Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе  Андрэй Волян

Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе

Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
25.35 МБ
Што да князя Андрэя, то, звяртаючыся да цябе з прывітальным і пахвальным словам перад людскім натоўпам, ён сказаў, што калі аднаго непрыяцельскага ваяводу ты адолеў рукою, дык яго перамог сваім красамоўствам. Ты з поўным правам належыш да тых ваяводаў (атакія былі), хто спалучае бліскучы ваенны талент з мудрым дарам слова. Вастрынёй свайго праніклівага розуму ты перасягаеш у нашай Сарматыі многіх выбітных сенатараў, а ў красамоўстве табе ўвогуле няма роўні. На радзіме ты цалкам заслужана займаеш першае месца і па званні сваім, і па сенатарскай годнасці. А пасля таго як табе давялося заняць месца стрыечнага брата, мудрага і знакамітага Мікалая Радзівіла, ты пачаў увасабляць для нас і яго самога. Дай жа нам, усёмагутны і ўселітасцівы Божа, каб стырно дзяржавы апынулася неўзабаве ў руках твайго высакароднага сына Мікалая. Розум і мысленне гэтага смелага і дужага юнака — нашмат сталейшыя за яго ўзрост. Тое самае можна сказаць і пра твайго меніпага сына Крыштафа, бо і ён прыкметна вызначаецца розумам і целам. Па багацці талентаў твой выбітны род спаборнічае толькі з самім сабою. Сваімі заслугамі перад радзімай ён не дае нам траціць надзею, што і ў сённяшнім дзікім разгуле бурлівых хваляў наша грамадства ўрэшце знойдзе спакойны і мірны прычал.
Калі наперадзе выступаюць такія волаты, ніхто не можа сядзець і глядзець, склаўшы рукі. Кожны адчувае абавязак унесці сваю лепту ў агульную справу. Так і я, з ранняга ўзросту і да гэтых дзён будучы пры тваім двары, нязменна бачачы вялікую
працу, якую ты аддаваў на карысць айчыны, і натхніўшыся тваім прыкладам, рашыў далучыць свае тэарэтычныя і практычныя меркаванні адносна стану рэчаў у нашым грамадстве, чыім шчырым грамадзянінам сябе лічу, у тым ліку дзякуючы тваёй ласцы і тваёй выключнае дабрыні.
А як бо для дзяржавы няма нічога важнейшага і нічога карыснейшага за свабоду, то дзеля пашырэння гэтай усеагульнай свабоды я палічыў патрэбным прыгадаць пэўныя парады з кніг вучоных мужоў. Можа быць, я і сам змагу выказаць нешта карыснае тым, на кім ляжыць клопат аб нашай дзяржаве, і тым самым дапамагу пазбавіць грамадства некаторых заганаў. Зрэшты, я не такі наіўны, каб думаць, што ў сваім невялікім творы здолею разгледзець усё, чаго патрабуе значнасць і шырыня тэмы. Але ў вялікіх справах бывае дастаткова ўхвальным ужо адно жаданне. I няхай справядлівы чытач мне даруе, калі заўважыць, што я не ўсюды адпавядаю свайму намеру. Няхай лепш пахваліць маю зычлівасць да нашага люду, а не перабольшвае маю няздатнасць.
Напісанае мною — унёсак даволі сціплы. I ўсё ж я лічу патрэбным прысвяціць гэты твор табе, яснавяльможны ўладар, надрукаваўшы яго пад шчаслівым знакам твайго імя. 3 Божай волі ты — першая асоба ў нашым грамадстве. Дык вазьмі пад сваю апеку таго, хто ад усяго сэрца зычыць дзяржаве дабра, і абарані яго ад нядобразычліўцаў.
Вялікі багатыр, здароўя і шчасця табе на многія гады. I няхай атульвае мяне твая заўсёдная ласка.
Адпраўлена з маёнтка майго ў Біюцішках.
5-га студзеня 1572 года
Вашай Светлай Высокасці кліент і слуга вечны, Андрэй Волян
Раздзел I
УСЕ РАЗУМНЫЯ ЛЮДЗІ ВЫСОКА ЦАНІЛІ СВАБОДУ
Прырода надзяліла чалавечы род найвялікшымі каштоўнасцямі. Але думаю, найбольшай каштоўнасцю, бадай, ёсць свабода. Хоць чалавек і атрымаў ад маці прыроды добрыя разумовыя і фізічныя задаткі, якія, здаецца, і складаюць сапраўднае шчасце, аднак ва ўмовах адсутнасці свабоды гэтыя задаткі не могуць належным чынам выканаць сваё прызначэнне і ашчаслівіць чалавека. У рабстве няма месца дабрачыннасці, у няволі немагчыма мець добрае здароўе, так неабходнае для жыцця і карысных справаў. Мусіш заўсёды рабіць не тое, што хочаш сам, а што падабаецца нягоднікам, і дзейнічаеш паводле іх прыхамаці. I нездарма ўсе людзі высокага розуму і ўсе добра ўладкаваныя грамадствы надавалі свабодзе выключную і неаслабную ўвагу. Вучоныя мужы адзначаюць, што рабства падрывае або зусім нішчыць усё добрае ў чалавечым грамадстве. Тут варта прыгадаць цудоўныя, мудрыя словы Цыцэрона: «Рабства ёсць найгоршым з усіх бедаў. Супроць яго трэба змагацца не на жыццё, а на смерць». Дый сама рэчаіснасць сведчыць, якім злом аказваецца рабства. Калі афіняне знаходзіліся пад цяжкім гнётам тыранаў, то як ваяры нічым асабліва не праславіліся ў параўнанні з суседнімі народамі. Здабыўшы, аднак, свабоду, яны, нібыта іх падмянілі, лёгка аднялі ў другіх пальму вяршэнства ў ратнай мужнасці. Па словах Герадота, пакуль афіняне здабывалі багацці не сабе, а ўладарам, яны не надта й высільваліся. А калі сталі вольнымі, пачалі працаваць на поўную сілу, бо рабілі на ўсё сваё грамадства, а значыць і на сябе. У тых краях ніколі не дасягнула б такога росквіту філасофія, ніколі не нарадзілася б навука аб самых справядлівых законах, калі б у іх не існавала свабоды, гэтай настаўніцы ўсіх добрых справаў. Дарэчы, варвары, пры-
вучаныя падпарадкоўвацца жаданням тыранаў, заўсёды былі настолькі далёкія ад прыстойнасці і высакародства, што не вельмі адрозніваліся ад астатніх жывёл.
Сярод гарадоў, у якіх свабода прынесла найвышэйшы плён, вылучаецца, канешне, і Рым. Нялёгка нават вызначыць, што яго ўславіла больш: ратныя подзвігі ці мірныя навукі і мастацтвы. Пакуль Рым быў верным і пільным вартаўніком усеагульнай свабоды, ён, нібы з нейкай скарбонкі дабрадзейнасці, спараджаў і шматлікіх імператараў, якія пакрывалі сябе славай у бітвах, і разважных сенатараў, якія праслаўлялі сябе мудрасцю. Рымляне так моцна любілі і аберагалі свабоду, што не толькі мужна змагаліся за сваю вольнасць, але і не дазвалялі, каб нехта замахваўся на вольнасць чужую. Сведчаннем можа служыць вайна, якую вёў Квінкцій супраць македонскага цара Філіпа. Гэтая небяспечная вайна вымагала вялікіх высілкаў і сродкаў. А калі яна была паспяхова завершаная, рымляне запатрабавалі ў якасці кампенсацыі толькі аднаго: свабоды грэцкім гарадам. Грэкі ўспрынялі такую высакароднасць рымлянаў з вялікаю радасцю і захапленнем. Нечым боскім здаваўся ім факт, што на зямлі ёсць народ, які з такой прыхільнасцю ставіцца да чужой свабоды. Гэты народ, не збаяўшыся ні цяжкасцяў, ні смяротнае небяспекі, без вагання выступіў супроць магутнага ворага і вызваліў ад прыгнёту іншы свабодалюбны народ. Калі грэкі зноў паспыталі пладоў вернутае свабоды, яны былі настолькі ўсцешаныя, што і словам і справай далі зразумець: з усіх паднябесных рэчаў няма нічога каштоўнейшага за свабоду. I нездарма часта здаралася так, што многія хутчэй выбіралі смерць, чым жыццё ў рабстве. Такую моц і сілу духа праяўлялі не толькі мужчыны. У рашучасці з імі спаборнічалі і жанчыны. Гэткімі былі жанчыны ў кельтаў. Пасля таго як Антанін Каракала перамог кельтаўу вайне, іхнія жонкі апынуліся ў палоне. Рымляне запыталі ў палонніц, што
яны хочуць: каб іх прадалі ці забілі. Жанчыны адказалі, што лічаць за лепшае памерці. А калі кельцянак усё ж прадалі, то, пазбаўленыя свабоды, яны не пажадалі несці на сабе ярмо рабства і наклалі на сябе рукі. Перад гэтым жанчыны забілі сваіх сыноў, бо і дзяцей, калі б яны засталіся жывыя, чакала рабства. Нешта падобнае расказваюць і пра кантаберыйскіх жанок. Яны таксама пакончылі самагубствам, забіўшы папярэдне сваіх сыноў, каб тыя не трапілі ў рукі ворагу. Нехта вельмі слушна заўважыў: салодкі смак у свабоды, нават калі яна купленая смерцю, і няма нічога агіднейшага за рабства, бо нездарма кажуць: мілей смерць, чым няволя.
Вось эпізод, пра які распавёў Лаэрцый. Аднойчы Кратэр, прэфект ваяроў Аляксандра Македонскага, запрасіў да сябе жыць Дыягена Цыніка. Але Цынік, жадаючы паказаць выключную вартасць свабоды, адказаў гэтаму багатаму і магутнаму чалавеку: «Як на мяне, дык лепш лізаць соль уАфінах, чым ласавацца далікатнымі прысмакамі ўКратэра». Цынік хацеў гэтым самым сказаць, што яму болып імпануе беднасць простага люду, чым раскоша багацеяў, ад якой патыхае рабствам. I яшчэ. Некаторыя лічылі філосафа Калісфена шчасліўцам, бо ён меў у Аляксандра салодкае, усцешлівае жыццё. Цынік жа аднойчы сказаў: «Я лічу Калісфена гаротнікам і нябогам, бо яму дазваляецца снедаць і абедаць, калі гэтага жадае Аляксандр». Нездарма палявая мыш з вядомай байкі ўпадабала сваё сціплае жыццё куды больш за жыццё гарадской мышы. Сяльчанка бачыла, што сваячка мае раскошны стол. Але тая раскоша была звязаная з няспыннымі трывогамі і страхамі. Таму яна не захацела прамяняць свой небагаты харчунак, які магла спажываць у поўным спакоі, на гарадское смакоцце, прыпраўленае мітрэнгай і рызыкай.
Мы паўсюдна пераконваемся: жывёлы прыродаю створаныя так, што заўсёды прагнуць волі. Ім больш падабаецца здабы-
ваць ежу на свабодзе, чым мець яе гатовую, але ў няволі. Як гаворыць Авідый:
Хоць і няблага жывуць салавейка і ласвіца ў клетцы, Толькі ж у лес да сваіх прагнуць вярнуцца яны.
Калі пачуццё свабоды ўласцівае нават маленькім птушкам, то нічога дзіўнага, што і чалавек, істота найбольш дасканалая і найболын свабодная з усіх, створаных Богам, з вялікай упартасцю імкнецца да волі. Чалавек гатовы ісці на смерць, каб скінуць ярмо рабства. Праўду казаў Цыцэрон: «Рабу не патрэбна жыццё, якое не мае ніякай вартасці».
Раздзел II
Пра АБЛУДНАСЦЬ I НЕДАРЭЧНАСЦЬ ДУМКІ, ШТО СВАБОДА ГЭТА ЎСЁДАЗВОЛЕНАСЦЬ
Ніводзін разумны чалавек ніколі не сумняваўся, што свабода ўласцівая самой чалавечай прыродзе і ніхто не нараджаецца рабом. Але з прычыны сапсаванасці чалавечай натуры нашае жыццё абложана мноствам злыбедаў. Трэба прызнаць, што і ўзнікненне рабства, якое займае далёка не апошняе месца сярод іншых ліхтуг, абумоўлена той жа прычынай. Славалюбства і сквапнасць — гэтыя плады заганнай натуры — спарадзілі спаміж людзьмі вайну, за якой, быццам цень, сунулася рабства. Акрамя вайны, беспрасветная галеча змушала чалавека пайсці ў няволю дзеля куска хлеба. Рабства практыкавалася ў чалавечым супольніцтве і як пакаранне за надзвычай цяжкае злачынства. Але якія б там ні былі асобныя прычыны падняволля, усе яны ёсць вынік грэхападзення чалавечай натуры. Калі б людзі збераглі першапачатковую цнатлівасць, іх не напаткалі б аніякія беды. Чалавеку служыла б усё, што было створана Богам, і ніхто і нішто не загнала б людзей у ярмо няволі.
Цяпер жа ўсё настолькі перамяшалася, што рэчы, якія павінны былі б дапамагаць людзям, здаецца, адвярнуліся ад іх зусім. I толькі прыклаўшы вялікія намаганні, чалавек змушае гэтыя рэчы служыць ягоным патрэбам. А гэта таксама з’яўляецца сведчаннем таго, што мы знаходзімся пад гнётам нявольніцтва. Але ніадкуль так не пагражае чалавеку небяспека пакутнага рабства, як ад самога ж чалавека. Як толькі гэтая жывёліна раскілзваецца ды траціць усякую прыстойнасць і сціпласць, яна неўзабаве робіцца фанабэрыстай і пыхлівай, сквапнай і жорсткай. Яна імкнецца да ўлады з такім нахабствам, што бачыць сябе шчаслівай толькі, калі трымае іншых у няволі.