Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
Пра гэта сведчаць нормы грамадзянскага права, паводле якіх тытул мусіць быць пацверджаны ганароваю граматай ці іншым
*Цыцэрон паходзіць ад лацінскага сісег — гарох (заўв. рэдактара).
прывілейным актам. Прадстаўнік простага стану, ушанаваны такім прывілеем, лічыццаўжо не прасталюдзінам, а нобілем. А не маючы такога пасведчання, чалавек не можа прэтэндаваць на знатнасць, колькі б ён ні даказваў сваю годнасць. Тут ужо нічога не залежыць ад нашай волі, ад нашых памкненняў і ўчынкаў. Усё вырашаецца з ласкі ўладара. Як бы хто ні даводзіў, што той вунь ці гэты не вартыя звання нобіля, іх статус будзе лічыцца ўсё адно непарушным. Галоўнае, каб нобіль пацвердзіў сваю годнасць імперскаю граматай.
Разам з тым некаторыя нават і без такой граматы маюць прыналежнасць да знаці — на той падставе, што паходзяць ад продкаў знатнага стану. Праз гэтую даўнюю знатнасць нашчадкі набываюць такі ж набілітэт, які іншыя атрымліваюць з ласкі ўладара. Некалі аднойчы набыты, статус знатнасці, як па спадчынным праве, пашыраецца потым на ўсё патомства.
Такім чынам, адрозніваюць два віды знатнасці. Адна пераходзіць да дзяцей ад бацькоў, і яе па праве называюць радавою. Другая даецца з ласкі манарха, і яе цалкам слушна мянуюць дароўнаю. Як першая, так і другая маюць аднолькавую вартасць. Здаўна ўсталяваўся і замацаваўся звычай, паводле якога разам з манаршымі прывілеямі такія асобы атрымліваюць гербы і іншыя рэгаліі. Гэтыя сімвалы — таксама частковае сведчанне знатнасці і пацверджанне аб прыналежнасці адпаведнага роду да знаці. А каб ніхто не думаў, што набілітэт ёсць нейкай прывіднаю, ілюзорнаю вартасцю, на знаць ускладаюцца пэўныя абавязкі. У сваім жыцці знаць павінна прытрымлівацца канкрэтных нормаў паводзін. Калі ж нехта парушае гэтыя прыказанні, ён страчвае свой прававы статус і лічыцца прасталюдзінам.
Кожны народ жыве па сваіх звычаях. У нашым народзе той, хто прэтэндуе на права мець шляхецкую годнасць, павінен валодаць зямельнай маёмасцю, у прыватнасці вёскамі, фальваркамі, замкамі, гарадамі. Прадстаўніку гэтага стану не дазваляецца займацца
брудным ці нявольніцкім рамяством. Шляхта павінна жыць толькі ад земляробства і падаткаў з сялян, а таксама з іншых выгодаў, якія можа даваць зямля. Калі ж нехта страчвае свае зямельныя ўладанні і пераходзіць да механічнага рамяства, то болей не лічыцца нобілем і ў сувязі са зменаю жыццёвых умоваў пераходзіць у плебеі.
Шляхта можа займацца масташнамі і вайсковаю справай. Акрамя таго, на яе ўскладаецца кіраванне дзяржавай. Таму прадстаўнікі іііляхты павінны вывучаць навукі, якія дапамагаюць забяспечваць у дзяржаве мір і спакой і абараняць яе ад нападаў знешняга ворагу. Наогул, для дзяржавы надзвычай важна, каб у грамадстве, дзе ўсе станы і людзі ўзаемазалежныя, дзе існуюць розныя інстьггуцыі, скіраваныя на карысць чалавеку, існавала і такое саслоўе, якое, грэбуючы ўсімі рамёствамі, старанна займалася толькі тымі справамі, якія садзейнічаюць умацаванню аўтарытэту дзяржавы і забеспячэнню яе патрэб. Калі ж стырно ўлады ў дзяржаве дастаецца асобам нячыстым, калі ваенныя справы даручаюцца людзям подлым і нізкім, якіх цікавіць больш не агульнае дабро, а ўласная карысць, то наўрад ці можна спадзявацца, што пры такім кіраўніцтве ўсё грамадства будзе шчаслівым і здаровым.
У нас дагэтуль не адмысловыя ўмацаванні і не гарадскія муры, а мужнасць шляхты і яе непахісная сіла духа прыносілі дзяржаве перамогу ў барацьбе супроць усякай варожай навалы. Адвага і пачуццё ўласнай годнасці заўсёды цаніліся ў шляхецкім стане настолькі высока, што ў бойцы шляхціц гатовы быў рынуцца ў самую гушчу ворагаў і загінуць дзеля адной толькі згадкі пра ягоны подзвіг. У іншых краінах ваяры служаць у войску і ваююць за пэўную плату і ўзнагароду, у нас жа гэтага вымагае чалавечая годнасць і мужнасць асобы. Няхай бы можна было і далей зберагаць даўнюю славу і крочыць па слядах нашых продкаў, якія будавалі дзяржаву з вялікім умельствам і рупнасцю! Няхай бы нашы нашчадкі з такім самым стараннем дбалі пра паспалітае грамадства, каб зрабіць яго моцным і непарушным.
Але ў нас назіраюцца вялікія перамены. Ледзь не ўсе займаюцца справамі, далёкімі ад таго, пра што дбалі нашыя продкі. Мала каго вабіць высокая чыннасць, большасць стараецца знайсці занятак, які спатоліў бы яе прагу да прыбытку й нажывы. Шляхта не саромеецца гандляваць, ліхвярыць, карчмарыць ці займаецца іншымі нізкімі рамёствамі, калі яны прыносяць даход.
А як бо абавязкі, якія шляхта павінна выконваць у першую чаргу, аказваюцца занядбанымі, то паўсюль пачынае панаваць усё большая сапсаванасць нораваў. I хоць такое прыгожае і цудоўнае слова як «высакароднасць» можна пачуць з вуснаў ледзьве не кожнага, на справе высакародная чыннасць уласцівая сёння вельмі нямногім. Шляхта вядзе жорсткую барацьбу за захаванне сваіх свабодаў і прывілеяў, між тым забываючыся, што раней імі ўганароўваўся толькі той, хто ўсё жыццё займаўся вайсковаю справай і навукамі аб кіраванні дзяржавай. Чалавеку, які праз сваю знатнасць ці іншыя прывілеі прэтэндуе ўзвышацца над простым людам, не да твару займацца чорнай плебейскаю працай ці рамяством, абы толькі здабыць прыбытак. Там, дзе за аднолькавую працу людзі атрымліваюць розную ўзнагароду, дзе за роўнае даецца няроўнае і тым самым парушаецца закон справядлівасці, — там сеецца семя разладу.
Калі дзе-колечы ёсць народ, чые нобілі могуць пахваліцца сапраўды шырокімі свабодамі і прывілеямі, то, мабыць, першынством сярод іх валодае наша шляхта. Але чым болей шляхце дадзена прывілеяў, тым болей яна павінна цурацца ўсіх агідных і вычварных праяваў жыцця. У гэтай сувязі будзе дарэчы згадаць некаторыя вады, якія, на маю думку, пэцкаюць прыгожае слова свабода, — дзеля таго, каб мы не вельмі хваліліся сваёй шляхецкаю вольнасцю і не думалі, што, цешачыся з вялікай свабоды, можам пераступаць усякія межы. Але перадусім я каротка хачу паказаць, у чым ёсць сутнасць нашай свабоды і чым яна настолькі прываблівая, каб яе прапанаваць іншым.
Раздзел IX
ШЛЯХТА Ў НАШЫМ ГРАМАДСТВЕ MAE
НАМНОГА БОЛЬШУЮ СВАБОДУ, ЧЫМ НОБІЛІ ІНШЫХ НАРОДАЎ
Каб грамадства заставалася цэлым і непарушным, злачынцы ў ім павінны карацца, а дабрачынцы ўшаноўвацца ўзнагародамі. I на мой погляд, для забеспячэння трываласці грамадства нашыя продкі мелі надзвычай карысныя і спрыяльныя статутныя нормы, паводле якіх шляхце за яе выключныя заслугі перад дзяржавай даваліся найвышэйшыя ўзнагароды. Чыннасць нашай шляхты на карысць айчыны заўсёды была вялікай і слаўнай. Мужна баронячы радзіму ад ворагаў, шляхта не шкадавала ні сіл, ні сваёй крыві і адважна душыла падступныя намеры ўсіх нападнікаў.
Разнастайныя тытулы і ўладныя прывілеі, якімі ў нашым грамадстве карыстаецца адна толькі шляхта, уяўляюць сабой немалую ўзнагароду. Дзякуючы ім шляхце адкрываецца лёгкая дарога да прымнажэння радавой славы і павелічэння дамашняга дабрабыту. Але найвышэйшай і найкаштоўнейшай узнагародай за здзяйсненні і подзвігі застаецца свабода. Свабода ёсць адзінай асновай чалавечага жыцця. I шляхта карыстаецца ёю напоўніцу, абапіраючыся на даўнія звычаі і законы нашых продкаў. Без свабоды ніякія тытулы і багацці не прынясуць чалавеку шчасця і дабрабыту. Калі свабоды няма, багацці толькі распальваюць хцівасць тыранаў. Іх розум, аслеплены сквапнасцю, прагне нажывы. I тыраны, як галодныя псы, кідаюцца на здабычу.
Яскравым прыкладам гэтаму ёсць Масковія. Яна пераканаўча сведчыць, якая небяспека пагражае дабрабыту кожнага там, дзе адсутнічае свабода. Тыран у Масковіі правіць па сваёй прыхамаці. Законам ён лічыць усё тое, што захочуць яго распаленыя мазгі. Годнасць і маёмасць жыхароў у той краіне ніяк не абароненыя ад несправядлівасці, якую чыніць самаўладца.
У любы момант ён можа не толькі забраць у чалавекаўласнасць, але і сцяць уласніку галаву. Але цёмны і грубы люд, прывучаны да дзікага рабства, не толькі не выступае супроць злачыннай сквапнасці свайго тырана, а ўспрымае яго самавольства і самадурства ледзь не як нябесную кару.
Закон ёсць маральнае правіла, якое дыктуецца здаровым розумам і ўхваляецца боскімі запаветамі. Калі тыран так ці іначай парушае законы або слушныя нормы розуму, ён тым самым чыніць не Божыя суд і волю, а, як люты звяруга, прагне задаволіць толькі свае сляпыя жывёльныя інстынкты. Там, дзе над людзьмі стаіць не закон, які іх настаўляе ва ўсіх учынках, а верхаводзіць легкадумная чалавечая воля, — там паўсюль, як справядліва кажа Арыстотэль, грамадствам кіруе і правіць не Бог, а пачвара. Марна спадзявацца, што ў такім грамадстве калі-небудзь будуць мір і спакой. Народ там пачувае сябе так, як авечкі ў авечніку, у якім лютуе воўк.
Наш народ забяспечыў сабе мір і агульную свабоду болей удумліва. Ен абмежаваў караля рамкамі законаў, каб ён не насмеліўся замысліць нешта супроць грамадзян ці паквапіцца на іхнюю маёмасць. Кароль павінен рабіць толькі тое, што прадугледжвае ці патрабуе закон — вярхоўны ўладар як над грамадзянамі, так і над манархам. Самі ж законы, якія паўсюдна маюць прыярытэт, устанаўліваюцца не элітай і нават не каралём. Заканадаўства цалкам належыць шляхце. А гэта спрыяе ўмацаванню свабоды. Нават калі шляхта ў чым-небудзь памыляецца, дзе-небудзь адступае ад выкарыстання агульных каштоўнасцяў належным чынам, яна ў любы момант можа змяніць ці палепшыць закон, што бачыцца мне як праява свабоды. I праўда, хіба гэта не свабода — заўжды мець магчымасць спрыяць паспалітаму дабрабыту і рабіць тое, што ідзе на карысць усяму грамадству?
Іншыя народы, народнасці таксама маюць законы. Але тыя законы, выдадзеныя па асабістай волі ўладароў ці эліты, не так
спрыяюць шчасцю людзей, як дапамагаюць рабаваць слабейшых, бо якія б ні былі законы, усе ўрэшце вымушаныя ім падпарадкавацца, нават калі яны няволяць асобу. Але зняволеным не даецца права змяняць законы, і такія людзі нясуць на сабе вялізнае і відавочнае кляймо рабства.
Сярод вольнасцяў нашага народа немалаважным чыннікам і паказнікам яго грамадзянскай свабоды ёсць абранне караля. Калі ў іншых народаў цары і манархі прыходзяць да ўлады паводле спадчыннага права і натуральнае пераемнасці, то ў нас уладарамі не нараджаюцца — іх выбіраюць усеагульным галасаваннем шляхты. Пры гэтым народ настолькі паважае караля, што пакуль ніводнаму з каралеўскай сям’і не выказваў непрызнання. Сярод аптыматаў каралеўскага паходжання выбіраюцца спрэс айчынныя, а не замежныя асобы. Манарх сведчыць потым, што абраны свабодна, што ёсць каралём не на аснове спадчыннага права, а з ласкі і адабрэння народа, і ў якасці такога будзе правіць грамадствам.