Жыць і дзеіць
Вітаўт Кіпель
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 442с.
Мінск 2015
Пасьля абароны дактарату была невялічкая цырымонія ў Геалягічным інстытуце (там адбывалася і сама абарона) мяне павіншавалі прафэсары, студэнты і віцэ-рэктар біскуп Літ (Monsignor Litt), мне ўручылі дыплём, герб унівэрсытэту, і ўсе разышліся.
3 інстытуту я адразу пайшоў у парк, дзе дамовіўся сустрэцца з Зорай і Юркам Сянькоўскім. Яны на абарону не пайшлі (баяліся, як яно будзе!). Ну ясна, Зора, пачуўшы, што і як было, пабегла ў свой інтэрнат прынесьці куплены ёю падарунак кішанковы гадзіньнік «Omega», а я зь Юркам пайшоў у беларускі студэнцкі дом расказаць пра ўсё пэру Рабэру.
Калі пэр Рабэр пачуў ад мяне пра абарону дактарату, я заўважыў на ягоным твары лёгкую крыўду чаму я трымаў гэтую падзею ў сакрэце? Аднак ён адразу ж павесялеў, што я і дактарат абараніў, і атрымаў адзнаку «grande distinction» пэр Рабэр падкрэсьліў, што я быў першы ў беларускай студэнцкай грамадзе, хто атрымаў такую адзнаку. Хутка ў дом прыйшла Зора, і мы ўчатырох пайшлі на абед.
Празь дзень-два пэр Рабэр зрабіў для мяне ўрачыстасьць у залі дому, куды я запрасіў таксама Андрэя Міхайлавіча Дыкенштэйна і паўтузіна маіх калегаў з Геалягічнага інстытуту. Адным словам дактарат адсьвяткавалі, а ў мяне зарадзілася настальгічнае пачуцьцё разьвітаньня з студэнцкімі гадамі, з Alma Mater, дзе я за шэсьць з паловай гадоў прыжыўся, стаў часткай гэтай установы, гэтага асяродзьдзя. Дзіўны ўнутраны стан: задаволены, што нешта здабыў, адолеўшы немалыя цяжкасьці, і разам з тым невыразнасьць, прыгнечанасьць што будзе далей?
Праўда, з інстытутам я не разьвітаўся і праз пару дзён пачаў прыходзіць туды, каб «падчысьціць» свае сталы (іх было пару), здаць хімічную апаратуру (асабліва плятынавыя капсулькі). У адзін з такіх візытаў мой прафэсар Таро запрапанаваў застацца ў яго ў асыстэнтуры, бо ў мяне была добрая акадэмічная падрыхтоўка, доктарская тэза. Рэфэрат тэзы быў прыняты да друку ў Бэльгійскай Акадэміі Навук. (Тэза была надрукавана ў 1956 годзе пад аўтарствам ван Мэрша, Жака Таро і Вітаўта Кіпеля. У французаў ёсьць добрая прыказка калі ты бачыш трох аўтараў, то пра трэцяга кажуць: c’est le negre qui fait le travail гэта той нэгр, які робіць працу.)
Я мог затрымацца пры ўнівэрсытэце, але не зрабіў гэтага, магчыма і не абдумана. Неўзабаве пасьля абароны дактарату прафэсар Гюлентопс запрапанаваў мне працу ў Марока, а бэльгійская нафтавая кампанія Petrofina давала стыпэндыю ў Парыж зноў у Інстытут нафты, але я з выбарам працы не сьпяшаўся. На парадку дзённым было ажаніцца з Зорай, а яна цьвёрда вырашыла перабірацца ў Амэрыку.
Пляны пасьля ўнівэрсытэту
Як я ўжо згадваў, з Зорай мы пазналіся ў Менску, паступова збліжаліся, сябравалі. Хутка мы ўбачылі, што ў нас вельмі шмат падобнага, а нутраное пачуцьцё патрэба працаваць у беларусіцы у нас было аднолькавае.
Але і Зора і я яшчэ з гімназіяльных часоў ведалі, што здабыцьцё вышэйшай адукацыі справа абавязковая, важная жыцьцёвая вяха, і таму калі пачалося навучаньне ва ўнівэрсытэце, мы вырашылі, што пакуль мы студэнты жаніцца ня будзем. Мы разумелі, што спалучаць сямейнасьць і студэнцкасьць ня варта: будзе на шкоду і аднаму, і другому.
Аднак у Лювэне, у студэнцкай грамадзе, мы заручыліся. Васіль Шчэцька быў нашым сватам, ён падрыхтаваў праграму заручынаў: пасадзіў у крэслы, зьвязаў рушніком рукі і прапяяў пару заручынных песьняў. Гэтая цырымонія насіла жартаўліва-студэнцкі характар, але для нас яна была прыемная і пакінула моцнае ўражаньне. Дый без
цырымоніі мы ведалі, што пажэнімся, калі прыйдзе час. I вось той час надышоў: унівэрсытэт закончаны, у жыцьці пачынаецца новы пэрыяд.
Зора, атрымаўшы дыплём, магла застацца працаваць у Бэльгіі яна рабіла тэзу ў галіне спэктральнага аналізу, папулярнай у той час тэхналёгіі, але яна цьвёрда вырашыла, што варта перабірацца ў ЗША. Ясна, Зора ўважала, што і я таксама туды перабяруся. Вясельле вырашылі спраўляць у Амэрыцы, хоць я й ня быў пэўны, калі я атрымаю дакумэнты на ўезд у ЗША. Праўда, я не выключаў магчымасьці, што перад Амэрыкай яшчэ дзе-небудзь «падраблю» (Марока выглядала прывабна), але пэўных плянаў не было. Што мяне стрымвала ад Марока гэта адарваньне ад беларускай грамады, беларускага асяродзьдзя. За гады працы ў Геалягічным інстытуце ў Лювэне я пазнаёміўся зь дзесятком геолягаў, якія працавалі 1 ў Марока, і ў Габоне, і ў Конга, і ўсе яны аднагалосна казалі калі паедзеш у Афрыку, то нічога апрача палявое працы там ня будзе, і мяне гэта насьцярожвала.
Як бы там ні было, мы з Зорай дамовіліся, што ў 1956 годзе пажэнімся, пачнем нашую сям’ю. Перад выездам у ЗША Зора вельмі далікатна папрасіла мяне, каб я пахрысьціўся, бо пытаньне майго хросту было няяснае але мы пераконліва схіляліся да пагляду, што я няхрышчаны. Я гэта зрабіў. Паколькі Зора была праваслаўная, да гэтай канфэсіі далучыўся і я. Аформіў маё хрышчэньне і быў маім хросным бацькам Іван Фёдаравіч Нядзьвіга кубанскі казак, шчыры, цудоўны чалавек, муж Лідзіі Рыгораўны Янушкевіч, актрысы Беларускага тэатру імя Янкі Купалы пачынальніцы беларускасьці ў тэатры. На здымках у кнігах Няфёда яна затушаваная.
I так я, пахрышчаны, з дыплёмам геоляга, шукаю працу, а Зора выяжджае ў ЗША, дзе зьбіраецца чакаць мяне.
У Амэрыку
Ведаючы, што выезд у ЗША ня будзе простай справай, я ўсё ж залагодзіў усе фармальнасьці з пашпартам. Здабыць пашпарт, які даваў бы магчымасьць атрымаць візу для выезду з Бэльгіі, для мяне было таксама няпроста. Справа ў тым, што прыехаўшы ў 1949 годзе ў Бэльгію, я страціў статус DP у Бэльгіі я ўжо быў проста асобай без грамадзянства. Адным словам сытуацыя невясёлая. Адзінай надзеяй на выезд з Бэльгіі была дапамога такіх арганізацыяў, як World Church Service, Caritas Catholica, Талстоўскі фонд гэтыя арганізацыі добра разьбіраліся ў фармальнасьцях, зьвязаных з грамадзянствам і лёсам мільёнаў уцекачоў, якія боўталіся па Заходняй Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны.
Маё мінулае вызначала маё месца ў картатэцы Талстоўскага
фонду гэтая арганізацыя апекавалася былымі грамадзянамі СССР. 3 Талстоўскім фондам мне даводзілася мець дачыненьні па лініі СББ, бо шмат беларускіх работнікаў, скончыўшы кантракты ў Бэльгіі, перабіраліся як асобы без грамадзянства ў Канаду, ЗША ці Паўднёвую Амэрыку. Надышоў, аднак, час, калі і мне асабіста спатрэбілася дапамога Талстоўскага фонду. Фонд меў вялікі офіс у Брусэлі, там працавалі кампэтэнтныя і ветлівыя людзі. Працоўныя мовы былі француская і флямандзкая, хоць амаль усе працаўнікі гаварылі і парасейску. Асоба, якой я выклаў сваю справу, сказала, што я адпавядаю профілю «кліента» фонду, нягледзячы на тое, што я ўжо раз прыехаў у Бэльгію як DP. Аднак выезду ў ЗША мне давядзецца пачакаць, бо сьпіс на выезд вельмі доўгі. Праўда, паколькі я самотны і без багажу безь ніякіх фармальных «тармазоў» то можа здарыцца нагода і хутчэйшага выезду. I мне параілі заходзіць у фонд часьцей (бо ж тэлефона ў мяне не было!).
Аднаго дня, будучы ў Брусэлі па справе шуканьня працы ў Марока, я падумаў зайду-тка я ў Талстоўскі фонд, можа там што новага пачую. Як толькі мяне пабачыла сакратарка, яна мне кажа: добра, што я зьявіўся са мной хоча гутарыць спадарыня Тацяна Шаўфус, заступніца дырэктаркі фонду ў Эўропе Аляксандры Талстой (дачка Льва Талстога, знаная пісьменьніца і філёзаф, я яе ніколі ня бачыў). Спадарыня Шаўфус вельмі дзелавая жанчына, зь якой мне даводзілася мець дачыненьні раней кажа (гутарыла яна са мной парасейску): «Вітаўт, праз пару дзён з Брусэлю ў Нью-Ёрк адлятае самалёт кампаніі Flying Tiger, які знаходзіцца ў нашым распараджэньні, і ў ім ёсьць адно вольнае месца (нехта захварэў). Пакіньце Ваш пашпарт нам, мы ўсё аформім, а Вы ні з кім не ўступайце ні ў якія гутаркі!» Празь дзень-два яны меліся мне паведаміць калі дакладна будзе адлятаць самалёт. Усё, што яна запрапанавала, я выканаў і 21 сьнежня 1955 году зьявіўся ў брусэльскі аэрапорт. Там спадарыня Шаўфус аддала мне пашпарт, узяла пад руку і завяла ў самалёт. Гэтак праз Талстоўскі фонд я апынуўся ў амэрыканскім самалёце і паляцеў у ЗША. Праўда, я падпісаў паперку, што пералёт мой каштуе $100, якія я абавязаўся сплаціць (я сплаціў іх у 1956 годзе).
Адна памятная дэталь зь пералёту за акіян: у самалёце я сустрэў Алеся Міцкевіча, зь якім я жыў і сябраваў, а таксама працаваў у СББ. Алесь ня быў студэнтам, але жыў у Лювэне. Я ніколькі не зьдзівіўся, калі пабачыў яго ў самалёце з Бэльгіі выяжджала шмат чужынцаў. I гэтак мы з Алесем ляцелі ў ЗША гадзін 18. У дарозе шмат аб чым гутарылі, пераважна на беларускія тэмы. Я неяк сказаў, што ў мяне ў кішэні толькі бэльгійскія капейкі, і Міцкевіч на гэта вельмі павольна у ягонай звычнай манеры адказаў так: «Хочаш, каб я табе пазычыў? Ну што ж, пазычу. На табе сто даляраў, некалі аддасі».
Вось так 22 сьнежня 1955 году мы разам з Алесем Міцкевічам прызямліліся ў Нью Ёрку ў аэрапорце «Айдлвайлд» (цяперашні Кенэдзі).
Гэтак напрыканцы 1955 году закончыўся мой бэльгійскі (і эўрапейскі) пэрыяд жыцьця. Як я ацэньваю яго? На лёгкай ноце заўважу, што пры першым знаёмстве з краінай і гэта засталося ў памяці на ўсё жыцьцё было дзіўна і непрыемна глядзець на рэклямныя і вітрыны пахавальных кантораў, дзе былі выстаўленыя труны, тапачкі для нябожчыка і падобнае. Што яшчэ было дзіўна вулічныя пісуары зь нізенькімі сьценкамі, якія амаль не закрывалі працэс «адліву». Але гэта я разглядаю як мясцовыя дзівосы: «што ні край, то абычай».
Калі ж гаварыць сур’ёзна, то мой досьвед і ацэнка майго побыту ў Бэльгіі вельмі пазытыўныя. Я пазнаёміўся з старой эўрапейскай дэмакратычнай культурай: мастацтвам, літаратурай, архітэктурай. Спазнаў талерантнасьць жыхароў дзяржавы, якая жыве ў няпростых умовах двунацыянальнасьці, спалучэньня рэлігійнасьці і сэкулярнасьці з глыбокім усьведамленьнем патрэбы служыць чалавецтву.
Атрыманьне вышэйшай асьветы чужынцам без грамадзянства падзея неардынарная. Таму я застаюся пажыцьцёва ўдзячны Каталіцкаму Ўнівэрсытэту ў /Іювэне за хай сабе гэты выраз і банальны «пуцёўку ў жыцьцё».
Гэтаксама мы беларусы з бэльгійскім дасьведчаньнем удзячныя гэтай краіне за гасьціннасьць і дапамогу ў патрэбны час. Калі гаварыць вузей, я атрымаў таксама выдатнае дасьведчаньне з працы з шырокім беларускім грамадзтвам студэнтамі і работнікамі Саюзу Беларусаў Бэльгіі.