• Газеты, часопісы і г.д.
  • Жыць і дзеіць  Вітаўт Кіпель

    Жыць і дзеіць

    Вітаўт Кіпель

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 442с.
    Мінск 2015
    133.87 МБ
    Суседзі, вуліца
    Былі мы ў вельмі блізкіх кантактах і з амэрыканцамі знаёмымі, суседзямі, калегамі з працы вялі, як кажуць амэрыканцы, social life. Адзначэньне дзён народзінаў дзяцей «у сябе на раёне», хаджэньне адных да адных «на каву», хрэсьбіны, бар-міцвы, пікнікі усё гэта было. (Прынагодна суседям расказвалі і пра Беларусь.)
    Зь некаторымі калегамі з працы мы сябравалі блізу 40 гадоў, напрыклад з Катэрынай Балерыні мы яе і пахавалі.
    I з гэтай амэрыканскай «дзялянкі» жыцьця ёсьць парачка памятных мамэнтаў.
    Аднае восені, недзе ў канцы кастрычніка, я зграбаю з майго двара апалае лісьцё, а дрэваў каля нашае хаты было каля 30, выграбаю лісьцё на вуліцу, бо празь дзень-два па вуліцы будзе праяжджаць спэцыяльны грузавік, які праз пнэўматычную трубу ўцягвае лісьцё ў вялізарны кузаў і прэсуе яго. Я грабу з аднаго боку вуліцы, а з другога боку, якраз насупраць мае хаты, жыў мэр гораду Біл Брукс і ён таксама зграбае лісьцё на вуліцу. Мы з мэрам добра сябравалі, мэр была ягоная бясплатная пасада, а грошы Брукс зарабляў працуючы прафэсарам літаратуры ў коледжы. Мы часта зь ім гутарылі, а калі выяжджалі ўсёй сям’ёй на канікулы, Біл Брукс часам заходзіў да
    маёй маці Марыі Кіпель спытацца, як яна маецца. Былі добрыя суседзкія адносіны. I вось, зграбаючы лісьцё, Біл махае мне рукой «хадзі сюды». Я, зразумела, падышоў перайшоў праз вуліцу, і Біл ціхенька мне кажа: «Вітаўт, каб ты ведаў, на наступным тыдні я зракаюся пасады мэра у мяне не хапае часу». Я сумеўся: сам Біл Брукс кажа мне, што зьбіраецца зрабіць! I праўда на наступным тыдні Біл Брукс адмовіўся ад свайго «мэрства» і аддаўся поўнасьцю прафэсарскай кар’еры.
    Іншы сусед усе, і я, звалі яго Mr. Barbieri аднойчы мне кажа, сустрэўшы на вуліцы: «Вітаўт, на адным пікніку ты казаў, што паходзіш зь Беларусі. Я ведаю цяпер больш пра Беларусь, бо атрымаў працу хіміка на прадпрыемстве, дзе вырабляюць лакі, а наша галоўная кватэра у горадзе Саўт Рывэрдам жыве шмат беларусаў, і я бачыў там беларускую царкву».
    Бліжэйшыя кантакты з суседзямі наладжваліся таксама на аўтобусных прыпынках, калі раніцай трэба было чакаць аўтобус. На працу Зора і я езьдзілі амаль заўсёды аўтобусам, хоць можна было і цягніком. Аўтобусам было выгадней і бліжэй ісьці ад прыпынку да хаты і да працы. Звычайна на прыпынках людзі добра ведалі адны адных, ведалі і пра сем’і, бо дзеці кантактавалі між сабой.
    Недзе напрыканцы 1970-х на нашым аўтобусным прыпынку пачаў зьяўляцца новы чалавек індус. Гэты індус, Кумэш Кайзэр, прадстаўляўся ўсім, хто стаяў і чакаў, і хацеў нешта даведацца пра ўсіх. Знаёмячыся са мной, ён заўважыў мой акцэнт і спытаўся, зь якіх я каранёў і адкуль паходжу. Ня хочучы надта «раззнаёмлівацца», я сказаў: «3 Усходняе Эўропы». А спадар Кайзэр мне ў адказ: «Усходнюю Эўропу я ведаю!» «Ах, ведаеш? Дык я зь Беларусі чуў?» I тут спадар Кайзэр мяне дабіў: «А я ў Беларусі два месяцы працаваў у Магілёве! Чуў пра такі горад?» Незвычайная і надзвычайная сытуацыя. Кажу яму: давай сядзем разам у аўтобусе, і ён мне распавёў.
    Ён інжынэр-тэкстыльшчык. Працуе для ўрадавай установы Індыі. Адпрацаваў год у СССР, зь іх два месяцы ў Магілёве, а цяпер на годдва прыехаў ад той самай установы ў ЗША, часова жыве ў Радэрфордзе. Вядомая справа: мы паціснулі адзін аднаму рукі пасябравалі і былі ў блізкім кантакце, пакуль спадар Кайзэр не пакінуў ЗША.
    Скажу так: у штодзённым жыцьці мы зь сярэднім амэрыканцам зжыліся і бадай нічым ад яго навонкі не адрозьніваліся. Аднак пра краіну свайго паходжаньня амэрыканцы першага пакаленьня гаварылі, дбалі, прапагандавалі яе больш, чым той «сярэдні амэрыканец» другога ці трэцяга пакаленьняў. Мы пра сваю краіну гаварылі бесьперастанку, дапамагалі ў гэтым дзеці і бабкі у Радэрфордзе ўся вуліца ведала, што Mrs. Кіреі або Mrs. Maria (а ўсе дзеці звалі яе «бабка») была настаўніцай у краіне, якая звалася Беларусь.
    БІНІМ
    Пра БІНіМ я пачуў яшчэ ў Эўропе
    Будучы ў сярэдзіне 1950-х гадоў студэнтам у Лювэне, я рэгулярна сачыў за беларускім жыцьцём на эміграцыі пераважна праз газэты «Бацькаўшчына», «Беларускае Слова» ды часапісы «Божым Шляхам» і «Аб’еднаньне» аднак ня так лёгка было арыентавацца ў хадзе грамадзкага жыцьця ў ЗША. Арганізацыйная мітусьня стварала непрыемнае ўражаньне: на наш студэнцкі розум стваралася зашмат арганізацыяў. Але тым ня менш мы заўважылі, што ў ЗША быў створаны Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (БІНіМ). БІНІМ стаў для нас рэальнасьцю, калі мы студэнцкае згуртаваньне сталі атрымваць часапіс «Запісы» орган БІНіМу. Прыпамінаю, што з павагай чыталіся артыкулы Льва Акіншэвіча, Іны Рытар, Міколы Панькова, асабліва запамятаўся нэкралёг пра кампазытара Міколы Равенскага «нашага» Равенскага! Ясная справа, нам, студэнтам, было прыемна ўсьведамляць, што на эміграцыі дзеіць беларуская навукова-дасьледчая арганізацыя, але мы таксама разумелі, што такія ўстановы, як мюнхэнскі Інстытут Вывучэньня СССР, былі на той час аўтарытэтамі ў дасьледаваньні Ўсходняе Эўропы. I вось зь зьяўленьнем БІНіМу мы прыходзілі да пагляду, што і беларускія навуковыя згуртаваньні будуць мець аўтарытэт. Мы верылі, што беларускія дасьледаваньні будуць адбывацца ў беларускіх арганізацыях.
    Першы кантакт зь БІНіМам
    Празь некалькі месяцаў пасьля прыезду ў Амэрыку мы з Зорай атрымалі запрашэньне на зборку БІНіМу, і з таго часу пачаўся кантакт з Інстытутам. Гэта адбылося ў канцы чэрвеня 1956 году: на зборцы Іпаліт Паланевіч чытаў даклад, прысьвечаны працы Інстытуту Беларускай Культуры ў Менску ў 1920-х гадох. Паланевіч рыхтаваў манаграфію пра Інбелкульт для мюнхенскага Інстытуту па вывучэньні Савецкага Саюзу 1 шмат матэрыялаў па сваёй працы дыскутаваў у БІНіМе. Паседжаньне праходзіла на дантаўне ў Мангэтэне, у раёне Delancey Street, дзе месьцілася «Беларуская хатка». Было прысутных чалавек сорак, была і ілюстрацыйная праграма, праца была прадстаўленая на добрым узроўні. У канцы быў зачытаны расклад
    далейшых дакладаў БІНіМу. Наступны, наколькі мне прыпамінаецца, плянаваўся даклад Антона Адамовіча пра «Ўзвышша», на жаль, на дакладзе Адамовіча быць не давялося.
    На першай зборцы я й Зора запоўнілі анкеты для ўступленьня ў БІНіМ былі спэцыяльныя фармуляры, і пасьля на паседжаньні ўправы кіраўнікі разглядалі пытаньне аб прыёме. Ва ўправе тады былі В. Тумаш, Н. Арсеньнева, А. Адамовіч, М. Гарошка і, здаецца, Я. Ліманоўскі і М. Кунцэвіч.
    Доктар Тумаш пазьней расказаў нам пра заснаваньне БІНіМу наступнае. Інстытут пад назвай Whiteruthenian Institute Byelorussian Institute быў афіцыйна зарэгістраваны адвакацкай канторай Kupchin у горадзе Олбані (сталіца штату Нью Ёрк) у 1951 годзе як амэрыканска-беларуская арганізацыя, якая займаецца дасьледаваньнем тэмы Беларусі ў розных аспэктах, пераважна ў тых, якія не дасьледуюцца або фальшуюцца ў БССР: гісторыя, рэлігія, грамадазнаўства. БІНіМ таксама дасьледуе гісторыю пасяленьня беларусаў у ЗША, супрацоўнічае з амэрыканскімі навуковымі і навучальнымі ўстановамі ды дапамагае матэрыяламі па беларусістыцы амэрыканскім унівэрсытэтам. БІНіМ мае сваю бібліятэку і друкаваны орган «Запісы». Да таго ж БІНіМ вядзе бібліяграфічны ўлік амэрыканскай і заходнеэўрапейскай беларусістыкі.
    На наступнай зборцы, на якой мы былі прысутныя перад верасьнем 1956 году быў даклад Уладзімера Сядуры-Глыбіннага пра лёс некаторых літаратараў у БССР, ён добра арыентаваўся і валодаў прадметам, але найбольш нам з Зорай спадабаўся ілюстрацыйны аспэкт дакладу на сьценах віселі 15-20 партрэтаў літаратараў, зьнішчаных савецкай сыстэмай.
    Праз пару месяцаў Тумаш паведаміў нам у Балтымор, што будзе арганізацыйная зборка БІНіМу, і папрасіў нас прыехаць. Мы прыехалі, і мяне выбралі ва ўправу БІНіМу звычайным сябрам.
    Так пачалося цясьнейшае супрацоўніцтва. Калі мы жылі ў Балтыморы, супрацоўніцтва зь БІНіМам было фрагмэнтарнае. Мы прыяжджалі, часам траплялі на даклад, а калі не траплялі, то сустракаліся з Тумашам і Адамовічам, і яны інфармавалі, што робіцца ў Інстытуце. Быў кантакт, але, я сказаў бы, павярхоўны.
    Дзейнасьць ва ўправе БІНіМу
    Актыўнае супрацоўніцтва зь БІНіМам пачалося, калі мы напрыканцы 1958 году пераехалі бліжэй да Нью-Ёрку. Будучы ва ўправе БІНіМу, я паставіў пытаньне, ці мае Інстытут сувязь з аналягічнымі ўстановамі іншых нацыянальнасьцяў. I доктарТумашмнепаведаміў, што яны блізка супрацоўнічаюць з украінцамі, з палякамі, бываюць частымі гасьцямі ў славацкай навуковай установе. Аднак кантактаў
    з дасьледніцкімі арганізацыямі агульнаамэрыканскага профілю не было. Я асабліва хацеў даведацца, ці ёсьць кантакт з арганізацыяй, якую амэрыканцы называюць «triple A, double S» (AAASS, American Association for the Advancement of Slavic Studies) Амэрыканскай асацыяцыяй дасьледаваньня славянаведы, бо будучы ў Балтыморы я навязаў кантакты: мы з Зорай сталі членамі арганізацыі. (Ва ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса была добрая праграма вывучэньня Савецкага Саюзу ў шмат якіх галінах эканоміка, палітыка, культура, пры ўнівэрсытэце быў дзейны аддзел AAASS, мы бывалі на зборках.) Я запрапанаваў, каб усе сябры БІНіМу ўвайшлі ў тую арганізацыю. Ці яны гэта зрабілі ня ведаю, але доктар Тумаш у AAASS уступіў.
    У тым самым прыблізна часе ў Амэрыку прыехаў Янка Запруднік і таксама пачаў прыходзіць на зборкі БІНіМу. Мы разам зь ім выказалі пагляд, што добра было б, каб на зборках выступалі ня толькі «добраахвотнікі», а каб можна было замовіць даклад на такую ці такую тэму дакладчыку-госьцю. Рэч у тым, што БІНіМаўская праграма выглядала «перагружаная» адной асобай прыкладам, Францішак Кушаль меў 10-15 дакладаў пра вайсковасьць або пра войны ВКЛ, і магло здацца, што тэматыка дакладаў звужаецца. Тумаш згадзіўся на нашую прапанову, мы запрасілі выступіць амэрыканскага моваведа Г. Сянькевіча, яўрэйскага дасьледніка С. Бэрнштэйна (яўрэй зь Вільні, аўтар колькіх кніжак пра мястэчкі Заходняй Беларусі), польскага навукоўца Р. Ляванскага, прачыталі пару дакладаў украінскія дасьледнікі, выступіла беларуска 3. Юр’ева, пазьнейшы рэдактар Russian Review, якая пісала пра Сяднёва. Так Інстытут паступова пачаў пашыраць сваю дзейнасьць на іншых навукоўцаў, і дзейнасьць гэтая была карысная, водгукі на яе былі пазытыўныя.
    На гадавым сходзе БІНіМу ў 1966 годзе мяне абралі скарбнікам, хоць я гэтай функцыі ня надта й хацеў. Справа ў тым, што трэба было наладжваць выданьне «Запісаў», выхад якіх кульгаў, і кніжнай прадукцыі, якая замерла. Мы сталі весьці перамовы зь Мюнхенам бо Стась Станкевіч, які быў сябрам БІНіМу, выехаў у Мюнхен і працаваў там каб яны, можа, нам падкінулі грошай, бо там было больш актыўных сяброў. Стась Станкевіч запрапанаваў заснаваць у Нямеччыне філіял Інстытуту. Так яно і сталася, філіял пераняў ад нас выданьне «Запісаў». Пачынаючы ад 1962 году, пяць нумароў «Запісаў» выйшлі ў Мюнхене. Мы пераглядалі матэрыялы ў НьюЁрку, але апошняя стадыя рэдагаваньня і друк былі ўжо ў руках Станкевіча. Філіял БІНіМу ў Нямеччыне ніколі ня стаўся незалежным, але супрацоўніцтва было вельмі карыснае. Апрача Станкевіча працавалі Кабыш, Яловіч, Марговіч, Чайкоўскі, Урбан. Дапамога ў выданьні «Запісаў» у Нямеччыне дазволіла БІНіМу ў ЗША палепшыць фінансавае становішча.