Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
Святое пісанне дае нам прыклады такой дабрыні і памяркоўнасці. Вядома, што Божы закон патрабуе, каб вінаваты ў забойстве расплачваўся галавой. Паводле гэтага закону забойцаў каралі смерцю. Але некалі сам Гасподзь Бог загадаў Майсею выбраць гарады, якія служылі б прыстанішчам для злачынцаў, што ўчынілі забойства не наўмысна, а па неасцярожнасці. Нямала падобных прыкладаў і ў творах паганскіх пісьменнікаў. Усе яны сведчаць, што многія судовыя справы вырашаюцца на аснове гуманнасці. Сапраўднае права, ці, па словах Цыцэрона, сапраўднае правасуддзе, нярэдка дзейсніцца не ў межах закона, а ў межах дабра і справядлівасці. У сваім выступленні ў абарону Цэцыны ён рэзка крытыкуе акуратыстаў, якія прытрымліваюцца літары закона і не ўлічваюць думкі, намеру і волі заканадаўцаў, што напісалі закон.
Правільна вырашаюць справу не акуратызм, не кручкатворства, не мудрагелісты і заблытаны закон, а дабро і справядлівасць. Кіравацца толькі напісаным — значыць скажаць ісціну. Разважны суддзя абараняе задуму і волю заканадаўцы. Такую справядлівасць, або epikeian, Юстыніян называе мудрасцю ўладароў. Гэтая мудрасць хаваецца ў сэрцах людзей і вызначаецца на падставе чалавечых учынкаў. Закон не можа даць яе дакладнага апісання. I не ўсякі чалавек можа яе спасцігнуць, тым не менш гэтая мудрасць ёсць стрыжнем усякага права. Платон у сувязі з гэтым кажа, што пазбыцца зла ў грамадстве можна толькі пры наступных умовах: альбо кіраванне дзяржавай у свае рукі возьмуць людзі, узброеныя правільнай філасофіяй, альбо дзяржаўныя мужы па нейкім боскім натхненні зробяцца філосафамі. Бо толькі такая філасофія вучыць кіраванню дзяржавай. Яна дапамагае пазнаць сутнасць законаў і авалодаць навукай права.
Калі чалавек не валодае такімі ведамі, нельга спадзявацца, што ён зможа чыніць справядлівы суд ці захоўваць у грамад-
стве ўзаемную згоду. Таму вельмі важна, каб да стырна ўлады дапускаліся асобы, якія валодаюць дакладным, бездакорным веданнем законаў. Калі ж такое немагчыма, то, па меншай меры, у справах правасуддзя дзяржаўныя мужы павінны звяртацца па разумную параду да юрыстаў і ў адпаведнасці з іх прапановамі і заключэннямі ўладжваць і вырашаць усе спрэчкі. У свой час рымскія імператары Аўгуст, Веспасіян, Траян, Гадрыян, Антоній, Аляксандр і іншыя кіравалі імперыяй вельмі добрапрыстойна, бо ў дзяржаўных справах заўсёды карысталіся надзейнай дапамогай юрыстаў. Найбольш эфектыўнай аказваецца ўлада, якая дзейнічае на аснове законаў. Разумна, правільна кіраваць грамадствам можа толькі ўладар, які выдатна арыентуецца ў законах, ведае, чым розняцца права, дабро, справядлівасць. Прававая недасведчанасць нярэдка становіцца прычынай цяжкіх пралікаў, якія наносяць вялікую шкоду людзям. Пра гэта ў дастатковай ступені сведчаць і падзеі сівой мінуўшчыны, і наша сённяшняе жыццё.
Рымскі імператар Манлій надзвычай строга прытрымліваўся літары сваіх эдыктаў і законаў. Ен настолькі ігнараваў прынцып справядлівасці, што ўрэшце гэта ператварылася ў прыказку, якая засталася жыць у пакаленнях. Калі нехта выдаваў жорсткія загады, пазбаўленыя ўсякай гуманнасці, іх называлі «манліевымі ўказамі». Аднойчы Манлію даручылі ўзначаліць войскі ў Лацінскай вайне. Ваяваць трэба было супроць суседзяў, якія па мове, звычаях, узбраенні, арганізацыі войска нічым увогуле не адрозніваліся ад рымлян. Каб унікнуць памылкі, консулы загадалі рымлянам змагацца супроць ворага толькі ў агульных шэрагах. Але сталася так, што Ціта, сына консула Манлія, паслалі ў разведку. Калі выведнік наблізіўся да стану ворага, на яго напаўлацін Гемін Месцый. У сутычцы Ціт забіў нападніка. Тады консул Манлій за непаслушэнства бацькоўскай і консульскай уладзе і парушэнне выдадзенага ім закона загадаў пакараць сына смерцю. Але ж як у двубоі Ціта з Месцыем, так і ў агульнай
бітве небяспека блытаніны, якую хацеў прадухіліць сваім законам Манлій, войску не пагражала. Bopara ўдалося перамагчы. Сын заслугоўваў не пакарання смерцю, а пахвалы і ўзнагароды. Консул аднак выканаў патрабаванне закона. Ен ужыў у дачыненні да сына артыкул, які строга караў воіна, калі той змагаўся па-за межамі агульнага шэрагу. Манлій занадта цвёрда трымаўся знешняй абалонкі закона, не паглыбляючыся ў яго сэнс і значэнне, і таму аказаўся бязлітасным паслугачом строгай дысцыпліны, а не сапраўдным абаронцам справядлівасці.
Нашмат мудрэйшыя былі арэапагіты. У многіх судовых справах яны без вагання ішлі на змякчэнне выраку, калі гэтага патрабавала справядлівасць. Вось адзін са шматлікіх векапомных выпадкаў, якія прыводзіць Валерый Максімус у першым раздзеле сваёй восьмай кнігі. Адна ўраджэнка Смірны забіла мужа і сына, калі даведалася, што яны забілі яе старэйшага сына, народжанага ад першага мужа. Справу перадалі Далабэлле, праконсулу Азіі, а той адаслаў крымінальную справу на судовы разбор і рашэнне арэапагітам у Афіны. Ен не мог вызваліць жанчыну, якая запляміла сябе двума забойствамі. Але не мог і асудзіць яе, бо забойствы былі ёю ўчыненыя ад гора і роспачы. Разгледзеўшы справу, ареапагіты загадалі, каб абвінаваўца і падсудная вярнуліся да суддзяў праз сто гадоў. Ускосна ўхваляючы дзеянні жанчыны, яны знялі з яе абвінавачанне ў злачынстве, паколькі забойства яна ўчыніла ў стане моцнага афекту.
Вось так разумная ўлада, якая ў пэўным сэнсе ўяўляе сабою жывы, адушаўлёны закон, выконвае належную ёй праваахоўную ролю. Яна не ўсюды і не заўсёды прытрымліваецца літары закона, а судзіць у адпаведнасці з яго духам і мэтанакіраванасцю. Усё гэта патрабуе добрага розуму і вялікай жыццёвай практыкі. Арыстотэль недарэмна лічыў судаводства надзвычай складанай справай. Святы Аўгустын у адным з твораў справядліва хваліць Піфагора за тое, што ён выкладаў сваім вучням навуку аб кіра-
ванні грамадствам як заключную дысцыпліну, калі слухачы былі ўжо адукаваныя, мелі рознабаковыя веды і спазналі сутнасць мудрасці і шчасця. Піфагор бачыў, што грамадству ўласціва шмат бурных нягод, і таму хацеў, каб да стырна дзяржаўнага кіравання дапускаўся чалавек, які зможа ўмела ўхіліцца ад усіх скал і рыфаў або, пры неабходнасці, сам зрабіцца скалой, каб супрацьстаяць разлютаванай стыхіі.
А ў нашым грамадстве на пасаду суддзяў і чыноўнікаў прызначаюцца людзі, сярод якіх многія зусім не дасведчаныя ў грамадскіх справах. Гэтыя назначэнцы вучацца судзіць і кіраваць толькі з уласнай практыкі. Выконваючы свае абавязкі, яны вельмі часта знаходзяцца пад уплывам сімпатыяў, антыпатыяў, злосці, сквапнасці і іншых падобных чалавечых заганаў. Калі яны вырашаюць спрэчкі і пішуць дэкрэты, імі кіруюць не закон і справядлівасць, а сляпыя і легкадумныя парыванні.
У нашых судах мала звяртаюць увагі на справядлівасць. Суддзі не лічаць правамерным хоць у нейкай меры адступіцца ад агульнай юрыдычнай нормы нават тады, калі сапраўднае правасуддзе раіць іншае і ясна паказвае на магчымасць адступлення ад літары закона. Яны самі шмат разоў прызнаваліся, што каралі невінаватых і наносілі гэтым вялікую шкоду асуджаным. Але паколькі голас закона знешне прадпісвае пэўную юрыдычную форму, то суддзі заяўляюць, што намераныя і далей трымацца гэтае формы, не зважаючы на магчымасць змякчэння выраку на аснове прынцыпу справядлівасці. Усё гэта адбываецца з прычыны прававога невуцтва. А без прававой адукаванасці нельга спадзявацца, што для грамадзян калі-небудзь настануць дабрабыт і шчасце.
Як кажа вуснамі Ксенафонта Сакрат, было б аблудаю думаць, што без настаўніка немагчыма дасягнуць майстэрства ў нескладаных рамёствах. Але будзе крайняю дурасцю меркаваць, што кожны сам па сабе здольны кіраваць дзяржавай. Караблю
без спрактыкаванага стырнавога ў бушуючым моры пагражае сур’ёзная небяспека. Так і грамадства пры дрэнным кіраванні зазнае найгоршыя злыбеды. Пазбегнуць гэтага можна толькі тады, калі грамадствам будзе кіраваць чалавек, які з’яўляецца мудрым правіцелем, дасведчаным ахоўнікам законаў і разумным іх інтэрпрэтатарам. Платон у «Меноне» зазначае, што справядлівасць захоўвае ў цэласнасці і грамадства, і многае іншае, а несправядлівасць усё разбурае. Аднак ва ўсякім чалавечым грамадстве справядлівасць можа існаваць пры ўмове, што ў ім ёсць законы, створаныя на карысць грамадзян, і што ўладатрымальнікі накіроўваюць гэтыя законы на паспалітае дабро.
Раздзел XV
Законы he садзейнічаюць захаванню ГРАМАДЗЯНСКАЙ СВАБОДЫ, КАЛІ НЯМА ЎЛАДЫ, ЯКАЯ СОЧЫЦЬ ЗА IX ВЫКАНАННЕМ
Ніякае грамадства, ніякая грамадзянская супольнасць, ніякі мір і спакой паміж людзьмі не могуць існаваць без законаў. Ніякі чалавек з нармальным розумам не падумае аспрэчваць, што дабрадзейства свабоды залежыць ад правільнага і ўпарадкаванага заканадаўства. Паводле Плутарха, мэтай законаў ёсць справядлівасць. А справядлівасць патрабуе сумленна жыць, нікому не чыніць шкоды, кожнаму аддаваць тое, што яму належыць па праве, за добрыя справы ўзнагароджваць, а за дрэнныя — караць. Сапраўдную свабоду мае толькі той, хто не баіцца над сабой ніякага гвалту і вядзе спакойнае бяспечнае жыццё, у якім няма месца ліху. Вядома, аднак, разумнае, слушнае выказванне Пампонія, у якім ён сцвярджае, што адно толькі існаванне законаў мала значыць для грамадства, калі ў ім адсутнічае правасуддзе. 3 гэтай прычыны кожнае грамадства павінна як мага болей прадумана і рупліва паклапаціцца аб стварэнні інстанцыяў нагляду і аховы правапарадку. Яны павінны садзейнічаць выкананню грамадзянамі ўсяго карыснага, што патрабуюць справядлівыя законы, і стрымліваць асоб, ахвочых да правапарушэнняў, пагрозай магчымага пакарання.
Красамоўна выказваецца наконт закона Дэмасфен: «Нельга чакаць, што законы прыбягуць самі і сваёю прысутнасшо дапамогуць несправядліва пакрыўджанаму, які просіць заступніцтва. Яны складаюцца з літар і ёсць, па сутнасці, усяго толькі пісьмовымі знакамі. Законы робяцца дзейснымі, калі вы, суддзі, пацвердзіце іх і пакажаце, што яны заўсёды абараняюць таго, хто мае ў гэтым патрэбу. Вось так законы набіраюць моц праз вас, а вы мацнееце праз моцныя законы».
Такога ж меркавання трымаліся і ўсе знакамітыя філосафы. Платон у шостай кнізе «Законаў» гаворыць, што мала карысці ад добрых законаў там, дзе няма добрай улады, якая магла б ахоўваць і здзяйсняць іх. Ахоўнікі і здзяйсняльнікі законаў павінны мець вострае вока, ведаць сапраўдны стан рэчаў і праяўляць мудрасць у вырашэнні справаў, каб праз памылку ці невуцтва не нанесці грамадзянам вялікай шкоды і цяжкай страты. Падчас моцнага шторму на моры неспрактыкаваны стырнік або перакуліць карабель, або разаб’е судна аб скалы. Так і галоўны ахоўнік дзяржавы і законаў кіне грамадства ў бездань цяжкіх бедстваў, калі не валодае мудрасцю суцішаць хваляванні і ўтаймоўваць смуты і не скіроўвае ўсе свае памкненні і думкі на забеспячэнне дабрабыту грамадзянаў.