Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
ГАЛЕРЭЯ ЧАЛАВЕЧАЙ ДУМКІ
АНДРЭЙ ВОЛЯН
ж грамапзянскон, MD або палітычнай
СВАБОДЗЕ
Галерэя чалавечай думкі
Андрэй Волян
Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Andrea Volano
De libertate politica sive civili
Cracoviae
In Officina Matthiae Wirzbietae Thypographi S.R.M.
1572
Андрэй Волян
Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Мінск Выдавец Зміцер Колас 2009
УДК 1 ББК 87
В72
Серыя заснаваная ў 2001 годзе
Пераклад з лацінскай Уіадзшіра Шатона Рэдактар перакладу Зміцер Колас
На вокладцы выкарыстаная гравюра Андрэя Фядорчанкі.
Пераклад зроблены з выданняў:
Andrea Volano. De libertate politica sive civili. Cracoviae. In Officina
Matthiae Wirzbietae, Thypographi S.R.M. 1572
Andrea Volano. De vita beata sive summo hominis bono. Dialogus.
Vilnae. Imprimebat Salomon Sultzer. 1596
Published with the support of the European Cultural Foundation and the Fund for Central & East European Book Projects, Amsterdam
ISBN 978-985-6783-49-7
©Шатон Ул„ пераклад на беларускую мову, 2009
©Афармленне. Выдавец Зміцер Колас, 2009
Яснавяльможнаму пану Мікалаю Юрыю Радзівілу, Маршалку ў Дубінках і Біржы, Ваяводзе Віленскаму, Канйдеру Вялікага Княства Літоўскага, Кашталяну Барысаўскаму і Аідскаму, майму велешаноўнаму гаспадару і вечнаму дабрадзею.
Найяснейшы пане, у чалавечай супольнасці, называнай грамадствам, найважнейшая чыннасць заключаецца ў тым, каб разумна і правільна кіраваць гэтым грамадствам у мірных умовах і нязломна, мужна, рашуча змагацца з ворагам у час вайны. I адно, і другое заслугоўвае найвышэйшай пашаны і славы. Вельмі добра, калі чалавек спалучае ў сабе жвавасць дасціпнага розуму і цвёрдую непахіснасць волі. У такім выпадку ён варты амаль боскага ўшанавання.
Усякая чалавечая супольнасць ствараецца, галоўным чынам, каб забяспечыць сабе спакойнае, мірнае жыццё, свабоднае ад звадаў і варожай пагрозы. I калі з’яўляецца чалавек, здольны забяспечыць перамогу ў вайне і памножыць дабрабыт у міры, хто ж не будзе глядзець на яго з павагай, хто не палічыць такога дабрадзея вартым найвышэйшай ухвалы?
Сярод герояў Траянскай вайны Гамэр найбольш славіць Нестара і Адысея за іх умелае кіраванне грамадствам, а мужных Ахіла і Аякса — за іх ваеннае майстэрства. Знакаміты паэт Вергілій лучыць абое гэтыя ўмельствы ў сваім Энэю. Паэт паўсюль і на поўны голас гаворыць пра яго як пра найхрабрэйшага ваяра і наймудрэйшага сенатара. Што да Ахіла, то ў мірны час бацька прыставіў да яго выхавальнікам Фенікса.
Гамэр называе Фенікса, дасведчанага ў ваенных і грамадскіх навуках, выкладчыкам і настаўнікам жыцця. Аднак яго вучань Ахіл уславіў сябе не мірнымі ўчынкамі, а мужнымі, адважнымі подзвігамі ў час вайны.
Ва ўсе часы кожны народ меў сваіх магутаў, якія ўзорна вызначаліся як на ратным полі, так і на ніве стваральнай працы. Літва на працягу ўжо многіх вякоў спараджае знакамітых мужоў, настолькі дасведчаных у грамадзянскім і ваенным кіраванні, што яны нязменна здабываюць вялікую славу. Я ўжо не кажу пра высакародных Гедымінаў, Ягелонаў, Вітаўтаў, якія ўмацавалі аўтарытэт Літоўскага грамадства настолькі, што іх ведае цяпер увесь свет.
Калі б хто захацеў пералічыць імёны ўсіх насельнікаў нашага краю, якія ў ваенны і мірны час спрычыніліся дзейснаю дапамогай сваёй дзяржаве, то мабыць нават сярод самых слаўных народаў знайшоў бы не шмат мужоў, роўных нашым. Я не буду згадваць выбітныя дзеі кожнага з нашых радавітых сямействаў. У кожнага з іх свае вартасці. Бо калі б я намерыўся расказаць пра баявыя подзвігі хоць бы аднаго толькі сямейства Радзівілаў, то наўрад ці давёў бы аповед свой да канца. Таму я не буду закранаць падзеі глыбокай мінуўшчыны. Вазьму толькі трошкі больш за апошнюю сотню год. Ад аднаго твайго дзеда Мікалая Радзівіла, ваяводы Віленскага, пайшло столькі знакамітых нашчадкаў, што здаецца, у гэтым Траянскім кані хавалася ўся краса нашай знаці, каб аднойчы нечакана выйсці на свет.
А другі Мікалай Радзівіл, твой дзядзька і таксама ваявода Віленскі, вызначаўся мудрасцю й іншымі выдатнымі якасцямі настолькі, што Божай міласцю імператар Максімільян на Канвенце высокіх дзяржаўных мужоў запрасіў твайго родзіча ў кола сваіх прыбліжаных, і такім чынам ён першы ў вашым сямействе атрымаў ад імператара маршальскі тытул і званне.
Яму не саступае Ян, вярхоўны маршалак Вялікага Княства
Літоўскага. Кажуць, што ён быў надзелены такімі талентамі і такою рухавасцю розуму, што заўсёды надзвычай паспяхова спраўляўся са сваімі даволі складанымі дзяржаўнымі абавязкамі. А па меншай меры двух ягоных сыноў, Яна і Міколу, ёсць усе падставы параўноўваць з найбуйнейшымі асобамі любога часу. Ян, яшчэ толькі ўвайшоўшы ў росквіт юнацтва, з першых гадоў здабыў шырокую вядомасць. Яго выбітная чыннасць не сыходзіла з вуснаў людзей. На яго ўскладалі вялікія надзеі. Аднак воляю злога лёсу ён не змог паслужыць грамадству, будучы вымушаным пакінуць гэты свет.
Мікалай, славуты князь на Алыцэ й Нясвіжы, дзякуючы прыродным сваім задаткам, а таксама настойліваму і плённаму дасканаленню ў навуках вызначаўся высакароднасцю і адукаванасцю, дасягнуўшы ў грамадстве самых розных і самых паважаных чыноў і тытулаў. Ва ўсіх галінах дзяржаўнага кіравання ён праяўляў мудрую разважнасць, незвычайную рупнасць, выключную добрасумленнасць. Калі б лёс наканаваў яму даўжэйшае жыццё, мы напэўна не ўбачылі б у нашым грамадстве таго занядбання, таго пачварнага стану рэчаў, які ўганяе ў скруху ўсіх разумных людзей.
Былі, вядома, і крывадушнікі, якія яму зайздросцілі. Але цяпер, калі ён памёр, усе ў адзін голас праслаўляюць яго добрыя ўчынкі і ўзносяць яго аж да зор. Гэты муж сапраўды самааддана спрыяў велічы сваёй бацькаўшчыны, славе свайго народа і сваёй радзіны. Наўрад ці ў цэлым хрысціянскім свеце знойдзецца такі закутак, дзе б не ведалі гэтага славутага імя. Яго вельмі цанілі спачылыя ў Бозе імператары Карл і Фердынанд, а таксама шчасны і сёння на троне Максімільян. Калі князь Мікалай ад імя караля свайго Жыгімонта Аўгуста прыбыў да іх з важнай дыпламатычнаю місіяй, яны прынялі яго добразычліва і абыходзіліся з вялікай прыязнасцю. I пасля вяртання нашага легата на радзіму імператары не пераставалі ўсхваляць веліч гэтага мужа. Заўчасная
смерць вырвала слаўнага літвіна з нашага асяродку. Яго так не стае ўсім, хто дбае пра аўтарытэт і бяспеку радзімы. Аднак засталося яго цудоўнае патомства, у якім ужо з ранняга ўзросту праявіліся бацькавы талент і дабрыня. Няма сумневу, што нашчадкі яго стануць неўзабаве красой і апорай усёй нашай краіны.
Вось старэйшы сын Мікалай Крыштаф, якога мудры кароль нягледзячы на малады яго ўзрост узвёў у стан сенатараў. Прырода надзяліла гэтага юнака выбітнымі чалавечымі якасцямі. Ен вызначаецца сталасцю думкі, дарослай разважнасцю, клопатам пра веліч грамадства, палымнее бязмернай любоўю да бацькаўшчыны. Ёсць усе падставы спадзявацца, што такімі будуць і яго браты.
А пакуль няхай далучае да сваіх разумовых і фізічных задаткаў мудрасць розных народаў, наведваючы найбольш цывілізаваныя і моцныя краіны. Там ён удасканаліць сваё валоданне замежнымі мовамі, да якіх мае выключныя здольнасці, зоймецца вывучэннем розных навук, засвоіць практыку ваеннай справы. Такім чынам ён стане вартым сваіх продкаў і, калі будзе ў добрым здароўі, прымножыць даўнюю славу роду словамі й дзеямі.
Але ў тваім родзе, знакаміты магут, квітнела не толькі ўмельства захоўваць мір у грамадстве — шырокую вядомасць заўжды мела і яго ваенная чыннасць. Я не буду пералічаць усіх шматлікіх герояў, якія адважна баранілі айчыну ад нападу раз’юшаных ворагаў. Згадаю толькі бацьку твайго Юрыя Радзівіла, апетага ў нашых хроніках, які адзін ёсць дастатковым сведчаннем ваеннай славы тваёй найзнатнейшай радзіны. Ён атрымаў шмат перамогаў над ворагамі, а па смерці Канстанціна Астрожскага быў абраны гетманам войска літоўскага. Будучы паплечнікам Канстанціна яшчэ ў векапомнай Аршанскай бітве з маскалямі, ён з такой самай мужнасцю і непахіснасцю змагаўся за шчаслівае завяршэнне тае вайны. Потым узначальваў аблогу маскоўскай крэпасці Старадуб, якую паспяхова ўзяў. Тады загінула шмат
варожага войска, і Масковію ахапіў жывёльны страх. Калі б пераможца захацеў замацаваць сваю перамогу, дык ужо тады мог бы закончыць вайну. Я ўжо не кажу пра перамогі над маскалямі і скіфамі пры выпадковых сутычках з іх бязладнымі зграямі ці пры адбіцці іх раптоўных нападаў. Ад такіх сустрэч вораг доўга не мог апамятацца.
Пасля свайго бацькі ты, нібы ў спадчыну, атрымаў пасаду вялікага гетмана. На гэтую пасаду цябе прапанаваў кароль Жыгімонт Аўгуст. Паводле яго аўтарытэтнага меркавання, менавіта табе можна было даверыць вярхоўную ўладу над войскам. Кароль меў рацыю. Ты без упынку даваў сведчанні свайго вайсковага таленту, і ў лёгкіх баях, і ў цяжкіх бітвах заўсёды перамагаючы ворага.
Так было і ў памятнай бітве на берагах Улы. Калі ты раптам узнік перад ворагам насуперак усім ягоным разлікам, маскаль, які страшыўся аднаго твайго імені, палічыў за лепшае не выпрабоўваць сумнеўнае жэрабя вайны, а адступіць, кінуўшыся на ўцёкі. Адважуся сцвярджаць, што яшчэ ніколі і нідзе на зямлі не адбывалася такой бітвы. У гэтай сечы была рассеяная і знішчаная вялікая колькасць варожага войска, быў забіты яго ваявода і захоплены ўвесь вайсковы абоз. Тым часам сярод нашых ад варожай рукі не загінуў амаль ніхто. Той перамогаю ты адвёў нашмат большую небяспеку, якая пагражала ўсёй Літве. Пра гэта сведчыць той факт, што на нас ішло яшчэ і другое маскоўскае войска. Але пачуўшы пра поўны разгром хаўруснікаў на Уле, яны паспешліва павярнулі назад і ўцяклі. Калі б гэтае войска аб’ядналася з першым, якое ты разграміў (а далейшыя падзеі сведчаць, што гэта і было іх мэтай), то на Літве, бадай, не засталося б ніводнага мястэчка і вёскі, якія пазбеглі б спусташэння і згубы. Пасля той паразы пачварны і люты вораг прапанаваў заключыць мір, але на такіх непрымальных для нас умовах, што гэта перакрэслівала ўсе твае смелыя і адважныя планы.
Але ты не задаволіўся перамогай над ворагам і гібеллю галоўнага маскоўскага ваяводы. Сваімі разумнымі парадамі ты схіліў на свой бок яшчэ і славутага князя Андрэя з яраслаўскай дынастыі, якому ў Масковіі няма роўных. Гэтым самым ты не толькі ўратаваў яго з жорсткіх кіпцюроў тырана, але і паспрыяў таму, каб колішні вораг стаў слынным грамадзянінам і саюзнікам твайго караля.