Жыць і дзеіць
Вітаўт Кіпель
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 442с.
Мінск 2015
На прыняцьці з нагоды заканчэньня свайго губэрнатарскага тэрміну ў 1982 годзе Брэндан Бэрн сказаў нам з Зорай: «Адна падушачка застаецца ў мяне, а другая ідзе ў музэй», Дарэчы, пра сваю сядзібу Morven Бэрн напісаў кніжку і з аўтографам падараваў мне, а я аддаў яе ў Менск у Нацыянальную бібліятэку.
Мушу сказаць, што з губэрнатарам Брэнданам Бэрнам у нас устанавіліся выдатныя адносіны прыватныя й працоўныя. Нават пры сустрэчах пазьней, калі ён ужо ня быў губэрнатарам, мы ўспаміналі мінулае, жартавалі. Быў я таксама прыемна задаволены, калі атрымаў яго разьвітальны ліст пры сыходзе з пасады быў ён больш сяброўскі, чым афіцыйны.
Прадстаўніцтва Рады па-за штатам
Будучы ў Этнічнай радзе, трэба было ўваходзіць і ў іншыя структуры. Так я быў адным з дырэктараў Міжнароднага інстытуту гораду Джэрзі Сіты гэта лібэральная арганізацыя, бадай найстарэйшая ў ЗША, якая дапамагае імігрантам.
Стаіць у памяці яшчэ адзін эпізод з тых часоў. Спадар Джэк Тапорэк адказны за дзённы расклад губэрнатара, мой добры сябра у адзін прыгожы дзень мне кажа: «Ві (гэтак мяне скарочана замест «Вітаўт» называлі амэрыканцы), у такі і такі дзень табе трэба будзе паехаць у Нью Ёрк на паседжаньне з губэрнатарам штату Нью Ёрк Марыё Куома і прадстаўнікамі нацыянальнасьцяў штатаў і расказаць ім пра дзейнасьць Этнічнай рады ў Нью Джэрзі. Яны плянуюць арганізаваць падобную раду ў штаце Нью Ёрк». Гэтую просьбу я выканаў.
Аднойчы ад імя Этнічнай рады трэба было ўдзельнічаць у канфэрэнцыі ў Белым Доме, скліканай віцэ-прэзыдэнтам Ўолтэрам Мондэйлам для абмену думкамі з «этнічнымі» лідэрамі на тэму як зьменшыць інфляцыю. Быў 1980 год, інфляцыя перакрочыла 10%! Трэба сказаць, што этнічная Амэрыка інфляцыі ня надта баялася: жылі ашчадна, незадавальненьне было, інфляцыя адчувалася, але не было панікі.
Праект «этнічнага» Кліўлэнду
Дзейнасьць у Этнічнай радзе штату Нью Джэрзі прывяла мяне і да такога выпадку. Я не належу да групы людзей, якія надаюць значаньне тытулам. Я будую дачыненьні на падставе веданьня асобы. Аднак быў выпадак, калі тытул старшыні Рады прычыніўся да важнае для мяне падзеі.
Хутка пасьля прызначэньня мяне старшынём Этнічнае рады штату Нью Джэрзі а гэта падзея штатнага маштабу, якая рэгіструецца ў штатных адміністрацыйных і юрыдычных цыркулярах, што рассылаюцца адпаведным аддзелам ва ўсе штаты мне пазваніў з Кліўлэндзкага штатнага ўнівэрсытэту загадчык катэдры сацыялёгіі і эканомікі прафэсар Карл Бануты. У размове прафэсар сказаў, што яны хацелі б са мной пагаварыць аб этнічных справах у Кліўлэндзе і таму запрашаюць мяне туды прыехаць вядома, запрапанаваўшы аплаціць падарожжа. Я прапанову прыняў, зазначыўшы, што ў мяне ў Кліўлэндзе ёсьць добрыя сябры, я і так да іх плянаваў прыехаць, а фінансавыя справы хай пакінуць мне. Праз пару тыдняў я быў у Кліўлэндзе і меў доўгую гаворку з прафэсарам Бануты ў штатным унівэрсытэце. Аказалася, што ў Кліўлэндзе ў публічных школах чыталіся лекцыі з гісторыі эмігрантаў у горадзе. Больш таго, штатны
ўнівэрсытэт плянаваў выдаць сэрыю кніжак-дапаможнікаў для школаў з гісторыі этнічных групаў у Кліўлэндзе. У плянах было выдаць панад 25 кніжак, і мне запрапанавалі напісаць кнігі пра гісторыю пасяленьня ў Кліўлэндзе беларусаў. Я, вядомая справа, прапанову прыняў, і праз пару гадоў у выдавецтве Кліўлэндзкага штатнага ўнівэрсытэту выйшла кніжка «Беларусы ў Кліўлэндзе». Прыпушчаю, што кніга ўжываецца ў школах і цяпер, зразумела, з дапаўненьнямі. Вось, я думаю, дзе маё старшынёўства ў Этнічнай радзе дапамагло «прасунуць» беларусіку і ў іншым штаце. Поўны назоў кнігі Byelorussian Americans and Their Communities of Cleveland. Уступ для кнігі напісаў прафэсар Бануты, кароткую зацемку пра беларусаў напісаў прафэсар Томас Бэрд зь Нью Ёрку. (3 Карлам Бануты мы пасябравалі, ён браў удзел у беларускіх канфэрэнцыях. Калі рухнула савецкая імпэрыя, Карл Бануты стаўся амбасадарам Славеніі ў Ватыкане і запрашаў нас у госьці.)
Але на гэтым мае кантакты з Кліўлэндам ня скончыліся. У 1982 годзе мне быў нададзены тытул Ганаровага грамадзяніна гораду Кліўлэнду, а праз пару гадоў мне запрапанавалі напісаць артыкул пра беларусаў у Энцыкляпэдыю Кліўлэнду (1985), а пазьней артыкул пра беларусаў Амэрыкі для выданьня Ethnic Forum, Kent State University, 1989. Vol. 9, y выдавецтве ўнівэрсытэту, які цесна зьвязаны з Кліўлэндам (кілямэтраў 50-70 ад гораду).
Этнічная рада штату Нью Джэрзі дзейная і сёньня. Спэцыяльны дэкрэт Брэндана Бэрна ніколі ня быў скасаваны. Час-часом у Раду паклікаюцца і беларускія прадстаўнікі у Радзе была Ірэна РагалевічДутко, Лявон Шурак. Раз ці два Рада запрашала мяне на паседжаньні пераважна, каб я расказаў, «як усё пачыналася». Бясспрэчна, дзейнасьць у Радзе была ў маім жыцьці пазытыўным пэрыядам, праца ў ёй прыносіла мне задавальненьне, я шмат расказаў пра Беларусь.
Беларускія фэстывалі
Сытуацыя ў краіне на пачатку 1970-х
Пасьля перамогі на выбарах 1972 году Рычарда Ніксана краіну захапіў палітычны скандал вядомы пад назвай «Watergate», паводле назвы жыльлёвага комплексу ў Вашынгтоне. У аснове «Watergate» была банальная падзея рабаўніцкі ўзлом у чэрвені 1972 году выбарчага штабу Дэмакратычнай партыі з мэтай знайсьці кампрамат на дэмакратаў, каб выкарыстаць яго ў выбарчай кампаніі.
Лякальны крымінальны акт так выглядала гэтая навіна ў rasaTax пры дапамозе прэсы разросься ў агульнаамэрыканскі скандал. Відавочны рабунак, які патрабаваў паліцэйскага расьсьледаваньня, ператварыўся ў грандыёзны скандал з палітычнай афарбоўкай, які стараліся неяк прыкрыць блізкія супрацоўнікі прэзыдэнта Ніксана. Іх дзеяньні ня мелі ніякага сэнсу, бо расьсьледаваньне 1 журналісты даводзілі, што ня толькі блізкае атачэньне Ніксана плянавала ўзлом, але і ён сам меў дачыненьне да гэтага здарэньня.
У выніку найпадрабязьнейшага крымінальнага аналізу і судовага працэсу справа дайшла да адмовы Рычарда Ніксана ад прэзыдэнцкай пасады ў 1974 годзе і канстытуцыйна прадбачанага абраньня прэзыдэнтам Джэралда Форда. Краіна бушавала! Алівы ў агонь абурэньня падліло прабачэньне і дараваньне віны былому прэзыдэнту Ніксану прэзыдэнтам Фордам. Здавалася, скандалу ня будзе канца. Праўда, кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі, у першую чаргу сэнатар Робэрт Доўл, якія стаялі далёка ад падзеяў «Watergate», бо рабілі «справу» людзі Ніксана, стараліся адмежавацца ад скандалу, аднак гэта было амаль немагчыма.
Аддзел нацыянальнасьцяў Рэспубліканскай партыі некалькі разоў праводзіў апытаньні сярод нацыянальных клюбаў наконт таго што яны думаюць пра «Watergate». Мы апыталі беларускую грамаду справа «Watergate» яе мала цікавіла. У газэце «Беларус» пра гэтую справу бадай што й ня згадвалася. Вынікі пэрсанальных і тэлефанічных апытаньняў былі такія: каля 90% апытаных адказалі, што гэта справа дробная, якая не заслугоўвае ўвагі і рэклямы; 8% выказаліся так, што калі было ўчыненае крымінальнае злачынства, то гэтая справа мусіла апынуцца ў судзе; каля 2% уважалі, што справа «Watergate» мусіла разглядацца так, як разглядалася.
3 маіх сувязяў зь іншымі нацыянальнасьцямі я ведаў, што іх таксама справа «Watergate» цікавіць няшмат, хоць, можа, і больш, чым беларусаў. Як бы там ні было, кіраўніцтва Рэспубліканскае партыі заняло нэўтральную пазыцыю, будучы пераконаным, што шмат рэспубліканцаў уважала: гэтую справу трэба было «вывесьці на чыстую ваду», што б ні думалі асобныя ўгрупаваньні ў партыі. Але напружаньне ўсё ж зьмяншалася.
Пробліскі супакаеньня пачалі сыходзіць ад дэмакратаў яны адчулі магчымасьць прыйсьці ў Белы Дом, а таму было лепш і больш апраўдана канцэнтравацца на падрыхтоўцы да выбараў. У 1976 годзе прэзыдэнтам ЗША стаў дэмакрат Джымі Картэр.
200-годзьдзе Злучаных Штатаў Амэрыкі
Зьніжэньню напружанасьці спрыяла і тая акалічнасьць, што краіна рыхтавалася адзначаць 200-годзьдзе значны юбілей, які прыпаў на 1976 год. Сьвяточны ўздым моцна астудзіў палітычныя эмоцыі, і пра «Watergate» пачалі забываць.
Затое адзначэньне 200-годзьдзя набывала ўсё больш магутны размах. Амэрыка ганарылася юбілеем, у сьвяткаваньнях бралі ўдзел і «вялікія» і «малыя» штаты, школы, дзяржаўныя ўстановы, звычайныя грамадзяне. У сьвяточнымузбуджэньні знаходзіліся 1 беларускія арганізацыі: БАЗА, БККА, вэтэраны, БІНіМ слалі прадстаўнікоў на юбілейныя канфэрэнцыі, танцавальны гурток моладзі «Васілёк» нарасхват выступаў у розных гарадох на рэпэтыцыях і сапраўдных інсцэніроўках рэвалюцыйных падзеяў 1776 году. Прадаваліся юбілейныя сувэніры, беларускія эміграцыйныя паэты пісалі адпаведныя вершы.
Юбілейнасьць асабліва адчувалася ў тых штатах, дзе за дзьвесьце гадоў да таго адбываліся рэвалюцыйныя падзеі: у Прынстане, Трэнтане, штаце Вірджынія. Газэты штату Нью Джэрзі, падрыхтоўваючы грамадзтва да адзначэньня юбілею краіны, зазначалі таксама, што ў штаце нядаўна адчыніўся новы Цэнтар мастацтваў Garden State Arts Center, адміністрацыйна падначалены Аддзелу дарожнае камунікацыі штату Нью Джэрзі з адрасам горад Голмэйл, Садовая аўтастрада. (Дарэчы, штат Нью Джэрзі мае мянушку «Садовы штат», а названая магістраль даўжынёю каля 200 км праразае ўвесь штат з поўначы на поўдзень.) Новазбудаваны Цэнтар мастацтваў разьмясьціўся ў цэнтральнай частцы штату паміж маляўнічымі ўзгоркамі ўздоўж магістралі так, што відаць з розных бакоў. Будовіна ў выглядзе «лятучай талеркі» разьлічаная прыблізна на 5 з паловай тысячаў гледачоў 1 акружаная каштанавымі пасадкамі з сотнямі дрэваў, спартовымі пляцоўкамі, месцамі для паркаваньня, пікнікоў. Будову ўрачыста
«ахоўваюць» алюмініевыя мачты, на якіх палошчуцца сьцягі калярытнае ўражаньне.
Этнічныя фэстывалі ў Цэнтры мастацтваў
Навіна аб новым Цэнтры хутка разыходзілася, найперш таму, што ў Цэнтры пачалі праводзіць нацыянальныя фэстывалі: італьянскі, ірляндзкі, польскі, яўрэйскі і іншыя, а жыхарства штату Нью Джэрзі вельмі шматнацыянальнае і такімі праграмамі цікавіцца. А другі аспэкт, чаму Цэнтар мастацтваў прыцягнуў увагу ён спансараваў клясычныя вечары: опэра, мастацтва, літаратура.
На Цэнтар мастацтваў хутка зьвярнула ўвагу і беларускае грамадзтва: два значныя беларускія асяродкі ў гарадох Саўт Рывэр і Нью Брансўік знаходзяцца на блізкай адлегласьці ад Цэнтру, і шмат хто зь беларусаў наведваў там розныя мастацкія праграмы. Цэнтар мастацтваў ладзіў таксама канцэрты і для школаў такія выступы адбываліся сярод тыдня. Усё гэта рабіла новы Цэнтар ведамым і папулярным. Нагэтулькі папулярным, што аднойчы мне ў беларускай царкве Божай Маці Жыровіцкае ў Гайлэнд Парку нехта з маладых «кінуў» такое: «Спадар Вітаўт, вы ведаеце Цэнтар мастацтваў? А можа і мы некалі адважымся там выступіць?» На гэткі намёк-выклік я жартаўліва прамармытаў нешта накшталт «некалі... напэўна...», думаючы сам сабе «калі рак сьвісьне». Але гэты «абмен паглядамі» ўсё ж пакінуў кавалачак нейкае інфармацыі ў кампутары маёй галавы. А можа?..