Жывёльны свет
Тэматычны слоўнік
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 239с.
Мінск 1999
ЖЫВЕЛЬНЫ
СВЕТ
ТЭМАТЫЧНЫ СЛОЎНІК
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ ІНСТЫТУТ МОВАЗНАЎСТВА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
ЖЫВЁЛЬНЫ
СВЕТ
ТЭМАТЫЧНЫ СЛОЎНІК
Мінск «Беларуская навука» 1999
УДК 59(038)
ББК 28.6Я2
Ж 83
Складальнікі:
В. Дз. Астрэйка, Ф. Д. Клімчук. A. А. Крывіцкі, Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова, Т. М. Трухан, A. I. Шаблоўскі
Навуковыя рэдактары:
Л. П. Кунцэвіч, A. А. Крывіцкі
Тэхнічная падрыхтоўка рукапісу
Н. В. Драбудзька
Рэцэнзенты:
канд. філал. навук I. I. Лучыц-Федарэц, докт. філал. навук В. Дз. Старычонак
Жывёльны свет: Тэматычны слоўнік / Склад.
Ж 83 В. Дз. Астрэйка і інш.; Рэд. Л. П. Кунцэвіч, A. А. Крывіцкі. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — 239 с.
ISBN 985-08-0185-9.
Слоўнік уключае выбраныя з розных крыніц рэгіянальныя беларускія народныя назвы розных жывёл, птушак, рыб, насякомых і іншых істот і лексіку, звязаную з іх характарыстыкай і жыццядзейнасцю.
УДК 59(038)
ББК 28.6Я2
ISBN 985-08-0185-9
© Калектыў складальнікаў,
ПРАДМОВА
За пасляваенныя гады наша мовазнаўства вызначылася значнымі і, несумненна, надзвычай каштоўнымі зборамі лексікі і фразеалогіі мясцовых беларускіх гаворак. Гэта вынік сумесных намаганняў мовазнаўцаў і аматараў роднага слова. Добра ведаюць мовазнаўцы і філолагі так званыя дыялекгныя слоўнікі. Паклаў пачатак ім сваімі трыма слоўнікамі Ф. М. Янкоўскі. Больш за дзесяць такіх лексікаграфічна ўпарадкаваных асобных збораў слоў сваёй роднай гаворкі на Мсціслаўшчыне належыць Г. Ф. Юрчанку. Каштоўнымі набыткамі беларускай рэгіянальнай лексікаграфіі з’яўляюцца таксама слоўнікі П. У. Сцяцко, Т. Ф. Сцяшковіч, А. П. Цыхуна, Л. Ф. Шаталавай, Т. С. Янковай, Р. М. Яўсеева.
На аснове ўласных збіральніцкіх заняткаў былі створаны значныя лексікаграфічна ўпарадкаваныя і апрацаваныя зборы пашыранай у мясцовым маўленні традыцыйнай фразеалогіі (Е. С. Мяцельская і Я. М. Камароўскі, Г. Ф. Юрчанка). Публікаваліся невялікія падборкі такой лексікі ў перыядычным друку краіны (М. М. Аляхновіч, В. В. Шур, Г. Ф. Юрчанка і інш.).
Кафедрамі беларускай мовы вышэйшых педагагічных навучальных устаноў Беларусі ў свой час была падтрымана ініцыятыва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа аб збіранні мясцовай лексікі і фразеалогіі для стварэння дыялектных слоўнікаў спецыфічнай лексікі розных рэгіёнаў Беларусі. Выйшлі ў свет упарадкаваныя зборы лексічных матэрыялаў, сабраных на Гродзеншчыне (Т. Ф. Сцяшковіч), Міншчыне (навуковы рэдактар М. А. Жыдовіч; новае, дапоўненае, але не завершанае выданне — навуковы рэдактар Е. С. Мяцельская), Брэстчыне (Г. М. Мала-
жай, Ф. Д. Клімчук), Гомельшчыне (Ул. В. Анічэнка) і Магілёўшчыне (М. В. Абабурка і інш. ). У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа былі створаны два найбольш буйныя слоўнікі рэгіянальнай лексікі — "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" і "Тураўскі слоўнік". Калі першы адлюстроўвае асноўны напрамак эвалюцыі беларускіх гаворак у галіне слоўніка на пачатку нацыянальнага моўнага станаўлення беларускага народа, дык апошні дае ўяўленне аб стане слоўніка беларускіх гаворак, якія не былі ўцягнуты тады ў гэты працэс.
У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа была падтрымана і працягнута ініцыятыва Ф. М. Янкоўскага (Матэрыялы для слоўніка, 1960) па ўкладанню зборнікаў адметных мясцовых слоў і іх тэматычных падборак. Падрыхтавана і выпушчана ў свет шэсць такіх зборнікаў. Да дыялектных лексікаграфічных здабыткаў можна аднесці і зборнік матэрыялаў для палескага дыялектнага слоўніка, сабраных удзельнікамі палескіх экспедыцый пад кіраўніцтвам М. I. Талстога.
Пасляваенныя дзесяцігоддзі характарызуюцца не толькі здабыткамі па выяўленню і лексікаграфічнай распрацоўцы лексікі мясцовых гаворак краіны, але і вельмі істотнымі вынікамі па ўстанаўленню ўзаемных адносін паміж гаворкамі. Гэтаму прысвечана значная колькасць лінгвістычных карт у "Дыялекталагічным атласе беларускай мовы" (1963), яшчэ больш значныя матэрыялы сабраны для Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа (аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа). Але самым буйным дасягненнем у адлюстраванні "геаграфіі слоў" мясцовых гаворак (ці, дакладней, мясцовага маўлення) з’яўляецца "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак" у пяці тамах (1993— 1998).
Зразумела, што слоўнікі рэгіянальнай лексікі і больш сціплыя падборкі слоў падпарадкаваны галоўным чынам задачы фіксацыі слоў у іх структурным абліччы і семантычным дыяпазоне. Лінгвагеаграфічным спосабам выяўляецца пашырэнне слоў і іх структурных і семантычных варыянтаў. У адным і другім выпадку разам з фіксацыяй слова пры яго рэгістрацыі фіксуецца мясцовы тып наймення (слова, выраз) у яго пэўным структурным і семантычным абліччы. Працы па рэгіянальнай лексікаграфіі гэта, найперш, пэўныя зборы слоў. А лінгвагеаграфічныя працы, у прыватнасці лінгвістычныя карты, іх комплек4
сы, нарэшце, лінгвістычныя атласы — гэта перш за ўсё працы аб пашырэнні слоў і аб іх узаемных адносінах у межах пэўнай моўнай (дыялектнай) прасторы. I тым самым лексікаграфічныя і лінгвагеаграфічныя працы, раскрываючы адзін і той жа аб’ект — слоўнік мясцовых гаворак мовы, — узаемна дапаўняюцца. Яны ўтвараюць як бы цэласны комплекс, цесна звязанае адзінства.
He абыходзілі зусім лексіку мясцовых гаворак, у прыватнасці назвы жывёл, раслін, з’яў прыроды ды і грамадскіх з’яў, даследчыкі розных прыродазнаўчых і грамадазнаўчых галін навукі — заолагі, батанікі, этнографы і інш. У некаторых артыкулах, кнігах, даведніках, навукова-папулярнай літаратуры і адпаведнай перыёдыцы адводзіцца тая ці іншая ўвага і так званым мясцовым назвам. Цікавыя, хоць, праўда, і не заўсёды "лакалізаваныя" рэгіянальныя назвы жывёл, раслін, а таксама навуковыя звесткі пра іх прыводзяцца ў "Энцыклапедыі прыроды Беларусі" ў пяці тамах (1983—1986), у навуковых і навукова-папулярных даведніках пра жывёл, птушак, паўзуноў, рыб, насякомых, пра раслінны свет, грыбы і інш.
Нарэшце, у пасляваеннай беларускай дыялектнай лексікаграфіі маецца досыць багатая спадчына. Гэта, найперш, славуты "Слоўнік беларускай мовы" I. I. Насовіча (1870), перадрукаваны ў 1983 г. Слоўнікавыя багацці мясцовых гаворак паўночна-заходняга дыялекту беларускай мовы (у яе этнагістарычных межах) у значнай ступені адлюстраваў вядомы "Смоленскмй областной словарь" У. В. Дабравольскага (1914). Такой спадчынай з'яўляюцца таксама матэрыялы для слоўніка мясцовых гаворак, якія змяшчаліся пры зборах фальклору, пры этнаграфічных працах і ў саміх іх напасрэдна і якія адносяцца да XIX і пачатку XX ст. Праўда, гэтыя лексічныя матэрыялы застаюцца яшчэ неапрацаванымі і неўпарадкаванымі лексікаграфічна, а таму і маладаступнымі для навуковага выкарыстання.
Вялікая збіральніцкая праца была разгорнута ў другой палове 20-х гадоў гэтага стагоддзя па навуковай праграме Інстытута беларускай культуры (С. Некрашэвіч, 1925). Многае з таго, што было тады сабрана і нават лексікаграфічна апрацавана і ўпарадкавана, па вядомых прычынах было дыскрэдытавана і страчана (у прыватнасці, агульная картатэка беларускай мовы, рэгіянальныя зборы мясцовых слоў і іх лексікаграфічныя апрацоўкі). Але тады ўжо выйшлі ў свет два цікавыя краёвыя слоўнікі (паводле адпаведнага тагачаснага адміністрацыйнага дзялення ўсход-
няй часткі Беларусі). Гэта слоўнік лексікі з гаворак Віцебскага краю (М. I. Каспяровіч, 1927) і слоўнік, складзены на аснове адной тыповой гаворкі Чэрвенскай акругі (М. В. Шатэрнік, 1929).
Яшчэ тры падобныя зборы лексікі былі выдадзены ў пасляваенныя гады. Гэта вельмі грунтоўны краёвы слоўнік гаворак Калінінскай акругі, у якую ўваходзілі раёны ўсходняй часткі Магілёўшчыны (I. К. Бялькевіч, 1970), багаты слоўнік гаворак заходніх раёнаў Браншчыны (П. А. Растаргуеў, 1973) і выдадзены ў Нью-Йорку незвычайна насычаны размоўнай і прастамоўнай лексікай краёвы слоўнік гаворак Лагойшчыны (А. Варлыга, 1970). Значны лексіка-фразеалагічны матэрыял рэгіянальнага характару, выбраны з розных крыніц і мясцовых гаворак пераважна паўночнага захаду Беларусі, змяшчае буйны беларуска-рускі слоўнік, выдадзены таксама ў Нью-Йорку (Я. Станкевіч, 1990).
Актуальнай задачай сучаснай дыялектнай лексікаграфіі з’яўляецца абагульненне назапашаных звестак і матэрыялаў па лексіцы беларускіх гаворак і стварэнне зводнага слоўніка-даведніка. Ён неабходны пры распрацоўцы этымалогіі лексікі беларускай мовы, фарміраванні слоўніка ў цэлым і інш. Зусім відавочнай з’яўляецца неабходнасць поўнага слоўніка як для развіцця, так і для нарматыўнага ўпарадкавання слоўнікавага складу літаратурнай мовы.
Такі алфавітны каталог лексікі з тлумачэннем значэння слоў, ілюстрацыямі, граматычнымі і іншымі адзнакамі неабходны як даведнік аб слове. Але не менш важнай практычнай задачай дыялектнай лексікаграфіі з'яўляецца і стварэнне даведнікаў аб мясцовых рэгіянальных словах для абазначэння пэўнага моўнага паняцця або ўяўлення. Таму што пры даследаванні прадметна-тэматычных фрагментаў слоўніка гаворак ды і паасобных яго лексікасемантычных структур, а таксама пры распраноўцы тэрміналогіі і наогул пры карыстанні рэгіянальнай лексікай у маўленні галоўным практычным клопатам з'яўляюцца пошукі адпаведнага слова або слоў. У лексікаграфіі літаратурнай мовы гэта забяспечваюць у нейкай ступені тэрміналагічныя слоўнікі, слоўнікі сінонімаў і інш. Пажаданымі і актуальнымі з'яўляюцца, безумоўна, спробы належнага рацыянальнага вырашэння адпаведнай практычнай задачы ў дыялектнай лексікаграфіі.
Таму ў сувязі з актуальнымі практычнымі патрэбамі сучаснага развіцця і ўдасканалення беларускай літаратур6
най мовы і надзённымі патрэбамі беларускай лексікалогіі ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі распачата праца па стварэнню звода сабранай лексікі мясцовых беларускіх гаворак, яе лексікаграфічнай распрацоўкі і ўкладання.
Гэты першы тэматычны слоўнік беларускіх гаворак змяшчае лексіку, якая мае адносіны да паняццяў і ўяўленняў, звязаных з жывёльным светам. Слоўнік складаецца з дзвюх частак. У першай прыводзяцца мясцовыя назвы прадстаўнікоў жывёльнага свету, у друтой — агульныя назвы некаторых прадстаўнікоў жывёльнага свету і лексіка іх характарыстыкі.