Жыць і дзеіць
Вітаўт Кіпель
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 442с.
Мінск 2015
Па вяртаньні ў Амэрыку
Першае наведаньне Беларусі адкрыла дарогу далейшым паездкам, якіх было даволі шмат. Але я асабіста пачуўся, што пачаў супрацоўнічаць зь Беларусьсю, нягледзячы на тое, што ў 1991 годзе гэта быў яшчэ Савецкі Саюз. Былі наладжаныя кантакты пэрсанальныя, сямейныя, грамадзкія, пайшла ў ход кніжка, былі заплянаваныя далейшыя публікацыі.
Першы кангрэс беларусістаў адбыўся ў канцы травеня 1991 году. Мы прадставілі наш пункт гледжаньня, былі дыскус11, былі і напружаныя мамэнты, але разьехаліся мы ў настроі, што нацыянальная думка працуе ў правільным кірунку.
Пасьля кангрэсу мы вярнуліся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі і зрабілі пару вечароў, дзе паінфармавалі беларускае грамадзтва аб нашым побыце ў Беларусі. Беларускае грамадзтва ў Амэрыцы яшчэ не было гатовае ўспрыняць той факт, што мы наладжваем кантакты зь Беларусьсю, што часы зьмяніліся. Затое пару дакладаў, якія я зрабіў амэрыканскім аўдыторыям, успрымаліся вельмі пазытыўна. Злучаныя Штаты хацелі бачыць у Беларусі саюзьніка, які мае салідныя карані ў Амэрыцы.
Жнівеньскі путч і Незалежнасьць
Раптоўная і нечаканая падзея путч у жніўні 1991-га ў Маскве. Эміграцыю гэта насьцярожыла што будзе далей? Ясна, ніхто на эміграцыі не хацеў вяртаньня старога. За час пасьля нашага вяртаньня ў Беларусі адбываліся палітычныя зьмены, друк пачаў зьвяртаць
увагу на беларускія падзеі. У ліпені быў абвешчаны сувэрэнітэт, мы давалі інтэрвію газэтам, тлумачылі, што значыць новая Беларусь, якая нашая пазыцыя, якою мы бачылі Беларусь у ідэальным стане адным словам, Беларусь увайшла на старонкі вялікага друку: у ЗША эмігранты добра тлумачылі становішча.
Жнівеньскі путч быў для ўсіх нечаканасьцю: і для эмігрантаў, і для заходніх палітыкаў. Але путч скончыўся, для нас ён, думаю, быў карысныпасьля яго нацыянальная дзейнасьць пачала разьвівацца больш дынамічна. У Расеі не абышлося нават без праліцьця крыві, але пасьля путчу ўжо было «ў картах», што гісторыя СССР набліжаецца да канца.
Прыняцьце новай дзяржаўнай сымболікі бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» было аднадушна прынята эміграцыяй як вельмі пажаданы крок, і вельмі хутка зьявіліся паштоўкі, выдадзеныя ААН, зь сьцягам новай дзяржавы Беларусі. Памятаю, як некаторыя эмігранты Машанскі, Субота езьдзілі купляць тыя паштоўкі па сотні штук і рассылалі, каму толькі маглі.
Рым-IV у Горадні
У пачатку 1993 году мы атрымалі вестку з Рыму, што ў Менску было вырашана: чародны «беларускі Рым» адбудзецца ў Горадні. Мы ня ведалі ўсіх тонкасьцяў перамоваў, але навіну вельмі віталі. Канфэрэнцыя «Рым-IV» адбылася ў канцы чэрвеня 1993 году. Безумоўна, мы таксама на яе паехалі. Па велічыні 1 колькасьці ўдзельнікаў канфэрэнцыя ў Горадні была самая вялікая. Горадня прыняла нас вельмі сымпатычна, хоць і былі адміністрацыйныя недагляды, але гэта дробная справа.
На мяне канфэрэнцыя зрабіла велізарнае ўражаньне. Скажу шчыра: па памерах такой беларускай канфэрэнцыі мне наведваць не даводзілася. Па-першае, гэта было працягам сэрыі важных канфэрэнцыяў. Па-другое, не выпадала казаць пра беларускую «дэлегацыю» там была беларуская цэлая канфэрэнцыя. Беларусаў былі сотні, гэта было ў беларускім горадзе, былі шмат дзесяткоў дакладаў на беларускую тэму. Беларускія выстаўкі, эстрада, тэатар Беларусь навуковая рэпрэзэнтавалася ў поўнай моцы. У часе канфэрэнцыі былі дадзеныя ганаровыя дактараты Гарадзенскага ўнівэрсытэту мне нумар першы, я яго захоўваю і ганаруся, прафэсару Клачоўскаму, украінцу Ісаевічу і літоўцу Вітаўтасу Мяркісу.
Падчас канфэрэнцыі сярод сотні новых знаёмстваў я пазнаёміўся таксама з Алесем Белакозам, ён звазіў нас у свой музэй усё гэта было на вельмі прыўзьнятай ноце. Калі праходзіла адкрыцьцё канфэрэнцыі, я сядзеў за сталом прэзыдыюму разам з Радзімам Гарэцкім, 1 я яму кажу: мы сядзім цяпер на канфэрэнцыі, а нашыя
бацькі разам сядзелі ў іншым месцы ён пасьмяяўся, жарт быў на месцы.
Каб павесяліць гасьцей былі розныя вечарыны, і на адной вечарыне выступалі два ці тры беларускія аркестры, і Шыбека танцаваў польку я ніколі ня бачыў, каб хто так добра танцаваў польку, як Захар Шыбека! Я нават падумаў ці ня быў ён нейкім танцорам, што так віртуозна танцаваў. Што кінулася ў вочы было мала падпітых, і то больш падпітыя былі госьці.
Шмат цікавых мясьцінаў у Горадні мы наведалі з прафэсарам Майсяёнкам, ён расказаў, як ва ўнівэрсытэце адбываецца навучальны працэс, якія там факультэты. Ва ўнівэрсытэце мы правялі шмат гадзінаў.
«Бос» Арцыменя
Было таксама знаёмства з прадстаўніком уладаў, дзякуючы якому канфэрэнцыя і магла адбыцца ў Горадні. Адам Мальдзіс мне сказаў, што спачатку яны з Клачоўскім плянавалі правесьці канфэрэнцыю ў Пінску, але пінскія ўлады паставіліся да гэтага вельмі холадна. Тады Мальдзіс вырашыў паехаць у Горадню бо ён сам з Астравеччыны, ён знае там людзей і пайшоў да Арцымені. Дзьмітры Арцыменя быў ягоны супернік на выбарах у Вярхоўны Савет, але прыняў ідэю канфэрэнцыі вельмі пазытыўна і шмат дапамог.
У Горадні я пазнаёміўся з Арцыменем Мальдзіс мяне прадставіў. На адкрыцьці канфэрэнцыі Арцыменя нават сказаў пару слоў што ён задаволены, што гэта адбываецца ўГорадні, і што ён чым можа дапаможа. I сапраўды, гарадзенскія ўлады дапамаглі канфэрэнцыі фінансава.
Мальдзіс пасьля расказваў мне пра першы кантакт з Арцыменем у гэтай справе ён прыйшоў да яго, а Арцыменя думаў, што той будзе гаварыць пра выбары. А Мальдзіс кажа: не, не, пра выбары я забыўся, тут новая справа. Арцыменю ідэя канфэрэнцыі ў Горадні спадабалася, і ён грунтоўна прычыніўся да арганізацыі канфэрэнцыі.
3 Арцыменем у мяне склаліся таварыскія дачыненьні. У часе банкету ён падышоў да мяне пагутарыць і сказаў нешта незвычайнае: «Вітаўт Яўхімавіч, у мяне ёсьць яхта 40 футаў, трэба яе прадаць». «А дзе яхта?» «Яхта ў Каліфорніі...» Я кажу, што ў мяне нават лодкі няма, ёсьць толькі сьпінінг, і той ня самы дарагі, так што я ў гэтай справе ніяк не дапамагу. Мы яшчэ пажартавалі, я яго далей не распытваўся. Ён сказаў, што калі б у мяне ў Горадні былі якія патрэбы, то ён заўсёды гатовы дапамагчы. Запрапанаваў, калі трэба куды паехаць, то дасьць сваю машыну. Гаварыў ён вельмі ўпэўнена, казаў, што сам ён з-пад Баранавіч, праваслаўны, у Горадню прыехаў гадоў трыццаць назад, тут яго часам не разумеюць, але ён наладзіў
супрацоўніцтва зь людзьмі. Ён лічыць, што рэспубліка цяпер бярэ правільны кірунак, ідучы ў бок нацыянальнага. Прапанаваў адведаць музэй, дзе зьбіраюць канфіскаваныя на мяжы прадметы мастацтва я схадзіў, там сапраўды было шыкоўна, поўна мармуровых статуек, якія, мабыць зразалі недзе на могілках і хацелі правезьці, былі там старыя іконы, крышталь, ткацкія вырабы. Я быў «заскочаны>> багацьцем.
У той вечар я з Арцыменем разьвітаўся, але прыняў ягоную прапанову зноў сустрэцца. На жаль, гэтаму не было наканавана стацца: праз пару месяцаў Арцыменю застрэлілі справа нагадвала мафійны дэтэктыў.
Ганаровы дактарат
3 гледзішча беларусікі канфэрэнцыя ўГорадні бясспрэчна была найбольшай. Але канфэрэнцыя «Рым-IV» была таксама і гістарычна значная, мне казаў пра гэта прафэсар Клачоўскі з увагі на значэньне Горадні ў ВКЛ. Клачоўскаму было вельмі прыемна, што беларусы ацанілі яго працу ў галіне супольнай гісторыі ён атрымаў ганаровы дактарат. Я таксама ўспрыняў свой дактарат як падзяку за тое, што я раблю. У маім слове, калі я дзякаваў рэктару і радзе, якія далі мне гэты ганаровы тытул, я сказаў, што свой першы дактарат я атрымаў у адным з найстарэйшых унівэрсытэтаў Эўропы, заснаваным у 1425 годзе, а цяпер атрымоўваю ганаровы дактарат на Бацькаўшчыне, у наймаладзейшым унівэрсытэце нашай краіны Купалаўскім унівэрсытэце ў Горадні. Ісаевіч таксама быў вельмі задаволены, сапраўды, ніхто перад гэтым не зрабіў такога жэсту ні ў Рыме, ні ў Камянцы, ні ў Любліне. Задаволены быў і Мяркіс.
Канфэрэнцыя «Рым-V» у Троках
Гарадзенская канфэрэнцыя была чацьвертая, а пятая (1995) канфэрэнцыя адбывалася ўТроках. Канфэрэнцыя была арганізаваная нядрэнна, але памерам была мініятурная. Беларуская дэлегацыя была на належным месцы, былі даклады Снапкоўскага, Трусава, іншых навукоўцаў. 3 дакладу Трусава мне спадабалася пра тое, як мы археалягічна вызначаем сувязь з Эўропай: там, дзе ў доме ёсьць фундамэнт гэта Эўропа, а дзе фундамэнту няма, адразу пачынаецца зруб гэта ўжо расейская тэрыторыя.
Наагул, настрой на канфэрэнцыі ня быў такі бадзёры, як у Горадні атмасфэра была прыдаўленая.
УТроках мы прабылі дні тры ці чатыры. Арганізатары літоўцы казалі, што дзяржава ў арганізацыі канфэрэнцыі нічога не дапамагала, і зь іхных гаворак выглядала, што гэта была лебядзіная песьня
«рымскіх канфэрэнцыяў» і сапраўды, канфэрэнцыя ўТроках сталася апошняй.
На мой пагляд, спыненьне канфэрэнцыяў «Рым» адмоўнае зьявішча, бо арганізацыйны энтузіязм напачатку у Рыме ў 1990 годзе здавалася, быў сапраўдны і апраўданы. Бо вывучэньне Вялікага Княства Літоўскага жывая праблема, а з часам канфэрэнцыі маглі б стацца форумам і для дасьледнікаў ВКД дзе можна было б непасрэдна і хутка дзяліцца паглядамі, новымі адкрыцьцямі і здабыткамі. Так плянавалася напачатку, але на канфэрэнцыі ў Троках усё скончылася. Я пазьней пытаўся ў Мальдзіса, чаму не прадаўжаюць далей, ён сказаў, што ў Троках было выказана меркаваньне, што канфэрэнцыя аднаразовае зьявішча, адбылі пяць канфэрэнцый і на гэтым канец. Паколькі я займаўся іншымі справамі, махнуў на гэта рукой. Але я вельмі шкадую, што так сталася, бо ўсё ж на гэтых канфэрэнцыях мы, беларусы, выказвалі свае пагляды, іншыя маглі не згаджацца, вяліся дыскусіі. Мы выходзілі ў навуку як сур’ёзная група і мелі аўдыторыю, якой маглі прадставіць нашыя пагляды, бо беларускія гледжаньні не заўсёды даходзяць і нашы друкі не такія частыя, да таго ж мы шмат друкуем па-беларуску, што таксама часам абмяжоўвае.
Я асабіста чакаў ад «рымскіх канфэрэнцыяў» нечага вялікага, але скончылася справа вельмі празаічна. Мая думка: канфэрэнцыі «Рым>> не хацелі прадаўжаць літоўцы, маўляў лепш не ўваходзіць у дэталі ВКЛ.
Працы першых чатырох канфэрэнцыяў былі надрукаваныя асобнымі кніжкамі, і найбольшыя публікацыі былі з канфэрэнцый у Рыме і ў Горадні.
Я напісаў ліст прафэсару Клачоўскаму адносна працягу канфэрэнцыяў, але атрымаў фармальны адказ у тым сэнсе, што ён ужо не ў арганізацыйным камітэце і ня ведае, ідзе далей гэтая справа або не. Але ў падтэксьце чыталася: я, Ежы Клачоўскі, на гэта ніякага ўплыву ня маю.