Жыць і дзеіць
Вітаўт Кіпель
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 442с.
Мінск 2015
Пад вечар таго дня бібліятэка наладзіла для дэлегацыі шыкоўны абед у Залі дырэктароў. Прыйшлі і гарадзкія ўлады, і кангрэсмэны. Узначальваў савецкую дэлегацыю Сікорскі, і, вядома ж, яго пасадзілі ў цэнтры, а побач зь ім пасадзілі мяне! Перад тым дырэктар Гэндэрсан мне сказаў: «Кіпель, як выдатна, што ты ёсьць у бібліятэцы. Ты гавары госьцю пра бібліятэку і скажы, што мы гатовыя на працоўны абмен бібліятэкароў». Абед пачаўся, гасьцей віталі і віталі, а мы зь Сікорскім гаварылі аб беларускіх справах. Яму было цікава ведаць пра эміграцыю, і ён быў зьдзіўлены, калі даведаўся, як прасунутыя дасьледаваньні Скарыніяны доктарам Вітаўтам Тумашам. Сёе-тое расказаў мне і пра Менск.
Так у гутарках мы знайшлі агульныя інтарэсы, і ў адзін момант я сказаў: «Я б хацеў у вас шчыра запытацца». «Гаварыце ўсё, кажа. Патрэбна нешта?» «Так, кажу, патрэбна. Патрэбна «Наша Ніва». «Наша Ніва»? У нас у Маскве поўнага камплекту няма». «Я ведаю, што ў вас няма, але ў Ленінградзе ёсьць». «А адкуль вы ведаеце?» Я кажу, што я прасачыў па каталёгах, а яшчэ мы зь Ленінградам мелі кантакты, яны, зь Бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, у нас прасілі матэрыялы пра сьпевака Вярцінскага, мы ім далі, і я папрасіў у іх інфармацыю пра «Нашу Ніву» у іх ёсьць камплект. Ёсьць і папяровае выданьне, ёсьць 1 мікрафільмы. А нам газэта патрэбна, бо нідзе на Захадзе няма. У нас шмат хто газэту патрабуе, і вы як беларус мусіце разумець значэньне гэтага былі мае словы да Сікорскага. Ён кажа: «Вы мне не кажыце, я добра разумею значэньне». Кажа, што ў іх нядаўна была дыскусія ў Менску і што ён схіляецца да думкі, што «Нашу Ніву» трэба зрабіць здабыткам публічнасьці. «Так, кажу, Качана за такія думкі зьнялі з работы». I мы ўжо гаворым як беларус зь беларусам. «Вы, кажа, маеце ўсе дадзеныя, шыфры?» «Усё маю. Падрыхтаваў для вас спэцыяльна». Ён кажа, ня ведае, ці зможа зрабіць каб гэта было ў Маскве, усё было б проста, а тое ў Ленінградзкай публічнай. Я кажу, што добра разумею, але што ён апошняя інстанцыя, адкуль мы можам мець. Сікорскі паабяцаў паглядзець, што будзе магчыма: «Але верце мне, пастараюся». Так мы закончылі гутарку пра «Нашу Ніву».
Скончыўся абед пазнавата, назаўтра ён яшчэ мне пазваніў, сказаў,
што была прыемная шчырая гутарка. Я спытаўся, якія яму патрэбныя кніжкі, ён сказаў, што яму нічога не патрэбна.
Забыць такой гутаркі я ня мог. Усё чакаў што з гэтага выйдзе?
Праз тыдняў шэсьць бібліятэка атрымоўвае велізарны пачак заказной поштай, а ў пачку штук восем катушак з пазнакай: «На ўвагу В. Кіпелю». Мяне клічуць у аддзел атрыманьня кніг. Там стаіць начальніца, Уаніта Дорыс, з гішпанскага Гарлему, а на стале ў яе катушкі зь мікрафільмамі. Я ўхмыльнуўся. Яна кажа: «Кіпель, што гэта такое? Ад якога часу ты, Кіпель, можаш заказваць такія рэчы?» Я кажу я не заказваў! Яна кажа: «Ты лепш маўчы. Бачыш усю гэтую музыку нам давядзецца нешта за гэта плаціць». Я расказаў ёй, як была гутарка: ні я нічога не абяцаў, ні ён. Я папрасіў для бібліятэкі і ня думаў у той мамэнт пра фінансавы бок. Але калі што магу заплаціць, сам, вылічце з майго заробку, і на гэтым спынім гутарку, бо гэтая газэта для беларусаў незвычайная. Ох яна тады пакрыўдзілася! Але я ведаў, што яна мне сымпатызуе. ОК, кажа, ладна, маўчы, неяк разьлічымся. Пасьля паспакайнела і кажа: «Слухай, ці ты дазваляеш, каб мы аддалі гэта ў Славянскі аддзел?» Я кажу: «Вы разумна гаворыце. Аддайце гэта лепш Зоры, а Зора закаталягуе. На гэтым тая гутарка і скончылася, хоць Уаніта мне пасьля гэта пару разоў успамінала. Дорыс скантактавалася зь Ленінградзкай публічнай бібліятэкай, і там адказалі, што гэта быў падарунак, а калі мы нешта прышлем узамен, дык яны будуць удзячныя. Бібліятэка паслала ім падпіску на пару навуковых часопісаў, і справа скончылася.
Доктар Віктар Корэсар (эстонец, тагачасны загадчык Славянскага аддзелу) зразумеў адразу значаньне «Нашай Нівы» для беларускай калекцыі ён быў чалавек наагул адукаваны як толькі Зора прынесла газэту ў аддзел. Газэту закаталягізавалі і паставілі ў спэцыяльныя калекцыі. Я пачаў правяраць хто карыстаецца, якія чытачы, Першы, хто карыстаўся «Нівай», быў прафэсар Майкл Пап зь езуіцкага John Carl University каля Кліўлэнду. А потым «Наша Ніва» пайшла ў ход. Ну, безумоўна, нашыя беларусы пачалі карыстацца я, Стась Станкевіч, Уладзімер Сядура.
Пазьней з газэты «Наша Ніва» бібліятэка зрабіла дзьве фатаграфічныя копіі, а нэгатыў схавалі ў сэйфе ў падвале усе нэгатывы захоўваюцца ў зачыненым памяшканьні дзеля рэжыму тэмпэратуры і сьвятла.
Мне вельмі падабаецца тэрмін «спрацавала». I вось у гэтым выпадку беларускасьць Мікалая Сікорскага сапраўды спрацавала. Бо ж ён мог і не прыслаць, забыцца, але вырашыў, што трэба беларусам замежжа даць «Нашу Ніву». Добры ўчынак. Дарэчы, прысланая зь Ленінграду копія-нэгатыў «Нашай Нівы» была адзіная на Захадзе.
Леў Уладзіміраў
Бібліятэка рэгулярна арганізоўвала кніжныя выстаўкі, прысьвечаныя юбілеям, пераважна важным датам з культурнай гісторыі. У 1967 годзе Славянскі аддзел арганізаваў вялікую выстаўку на 300-400 экспанатаў, вітрыны стаялі па цэлай бібліятэцы прысьвечаную 450-годзьдзю беларускага друку. I ў гэтым самым часе загадчыкам бібліятэкі ААН быў прафэсар Лявас Уладзіміравас Леў Уладзіміраў. Сам ён па нацыянальнасьці расеец (але не радня Ўладзімірава, які напісаў першую кнігу пра Скарыну), ягоная сям’я жыла ў Коўне каля сотні гадоў, і калі саветы занялі Літву, яны ўспрынялі гэта нармальна зноў апынуліся ў дзяржаве, у якой некалі жылі. Яго прызвалі ў савецкае войска, ён быў на фронце «ў чыне лейтэнанта», а пасьля вярнуўся ў Літву, працаваў у Коўне бібліятэкарам. А калі абвясьцілі конкурс на загадчыка бібліятэкі ААН, ён выйграў конкурс і пару гадоў працаваў на гэтай пасадзе ў Нью-Ёрку.
Уладзіміраў часта бываў у нашай бібліятэцы, у мяне зь ім напачатку было «шапачнае знаёмства», але калі пачалася праца над выстаўкай «450 гадоў беларускага друку», я да яго зьвярнуўся і дамовіўся, што аб некаторых рэчах наконт выстаўкі я зь ім буду радзіцца. Уладзіміраў дапамагаў зь вялікай ахвотай, прынёс некалькі скарынаведных кніжак, прынёс 1 сваю кніжачку пра Скарыну. Я пазнаёміў Уладзімірава з доктарам Тумашам. 3 Тумашам ён гаварыў па-літоўску, таксама па-ангельску.
Калі выстаўка адкрылася і адбылося ўрачыстае прыняцьцё, Уладзіміраў мне кажа мы зь 1м перайшлі нават на «ты», хоць я быў крыху маладзейшы: «Вітаўт, я табе раскажу адну забаўную гісторыйку». Ён, працуючы ў Літве, «раскапаў», што некалі Купала ў Вільні працаваў з паўгода ці год у бібліятэцы 1 што ў яго былі сувязі зь літоўскімі бібліятэкарамі. Уладзіміраў напісаў пра гэты эпізод артыкул па-беларуску і паслаў у «Полымя», але там яго не надрукавалі і прысалі артыкул назад. Ён быў вельмі абураны, бо не было сэнсу друкаваць гэта па-літоўску, ён хацеў, каб гэта надрукавалі ў Беларусі. Тады ён пераклаў гэты артыкул на расейскую мову і надрукаваў яго ў Маскве. Прайшоў, можа, год ці два, ён быў у Менску і зайшоў у «Полымя» ды пытаецца, чаму артыкул не апублікавалі. А яму адказная асоба кажа, што дырэктар той бібліятэкі, дзе працаваў Купала, быў царскі афіцэр! I таму ў Менску не надрукавалі артыкул пра Купалу... «Вот, кажа, твае землячкі...» Уладзіміраў быў вельмі абураны на беларусаўкультурнікаў у БССР.
У Нью Ёрку Ўладзіміраў «забыў» кніжку Антановіча аб татарскім пісьме, падараваную яму аўтарам (з аўтографам!).
Сьцяпан Калупайла
Быліў бібліятэцысустрэчынятолькізьбеларусамі.Летам1969 году ў нас была дэлегацыя бібліятэкароў з Расеі, і адна бібліятэкарка была з Кірава. Як толькі я стаў іх вадзіць па кнігасховішчы і сказаў, што я беларус, яна адразу загаварыла са мною па-беларуску. Яе прозьвішча было ці Касоўская, ці Красоўская, ейныя дзяды былі з тых беларусаў, якіх высылалі ў 1930-я гады, недзе зь Віцебшчыны, яна там вырасла і засталася на пасяленьні. Яна надта мяне прасіла, каб я трымаў зь ёй лучнасьць, мы абмяняліся карткамі, але жыцьцё было такое занятае, што гэты кантакт не ўтрымаўся.
Памятаю іншы момант. Недзе ў 1961 годзе мне сказалі, што ў Навуковы аддзел прыйшоў літовец і хоча мяне бачыць. Я падумаў, што гэта нехта з самой Літвы, ажно прыйшоў прафэсар Сьцяпан Калупайла ведамы літоўскі гідроляг, да вайны працаваў у Літве, а ў Амэрыцы выкладаў ва ўнівэрсытэце Нотр-Дам у Індыяне і напісаў кніжку «Nemunas». I вось ён даведаўся, што я беларус, 1 прынёс мне падараваць сваю кніжку. Мы зь 1м разгаварыліся, ён гаварыў парасейску, па-нямецку, і ён сказаў, што хоча, каб беларусы мелі ягоную кнігу. Ён яе падпісаў. На кнігу была рэцэнзія ў «Запісах», пасьля я гэтую кніжку падараваў беларускай Нацыянальнай бібліятэцы. Ён прысьвяціў дасьледаваньню Нёману ўсё сваё жыцьцё, усе напрацоўкі, якія ён зрабіў на Бацькаўшчыне, спадар Калупайла забраў з сабой на эміграцыю.
Эссон
Эссон псэўданім А. Зураева, каўкаскага дасьледніка і дзеяча, асэціна па нацыянальнасьці, аўтара колькіх працаў па этнаграфіі й гісторыі Асэціі. Я зь ім пазнаёміўся ў 1960-х гадох у бібліятэцы, куды Эссон прыходзіў як чытач. Калі ён даведаўся, што я беларус, Эссон сказаў, што некалі, у маладосьці, быў добра знаёмы і нават сябраваў зь іншым беларусам Алесем Прушынскім.
У мяне ў той час амаль заняло дух: я пазнаёміўся з чалавекам, які ведаў нашага вялікага паэта-пачынальніка, палітычнага дзеяча Алеся Гаруна! Гэтак паўсталі, выплылі з памяці Эссона славутыя ўспаміны.
Некалькі словаў пра Эссона. Ён зь Сібіры, пасьля 1917 году трапіў у ЗША, скончыў інжынэрны факультэт унівэрсытэту. Доўгі час працаваў па фаху ды паралельна дасьледаваў розныя аспэкты гісторыі Асэціі. У 1970-х гадох Эссон адведаў Каўказ, быў у родных мясьцінах. Прынцыпова ніколі не зьмірыўся з савецкім ладам. ЭссонЗураеў быў прыхільнікам нацыянальных дзяржаваў, а не імпэрыі.
Я з Эссонам сябраваў даўгавата. Ён мне хацеў аддаць сваю
бібліятэку, у якой былі кнігі Карскага, Карамзіна ды іншыя цікавыя выданьні. На жаль, я ўсё адкладаў свой візыт да яго, пакуль Эссон не адышоў у лепшы сьвет у 1970-х. Адну кнігу ягонага аўтарства я перадаў у Нацыянальную Бібліятэку Беларусі.
Іншыя сустрэчы
Сустракаўся я з Марыяй Карпенка, рэдактарам «Работніцы і сялянкі». Зь ёй даўгой гутаркі не было: добра гаварыла па-беларуску, была трубадур савецкай прапаганды.