жыцьцё.
    Бывалі і канфлікты, а пра адно здарэньне варта і прыгадаць, бо яно ніколі не было задакумэнтаванае. Недзе вясной 1953 году Юрка Сянькоўскі, прыехаўшы зь Нямеччыны, кажа мне, што ён запрасіў Радаслава Астроўскага ў Лювэн для сустрэчы з студэнтамі Астроўскі будзе ехаць з Англіі і на дзень-два спыніцца ў Лювэне. Я Юрку адразу кажу, што ён паступіў няправільна. Рэглямэнт студэнцкага дому быў зусім ясны: любыя запросіны дакладчыкаў, палітыкаў павінны ўзгадняцца з кіраўніцтвам студэнцкага згуртаваньня. Гэта была дысцыпліна, і мы з гэтым патрабаваньнем пагаджаліся. Аднак, кажу я Сянькоўскаму, калі ўжо запрасіў і Астроўскі будзе ехаць празь Лювэн я пайду перагавару з пэрам Рабэрам, як такую справу палагодзіць. Я прыхіляўся да думкі, каб з Астроўскім сустрэцца. Айцец Рабэр чалавек аб’ектыўны і таксама прыхільны да сустрэчы кажа мне, што парушаць рэглямэнт студэнцкага дому нельга, але ён, айцец Рабэр, замовіць і заплаціць Астроўскаму пакой у гатэлі, 1 ў тым самым гатэлі студэнты могуць зь ім сустрэцца. Так гэтая справа і вырашылася: Астроўскі спыніўся ў гатэлі (за гатэль ён заплаціў сам), а мы зь Сянькоўскім наладзілі сустрэчу. Прабыў Астроўскі ў Лювэне дня паўтара гутарыў зь дзесятком студэнтаў, а таксама з айцом Рабэрам. Большай лучнасьці з Астроўскім не было, хоць часам, калі паўставала грамадзкая патрэба, абменьваліся лістамі.
    Частым госьцем у Лювэне быў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык, раз быў Лявон Рыдлеўскі, доктар Станіслаў Станкевіч, Пятро Сыч і дзесяток іншых беларускіх дзеячоў.
    Рэгулярныя студэнцкія сходы адміністрацыйнага парадку адбываліся штомесяц. Але бывалі сходы спэцыяльныя палітычнага профілю і гэткія сходы бывалі бурныя. Асабліва прыпамінаецца палітычны сход, скліканы з ініцыятывы студэнтаў, калі Папа рымскі ў 1952 годзе выдаў дакумэнт «Да народаў Расеі». Гэта выклікала вял1к1 выбух абурэньня ў нашым доме і ў украінцаў былі зборкі, был1 прынятыя рэзалюцыі ў тым сэнсе, што папа мусіць зьвяртацца да кожнага народу асобна, а не да «народаў Расеі». Беларуская рэзалюцыя была складзеная ў нагэтулькі рэзкай форме ў дачыненьні да Рыму, што старшыня (здаецца, гэта быў Рамук) склікаў другі сход, каб перагледзець фармулёўкі. Але 1 другі сход падтрымаў рэзкі характар рэзалюцыі. Пэру Рабэру было цяжкавата, бо копія рэзалюцыі слалася таксама ў рэктарат. Але рэктарат і ўнівэрсытэт наагул ніяк на гэта не зрэагавалі прынялі рэзалюцыю, падшылі ў справу і, мабыць, нікому яе й не паказвалі.
    Рэакцыя на вострую ў дачыненьні да Рыму студэнцкую рэзалюцыю была з боку япіскапа Слосканса (яму таксама была высланая
    копія рэзалюцыі). Япіскап Слосканс у гутарцы зь Вітаўтам Рамуком зазначыў, што рэзалюцыя была вострая, але наша студэнцкая пазыцыя правільная, і што калі Рым мае нешта сказаць, дык мусіць выказвацца да кожнае нацыі асобна, а не да «народаў Расеі».
    Наогул студэнцкія сходы былі сьведчаньнем таго, што ў студэнцкім доме ўсё ідзе нармальна, яны былі выдатным форумам для залагоджаньня як штодзённых праблемаў, так і ідэалягічных спрэчак.
    Курсы беларусаееды
    Студэнты па сваёй падрыхтоўцы ў беларусіцы былі «разнашэрсныя». За тыя гады, што я быў у Лювэне, беларусаў прайшло чалавек панад пяцьдзясят. Зь іх беларускія школы скончыла чалавек дзесяць, рэшта людзей ня мела ніякага досьведу беларускай школы яны канчалі польскія школы або савецкія дзесяцігодкі і ў беларускім пытаньні былі неабазнаныя.
    Каб хоць крыху зьліквідаваць «прагалы» ў беларусазнаўстве ў студэнтаў, было вырашана наладзіць курсы лекцыяў выключна на добраахвотных пачатках. Настаўнікамі-лектарамі згадзіліся быць Аляксей Арэшка, Янка Запруднік, Васіль Шчэцька, Вітаўт Кіпель, Юры Сянькоўскі, Уладзімер Цьвірка, Алесь Марговіч. Лекцыі працягваліся год-два, праслухалі іх амаль усе студэнты. У тым самым часе мы «ўпрыгожылі» асноўную залю дому, дзе адбываліся лекцыі, вялікай картай Беларусі, якую намаляваў Міхась Саўка. Уважаю вельмі дадатнай зьявай правядзеньне тых беларусаведных лекцыяў сярод студэнтаў у Лювэне.
    Пачаткі «Халоднай вайны»:
    студэнты і спэцслужбы
    Сыстэмнае супрацьстаяньне Захаду і Ўсходу пачалося ад другой паловы 1940-х, аформілася мілітарна з стварэньнем НАТО ў 1949 годзе, а ад пачатку 1950-х на поўную пару ішла «Халодная вайна». Эмігранты з усходнеэўрапейскіх краінаў, нядаўнія DP, пільна сачылі за разьвіцьцём падзеяў, і нязгаслыя спадзяваньні павароту на бацькаўшчыны бадай штодня падмацоўваліся паведамленьнямі ў друку і радыё, выступамі палітыкаў. Вядома ж, беларускія студэнты не былі выключэньнем што да палітычных настрояў сярод усходнеэўрапейскіх уцекачоў усе спадзяваліся на вайну і, бясспрэчна, на перамогу Захаду. Здавалася, што вось-вось пачнуць разгортвацца падзеі! Хадзілі чуткі, што нібыта недзе нехта ўжо фармуе нейкае войска. Усе кругом мелі антысавецкія настроі і былі гатовыя вярнуцца са зброяй.
    У гэтым мілітарысцкім ажыятажы было прыдатнае поле дзейнасьці для спэцслужбаў, у чыіх колах, напэўна, лініі фінішу ў змаганьні з камунізмам былі адсунутыя на дзесяцігодзьдзі наперад (калі такія наагул былі). Аднак праца працай, калі ёсьць грунт трэба дзейнічаць. Тысячы былых жаўнераў яшчэ не распакавалі валізкі, дый за паваенныя гады падрасло і маладое пакаленьне. Сярод студэнтаў і работнікаў было ці мала людзей, гатовых змагацца з савецкім рэжымам і ў падпольных умовах. Прадстаўнікі спэцслужбаў такіх і шукалі. У студэнцкіх дамах, прыкладам, у Беларускім студэнцкім доме ў Лювэне, вывешваліся абвесткі з запрашэньнем на сустрэчы з прадстаўнікамі розных арганізацыяў, камітэтаў.
    Аднойчы маю з Зорай увагу прыцягнула абвестка аб магчымасьці павучыцца сэмэстар-два ва ўнівэрсытэце ў Страсбуры (Францыя), дзе ў летнія месяцы будуць выкладацца прадметы па ўсходнеэўрапейскай гісторыі і палітыцы. У абвестцы было напісана, што зацікаўленыя могуць пагутарыць у гэтай справе з прадстаўнікамі такой і такой арганізацыі ў фае такога і такога гатэлю. У вызначаны час мы прыйшлі ў прызначанае месца. Бачым стол, пры стале паперка з надпісам: «Зацікаўленыя студэнты зь беларускага інтэрнату». Каля стала пару прыстойных джэнтэльмэнаў, прывіталіся, сказалі, што яны прадстаўляюць «Кааліцыю дапамогі студэнтам». Гутарка пачалася прыблізна так: што студыюеце, на якім сэмэстры, ці зацікаўленыя Беларусьсю, ці хацелі б вучыцца далей толькі ў Страсбуры або ў іншым унівэрсытэце, краіне? Гутарка ішла вельмі памалу «інтэрвіюэры» былі добра падрыхтаваныя і ў беларускіх пытаньнях ведалі што робіцца ў Беларусі, былі знаёмыя зь беларускімі студэнтамі ў Нямеччыне. Так працягвалася гадзіны дзьве, і ў выніку «скрышталізавалася» такая магчымасьць: мы зможам студыяваць у Страсбурскім унівэрсытэце або ў нейкім унівэрсытэце ў ЗША, але па сканчэньні студыяў калі мы згодзімся на іхныя ўмовы нам давядзецца праехаць «для пашырэньня нашага кругагляду» і ва Ўсходнюю Эўропу (Польшчу), а магчыма і ў Савецкі Саюз. На такой невыразнай ноце гутарка і скончылася. Мы з Зорай сказалі, што навуку будзем заканчваць у Лювэне. Разышліся мы з тымі інтэрвіюэрамі ў добрых дачыненьнях і... больш ніколі не сустракаліся.