Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
Пра законы цары не дбалі зусім альбо дбалі надзвычай мала. Своеасаблівым сведчаннем гэтаму служаць паводзіны адной суполкі знатаых рымскіх юнакоў, якія запатрабавалі, каб выгнаных з Рыма цароў вярнулі ў горад. Прычынай такому рашэнню стала тое, што пасля выгнання цароў рымляне абвясцілі ўсеагульную роўнасць і замацавалі яе ў выглядзе адпаведных законаў. Юнакі не змаглі цярпець на сабе вярыгі законаў. На іх думку, сваволле пры царах якраз і было свабодай, а падпарадкаванне законам стала рабствам. Як сведчыць Лівій, цар, на іх думку, быў усё ж чалавекам. У яго можна было папрасіць і добрае, і дрэннае. У ім было месца для міласэрнасці і дабрачыннасці. Ен мог угнявіцца і злітавацца, адрозніваў сябра ад злосніка. А законы — глухія і няўмольныя. 3 іх больш карысці слабаму, а не моцнаму. Калі пераступіш закон, табе ўжо не будзе ні літасці, ні спагады. А жыць бездакорным жыццём сярод сціжмы заганаў і хібаў — нават небяспечна.
Адсюль сама напрошваецца выснова: царская ўлада ўяўлялася тым маладзёнам такой, пры якой манарх дзейнічае, абапіраючыся не на дабро і справядлівасць, і кіруецца ў сваіх словах і справах не розумам і мудрай парадай, а робіць усё, як яму закарціць. Невінаватага ён можа пакараць, а вінаватага апраўдаць. Але такое чыніць не цар, а тыран.
Манарх, які ўзначальвае і вядзе свой народ, кіруе ім з дапамогай законаў і асабістага прыкладу. Ен уяўляе сабой для ўсіх узор чалавека, які жыве сумленным, прыстойным жыццём. Паміж манархам і законам нават ёсць падабенства. Для нас манарх — гэта закон, які здольны гаварыць. Ен прамаўляе сваімі вуснамі дабратворную норму закона, запісаную на паперы ці на скрыжалях.
Згадаю яшчэ некалькі сведчанняў антычных пісьменнікаў адносна манархіі. Пасля таго, як імператар Актавіян Аўгуст вайною дамогся міру і ў Рымскай дзяржаве зноў запанавала спакойнае жыццё, ён вырашыў адмовіцца ад улады і перадаць яе Рыму. Сярод самых блізкіх і знакамітых сяброў, запрошаных ім у якасці дарадцаў, ягоны друг Мецэнат не ўхваліў імператарскага намеру і параіў Актавіяну захаваць уладу. Ен даводзіў, што, калі кесар не тыран, а самаўладца, які чыніць дабро, яго ўлада нічога не адымае ад агульнай свабоды. Мецэнат казаў слушна. Калі пазней гэтая прапанова абмяркоўвалася пры шырокай аўдыторыі ў Сенаце, яе ўхвалілі найвыбітнейшыя і наймудрэйшыя мужы.
За мінулыя стагоддзі, аднак, манархія, або самаўладдзе, набыло сабе кепскую славу. Але ганіць за гэта трэба не саму манархію, якая можа быць для грамадства і карыснай, і выгаднай, а вераломства людзей, якія узурпуюць празмерную, не абмежаваную ніякімі законамі ўладу над іншымі. У нашыя дні ўжо не чалавек — тыран над законамі, а закон — гаспадар над чалавекам. I сёння самаўладдзе ўжо не заслугоўвае былой
нянавісці і асуджэння. Болей за тое, цяпер яго паўсюль хваляць і менавіта яму аддаюць перавагу самыя магутныя народы.
Зразумела, што і ў нашым грамадстве каралеўская ўлада дзейнічае ў праслах пэўных абмежаванняў. Кароль не мае права ўстанаўліваць якія-небудзь законы без адпаведнай згоды ўсёй грамадзянскай супольнасці. Перш чым атрымаць стырно кіравання дзяржавай, кароль падчас каранацыі павінен прысягнуць народу і ўрачыста абяцаць, што ніколі і нічога не зробіць насуперак існуючым законам. А калі ён нешта падобнае ўчыніць і яго рашэнні і пастановы парушаць вернасць і святасць прысягі, у такім выпадку яны не будуць лічыцца прававой нормай і не набудуць ніякай юрыдычнай сілы.
Але ўявім сабе, што каралеўская прыхамаць вераломна пераступіла законы, нейкім чынам парушыла свабоду грамадзянаў і дамаглася жаданага. Дык вось нават у гэтым выпадку абвінавачваць трэба не каралеўскую ўладу і яе годнасць саму па сабе, а пэўную асобу — караля, які нядобрасумленна выконвае свае абавязкі, роўна як і тых дарадцаў і ахоўнікаў манарха, якія, хоць і маглі, не ўтрымалі яго ад нядобрага ўчынку.
Калі нехта з іх, баючыся каралеўскае ўсёмагутнасці, не адважваецца раскрыць рота, каб запярэчыць манаршай прыхамаці, ён паводзіць сябе як нікчэмны баязлівец. Кожны, хто дзеля каралеўскай міласці і дароў маўчыць і не кажа, што ён сам думае, — вінаваты праз сваю несумленнасць і крывадушнасць.
Раздзел V
ЯКІЯ Ў ГРАМАДСТВЕ ПАВІННЫ БЫЦЬ ЗАКОНЫ, КАБ ГРАМАДЗЯНЕ НАПРАЎДУ МЕЛІ СВАБОДУ
3 усяго сказанага няцяжка зразумець: ніякае грамадства не можа ганарыцца сапраўднай свабодай, калі не ўсе яго грамадзяне жывуць адпаведна законам. Ніхто не будзе аспрэчваць, іпто ў чалавечай супольнасці, дзе адсутнічаюць прававыя нормы жыцця, якія прадугледжваюць пэўныя санкцыі супраць правапарушальнікаў, усе або прынамсі слабейшыя застаюцца ў рабскай прыгнечанасці. Аднак у розных частках свету заўсёды былі і ёсць шматлікія народы, якія, хоць і жывуць адпаведна з законнымі нормамі, але не могуць пра сябе сказаць, што цалкам вызваліліся ад няволі. Таму не без падставы ўзнікае патрэба даць слову «закон» азначзнне, каб у выніку скажонай інтэрпрэтацыі недасведчанымі яго не палічылі за інструмент прыгнёту.
Усе вучоныя ў цэлым пагаджаюцца на тым, што закон ёсць падмурак свабоды. Цыцэрон у першай кнізе «Законаў» вызначае яго як закладзены ў прыродзе найвышэйшы розум, які загадвае, што трэба рабіць, і забараняе, чаго рабіць не трэба. Іншымі словамі, але ўкладаючы ў іх такі самы сэнс, ён у другім месцы піша: «Закон ёсць дадзены багамі здаровы розум, які змушае рабіць дабро і забараняе адваротнае». Да гэтых выказванняў далучаецца Дэмасфен. Ен сцвярджае, што закон ёсць вынаходніцтва і дарунак багоў, якія замацавалі ў галовах людзей паняцці справядлівасці, роўнасці і дабра. Менавіта законы даюць дабратворныя, гаючыя нормы чалавечых паводзінаў ва ўсіх сферах жыцця, спрыяючы захаванню грамадзянскай супольнасці. Таксама і Арыстотэль хоча, каб законы стасаваліся з разумнай прыроднаю рацыяй. Калі ж яны разыходзяцца са справядлівы-
мі натуральнымі правіламі, то ніякіх падставаў называць такія нормы законамі няма.
А хто будзе называць законам, а не пачварным, гнюсным злачынствам даўні звычай кіпрыётаў, якія перад шлюбам змушалі дзяўчат да прастытуцыі, альбо норавы аўгейцаў, якія ў першую шлюбную ноч пускалі сваіх маладзіц на агульнае каханне? Індусы забівалі знямоглых састарэлых бацькоў, а потым забітых з’ядалі, бо лічылі сваё цела за самы пачэсны магільны склеп. Усё гэта цалкам варварскія і жорсткія звычаі, якія не стасуюцца з паняццямі нармальнага чалавечага розуму. А таму абсурдна і недарэчна даваць падобным завадам найменне закона.
Ніякая норма, якая па прыродзе сваёй не абапіраецца на дабро і справядлівасць, не можа мець у чалавечым грамадстве сілу закона. А сярод разнастайных людскіх дасягненняў ёсць нямала паняццяў, прадыктаваных чалавеку яго натуральным розумам і ўкладзеных у яго свядомасць самой прырода, у прыватнасці: не гвалціць дзявочай нявіннасці, не квапіцца на чужое дабро і не замахвацца на жыццё. Але насуперак усеагульнаму досведу варварскі, дзікі народ парушыў натуральныя нормы чалавечнасці і ўвёў бязглуздыя, шкодныя для жыцця ідэі ў практыку абрадавых звычаяў. Тым не менш яму не ўдалося зрабіць, каб гэтыя звычаі ператварыліся ў норму і набылі аўтарытэт закона. Урэшце яны выйшлі з ужытку і зніклі.
I ўсе законы, якія супярэчаць нармальнаму розуму, будуць выклікаць супраціў у грамадстве, аж пакуль іх, як гібельныя і разбуральныя, не адменіць сама ўлада або не скасуе паўстаўшы народ. Такім чынам, каб забяспечыць людзям сапраўдную свабоду і трывалы спакой, пад найменнем закона ў жыццё грамадзянскай супольнасці трэба ўводзіць толькі такія нормы, якія дыктуе розум і падказвае рацыянальная думка.
Есць нязменны, пастаянны закон прыроды: не чыніць ні над кім гвалту, кожнаму аддаваць ягонае і, як кажа Цыцэрон,
стрымліваць сваю прагнасць, берагчы ўласнае і адводзіць ад чужога думкі, вочы і рукі. Калі жыццё асобы ў грамадстве абароненае ад забойства і здзеку і маёмасці чалавека не пагражае разрабаванне, то і ўвесь народ пачуваецца ў поўнай бяспецы. У такім грамадстве і сэнс салодкага слова «свабода» застаецца ўстойлівым і непарушным.
Раздзел VI
Пра траісты статус грамадзян у нашым грамадстве I ПРА ТОЕ, ЦІ ЎСЕ КАРЫСТАЮЦЦА АДНОЛЬКАВАЮ СВАБОДАЙ
Калі дзе-небудзь і былі народы, якія карысталіся вольнасцю, то сваёй прыналежнасцю да іх можа пахваліцца і наш слаўны народ, прычым настолькі, што яму ў гэтым, бадай, належыць пяршынства. Пра гэта гавораць не толькі на нашых соймах. Шматлікія допісы сведчаць, як моцна хваляць нашу свабоду. Кажуць, што такая — уласцівая толькі нашаму народу. Але каб залішняя любоў да свайго не абярнулася пустым самахвальствам і каб людзі мудрэйшыя не пачалі даводзіць нам адваротнае, мы, на мой погляд, павінны быць у гэтых рэчах больш памяркоўнымі і прыслухоўвацца болып да чужых словаў, а не да свайго славаслоўя.
Мы нярэдка памыляемся, разважаючы пра стан рэчаў у нашым жыцці, а тым часам чужая ацэнка нашай рэчаіснасці аказваецца нашмат дакладнейшай і праўдзівейшай. Гартаючы замежныя кнігі і даследуючы іх змест, я, здаецца мне, не заўважыў, каб хто-небудзь расхвальваў такое ўжо вялікае шчасце нашага існавання. Многія нават сцвярджалі, што ўсё якраз-такі наадварот. Паколькі ж большасць падзеяў адбываюцца ў будзённым жыцці, навідавоку ў многіх, то нам не спатрэбяцца ні вялікія намаганні, ні доўгія і складаныя разважанні, каб высветліць і вызначыць канкрэтныя факты.
У нашым народзе ў цэлым адрозніваюць тры грамадзянскія станы. Таму будзе дарэчы разгледзець умовы жыцця кожнага з іх і вызначыць, ці яны раўнапраўныя або свабодай надзеленая толькі адна нейкая частка грамадства. Мы маем шляхту, гараджан і сялян. Іх вылучаюць і раздзяляюць даволі значныя адрозненні, а менавіта — адметны від дзейнасці, своеасаблівы лад жыцця,
неаднолькавы прававы статус. Шляхта, не звязаная з паднявольным механічным рамяством, займаецца толькі вайсковымі справамі, каб заўсёды быць гатовай абараніць айчыну ад варожай навалы. Гараджане садзейнічаюць агульнаму дабрабыту сваімі таварамі або прадметамі ўжытку, якія аднекуль прывозяць або вырабляюць у сваіх майстэрнях. Сяляне апрацоўваюць зямлю і сваёй працай кормяць астатніх.
Што ж да правасуддзя, то па адной і той жа справе існуюць законы асобна для шляхты, асобна для гараджан і асобна для сялян. Ужо адно гэта паказвае: разуменне свабоды тут неаднолькавае. Я ўжо не кажу пра шматлікія крыўды, якія шляхта чыніць простаму люду. Але ў судзе шляхціцу гэта абыходзіцца лёгкім спагнаннем. А вось калі шляхціца пакрыўдзіць або зняважыць прасталюдзін, дык яму пакаранне будзе назначанае нашмат цяжэйшае і суровейшае. Учыненае забойства таксама ўзважваецца правасуддзем не на аднолькавых шалях. Для злачынцаў розных станаў пакаранне рознае. Гэта пацвярджае, што толькі шляхта мае перспектыву свабоды, астатнія станы носяць кляймо пэўнай прыгнечанасці.