Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
А мы не стрымліваем распусты строгімі законамі, мы дазваляем дзейсніцца гэтым гнюсным злачынствам. Беспакараная свабода грашыць разраслася ў нас неймаверна. Многія лічаць такія ўчынкі за подзвіг і выхваляюцца сваім пяршынствам у шматлікім апаганьванні чужога сужэнства. Бо калі нешта не прадугледжвае пакарання, яноўспрымаецца як нешта дазволенае і нават прыстойнае.
Некаторыя гісторыкі, у тым ліку Сабэліюс, пішуць, што згодна са звычаямі і норавамі літвінаў нашым жанчынам са згоды мужоў дазваляецца мець палюбоўнікаў. 3 яго словаў, у народзе такіх палюбоўнікаў называюць сямейнымі памагатымі. Але ж мы, насельнікі Літвы, добра ведаем, што гэта няпраўда, і Сабэліюса, зрэшты, знакамітага пісьменніка, можна абвінаваціць у легкадумным пашырэнні фальшывых звестак. Літвіны вызначаюцца прыстойнымі звычаямі, пабожнасцю, адукаванасцю і іншымі станоўчымі якасцямі так, што могуць сваімі вартасцямі з поспехам сапернічаць за пяршынства сярод іншых народаў. He трэба думаць, быццам наш народ такі дзікі і варварскі, што ліквідаваў маральна-этычны закон, закладзены ў свядомасць людзей самою прыродай. У нашым народзе, сапраўды, ніколі не было юрыдычных нормаў, якія каралі б за пралюбадзейства, таму жанчыны маглі бязбоязна і больш-менш свабодна займац-
ца любоўю. Нічога дзіўнага, што пры такіх абставінах некаму пачало мроіцца, быццам наш народ праз свае законы і звычаі ўспрымае адзюльтэр як нешта дазволенае і прыстойнае, хоць кожны сумленны чалавек у нас лічыць распусту за ліхадзейства. Таму, каб зняць гэты агідны, ганебны ярлык, пачэплены ўсім літвінам, нашы заканатворцы павінны абавязкова ўвесці строгі закон супроць шлюбнай нявернасці і стрымаць пажадлівасць пралюбадзеяў.
Як бо ўсякае грамадства складаецца з мужчын і жанчын, то, калі не стрымліваць ворагаў і гвалтоўнікаў жаночае цноты, гэта можа давесці да разбурэння самых яго асноваў. Што да жанчыны, то, страчваючы сваю цнатлівасць, яна страчвае і дзявоцкасць, якая так яе ўпрыгожвае.
Вядомыя выпадкі, калі прыстойныя жанчыны пасля згвалтавання не хацелі жыць і па сваёй волі прымалі смерць. Калі нехта гвалтам пазбаўляў іх цноты, жыць далей ім было няміла. Так, Лукрэцыя, апаганеная Тарквініем, учыніла самагубства. А калі Апій у сваёй злачыннай пажадлівасці зняславіў дачку Віргінія, той палічыў за лепшае забіць яе, чым выстаўляць на агульнае ганьбаванне. Рымскія законы цалкам справядліва каралі гвалтаўніка, які належаў да знаці, канфіскацыяй паловы маёмасці. А распусныя прасталюдзіны падлягалі спярша цялеснаму пакаранню, а потым выгнанню.
Разнастайным юрліўцам вельмі лёгка падмануць неабачлівых дзяўчат. He дасягнуўшы сталага ўзросту, яны няздольныя распазнаць гнюснасць і надта хутка даюць сябе спакусіць. Каб гэтае ліха, а разам з ім і ганьба, і з’едлівыя кпіны іх абмінулі, свабоднае грамадства мусіць мець законы, якія бароняць жаночую цноту і строга караюць юрліўцаў. Мы ведаем, што нават у самых прыстойных і знатных сем’ях нярэдка здараюцца ганебныя ўчынкі, якія няславяць увесь род. Разбэшчаныя нахабнікі, не стрымліваныя ніякім законам, як галодныя псы, рыскаюць
па ўсіх дамах і чыняць свае паскудныя справы. Адзінае, што можа ўтаймаваць гэтых юрліўцаў, — страх перад справяддівай законнаю карай. Апроч таго, свабоднае хрысціянскае грамадства павінна пазбавіцца ад прытонаў распусты, публічных дамоў з іх бессаромнымі прыслужніцамі, і паставіць жорсткі заслон перад свабодай разбэшчанасці, якую суд Божы забараняе цалкам. Есць, праўда, пэўныя кананічныя нормы, якія дзеля прадухілення пралюбадзейства, кровазмяшэння і яшчэ цяжэйшых злачынстваў дапускаюць памянёную загану. I нярэдка паганскія пісьменнікі папускаюць лейцы, якія стрымліваюць распусту. Але мудры заканадаўца не павінен кіравацца такімі скажонымі меркаваннямі. Мудры заканадаўца аддае перавагу парадам здаровага розуму і перадусім патрабаванням ці забаронам, якія пад пагрозай суровага пакарання ставіць Божы закон.
Паводле вучэння св. Яна Хрызастома, увесь чалавечы род, створаны Богам, варты павагі і пашаны. Чалавека нельга зневажаць без сур’ёзай правіны або злачынства. Але агорнутаму нястрымнаю жарсцю, яму бывае вельмі цяжка суняць свае злачынныя намеры. I нярэдка, адкінуўшы ўсякі страх, ён кідаецца ў цянёты агіднага, цяжкага юру. Скажоная недарэчная паблажлівасць не толькі не стрымлівае распалены розум юрліўца ад ліхога ўчынку, а наадварот — падштурхвае да яго, што прыводзіць у выніку да пачварных правапарушэнняў. Апанаваны пажадай юрлівец не зважае ні на якія разумныя нормы і, як сведчыць Калумела, не думае ўжо ні пра што, акрамя любошчаў. Задавальненне сваёй неадольнай цягі ён уяўляе за найвышэйшую слодыч, а няўдачу ўспрымае як самую страшную кару.
Марна спадзявацца, што чалавек, які ўгруз у распусце і пераступае ўсе нормы прыстойнасці, знойдзе час на высакародныя ўчынкі і праявы душы. Яму, як той нячыстай свінні, карціць толькі адно — хутчэй паваляцца ў смуроднай тхлані ўцехаў. Я ўжо не кажу, што жыццю юрліўцаў пагражае ўвесь
час небяспека. Заразныя хваробы як справядлівая Божая кара неадступна пільнуюць пажадлівых сладастраснікаў. А нярэдка яны паміраюць і ад атрутнага зелля блудніц ці гінуць ад ран, атрыманых у бойках.
Дык няхай жа народ наш, занепакоены гэтай злыбедаю, ачысціць грамадства ад пошасці, якая не стасуецца з прынцыпамі свабоды. Мы не павінны цярпець на нашых шматлюдных соймах натоўпы распусных нахабнікаў, бо гэта ганьба для ўсёй краіны і боль для кожнага яе пабожнага грамадзяніна. Чаму злодзею за крадзеж нават невялікай маёмасці, якую можна лёгка зноўку набыць, у нас назначаецца смяротнае пакаранне, а спакуснік і разбэшчаны гвалтаўнік, якія назаўжды губяць дзявочую цноту, не заслугоўваюць хоць нейкага пакарання? Мы марудзім і пазіраем праз пальцы на пачварнае бязэцтва, што пануе паўсюдна. Але Божая помста ўжо блізкая, і мы заплацім за сваю марудлівасць суроваю карай. Хутка мы дойдзем, што замест свабоднага грамадства ў нас не будзе ніякага.
Раздзел XII
ДЗЕЛЯ ЗАБЕСПЯЧЭННЯ АГУЛЬНАЙ СВАБОДЫ I ГРАМАДЗЯНСКАГА ДАБРАБЫТУ ТРЭБА ВЫДАЦЬ ЗАКОНЫ, ЯКІЯ АБМЯЖОЎВАЮЦЬ П’ЯНСТВА
Акрамя іншых высокіх вартасцяў, наш народ славіцца сваімі гуманнасцю і гасціннасцю. Няма, бадай, ніводнага іншага народа, дзе так зычліва ставяцца да ўсякага прыстойнага чалавека і так дружалюбна прымаюць не толькі сваіх, але і замежных гасцей. Па нашых краях можна падарожнічаць без вялікіх выдаткаў, нават маючы вялікую світу. Тутэйшае жыхарства сардэчна запрашае гасцей да сябе ў дом і задарма прапануе шчодры частунак. Я маю на ўвазе не заезныя дамы, хоць і там госцю прапаноўваюць усё патрэбнае за болей справядлівую цану, чым у іншых народаў. Я вяду гаворку пра нашых сялян і шляхту. Іх дамы адчыненыя ўсім. Гаспадары гатовы сустрэць наведніка з самай сардэчнай гасціннасцю. He задаволіць госця напоўніцу ці выклікаць у яго хоць нейкае падазрэнне ў скупасці лічыцца за найвялікшы грэх. Залішне казаць пра адметную ветласць, нязменную далікатнасць і заўсёдную гатоўнасць неадкладна і ва ўсім дапамагчы. Са свайго штодзённага досведу гэта добра ведае кожны.
Але ёсць хвароба, якая нярэдка разбурае і нішчыць спакойнае, мірнае жыццё многіх людзей, — гэта дурная звычка піць і патрабаваць ад іншых піць столькі ж. Загана ўкаранілася да таго, што стала ледзь не агульным законам, і благім яго наш народ не лічыць. Зрэшты, не мінула гэтая бяда і іншыя народы. Папойкі ў іх часцяком бываюць нават горшыя, чым у нас. Але запазычваць непрыстойныя, нізкія норавы нам не варта. Для нас прыкладам павінны стаць цвярозасць і ўмеркаванасць. Вялікаю стрыманасцю тут вызначаюцца гішпанцы. He саступаюць ім
італьянцы і французы. А наш народ, роўны па сваіх вартасцях іншым, не можа пасупернічаць з імі ў слаўнай цвярозасці. Дык можа, калі нішто не пераконвае наш люд крочыць у нагу са слыннымі цывілізаванымі нацыямі, яго навучаць пазбягаць гэтай жывёльнай, цалкам недастойнай хрысціян асалоды туркі? Бо гэты варварскі паганскі народ надае цвярозасці такое важнае значэнне, што лічыць патрэбным аддаваць прапойцаў на ганьбу і караць бізуном.
Залішне прыгадваць, колькі незлічоных ліхтугаў, звадаў, смутаў, грамадзянскіх міжусобіцаў спарадзіла п’янства. Яскравым сведчаннем гэтых бедаў ёсць наша будзённая рэчаіснасць. Амаль кожная сутычка, у якой гіне чалавек, кожная бойка, што нясе разарэнне і страты, адбываецца там, дзе перапітых да страты розуму выпівох агортваюць шал і прага да ўзаемнага збройнага вынішчэння.
Цалкам слушна казаў Ізакрат: чалавек, чый розум занадта абцяжараны хмельнымі напоямі, паводзіць сябе, як воз, з якога выпаў вазніца. Падобна таму, як калёсы, страціўшы кіроўцу, ляцяць напралом, так і чалавек з адурманеным розумам здольны чыніць незлічоныя правапарушэнні. Паводле Платона, ап’яненне не толькі моцна ўзбуджае нашы органы пачуццяў, але і разбурае адчуванні, памяць, кемлівасць, разважнасць. Таму некаторыя мудрыя праўнікі патрабуюць, каб падсуднага, які здзейсніў цяжкае злачынства ў п’яным стане, каралі падвойнаю карай. Бо ён вінаваты, што наўмысна пазбавіў сябе здаровага розуму і зрабіў схільным да любога злачынства. He дарма святы Базылік называе ахмяленне то вінным, то добраахвотным д’яблам, які са згоды чалавека пранікае ў яго глузды і авалодвае імі.
Але ў нас насуперак здароваму сэнсу лічаць, што чалавек не заслугоўвае пакарання, калі пераступіў закон у стане алкагольнага ап’янення. Маўляў, ён зрабіў гэта не намерана. I часцяком злачынцу апраўдваюць на той падставе, што злачынства было
здзейсненае ім па дурасці, абумоўленай памарачэннем розуму ад выпітага віна. А тым часам п’янчуг, якія няхай нават і не ўчынілі правапарушэнняў, трэба караць самым строгім чынам, бо яны самахоць страцілі розум і давялі сябе да быдлячага стану. Так, іншы раз п’янчуга нічым нікому не пагражае. Але п’янства трэба абмяжоўваць яшчэ і таму, што яно руйнуе цела, здароўе, здольнасці саміх п’янчуг. Яны не ў стане весці ніякія справы. А значыць, п’яныя напоі шкодзяць не толькі самім прапойцам, але і ўсяму грамадству. Як порсткі ўвішны звер, алкаголь нястомна цікуе новых ахвяраў, каб уздзець іх на свае рогі. Вось чаму ахвочыя да спіртнога заслугоўваюць не толькі асуджэння, але і строгай кары.