Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе  Андрэй Волян

Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе

Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
25.35 МБ
Сапраўды свабоднымі грамадзянамі можна назваць толькі тых, хто надзелены ў грамадстве роўнымі і аднолькавымі правамі. Калі ж нехта мае юрыдычную перавагу і можа беспакарана чыніць гвалт і насілле, у такім грамадстве адны, па сутнасці, пануюць, а другія гібеюць у падняволлі. Кажучы гэта, я не маю на мэце ліквідаваць усякае адрозненне шляхты ад плебсу. Я хачу, каб роўнасць і справядлівасць, якія належаць усім у арыфметычнай прагрэсіі, не былі падарваныя нейкімі заганнымі інстытуцыямі, каб замест усеагульнай свабоды ў грамадстве не ўзяла верх алігархія або ўлада нямногіх. Няхай за шляхтай застаюцца цэлымі яе прывілеі, у адпаведнасці з якімі яна з ласкі сваіх каралёў і магнатаў вызваляецца ад усіх нявольніцкіх павіннасцей, а таксама ад падаткаў. Але каб улада і правы шляхты на
чужую свабоду былі большыя, чым улада і правы іншых на яе свабоду — гэтага не павінны дазваляць ніякі закон і ніякае справядлівае права. Прынцып роўнасці ўсіх перад законам адмаўляе такую няроўнасць як нешта пачварнае і злачыннае.
Калісьці па нейкім злашчасным звычаі такую неабмежаваную ўладу мелі толькі рабаўладальнікі. У той час людзі, ахопленыя сляпой прагаю панавання, забылі пра ўсякую гуманнасць і дазвалялі сабе распараджацца жыццём і смерцю рабоў. Але такая празмерная вольнасць была пазней зацугляная з дапамогай законаў. 1 хоць гаспадары маглі пакараць раба, які правінаваціўся, але забіваць нявольніка беспакарана ўжо не маглі. Каб неабмежаваная ўлада рабаўладальнікаў не перарасла ў дэспатызм, былі нават пазначаныя акалічнасці, пры якіх рабам дазвалялася падаваць скаргу, прычым не толькі на старонніх, але і на сваіх гаспадароў, і выступаць у судзе.
А ў нашага народа няма ўпыну ні на якую хэнць. Селяніну не дадзена права падаваць скаргу не толькі ў сувязі з захопам яго маёмасці. Ён не мае права паскардзіцца на пана нават тады, калі той учыніў забойства. Але чаму б і пану не кіравацца тым, чым кіруюцца іншыя? Чаму яму дазваляецца забіваць столькі халопаў, колькі ён хоча, абы толькі плаціў нязначнай гатоўкай за смерць забітага? Шкада, што наш народ (між іншым, найгуманнейшы) альбо ставіцца да гэтых дзікіх законаў паблажліва, альбо, хоць і не любіць іх, надта ўжо доўга заплюшчвае вочы на несправядлівую няроўнасць людзей, не сумяшчальную са здаровым розумам.
У грамадстве дастаткова ўжо, каб людзі адрозніваліся па сваім грамадзянскім стане, родзе заняткаў і абавязках. Няхай кожны робіць сваё і не лезе ў чужую справу, да якой не здатны. Тады захаваецца прынцып геаметрычнай, або дыстрыбутыўнай справядлівасці. Калі ж перад законам роўныя не ўсе, калі адна частка грамадзян надзеленая большымі правамі ці вольнасцямі
ў параўнанні з іншымі, дык на маю думку, гэта ўжо хутчэй нейкае бесчалавечнае і варварскае дзікунства, а не справядлівае заканадаўства. Камутатыўная справядлівасць, якую філосафы называюць арыфметычнай, не прызнае адрознення паміж чалавекам шляхетным і простым, багатым і бедным, яна ўсіх надзяляе пароўну. Яна не бачыць ніякай розніцы між асобамі і ўсякую ўчыненую шкоду, а таксама забойства карае аднолькавай адпаведнаю карай.
Калісьці прыродны розум вызначыў гэтыя нормы яшчэў свядомасці паганскага грамадства і дазволіў захаваць іх у пазнейшых супольнасцях. I вялікая ганьба нам, хрысціянам, што дазваляем колішнім паганцам быць вышэйшымі за нас у прававой справядлівасці і гуманнасці. У Пісанні ёсць шмат справядлівых законаў, навеяных Святым Духам. Гасподзь гаворыць вуснамі Майсея свайму народу (Другазаконне, 1): «Судзіце па справядлівасці, не робячы ніякай розніцы паміж братам і чужаземцам; выслухоўвайце малога так, як і вялікага, не зважаючы на асобу». Мудры цар Саламон кажа: «Царскі пасад, які судзіць бедных па справядлівасці, будзе навекі шчаслівы».
Няхай ніхто не спадзяецца, што трывалы мір і спакой усталююцца ў грамадстве, дзе мацнейшым паслабілі цуглі і тыя прыгнятаюць слабейшых. Менавіта з гэтай прычыны найчасцей узнікаюць смуты, звады і войны. Усе яны падрываюць і разбураюць грамадства, падаграваюць думкі і жарсці сярод грамадзян і парушаюць між імі згоду, якая ёсць істотнай умовай стабільнага выніку чалавечай дзейнасці. 1 калі ў якасці прыкладу трэба спаслацца на нейкі народ ці краіну, то яскравым узорам такога бедства можа паслужыць суседняя з намі, а значыць, і больш нам знаёмая Лівонія. Яна — наглядны доказ таго, што несправядлівасць можа прыводзіць да самых згубных наступстваў. Хто не ведае, з якою пыхай, з якім нахабствам і жорсткасцю шляхта панавала там над сялянамі і халопамі? Усё гэта вядома добра —
настолькі, што спыняцца асобна няма патрэбы. А потым сталася так, што на Лівонію пайшоў вайною маскоўскі тыран. I калі ён шырокім фронтам пачаў пустошыць краіну агнём і жалезам, то яе сяляне ў пераважнай сваёй большасці самі наводзілі рабаўнікоў на маёнткі шляхты і спешна пераходзілі ў непрыяцельскую веру. Сумнае і мізэрнае відовішча яшчэ і сёння служыць дастатковым сведчаннем таго, якая пляга напаткала той край, дзе людзей забівалі тысячамі, а безліч знатных жанчын і шляхетных дзяўчат, а таксама дзяцей было сагнана ў жорсткую, акрутную няволю.
Таму ўсім, хто хоча, каб яго грамадства было ў бяспецы, трэба імкнуцца да ўсталявання роўнасці людзей розных станаў перад законам. Вядома, умовы жыцця ў адных лепшыя, ў другіх горшыя. Але ніхто не павінен цярпець несправядлівасць ад іншага з прычыны прававой няроўнасці.
Асаблівая ўвага гэтаму надавалася ў мудрай Рэспубліцы вэнэтаў. I хоць стан патрыцыяў, або знаці, карыстаўся ў ёй вышэйшымі прэрагатывамі, а з плебеяў ніхто і ніколі не дапускаўся да кіравання дзяржавай, але за ўсё доўгае існаванне той імперыі ў ёй ніколі не ўзнікалі паўстанні ці смуты. Плебс не меў ніякай зачэпкі патрабаваць пераменаў, у яго не ўзнікаў нават цень недаверу ці падазронасці да патрыцыяў. Кантарэнус у сваім аповедзе пра Рэспубліку вэнэтаў бачыць прычыну гэтага ў тым, што вэнэты спрадвеку трымаліся звычаю продкаў, паводле якога ўсе, вялікія і малыя, мелі аднолькавыя правы. Ніхто не мог беспакарана чыніць несправядлівасць нават прасталюдзіну. Калі ж знатны крыўдзіў плебея, то гэта, кажучы словамі Кантарэнуса, заўсёды лічылася за вялікае святатацтва й злачынства. Ветрагон, які хоць аднойчы насмельваўся здзейсніць такое, не меў ніякага шанцу пазбегнуць кары. I яго пакаранне было тым болей суровым, чым вышэйшымі былі яго слава і годнасць.
Няхай бы і нашая шляхта сапернічала сваёй адметнай, прыгожаю сціпласцю з цудоўнай Рэспублікаю вэнэтаў замест таго,
каб выхваляцца, у якім жорсткім прыгнёце і бяспраўі яна трымае паспаліты люд. Бо хоць вэнэты і дазвалялі плебеям мець правы, але годнасць і знатнасць патрыцыяў праз гэта ніяк не цярпела. Тое самае было б і ў нас, і нічыя шляхетнасць не пахіснулася б. А пакуль кожны мерае сваю свабоду магчымасцю падняволіць іншых. У выніку прыгожае слова «свабода» ужо страціла значную частку свайго сэнсу.
Нялёгка абмежаваць уладу, калі кожны імкнецца ўзвысіцца, каб закабаліць другога. Як слушна павучае Лівій, празмерная свабода, якая ператвараецца ў цяжар для слабейшых, аказваецца неўтаймоўнай і небяспечнай і для саміх самаўладцаў. А вось калі свабода абмяжоўваецца, яна карысная ўсім — і асобнаму чалавеку, і грамадству. Паколькі ж, аднак, жадаць здаровага і шчаслівага грамадства лягчэй, чым яго пабудаваць, то пакінем гэта на Бога і мудрацоў. А самі коратка прыгадаем, якімі вольнасцямі шляхта карыстаецца ў народзе і дзякуючы якім прэрагатывам узвышаецца над простым людам. Але спачатку будзе нялішнім і нават дарэчным даць сціслую характарыстыку шляхты, акрэсліўшы яе сутнасць і паходжанне.
Раздзел VII
ЗНАТНАСЦЬ, ЯЕ СУТНАСЦЬ I ПАХОДЖАННЕ
Паўсюль у сваіх сачыненнях і сам Арыстотэль, і многія іншыя філосафы характарызуюць знатнасць як знакамітасць продкаў і славу прашчураў, якая нібыта па нейкім спадчынным праве распаўсюджваецца на іхніх нашчадкаў. Пакаленне, прадстаўнікі якога вызначыліся асабліваю дабрачыннасцю, ці заслужылі вялікую павагу і пашану, ці праславіліся багаццем і сілаю, амаль заўсёды пакідала сваім патомкам фамільную годнасць і веліч, якою само карысталася пры жыцці. Як сведчыць Арыстотэль, знатнасць складаецца са спалучэння двух кампанентаў: высакародных якасцяў і багацця. Аднак рэчаіснасць паказвае, што аўтарытэту імя садзейнічаюць не так высакародныя якасці, як багацце і тытулы продкаў.
У рымлянаў найменне patricii (знатныя) паходзіла ад слова patres (бацькі) або senatores (старэйшыя), якіх калісьці выбіраў Ромул. He высакародныя якасці, а пасад і абавязкі пэўных асобаў забяспечвалі ім павагу сярод астатніх. Дый якая магла быць высакароднасць у тым зборышчы, дзе не было ніякай розніцы паміж рабом і свабодным і дзе ўсе яны, цёмныя прасталюдзіны, урэшце знайшлі сабе прыстанак.
Слынным і знатным чалавека могуць зрабіць высакароднасць продкаў, вялікае багацце, годнасць, аўтарытэт ці ўсё разам узятае. Але на чым бы ні грунтавалася славутасць сям’і, яна пераходзіць нашчадкам, і яе называюць знатнасцю. Зрэшты, цяпер мы вядзем гаворку не пра тую знатнасць, якую чалавек заслугоўвае сваёй высокай маральнасцю і дабрадзейнасцю, а пра агульнапрынятую ў народзе знатнасць, падставаю якой служыць рэпутацыя продкаў. Шмат хто на поўным сур’ёзе сцвярджае, нібыта для такой знатнасці пры ўсіх яе іншых выгодах таксама
ўласцівая пераемнасць. Словам, семя вартасцяў, якімі валодалі папярэднікі, пераходзіць і да іх нашчадкаў, дзякуючы чаму тыя робяцца такімі самымі, як і продкі. Можна часта пачуць, як цытуюцца такія вершаваныя радкі:
Моцных выводзяць на свет здаравейшыя, моцныя, Сіла бацькоў да быка й жарабца пераходзіць.
Голуба міру — птушкі спакою і згоды He спараджае ніколі арол-крыважэрца.
Вышэй адзначалася, што знатнасць не заўсёды паходзіць ад праяўлення высакародныхякасцяў. Часта яе паходжанне абумоўленае багаццем або аказанымі пашанотамі. Таму будзе марнаю спроба звесці да нечага аднаго тое, што ёсць шматаблічным.
Няхай знатнасць дасталася камусьці ад продкаў, слынных сваёй дабрадзейнасцю і выключнаю чалавечнасцю. Але ж гэта не падстава лічыць, што гэтыя якасці абавязкова і самі сабой адродзяцца ў нашчадках і што ім дзеля гэтага не трэба ўжо ні навукі, ні працы, ні намаганняў, якія ў немалой ступені паспрыялі знатнасці і славе іх папярэднікаў. Я, вядома, не адмаўляю, што вартае найчасцей і спараджаецца вартым. Знатныя нашчадкі нярэдка маюць столькі добрых задаткаў, што дасягаюць багатага плёну, прыкладаючы зусім мала высілкаў. Але ж нельга ўзводзіць гэта ў абавязковы закон, паводле якога знатнымі нібыта нараджаюцца заўсёды і ўсе нашчадкі знатных бацькоў, прычым самым натуральным чынам. Падобнае меркаванне ўяўляецца мне настолькі абсурдным, што высоўваць супраць яго нейкія падрабязныя контрагрументы я не бачу ніякае неабходнасці. Сваімі вартасцямі чалавек перадусім абавязаны вялікае ласцы Бога, які, не зважаючы на асобу, надзяляе выбітнымі здольнасцямі, талентам і розумам тых, да каго мае прыхільнасць. Нярэдка дзеці простых бацькоў нараджаюцца з такімі шчаслівымі задаткамі, што дзякуючы сваёй энергіі і дараванням дасягаюць пазней незвычайнае славы. А бывае і наадварот. Патомкі знатных і вы-