• Газеты, часопісы і г.д.
  • Жыць і дзеіць  Вітаўт Кіпель

    Жыць і дзеіць

    Вітаўт Кіпель

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 442с.
    Мінск 2015
    133.87 МБ
    У дачыненьнях з сэнатарам Доўлам прыпамінаецца такі выпадак. Адзін з дараднікаў Доўла быў украінскага паходжаньня Мірон Курапас з Чыкага. Як толькі Мірон Курапас даведаўся, што я беларус, ён мне сказаў: «Зь беларускім пытаньнем я знаёмы, я ведаю беларусаў». Зразумела, я запытаў у Мірона, адкуль ён знаёмы зь беларусамі. На што ён мне адказаў: «У нас на кватэры ладны час пражываў Язэп Варонка, калі ён прыехаў у ЗША, і ён шмат нам расказваў пра Беларусь». Цікавае супадзеньне! Зь Міронам Курапасам я меў дачыненьні і пазьней.
    Аднойчы ў Вашынгтоне была зборка рэспубліканскіх кіраўнікоў, і Курапас, убачыўшы мяне, завёў у нейкі офіс і кажа: чытай. I даў мне на папяроснай паперы кавалак тэксту «Утраченная родмна» Кукабакі! Гэта, паводле Курапаса, быў тэкст, як1 амэрыканская амбасада ў Маскве атрымала і пераслала ў Вашынгтон. Гэтак я ў Вашынгтоне ўпершыню даведаўся пра гэты тэкст. Пазьней было высьветлена, што аўтар тэксту Міхаіл Кукабака. Я хачу сказаць, што часам праз прыватныя кантакты нарываесься на мамэнты, да якіх мабыць і выведка мае нейкае дачыненьне.
    Сэнатар Робэрт Доўл у 1970-х гадох быў бясспрэчна самы ўплывовы рэспубліканец. Шчасьлівае супадзеньне, але ў мяне і ў іншых беларусаў рэспубліканскіх актывістаў наладзіліся з Доўлам выдатныя дачыненьні. Каб адзначыць ягоны адыход ад кіраўніцтва партыі, нацыянальныя клюбы вырашылі арганізаваць вечарыну. Я і спадарыня Мінг Шу былі адказныя за імпрэзу, і я, як мог, «падцягваў» беларусаў. Найбольшае ўвагі і адзнакі на гэтай вечарыне беларусы дасягнулі тым, што на ўрачыстасьць быў запрошаны беларускі аркестар спадара Мартыновіча і паводле праграмы беларус айцец Алег Махнюк прачытаў заключную малітву. Адчыненьне і зачыненьне такога роду ўрачыстасьці беларускай «Лявоніхай» нештодзённая зьява. Удзел у ёй беларусаў быў адзначаны амэрыканскім друкам, а жан-
    чыны ў беларускіх нацыянальных строях і прадстаўнікі беларускіх рэспубліканскіх клюбаў былі ўдзельнікамі тэлевізійнай праграмы.
    Рыхтуючы імпрэзу, я адчуў, што рэспубліканскія «тузы» Нью Ёрку стараліся неяк адцеміць «нэўтральнасьць» сэнатара Доўла, яго няведаньне аб падрыхтоўцы авантуры Watergate. Я гэта сказаў, за што Робэрт Доўл мне асабіста падзякаваў.
    Сэнатар дапамагаў нам і ў чыста беларускіх справах. У чэрвені 1979 году ён даслаў лісты генэральнаму пракурору СССР Раману Рудэнку і савецкаму паслу ў Вашынгтоне Анатолю Дабрыніну ў справе Міхала Кукабакі з просьбай вызваліць яго і даць магчымасьць эміграваць.
    Як Ніксан паехаў у Менск
    Беларускі ўдзел у выбарчай кампаніі 1972 году і навязаныя блізкія кантакты з рэспубліканцамі дапамагалі нам у палітычнай працы. Мы часта былі ініцыятарамі і ўдзельнікамі слуханьняў, працаў камісіяў, сьведчылі пра русыфікацыю Беларусі, былі на прыняцьцёх у Белым Доме, Дзярждэпартамэнце.
    На адным з прыняцьцёў у Белым Доме нехта з калегаў кажа мне, што прэзыдэнт Ніксан едзе ў Маскву. Я якраз гавару з кангрэсмэнам Эдвардам Дэрвінскім і кажу яму добра было б, каб Ніксан заехаў і ў Менск, калі ён ужо будзе ў Маскве. На прыняцьці быў выканаўчы дырэктар па працы з нацыянальнымі клюбамі, і ён мне кажа: пагавары з такім і такім кангрэсмэнам. Я пагаварыў, а кангрэсмэн кажа: трэба гэта перадаць Ніксану. Нехта з функцыянэраў увёў гэта яму ў вушы. Быў там яшчэ й Кісынджэр. Ну і разьвіталіся мы на тым, што Ніксан гэта пачуў. Мы едзем дахаты, я Стасю Станкевічу кажу: трэба падаць пра гэта ў газэту «Беларус» будзе нагода. Ён кажа: слухай, Кіпель, ня будзь дурнем, у газэту нічога ня будзем даваць. Стась Станкевіч наагул быў вельмі сьціплы чалавек і надта баяўся: дасі ў газэту бурбалку, а пасьля, як нічога ня будзе страцім давер, аўтарытэт. Ну але сталася так, што ў газэце не хапала матэрыялу. Запруднік звоніць, што не хапае, і я на калене напісаў, што мы былі ў Белым Доме і пра што мы там гаварылі. Запруднік быў у друкарні і пусьціў вестку ў друк, і яно пайшло ў лютаўскім нумары 1974 году. А мяне тады ў Белым Доме запыталіся калі б да гэтага дайшло, ім будуць патрэбныя магнітафонныя запісы мовы па-беларуску, на што я парадзіў зьвярнуцца да доктара Запрудніка на Радыё Свабода. «А, ну з Радыё Свабода мы дагаворымся!» быў упэўнены адказ зь Белага Дому. I вось у красавіку Запрудніку звоняць: нагаварыце, як па-беларуску прывітаць людзей. Дык мы ўжо бачым, што справа ідзе вышэй і вышэй.
    Урэшце Ніксан заехаў у Беларусь, а рэшта, як кажуць амэрыканцы гісторыя!
    Змаганьне за «Голас Амэрыкі»
    Шмат энэргіі і рэспубліканскія клюбы як частачка тае энэргіі мы патрацілі на дамаганьне адкрыцьця беларускай рэдакцыі «Голасу Амэрыкі», але так і не дамагліся гэтага аж да XXI стагодзьдзя (новыя, пост-БССРаўскія эмігранты гавораць у«Голасе Амэрыкі» і пабеларуску). Бяда нашая была ў тым, што мы, беларусы, не атрымалі сваёй квоты на самым пачатку, у канцы 1940-х гадоў, а пазьней дзеля розных бюджэтных рагатак (так казалася афіцыйна) здабыць беларускамоўныя праграмы было немагчыма.
    Як я даведаўся пазьней, напачатку ў«Голасе Амэрыкі» нам нашкодзілі літоўцы, пераканаўшы амэрыканцаў, што ўсе беларусы разумеюць па-расейску і асобных праграмаў ім ня трэба. Пра пачаткі перадачаў на нацыянальных мовах у «Голасе Амэрыкі» мне ў 1982 годзе расказаў літоўскі дзяяч Канстанцінас Юргела, першы кіраўнік літоўскай службы «Голасу Амэрыкі». Гаварыў, дарэчы, вельмі добра пабеларуску ён некалі, варочаючыся з палону з Румыніі, затрымаўся ў Беларусі перад тым, як ён пайшоў у Літву, і гадоў пяць жыў недзе каля Баранавіч, навучыўся гаварыць па-беларуску, і толькі ў 1930-х гадох вярнуўся ў Літву. Дык вось, гэты Юргела мне расказаў, што менавіта літоўцы пераканалі амэрыканцаў, што «ўсе беларусы разумеюць па-расейску». Яўяго спытаўся, чаму яны гэта сказалі? Ну, кажа, баяліся за бюджэт, што, можа і ім пашкодзіць, а галоўнае проста не разумелі палітычнай патрэбы таго, што трэба падтрымаць беларусаў. Ён сам казаў, што ён быў адзін з тых, хто прагаласаваў за тое, што «Голас Амэрыкі» для беларусаў не патрэбны. А пасьля пра гэта шкадаваў.
    Праца ў рэспубліканскім руху
    Актыўна працаваў я ў палітычным (пераважна рэспубліканскім) руху гадоў каля дзесятка: належаў да ўправы Нацыянальных рэспубліканскіх клюбаў у Вашынгтоне (NRHGF National Republican Heritage Groups Federation), пару гадоў узначальваў Фэдэрацыю рэспубліканскіх клюбаў штату Нью Джэрзі і быў пару гадоў рэдактарам рэспубліканскае газэты нацыянальнасьцяў штату Нью Джэрзі The Heritage Review.
    Мушу зазначыць, што газэту The Heritage Review (1971-1977) мы зрабілі нагэтулькі дынамічным рэспубліканскім выданьнем, што аддзел нацыянальнасьцяў Рэспубліканскай партыі ў Вашынгтоне («ЦК Партыі») хацеў зрабіць яе агульнаамэрыканскай рэспубліканскай газэтай нацыянальнасьцяў. Аднак, пазандаваўшы апінію ў штаце,
    я адмовіўся ад гэтае задумы, бо было б цяжка зьбіраць рэкляму ды паўсталі б і бюракратычна-адміністрацыйныя цяжкасьці.
    Уважаю, што маё супрацоўніцтва з рэспубліканцамі было вельмі памыснае. Мы зрабілі шмат для прапаганды імя Беларусі і дзейнасьці беларусаў-амэрыканцаў. У газэце The Heritage Review падавалася шмат інфармацыі пра беларускія грамады ЗША. У Вашынгтоне Рэспубліканская партыя таксама выдавала прапагандысцкую літаратуру календары, ілюстраваныя брашуркі, дзе адзначаліся беларускія сьвяты (25 Сакавіка, Дзень Слуцкіх паўстанцаў, Дзень Каліноўскага). Вельмі важна было таксама, што рэгулярна інфармацыя пра Беларусь асабліва дамаганьне беларускамоўных праграмаў у «Голасе Амэрыкі» трапляла ў праграмныя дакумэнты партыі, бадай выключна дзякуючы дзейнасьці доктара Расьціслава Гарошкі зь Нью Ёрку. На мой пагляд, рэспубліканцы былі больш падрыхтаваныя да падзеяў пасьля распаду СССР. Прэзыдэнт Джордж Буш прызнаў Беларусь імгненна.
    Што давалі палітычныя кантакты
    Ня ведаю, як у іншых народаў, але ў амэрыканцаў прыналежнасьць да партыі ў першую чаргу, бясспрэчна, абумоўліваецца ідэалягічнай арыентацыяй, хоць вельмі часта бывае, што людзі (асабліва бізнэсоўцы) кіруюцца менш высокімі пачуцьцямі шанцамі лепшай працы, большага бізнэсу. Карысталіся такімі «аказіямі» і беларускія рэспубліканцы атрымоўвалі лепшыя пасады. Але ў цэлым рэспубліканцы-беларусы былі ідэалістамі: іх займала падтрымка беларускіх ідэалаў, найперш дзяржаўнасьці ў форме БНР, дамаганьне беларускамоўных праграмаў у вяшчаньні «Голасу Амэрыкі».
    Кіраўнікі Рэспубліканскай партыі (большасьць іх) нас добра разумелі і падтрымвалі. У часы прэзыдэнцтва Рычарда Ніксана, Джэралда Форда, Роналда Рэйгана, Джорджа Буша-бацькі ў нас была мажлівасьць падаваць мэмарандумы ў Дзярждэпартамэнт і іншыя дзяржаўныя структуры. Рэйган быў першым прэзыдэнтам, які прывітаў беларусаў з днём 25 Сакавіка. Мы таксама падалі шмат дакладаў і мэмарандумаў аб русыфікацыі БССР у Белы Дом, Міністэрства Асьветы, Міністэрства сацыяльных справаў.
    Адным з найбольшых нашых посьпехаў у супрацоўніцтве з рэспубліканцамі я ўважаю задавальненьне нашае просьбы адзначыць 60-я ўгодкі абвешчаньня БНР на Капіталійскім узгорку. Урачыстасьць адбылася ў клюбе Capitol Hill побач з будынкам Кангрэсу ЗША. Непасрэдна з паседжаньня Сэнату на сьвяткаваньне прыйшоў сэнатар Робэрт Доўл, які выступіў з прамовай, прысутныя былі таксама кангрэсмэн Эдвард Дэрвінскі і некалькі функцыянэраў зь дзярждэпу.
    Дэмакраты
    Мушу таксама адзначыць, што кантакты зь Белым Домам, усталяваныя ў часы рэспубліканскіх прэзыдэнтаў, працавалі і пры дэмакратах. Гэтак я быў запрошаны колькі разоў у Белы Дом прэзыдэнтам Картэрам, а на адной з сустрэчаў зь ім у Белым Доме асабіста перадаў прэзыдэнту сьпіс беларускіх іншадумцаў, якіх перасьледавалі ў БССР.
    Асабліва памысным было супрацоўніцтва з сэнатарамі-дэмакратамі ад штату Нью Джэрзі Білам Брэдлі 1 Фрэнкам /Іаўтэнбэргам. 3 абодвума я сустракаўся дзесяткі разоў, перадаваў ім беларускія мэмарандумы, інфармаваў пра Беларусь і пра беларусаў у штаце.
    Падсумоўваючы рэспубліканскі досьвед
    Дзейнасьць у сфэры Рэспубліканскай партыі была працаёмкая. Апрача ўдзелу ў рэгулярных арганізацыйных зборках я быў адначасна і старшынём Нацыянальных рэспубліканскіх клюбаў ў штаце Нью Джэрзі (колькасьць клюбаў мянялася ад 14 да 20 і залежала ад аплаты складак).
    Трэба было бываць на розных прынагодных мерапрыемствах то трэба прывітаць Ракфэлера, які прыяжджае ў штат, то трэба пабываць на прыняцьці прысягі новымі грамадзянамі, або паўдзельнічаць у розных паседжаньнях. Але рабіў я гэта ахвотна, бо заўсёды можна было нешта сказаць пра Беларусь. Гэтаксама было ясна: партыя цікавіцца толькі тым, каб здабыць больш галасоў за рэспубліканцаў. Як для мяне, дык гэтая мэта была абмежаваная. Я й так аддаў гэтай дзейнасьці шмат гадоў, і таму быў ужо час ад яе адысьці.