• Газеты, часопісы і г.д.
  • Жыць і дзеіць  Вітаўт Кіпель

    Жыць і дзеіць

    Вітаўт Кіпель

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 442с.
    Мінск 2015
    133.87 МБ
    Беларускія рэспубліканскія клюбы былі дзейныя і пасьля майго адыходу, калі старшынём стаў Васіль Мельяновіч мой доўгагадовы сябра 1 аднадумец. На вялікі жаль, Васілю не было наканавана даўжэйшае жыцьцё ён заўчасна адышоў у іншы сьвет у 2004 годзе.
    Гаворачы па шчырасьці, амэрыканская Рэспубліканская партыя перажывае крызіс. Пасьля колішняга ўздыму пры прэзыдэнце Рэйгане палітыка Джорджа Буша-малодшага войны ў Іраку і Афганістане была для рэспубліканскага руху разбуральнай, партыя страціла шмат сяброў, асабліва сярод маладых. Праўда, цяпер «рэспубліканства» адраджаецца, асабліва на мясцовым, штатным узроўні. Будучыня пакажа, дзе ў гэтым працэсе будуць амэрыканскія беларусырэспубліканцы.
    ЗША. Этнічная рада
    Шлях да Рады
    Яшчэ адна амэрыканская арганізацыя, у якой мне давялося дзеіць і чатыры гады быць старшынём гэта Этнічная дарадчая рада пры губэрнатары штату Нью Джэрзі (Governor’s Ethnic Advisor Council of NJ). Арганізацыя, пакліканая спэцыяльным дэкрэтам губэрнатара, мае функцыі: радзіць губэрнатару ў пытаньнях нацыянальнасьцяў штату, падтрымоўваць культурна-грамадзкія праекты нацыянальнасьцяў штату. Арганізацыя гэтая не палітычная, а грамадзка-культурная.
    На адным з інаўгурацыйных баляў у Вашынгтоне ў студзені 1973 году з нагоды перамогі Рычарда Ніксана ў выбарах і пачатку ягонага другога прэзыдэнцкага тэрміну, мы я і Зора пазнаёміліся з губэрнатарам штату Нью Джэрзі Білам Кэгілам. У часе гутаркі губэрнатар сказаў, што чуў пра мой удзел у выбарчай кампаніі прэзыдэнта Ніксана, ведае, што мы беларусы (перад тым ён паказваў прэсе жэтоны нацыянальнасьцяў, якія «працавалі» на Ніксана ў Нью Джэрзі), і прапанаваў мне ўвайсьці як сябру ў склад Інтэрнацыянальнага камітэту нью-джэрзійскае камісіі па адзначэньні 200-годзьдзя ЗША, якое ў тым часе рыхтавалася «на поўную пару», і для адзначэньня юбілею ствараліся розныя структуры ўлучна з згаданым камітэтам. Я прапанову губэрнатара прыняў стаў сябрам таго камітэту.
    У камітэце было 14 чалавек, а ўзначальваў яго доктар Пітэр Самартына тагачасны рэктар, а пазьней канцлер унівэрсытэту Фэрлея Дыкенсана. Доктар Самартына жыў у нашым мястэчку Радэрфорд, там мясьціўся і ўнівэрсытэт за дзесяток кварталаў ад нашае хаты. Для мяне гэта было вельмі выгодна, і я не прапушчаў ніводнага паседжаньня камітэту, бо яны адбываліся альбо ў хаце доктара Самартына, альбо ў унівэрсытэцкіх будынках.
    Востраў Сьлёз
    Асноўным заданьнем камітэту было падрыхтаваць справаздачу аб стане Эліс Айлэнду былога «Востраву Сьлёз» у Нью-ёркскай гавані, які ад канца XIX стагодзьдзя і да сярэдзіны 1950-х гадоў быў важным пунктам у эміграцыі ў ЗША з Эўропы. Праз востраў прайшло каля 13 мільёнаў эмігрантаў (ясна, што праз востраў прайшлі ўсе нашыя
    землякі!). Ад сярэдзіны 1950-х гадоў востраў быў цалкам закрыты і знаходзіўся пад аховай берагавой памежнай службы ЗША. I вось у Вашынгтоне вырашылі аднавіць востраў як нацыянальны памятнік. Каб справіцца з заданьнем, трэба было востраў адведаць. I ў першай афіцыйнай паездцы сяброў камітэту на востраў браў удзел 1 я.
    У прызначаны дзень мы з Самартына пад’ехалі да берагу, і там нас катэр памежнай службы павёз на невялікі астравок каля Статуі Свабоды. Калі мы высадзіліся з катэра, прадстаўнікі з Вашынгтону сказалі нам, што востраў, г. зн. будынкі на ім, трэба ўважліва агледзець ды выказаць меркаваньні што да магчымасьці ці немагчымасьці ўжыцьця востраву. Нашыя заўвагі мусілі мець характар гістарычнасэнтымэнтальны, а інжынэры і будаўнікі мусілі аглядаць будынкі пазьней.
    Атрымаўшы блякноцікі, мы пайшлі па будынках. Будынкі былі ў жахлівым стане ўсярэдзіне, хоць звонку, з чырвонай цэглы, выглядалі досыць прыстойна, калі не зважаць на пабітыя шыбы. Было відаць, што будынкі былі зачыненыя як бы ў сьпешцы: непрыбраныя перакуленыя сталы, на падлогах бруд, судзьдзё, старыя коўдры, паламаныя ўслоны... Адміністрацыйны будынак быў прыстойны. У нядрэнным стане быў і будынак, дзе эмігранты праходзілі камісіі мэдыцынскую, іміграцыйную.
    Натаваўя розныязаўвагі й простанедаваўверы: сюдыжпрыходзілі мае землякі менскія, віленскія... Стваралася ў мяне ўражаньне, што, калі я перагаворваўся з Самартына, рэха, якое разносілася, мела ў сабе нешта беларускае галасы землякоў.
    «Жыве Беларусь!»
    Апошні будынак, ці, правільней, частка будынку каля мэханічнаацяпляльнага цэху, які трэба было агледзець, называўся карантынным. Сюды зводзілі эмігрантаў на карантынны пэрыяд. Эмігранты з мэдычнымі праблемамі знаходзіліся ў меншай, адгароджанай частцы, а з праблемамі палітычна-адміністрацыйнага характару у большай.
    I гэты будынак быў вельмі закінуты. Кідалася ў вочы, што было ў ім шмат надпісаў на сьценах прозьвішчы, цытаты, разнамоўе. Я дык неяк затрымаўся, разьбіраючы тыя прозьвішчы. I раптам недалёка ад акна ўбачыў... Спачатку ня даў веры! Зьлінялае, выцьвілае, напісанае колісь хімічным алоўкам «Жыве Беларусь»! Ясна, я ўсхваляваўся. Паклікаў Самартына, некага іншага. Тлумачыў ім, што гэта такое, 1 стараўся перадаць пачуцьці. Асабліва хацеў я ведаць, ці ў каго-небудзь з нашае дэлегацыі ёсьць фотаапарат. Ніхто ня меў. Ня мэта была дакумэнтаваць дэталі. Ды наагул, да маіх узрушаных пачуцьцяў калегі аднесьліся спакойна, абыякава. Супакоіўся і я. Думкамі пера-
    нёсься да таго земляка, што напісаў «Жыве Беларусь!». Я ведаў, што земляка не знайду, але ягоны настрой адчуваў: ён у цяжкую хвіліну, магчыма перад адпраўкаю назад у Эўропу, сказаў «Жыве Беларусь!» і напісаў нешта важнае для яго!
    Ведаў я, што гэтыя сьцены хутка замалююць і надпіс згіне. Але ведаў я таксама, што таго, хто вывеў гэтыя словы, я не забуду. Ды наўздагон скажу: справаздачу мы зрабілі. Рэкамэндавалі будынкі аднавіць. Бюракратыя запрацавала. На Востраве сьлёз цяпер Музэй эміграцыі.
    Губэрнатар Брэндан Бэрн
    У тым самым 1973 годзе ў штаце Нью Джэрзі адбываліся чародныя раз на чатыры гады выбары губэрнатара. Дасюлешні губэрнатар рэспубліканец Біл Кэгіл выбары прайграў, а штат выбраў новага губэрнатарадэмакрата Брэндана Бэрна (абодва, дарэчы, знаныя палітыкі штату, ірляндзкага паходжаньня).
    Новы губэрнатар Брэндан Бэрн, ствараючы сваю адміністрацыю (каля 1500 чалавек), пакінуў створаныя папярэднікам структуры адзначэньня 200-годзьдзя ЗША амаль бязь зьменаў, толькі дадаў у камітэты сваіх дарадчыкаў.
    У Інтэрнацыянальны камітэт, дзе я быў сябрам, ад новае адміністрацыі быў прызначаны Стывэн Рычэр маладзейшы чалавек, кіраўнік аддзелу Дэмакратычнай партыі ў адной з акругаў штату Нью Джэрзі, выпускнік Прынстанскага ўнівэрсытэту. Я з Стывэнам Рычэрам пасябраваў, асабліва пасьля таго, як ён папрасіў мяне «настроіць» сяброў камітэту на прыняцьцё рэзалюцыі патрэбнага новай адміністрацыі зьместу што я і зрабіў. Стывэн быў яўрэйскага паходжаньня, яго продкі прыехалі ў ЗША напрыканцы XIX стагодзьдзя з Оўручу ва Ўкраіне. Але, як казаў Стывэну дзед, у бюракратычным млыне іміграцыі ягонае прозьвішча Оўруцкі было спрошчана на Рычэр. Сяброўства нашае мацнела, бо Стывэн хутка зразумеў і маё зацікаўленьне амэрыканскім палітычным працэсам, і прасіў растлумачыць болей пра Беларусь, бо пра Ўкраіну ён сёе-тое ведаў. (Маё сяброўства з Стывэнам працягваецца і цяпер. Аднойчы ён прапанаваў мяне ў кандыдаты на атрыманьне «Ганаровага мэдаля Эліс Айлэнд», але яму паведамілі, што ўзнагарода даецца аднаму чалавеку паходжаньнем з пэўнай краіны і што як выхадзец зь Беларусі яе атрымаў Кэрк Дуглас.)
    Аднак поўнасьцю ў той час я аддаваўся арганізацыі Беларускіх фэстываляў. Дарэчы, мая прысутнасьць у Інтэрнацыянальным камітэце дапамагала мне і ў справе фэстываляў усе сябры камітэту і іх сем’і набывалі квіткі на Беларускія фэстывалі.
    Штатная палітыка таксама ішла сваім ходам набліжаўся канец
    першага тэрміну губэрнатара Бэрна (1973-1977)дэмакраты штату рыхтаваліся да перавыбараў губэрнатара. Я ў гэтай кампаніі ўдзелу ня браў уся энэргія канцэнтравалася на нашых беларускіх справах. Аднак калі дэмакраты пыталіся, асабліва ў Зоры яна апрацоўвала даведнік нацыянальнасьцяў штату Нью Джэрзі дык парады мы давалі.
    Пераабраньне Бэрна
    Справа пераабраньня на другі тэрмін губэрнатара Брэндана Бэрна не выглядала простай, пераможнай або нават абяцальнай. Рэйтынг губэрнатара Бэрна ў штаце, асабліва сярод дэмакратаў, быў вельмі нізкі. Прычына незадавальненьня губэрнатарам палягала ў тым, што ён правёў заканадаўства, якое абвяшчала і замацоўвала «на векі вечныя» недатыкальнасьць вялікае тэрыторыі штату гэтай тэрыторыі надаваўся статус запаведніку Pine Lands. Гэта вялізарная тэрыторыя цэнтральнае часткі штату Нью Джэрзі, пераважна пясчаная зь нізкарослымі сасонкамі, рачулкамі і багатай фаўнай. Пад пластамі пяску аквіпласт чысьцюткай вады, рэзэрвуар пітной вады для штату Нью Джэрзі і гораду Філядэльфія. Бясспрэчна, тэрыторыя магла ў будучыні стаць месцам «будаўнічага буму», бо ляжала выгодна паміж Нью Ёркам і Філядэльфіяй. Губэрнатар Бэрн прыкончыў мары будаўнікоў, камэрсантаў, прадпрымальнікаў, а з гэтымі катэгорыямі салідарызаваліся і будаўнічыя прафсаюзы. I хоць заканадаўства прайшло, зацэмэнтавала закон, шырокія пласты выбаршчыкаў думалі праваліць губэрнатара на наступных выбарах (1977) і закон адмяніць.
    Перадвыбарчая кампанія была заўзятая, і калі традыцыйныя дэмакратычныя групы, такія як прафсаюзы, губэрнатара не падтрымвалі, то нацыянальныя мяншыні з кансэрватыўным падыходам да «пустой зямлі, парослай лесам» беларусы, палякі, італьянцы далі губэрнатару неабходную перавагу і забясьпечылі перамогу ў выбарах: Брэндан Бэрн быў пераабраны на другі тэрмін, 1978-1982.
    Было ў ходзе тае перадвыбарчае кампаніі і нешта новае ў гутаркахз нацыянальнасьцямі. Губэрнатар казаў: «Калі мяне пераабяруць, я буду больш зьвяртаць увагі на праблемы і клопаты нацыянальных групаў і арганізую Этнічную дарадчую раду». Выбаршчыкі думалі гэта прапаганда, як заўсёды. Ажно, выйграўшы выбары, губэрнатар Брэндан Бэрн вырашыў стварыць Этнічную дарадчую раду першую ў краіне.
    Старшынём Этнічнае рады абраны беларус!
    Гэткі быў шлях да Этнічнае рады ў Нью Джэрзі.
    Неўзабаве пасьля выбараў, 11 красавіка 1978 году, губэрнатар Бэрн спэцыяльным дэкрэтам паклікаў да жыцьця, арганізаваў і зацьвер-
    дзіў Губэрнатарскую Этнічную раду штату Нью Джэрзі Governor’s Ethnic Advisory Council. Рада складалася з 28 асобаў, прадстаўнікоў розных нацыянальных арганізацыяў штату. Паклікалася яна на 2 гады дзейнасьці з тым, што наступны тэрмін прадстаўнікі нацыянальнасьцяў будуць чаргавацца. Рада была зарэгістраваная як штатная адзінка ў State Government Manual зь сядзібай у сталіцы штату горадзе Трэнтане. Старшыня рады прызначаецца губэрнатарам. Асноўная функцыя Рады кансультаваць губэрнатара ў дачыненьнях з нацыянальнасьцямі штату і дапамагаць аддзелу адукацыі ў наладжаньні школьных і пазашкольных адукацыйных праграмаў у вывучэньні этнічных спадчын штату. Губэрнатар абвясьціў аб стварэньні Рады на спэцыяльнай цырымоніі з удзелам прадстаўнікоў прэсы і адміністрацыі.