Жыві ў свабодзе!
Зборнік твораў пра К. Каліноўскага
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 398с.
Мінск 1996
Падняўся вецер. Рака, шырокая і мнагаводная ў гэтых месцах, раптам паплыла, зашумела хвалямі. 3 лесу вецер даносіў скрып дрэва і моцны пах сасновай кары.
Толькі раніцаю, калі пасвятлела на ўсходзе, сціх вецер. Але Стахоўскі так і не змог заснуць у гэтую ноч. Ён сумаваў па сваіх сябрах, не пераставаў думаць пра Сцяпана Дубейку — каб не ён, ляжаць бы яму, Стахоўскаму, у сырой зямлі... Дзе ён цяпер, што з ім?
He спалася яшчэ і ад думак аб Караліне. Апошнімі днямі згадвалася яна вельмі часта.
Вясной, калі схлынуў са Злодзіна ледаход, Тонік Стахоўскі з некалькімі служачымі і дзесяткам рабочых паплылі на баржы па рацэ. Пан Ермаловіч выправіў яго ў гэтае падарожжа разведаць, дзе можна зрабіць падсочку, правесці ўзрыўныя работы па здабычы смаловага пня.
Дні стаялі пагодлівыя, ясныя, і Стахоўскі быў рад, што вырваўся з пракапцелай смалакурні ў шырокія палескія пушчы, што акружалі раку з абодвух бакоў.
Чыноўнікі і рабочыя, пакуль не даплылі да месца, не прасыхалі ад гарэлкі. Даставалі яе ў мясцовых шынкароў. Напіўшыся, яны ўпокат клаліся на палубе і з моцным храпам засыналі. На аголеных плячах рабочых Стахоўскі бачыў ружовыя пісягі-рубцы — сляды пастаянных пабояў. Стахоўскі пацікавіўся, хто завёў такое дзікунскае правіла — біць.
— Ды хто яго ведае, — з неахвотай адказаў яму адзін з рабочых, — з прыгонных часоў такая завядзёнка.
— To воля ж выйшла вам.
— Выйсці яна выйшла, а прыказчыкі яе не прызнаюць.
— А вы б паднялі бунт, няўжо вы не здольныя пастаяць за сябе?
— Як жа, і такое было, толькі дарма ўсё. Выклікалі з Мазыра войскі, а што мы супраць салдатаў?
— Значыць, у вас ёсць вопыт, і што ж — вы ўжо зняверыліся, апусцілі рукі? Волю трэба здабываць дубінай...
Доўга яны плавалі па Злодзіне. Стахоўскі паспеў пагаварыць з многімі рабочымі, зразумеў, што ў душы ў кожнага шмат накіпела з-за невыносных парадкаў на смалакурні. Далей трываць нельга...
А як толькі вярнуліся на смалакурню, Стахоўскі адправіў Караліне пісьмо:
«Дарагая Караліна! He ведаю — чакаеш ты мяне ці не. Пэўна, і ты, і твой бацька ўжо дазналіся, дзе я і які лёс спасціг мяне. Даруй, што я не гаварыў нічога пра сябе, бо не меў на тое права... Але хоць я і не расказваў, мне здаецца, што ты ўсё добра бачыла, разумела, амаль пра ўсё здагадвалася, і ўсё адно хацела, каб я часцей быў з табою. Я думаў, што тыя нашы сустрэчы каля Нёмана выпадковыя і забудуцца, як толькі я пакіну Гародню. Аж не. От ужо колькі я не
бачыў цябе, а забыць не магу. Павер — каб мая воля, то я на крылах прыляцеў бы, абы пачуць твой голас. Смалакурня, на якой я за інжынера, — месца маёй ссылкі. Я спрабаваў дамовіцца з яе ўладальнікам, каб ён паклапаціўся аб маім пераводзе ў сплаўную кантору твайго бацькі. Але заўсёды, калі пачыналася такая гаворка, Ермаловіч, мой гаспадар, успамінаў пра астрог. Я ўжо сядзеў і добра ведаю астрожныя парадкі. Людзей, што трапілі туды, на волю не выпускаюць. Мне, як бачыш, пашчасціла... Я прамаўчаў і на допыце ў турме, не сказаў і пану Ермаловічу, што ў мяне ёсць ты... Хаця, канечне, рана ці позна ўсё стане вядома: пісьмы, якія пасылаю табе, пэўна, чытаюцца не толькі цэнзурай...
Дарагая Караліна! Маё каханне да цябе моцнае, і я зразумеў — без цябе мне аднаму будзе цяжка.
Антак».
Яны пазнаёміліся незадоўга перад паўстаннем. Ён, Тонік Стахоўскі, малады інжынер з дыпломам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, прыехаў у Гародню, на месца будучай работы. Асталяваўшыся ў двухпавярховым даходным доме, ён адправіўся ў рэстаран павячэраць. Быў канец лістапада, зямля ад першых замаразкаў прыкарэла, на дол ціха апускаліся сняжынкі.
У рэстаране было нешматлюдна, іграла скрыпка, навяваючы сум і адзіноту. Ён заказаў павячэраць і думаў аб Белавежскай пушчы, дзе дамовіліся сабрацца паўстанцы. Побач з яго столікам сядзела дзяўчына. Перад ёю стаяў кубак кавы, але яна быццам забылася пра яго — пазірала на скрыпача, слухала журботную музыку, і ёй, пэўна, уяўлялася штосьці сваё, дзявочае.
Яна неўзабаве ўстала і падалася да выхаду. Ён хацеў пайсці за ёю следам, але чамусьці не адважыўся: што яна падумае пра яго?
Назаўтра ён быў на беразе Нёмана, ля сплаўной канторы. Яго згледзеў сярэдніх гадоў мужчына ў хромавых ботах, клятчастых штанах і пінжаку, шэрым капелюху, з арэхавым кіем у руках.
— Інжынер Стахоўскі? — спытаў ён і пры гэтым ссунуў кіем капялюх на патыліцу.
— Адкуль вам вядома?
— Я — пан Глінскі, уладальнік сплаўной канторы.
Падкаціла раскошная брычка, дзверцы яе расхінуліся, на зямлю саступіла дзяўчына з сабалінаю муфтаю ў руках. Стахоўскі пазнаў яе — гэта была тая самая незнаёмка, якую ён бачыў учора ў рэстаране.
— Караліна! — падаў голас Глінскі. — Я ж прасіў цябе не перашкаджаць мне працаваць. Няўжо табе няма куды болей паехаць?
— А гэта хто? — спытала Караліна, зірнуўшы на Стахоўскага.
— Інжынер, з Пецярбурга ён.
Караліна загадкава ўсміхнулася:
— Наша Гародня — не Пецярбург, і пану інжынеру тут, мабыць, няма дзе і час пабавіць. Дык запрасі яго, бацька, да нас у госці.
I да Стахоўскага:
— Я спадзяюся, пан не адмовіцца?
— Я ўчора думаў, калі вы пакінулі рэстаран, што болей не пабачу вас, і дужа шкадаваў.
Яна зноў усміхнулася, села ў брычку, кучар нацягнуў лейцы, пагнаў коней.
Стахоўскі амаль увесь дзень круціўся каля Нёмана. Ракі тут амаль не відно — уся яе плынь закідана бярвеннем. Баграмі барадатыя мужыкі ў лапцях выцягвалі яго на бераг, кацілі вялікімі дручкамі да штабеляў. Анучы, забарсаныя аборамі, намоклі, але мужыкі быццам таго не заўважалі.
— Што Глінскі робіць з гэтымі вялізнымі штабялямі? Столькі лесу! — пацікавіўся Стахоўскі.
— Го, сказалі! — адазваўся адзін з мужыкоў. — Калі гэта лес быў не патрэбен? Хто будуецца, хто майструе мэблю... Чалавека збіраюць у апошнюю дарогу, дык з чаго дамавіна? 3 лесу... Да пана Глінскага адкуль толькі не прыязджаюць купцы...
— Расклалі б цяпельца, пагрэліся б, пасушыліся б, — звярнуўся да іх Стахоўскі.
— Дзе там! — махнулі рукамі мужыкі. — Хіба ёсць калі? Лес плыве і плыве, праваронім — праплыве далей, то тады не мінеш бяды, Глінскі апошнюю скуру здзярэ.
Вечарам Стахоўскі завітаў да Глінскіх. Асабняк з драўлянымі калонамі каля параднага ўвахода стаяў непадалёк ад Нёмана, паблізу сплаўной канторы. Ён быў агароджаны з усіх бакоў высокім дашчатым пло-
там. Вароты жалезныя, шырокія, але адчыніліся лёгенька, нават не рыпнулі. Ад варот да асабняка — пасыпаная жоўтым пясочкам дарожка. Усцяж яе — нізкія дрэўцы, кусты, акуратна падстрыжаныя, дагледжаныя.
Распрануўшыся ўнізе, па крутой лесвічцы Стахоўскі падняўся на другі паверх і адразу трапіў у вялікую залу. Ад люстры, што вісела пад столлю, было нібы днём. На падлозе, на сценах былі квяцістыя турэцкія дываны, на адным з іх вісела сярэбраная шабля, побач з ёю — драбавік. У адным куце ляжала вырабленая мядзведжая шкура з разяўленай пашчай і лапамі-кіпцюрамі.
Караліна, згледзеўшы Стахоўскага, запрасіла яго садзіцца, загадала пакаёўцы паставіць на стол самавар, але Стахоўскі адмовіўся ад чаю, сказаў, што ён ненадоўга.
— У пана тут паявілася ўжо каханка? — пан Глінскі, пэўна, пачуў яго голас, выйшаў аднекуль з бакоўкі. — I калі вы, пан інжынер, паспелі?
— He, вы памыляецеся, пан Глінскі. Аднак не хачу надакучаць. I вось што: трэба прыдбаць нейкі абутак для сплаўшчыкаў — зіма на носе, а яны ў лапцях.
— О, вы дужа назіральны! — ухмыльнуўся Глінскі. — А я дык і не заўважыў.
— Татусь! — скрывіла вусны Караліна. — Няўжо табе не шкода людзей?
— Добра, Кароля, добра, калі ты просіш... Але калі вы да мяне звярнуліся, пан інжынер, дык і я да вас маю сказаць... Гэтыя сплаўшчыкі ўсё робяць абы з рук. He разбіраюць, дзе лепшае бервяно, дзе горшае... Усё валяць пггабялямі. Дык я папрашу вас, пан інжынер, каб болей гэтага не было. Лепшае бервяно — у адзін штабель, горшае — у другі... Каб мае купцы бачылі, што за тавар перад імі, і бралі тое, што кожнаму трэба...
Караліна правяла Стахоўскага на двор, яны пайшлі да Нёмана. Свяціў месяц, вада ў рацэ халодна блішчала, у ціхай затоцы плавалі дзікія качкі.
— Глядзі ты — яны і зімы не баяцца! — здзівіўся Стахоўскі.
— Я іх кожны дзень кармлю, — прызналася Караліна. — Прынясу рэшата мякішу, крышу і кідаю ў ваду.
Стахоўскі бачыў, што Кароля — без фанабэрыі, і не верылася, што яна — дачка багатага шляхціца...
Яны прагульваліся каля Нёмана, ім кланяліся сплаўшчыкі. На вогнішчы, што палала каля штабялёў лесу, варыўся крупнік.
— Мабыць, не дужа наробіш ад такой нішчымнай стравы? — пытаўся ў іх Стахоўскі.
— На большае, паночку, не зарабілі, — у адзін голас адказалі мужыкі.
— За дзень столькі перакочваеце бярвення — і мала зарабляеце?
— Ваша праўда, паночку. Але ж падаткі такія, што ўвесь наш заробак з’ядаюць.
Стахоўскі з Каралінай ішлі далей.
— Вы чулі? — спытаў ён яе. — У вашага бацькі процьма грошай, а сплаўшчыкі нішчымны крупнік сёрбаюць.
— Хіба я не казала пра тое бацьку? А ён мне: «Я хачу, дачка, каб у цябе быў добры пасаг, каб твой муж не папракаў мяне». А я не хачу такога мужа, якому патрэбен мой пасаг...
— Можа, вы дарма так, пані Караліна? Распалохаеце сваіх ухажораў — і ў векавухах застанецеся, — ён пазіраў на яе, і вочы яго смяяліся.
Ён правёў яе да варот асабняка, развітваўся, а яна не хацела, каб ён пакідаў яе.
— Караліна! Хіба я табе пара? Ты вунь якая багатая ды гжэчная нявеста, а ў мяне за душой, апрача дыплома інжынера, ані калейкі. Мой бацька — беззямельны.
Яна маўчала. Пазірала на яго адданым, закаханым позіркам.
— Караліна! Колькі мінула, як мы пабачыліся, а ты ўжо...
Караліна пайшла да асабняка. Стахоўскі, застаўшыся адзін, адчуў, як яму без яе адзінока. Божачкі! Няўжо ён закахаўся? Але што ж гэта будзе?! Яму неўзабаве трэба ў Белавежу... Дый яе бацька. Ці захоча ён аддаваць дачку за яго?
Вяртаўся да Нёмана, да сплаўшчыкаў, тыя налівалі яму ў глійяную місачку гарачага, з агню, варыва, ён чэрпаў самаробнай драўлянай лыжкай, студзіў, глытаў і казаў:
— Вось бы сюды мяса з паўкумпяка, тады ваш крупнік другім быў бы, а так — нішчымніца.
— Скажаце вы, паніч.
— Знайшлі паніча. Мо чулі пра шляхціца Стахоўскага? Ён недалёка адсюль.
— Дак я, паніч, твой сусед, з хутара Сакольчыкі. Сцяпан Дубейка я. Сына майго ў рэкруты забралі, а я вось у Глінскага падаткі адрабляю.