Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
стану, шасцёра — свецкага. Прысутнічаючы на пасяджэннях, яны сядзяць першымі пасля старшыняў, з якімі абмяркоўваюць справы, падсудныя пэрам і каралю. Праўда, цяпер аўтарытэт пэраў з вядомых прьгчынаў паменшыўся. Вось так выглядае працэс разгляду апеляцыйных справаў у франпузскім правасуддзі.
Гішпанцы маюць амаль такія самыя інстытуцыі. У Гішпаніі дзейнічаюць юрыдычныя Канвенты, з якіх асабліва вылучаюцца два: Вальядалідскі і Гранадскі. У кожны з гэтых Канвентаў выбіраюцца па семнаццаць слухачоў, або суддзяў, глыбока абазнаных у юрыспрудэнцыі. Суддзі, раздзеленыя на чатыры класы, вырашаюць усе грамадзянскія справы, прымаюць да разгляду апеляцыі, пацвярджаюць рашэнні іншых суддзяў альбо ўносяць у іх пэўныя карэктывы. Апеляцыя на вердыкт суддзяў Канвента не дапускаецца, аднак падача просьбы ў Канвент дазваляецца.
Вывучаючы юрыдычныя інстытуцыі двух гэтых славутых хрысціянскіх грамадстваў, мы, змушаныя да гэтага крайняю неабходнасцю, маглі б таксама стварыць нейкую падобную форму судовае працэдуры, якая адпавядала б звычаям нашага народа. Але ж пакуль нашы грамадзяне ўсіх станаў, распачаўшы судовую цяжбу і змардаваўшы сябе разнастайнымі выдаткамі, пачынаюць лютаваць і забіваць адзін аднаго ў міжсобных бойках і звадах. Гэтае вялікае няшчасце настойліва патрабуе як мага хутчэйшага лекавання. He трэба слухаць легкадумаў, якія хочуць узваліць увесь цяжар лекавання на караля, быццам на нейкага Атланта, які павінен трымаць неба. Само жыццё паказвае, што адзін чалавек не здольны справіцца з агромністаю лавінай апеляцыяў. Пра тое ж сведчаць і ўмудроныя багатым вопытам слаўныя старажытныя грамадствы. У іх заўсёды лічылася, што манарх не можа асіліць такую ношу. Дык не будзем пагарджаць мудрымі парадамі старажытных законнікаў, а скарыстаемся з іх цудоўных узораў вядзення судовых справаў.
Паколькі вярхоўны ўладар не здольны разгледзець вялікае
мноства апеляцыяў, трэба, каб за дзяржаўны кошт выкананне гэтых абавязкаў было альбо ўскладзенае на кожнай канкрэтнай тэрыторыі на суддзяў, або каб у асобных княствах былі створаныя галоўныя кансісторыі, у склад якіх увайшлі б некалькі юрыстаў і столькі ж прадстаўнікоў шляхты, а таксама ваявода ці кашталян у якасці старшыні. Яны будуць знаёміцца з апеляцыйнымі справамі і сумесна выносіць рашэнне па скаргах бакоў. Есць яшчэ Калегіумы так званых канонікаў. Але мне думаецца, што канонікі не надта падыходзяць на гэту важную дзяржаўную пасаду.
Створаныя ўстановы далі б магчымасць і ашчадней траціць дзяржаўныя сродкі, і далучыць нічым не занятых спецыялістаў, глыбока абазнаных у пытаннях Божага і чалавечага права, да пачэснай, так неабходнай грамадству і карыснай дзяржаве дзейнасці. Разам з тым доступ да гэтай пасады будзе закрыты ўсякаму нікчэмнаму трутню, бо складанасць звязаных з ёю абавязкаў патрабуе сапраўднай вучонасці, уласцівай толькі чалавеку выключнай пабожнасці і вялікай эрудыцыі.
Пры вырашэнні апеляцыйных справаў трэба сачыць, каб той, хто хоча ўнікнуць судовых санкцыяў, не злоўжываў выгодамі апеляцыі, створанай выключна дзеля таго, каб пазбегчы магчымай несправядлівасці суддзяў. Як юрыдычны сродак яна прадугледжаная для дапамогі сумленнаму пацярпеламу, а не для патурання свавольніку, які не падпарадкуецца суду. Немэтазгодна дазваляць апеляцыю па справе, акалічнасці якой пераканаўча пацвярджаюцца паказаннямі сведкаў, а таксама іншымі судовымі доказамі. Калі суддзя судзіў справядліва, калі не было ніякага гвалту ці пагрозы ўжывання гвалту, пададзеная апеляцыя мусіць лічыцца неабгрунтаванай і беспадстаўнай. Каб запабегчы падачы такіх апеляцыяў, ёсць досыць дзейсны сродак: калі падаўца апеляцыйнай скаргі прайграе справу, ён па рашэнні суда павінен кампенсаваць страты супраціўнаму боку.
Нічога гэтага нашы законы не прадугледжваюць. Адсюль і неймавернае мноства судовых суцяжніцкіх справаў, якія, здаецца, не завершацца ўжо ніколі. Ад такой неразбярыхі невінаваты бок церпіць шкоду і страты. Нельга абмінуць маўчаннем і той адчувальны ўрон, які наносіцца зыскоўцу марудным, зацяжным судаводствам, а таксама дзеяннямі адказчыка, які па даўняй заганнай завядзёнцы ўсяляк перашкаджае зыску. I адно і другое прыводзіць да таго, што зысковец, без перадыху заняты апастылымі ўжо клопатамі і выдаткамі, траціць апошнюю надзею на справядлівасць і вымушаны адмовіцца ад судовай справы. У крымінальным судаводстве, прызначаным для пакарання злачынцаў, усё робіцца хутка: заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы можна падаць замкаваму старосту ў любы час. А вось на падачу грамадзянскіх зыскаў, у якіх вырашаюцца спрэчкі паміж людзьмі, прызначаны пэўны тэрмін, бо судовыя слуханні адбываюцца толькі тры разы ў год. Такія пасяджэнні было б нялішнім і карысным для ўсіх праводзіць часцей, каб несправядліва пацярпелы бок не быў вымушаны заставацца пакрыўджаным надта доўга.
Трэба вынішчыць шкодную звычку, калі адвакаты-кручкатворы могуць звесці пададзены зыск на нішто. Яны пільна вызіраюць самыя нязначныя хібы і за нейкае адно прапушчанае ці памылкова напісанае слоўца пазбаўляюць зыскоўца права на зыск. Часта бывае, што праз хітрамудрыя выкрутасы юрыдычных кручкатвораў ці, хутчэй, па недасведчанасці суддзяў, якія дазваляюць нахабнікам здзекавацца з сабе, справы зацягваюцца на доўгі час і не могуць дайсці да суда. Хоць суды і створаныя для хуткай і дзейснай дапамогі пацярпелым, але па нейкай недарэчнай завядзёнцы яны абарочваюцца ў сваю процілегласць. Праз патуранне самавольству настырных прахвостаў суды ператвараюцца ў месца, у якім дапускаецца крывадушная і блытаная інтэрпрэтацыя справаў і чыніцца несправядлівасць.
Калі матывы зыску выкладзены ясна, адказчык не мае права без важкай прычыны ўнікаць судовага працэсу. Гэтаксама і ў крымінальных справах — нельга чакаць, пакуль абвінаваўца ці скаржнік давядуць справу да ведама суда. Здараецца, што яны адсутнічаюць ці чагосьці баяцца, або па іншай прычыне не паведамляюць пра злачынства, куды трэба. Тады суддзя ў парадку выканання свайго службовага абавязку павінен сам праводзіць расследаванне і рабіць здзейсненае злачынства прадметам судовага разбору.
Эсхін мае рацыю, калі кажа, што ад грамадства, якое не валодае сродкамі сілавога ўздзеяння на злачынцаў, няма карысці. I ў такім грамадстве, дзе зламыснікам за іх ліхадзейства не пагражае адпаведная кара, ніхто не можа сябе лічыць свабодным.
Калі б спалучыць усё сказанае тут з тымі законамі і звычаямі, на якіх ужо грунтуецца свабода нашага народа, мы атрымалі б, напэўна, найлепшае і найшчаслівейшае з грамадстваў. Бо і цяпер няма ніводнага народа на ўсёй зямлі, які мог бы ці наогул адважыўся б супрацьпаставіць сваю свабоду нашай.
Пра шчаслівае жыццё або найвышэйшыя чалавечыя вартасці
Дыялог
Знакамітаму сваёй знатнасцю, дабрачыннасую, вучонасцю і пабожнасцю дарагому, шаноўнаму сябру і сваяку пану Маршну Букавецкаму
У жыцці няма нічога прыемнейшага за сяброўскую кампанію. I я, мой слаўны, дарагі Букавецкі, часта журуся, што мы разлучаныя такою адлеглаю даллю і не можам сапернічаць у дружбе й сяброўстве. Падабенства звычак, інтарэсаў мацней яднае тых, хто мілы адзін аднаму сэрцам. Мне думаецца, якім бы салодкім было маё жыццё, калі б я мог часта сустракацца з табою, адчуваць прыемнасць нашае дружбы і адпачываць у душэўных размовах з табою. Мне не аднойчы даводзілася бачыць цябе і размаўляць з табой на важных Соймах Каралеўства. I я, бадай, паспеў зведаць і здольнасці твайго розуму, і тваю вучонасць, і тваю пабожнасць. У нас амаль поўнае супадзенне поглядаў і пачуццяў. Якое было б шчасце ў жыцці, калі б наша першае знаёмства і дружба дапаўняліся частымі сяброўскімі сустрэчамі. У дадатак (а гэта павінна яіпчэ болып умацоўваць нашу дружбу) твой бацька, чалавек знатны і прыстойны, шчыра сябраваў са мной, калі мы былі яшчэ хлапчукамі і вучыліся ў аднаго і таго ж настаўніка. 3 пісьмаў, якія ты прыслаў мне, я таксама даведаўся, што маці твая, найшляхетнейшая жанчына (з ёю лучыць мяне
пэўнае радство), лічыць нас сваякамі. Гэтым яна сцвердзіла вялікі закон дружбы, якая існуе паміж намі.
Але я ўжо казаў, што вялікая адлегласць з яе нялёгкімі шляхамі пазбаўляе нас непасрэднай блізкасці і звычайных сяброўскіх сустрэчаў. Аднак і далеч не можа адняць у нас магчымасці з дапамогаю пісем засведчыць нашу ўзаемную любоў і праз іх пасярэдніцтва весці частыя размовы. Як мне стала вядома, ты цікавішся маімі тэкстамі. Да гэтага, напэўна, спрычынілася больш твая прыхільнасць да мяне, чым мае творы. Што карыснага можа даць вучоным мізэрны, кволы талент, не навучаны амаль ніякім навукам? I ўсё ж я рашыў далучыць да пісьма свой невялічкі твор, які напісаў не так даўно. Але не таму, што лічу сябе здольным даследаваць гэтую праблему дастойным чынам, а проста, каб не парушаць маю звычку нешта пісаць, калі надараецца часіна, свабодная ад штодзённых клопатаў. Мне, які мае за плячыма столькі гадоў і стаіць ужо на схіле жыцця, нічога так не пасуе, як разважаць аб узнёслых, нябесных рэчах і наўсіх вёслах і ветразях, паколькі наперадзе засталося нямнога шляху, імкнуцца дасягнуць прыстанку найвышэйшага чалавечага спакою і шчасця. Я не сумняваюся, што з дапамогаю міласэрнага Бога і Боскіх павеваў спадарожнага ветру дасягну сваёй мэты.
А ты напаўдарозе. У цябе яшчэ многа маладых сілаў. Збіраючыся пераадольваць бурнае мора сучаснага жыцця, заўсёды май на ўвазе той прычал, які ўратуе цябе ад небяспекі. Жадаю, каб ты з Божай ласкі быў доўга яшчэ побач і разам са мною, каб табе пастаянна шчасціла, каб дапамагаў радзіме і сябрам ва ўсім, што для іх карысна. I няхай тая дабрачыннасць, якую ты праяўляеш да маёй асобы, застанецца і маім блізкім.
Гэты невялічкі твор, які прысвячаю табе, чытай у асяродку нашых сваякоў ці сяброў. Перадай ім мае найлепшыя пажаданні. Хацеў бы таксама, каб да цябе далучыўся наш агульны родзіч, сусед твой, Мацяш Сарэмскі. Хай бы ён толькі паправіўся ад
сваёй цяжкай хваробы. Я вельмі паважаю і люблю гэтага чалавека за яго бездакорны лад жыцця, эрудыцыю, пабожнасць і выключную да мяне прыхільнасць. Хацеў бы таксама выказаць найлепшыя пажаданні адважным магутам Вастрарогам і Краташынскім, ад якіх ты перадаваў мне прывітанне ў сваім нядаўнім лісце. Дай Божа, каб яны сваімі подзвігамі набылі такую славу, якую заслужылі калісьці іхныя продкі. Здароўя ім і сілы. Хай будуць моцнай апорай царквы і дзяржавы.