Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе  Андрэй Волян

Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе

Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
25.35 МБ
Калі мы прыгадаем падзеі мінуўшчыны і паглядзім на тое, што дзеецца сёння, мы не зможам для сябе не адзначыць, што сярод людзей заўсёды знаходзіцца той, хто прагне захапіць неабмежаваную ўладу цаною шматлікіх інтрыг і забойстваў. Пыха і неўтаймаваная разбэшчанасць чалавека з’яўляюцца галоўнай прычынай рабства. Але знаходзяцца людзі, чый розум сапсуты і карумпаваны настолькі, што гэтыя самыя заганы, якія ўжо адны руйнуюць усякую свабоду, яны легкадумна мянуюць свабодай. I шмат хто лічыць, што толькі тады мае поўную, сапраўдную свабоду, калі сваім суровым і грозным абліччам наганяе жуду на слабейшага, па сваёй прыхамаці чыніць над ім гвалт, змушае ўсіх скарыцца дзікаму самаўладдзю. Але ўсялякая празмернасць ператвараецца ў загану. Людзі, якія выхваляюцца сваёй празмернай свабодай, фанабэрацца не высакародным разуменнем свабоды, а паняццем, найменне якому «разбэшчанае сваволле». Свабода нікому не чыніць зла, тады як рознага кшталту бязэцтва парушае спакой чалавека. Толькі дэспат лічыць прыстойным рабіць людзям ліха па сваёй прыхамаці. Свабода адмаўляе рабства і падтрымлівае панаванне справядлівых законаў. Дэспат жа руйнуе любое вяршэнства закона і ў сваіх дзеяннях кіруецца не розумам, а жарсцю заганных пачуццяў.
Платон у сваім творы «Аб дзяржаве» слушна гаворыць: падобна да таго, як усякая празмерная якасць ператвараецца ў сваю процілегласць, так і некантраляваная свабода дэгенеруе ў неабмежаванае нявольніцтва. Калі грамадства дазваляе чалавеку не зважаць на закон і рабіць усё, што кожны хоча, яно гэтым самым патурае прыхамаці і сваволі мацнейшых і нясе рабства згалелым і нямоглым. Каб адшукаць падобны стан рэчаў, далёка хадзіць не трэба. Амаль усім даводзілася паспытаць гора ад нечыяга самачынства. Як часта жаўнеры, забыўшыся на свае абавязкі, скінуўшы путы ледзьве не ўсіх законаў, ляцяць на злом галавы туды, куды іх пацягне жарсць. За апошнія гады
мы бачылі столькі забойстваў, столькі згвалтаваных жанчын, столькі абрабаваных маёнткаў і нават цэлых раёнаў, што большае плягі грамадства не магло б атрымаць нават ад ворага. I гэтыя ліхадзеі на ўвесь голас, не чырванеючы, заяўляюць, што маюць права наўсё, бо яны — вольныя, хаця ў сапраўднасці аказваюцца нікчэмнымі рабамі сваіх подлых жаданняў. Зрэшты, і самі яны церпяць несправядлівасць ад больш моцных.
Дык хай жа будуць як мага далей неразумныя памкненні тых, для каго свабода — гэта неўтаймаваная вольнасць рабіць усё, што захочаш. Свабода заўсёды мае на мэце высакародныя ўчынкі і заўсёды спалучаецца са станоўчым ладам мыслення.
Раздзел III
Развагі АБ СВАБОДЗЕ I ЯЕ СУТНАСЦІ
Усе даброты бываюць трох кшталтаў. Наконт гэтага сыходзяцца ў сваіх меркаваннях філосафы, пра гэта сведчыць і сама рэчаіснасць. Усё, што лічыцца за дабро, бывае альбо духоўным, альбо цялесным, альбо маёмасным. У першай кнізе «Законаў» Платон называе духоўныя даброты боскімі — пэўна, таму, што людзі, якія разумна карыстаюцца гэтымі каштоўнасцямі, адлюстроўваюць прыроду бога. А Бог ёсць абсалют усіх дабрачыннасцяў. Даброты цела і даброты фартуны Платон мянуе чалавечымі дабротамі. I тыя, і другія залежаць ад даброт духоўных і, як малодшыя старэйшым, павінны ім падпарадкоўвацца і служыць.
3 выказваннямі Платона сугучныя выказванні Арыстотэля. Усё чалавечае шчасце філосаф дзеліць на эўдаманію і эўтыхію. Эўдаманія лучыць у сабе толькі ўнутраныя, духоўныя даброты, якія складаюць вяршыню ўсіх вартасцяў і робяць чалавека саўдзельнікам сапраўднай шчаснасці. Эўтыхія ахоплівае толькі знешнія, гэта значыць, толькі цялесныя і маёмасныя даброты. Яны дадзеныя чалавеку з адзінаю мэтай — каб праз гэтых, так бы мовіць, памагатых навучыць і натхніць людзей чынна здзяйсняць высакародныя справы.
У «Эўфідэме» Платон гаворыць, што шчаслівымі людзей робіць не само валоданне дабротамі, а іх разумнае выкарыстанне. Бо чалавек, не абазнаны ў мудрасці, не здольны як след распарадзіцца і сваім багаццем. 3 гэтым выказваннем, бадай, можна пагадзіцца. Сапраўды, чалавечае шчасце заключаецца ў правільным ужыванні дабротаў, а дзейнічаць так можа толькі чалавек разумны. Зрэшты, і мудрэц, на мой погляд, не патрапіць належным чынам скарыстацца сваім дабро, калі не будзе сва-
бодны. Усякая чалавечая супольнасць, называная грамадствам, утвараецца дзеля таго, каб людзі праз агульнае паразуменне і ўзаемную падтрымку жылі памысна і шчасліва. А ніякага іншага спосабу забяспечыць прыстойнае і годнае жыццё людзі не вынайшлі, апроч як праз усталяванне міжсобку спакою і міру, гэта значыць — магчымасці свабодна і без турботаў карыстацца сваімі дабротамі. Дый навошта тыя даброты, калі няма як карыстацца імі? Або — як можна разумна выкарыстоўваць даброты, калі не маеш на іх дазволу? Адсюль вынікае, што нармальнае карыстанне каштоўнасцямі павінна спалучацца са свабодай такога выкарыстання. Чалавечае шчасце абумоўленае разумным і свабодным выкарыстаннем уласнасці.
Каб свабода кожнага заставалася цэлай і непарушнай і каб ёю не злоўжывалі сквапныя, прагавітыя, несумленныя людзі, грамадствам былі вынайдзеныя сродкі гамаваць чалавечае сваволле і нахабства. Такімі сродкамі ёсць законы. Яны ўтрымліваюць нормы сумленнага выконвання абавязкаў, а таксама прадугледжваюць пакаранне тых, хто парушае гэтыя нормы. Так што калі нехта не захоўвае грамадскага парадку добраахвотна, яго прымушаюць зрабіць гэта пад пагрозай кары.
Няма ніякай свабоды там, дзе законы або адсутнічаюць, або, калі яны ёсць, то хутчэй каб патураць свавольству ліхадзеяў, а не яго стрымліваць. 3 гэтага ясна бачна, якая свабода патрэбная. А менавіта — бяспечнае і без ніякага страху перад несправядлівасцю валоданне вышэй памянёнымі дабротамі, роўна як і разумнае, законнае карыстанне імі. Справядлівыя законы ўсяляк умацоўваюць грамадзянскую свабоду і нікому не дазваляюць злоўжываць дабротамі. Яны сцігуюць зламыснікаў, якія шкодзяць сваёй і чужой свабодзе. Бо ўсе парушальнікі справядлівых законаў і пастановаў не толькі падрываюць, але і душаць вольнасць асобы. Калі яны чыняць гвалт, нявечаць чалавека альбо рабуюць маёмасць грамадзян, яны ёсць прыгня-
тальнікамі чужой свабоды. I яны губяць уласную свабоду, калі, аддаўшыся блуду і распусце, аказваюцца подлымі рабамі сваіх жаданняў і нявольнікамі злачынстваў.
Есць правіннасці, якія шкодзяць толькі самому чалавеку, які іх здзейсніў. Але і гэта не можа служыць апраўданнем ганебных, рабскіх паводзінаў. Сапраўдная свабода адмаўляецца служыць як подласці, так і падлюгам. «Усе бязвольныя, — гаворыць Цыцэрон, — усе хцівыя, усе нікчэмныя ёсць рабамі, бо падпарадкаванне зломленага, прыгнечанага розуму, не здольнага на самастойнае мысленне, ёсць рабства». I далей ён кажа: «Ці свабодны чалавек, якім кіруе жанчына, якому яна па сваёй прыхамаці дыктуе законы, пастановы, загады, ставіць забароны, а той ні ў чым не можа ёй адмовіць, не адважваецца запярэчыць? Яна патрабуе — ён дае, яна кліча — ён прыходзіць, выганяе — ён ідзе прэч, пагражае — ён баіцца. Ды я такога, нават калі ён паходзіць з найвыбітнейшай сям’і, назаву не проста рабом, а рабом самым нікчэмным».
Неспатольныя жаданні настолькі збіваюць чалавечы розум з тропу, цягнуць яго то ў адзін, то ў другі бок, што сам чалавек, на думку Цыцэрона, практычна няздольны вызваліцца ад зла, якім ёсць рабства. Аднак дзяржава, як страж супольнай свабоды, дзеля захавання гэтай свабоды ўстанаўлівае законы, скіраваныя супроць злачынстваў, якія чыняць шкоду выключна іншым асобам. Гэтаксама і я не збіраюся вызваляць людзей ад усякага рабства ўвогуле і зацугліваць іх асабістую свабоду нейкім асабліва суровым законам. На мой погляд, свабода кожнага будзе забяспечаная дастаткова, калі законы ў грамадстве прымусяць людзей жыць так, каб ніхто нікому не шкодзіў.
Раздзел IV
Царская ўлада была ненавісная
КОЛІШНІМ ГРЭКАМ I РЫМЛЯНАМ, БО СУПЯРЭЧЫЛА СВАБОДЗЕ
Платон у трэцяй кнізе «Законаў» кажа, што грамадства, чые грамадзяне шануюць законы, знаходзіцца ў добрым і здаровым стане. Людзі павінны падпарадкоўвацца законам, калі хочуць сабе дабра. Платон сцвярджае, што свабодным і пазбаўленым страху можа быць толькі той, хто паважае і шануе законы. 3 гэтым вучэннем Платона ў многім сугучныя выказванні Арыстотэля. У адным са сваіх сачыненняў гэты філосаф робіць, у прыватнасці, такую выснову: «Мы рабы законаў, каб быць свабоднымі».
Аднак у любым грамадстве законы акажуцца нічога не вартымі, калі будзе адсутнічаць дзейсны нагляд за іх выкананнем. Таму заўсёды і ва ўсякай грамадзянскай супольнасці ў першую чаргу старанна абмяркоўвалі, каму даручыць кіраванне дзяржавай, каму даверыць дзяржаўную бяспеку, а таксама якая паўнаімоцная ўстанова будзе сачыць за выкананнем законаў.
Есць некалькі спосабаў кіравання дзяржавай. Розныя народы ў залежнасці ад сваіх нораваў і звычаяў мелі розныя формы дзяржаўнасці. Паступова з іх вызначыліся тры асноўныя, якія адпавядаюць тром відам дзяржаўнай улады. Але сёння ў свеце амаль не знойдзеш іншай формы, апроч адной з тых трох, альбо, як вынік пэўных абмежаванняў, змешанай формы кіравання.
Калі вышэйшая ўлада належыць аднаму чалавеку, а ўсе астатнія яму падуладныя, — гэта манархічная форма праўлення. Пры арыстакратычнай форме ўладу чыняць аптыматы, ці знаць. Кіраванне грамадствам тады даручаецца некалькім найболып выбітным асобам. Трэцяй формай з’яўляецца дэмакратыя, або народаўладдзе. Тут правяць ужо не манарх і не эліта, а народ.
Усе грамадзяне маюць аднолькавыя магчымасці кіраваць грамадствам і роўныя правы як на заканадаўчую, так і на выканаўчую дзейнасць.
Там, дзе кожная з гэтых формаў дзяржаўнасці захоўвае ўласцівы ёй статус, яна прыносіць грамадзянам шмат дабра і карысці. Але старажытныя рымляне і грэкі аддавалі перавагу народаўладству. Панаванне цароў, як супярэчнае агульначалавечай свабодзе, яны ненавідзелі. Але манархічная форма праўлення была ім нялюбая не таму, што сама па сабе ёсць дрэннай. Па тым часе, як піша Юстын, законамі былі меркаванні цароў. А нават калі маглі існаваць і нейкія пісаныя законы, то ўстанаўліваліся яны хутчэй з прыхамаці цароў, а не па волі і на карысць грамадзянаў. Усё дзеялася па хаценню і вяленню самадзержца. Ен сам па сабе, забыўшыся на супольны дабрабыт, кіраваў грамадствам. Такое кіраванне непазбежна спалучалася з падняволеннем і прыгнётам.