Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
Але на маю думку, прырода тут невінаватая, хоць, напраўду, кожны наш орган станоўча рэагуе на ўсё прыемнае. Галоўная прычына — у злоўжыванні ўласцівасцямі чалавечай натуры. Шмат хто, папускаючы сваім жаданням і жарсцям, не вытрымлівае ўмеркаванасці, якой патрабуе прырода. I тады асалода, прызначаная на ўмацаванне цела, нясе яму гібель. Есць рэчы для цела прыемныя і заўжды неабходныя — напрыклад, ежа, адзенне. Без іх чалавек жыць не можа. Але ў іншых ніякай жыццёвай неабходнасці няма. Сярод можна назваць пераяданне,
абжорства, непрабуднае п’янства, любоўную разбэшчанасць. Усё гэта не толькі не садзейнічае ўмацаванню здароўя, падтрыманню і захаванню чалавечай натуры, а наадварот, нясе вялікую шкоду. Тым не менш, людзі не ў меру ласыя на асалоду, пагрузаюць у размаітых уцехах і стараюцца ўволю насыціцца імі. Яны падманліва лічаць сябе найшчаслівейшымі, хоць напраўду — самыя што ні на ёсць няшчасныя. Няхай жа гэтая аблуда абміне кожнага прыстойнага чалавека. А згаданым вышэй заганам месца, хутчэй, у свінарніку, а не ў чалавечай супольнасці, дзе кожны хоча жыць у згодзе са сваёю прыродай і быць такім чынам шчаслівым.
ФіЛАЦІМ. Я, Эўсэбій, цалкам з табою згодзен і галасую за твае прапазіцыі, як той казаў, абедзвюма рукамі. Па-мойму таксама, людзі, у якіх галоўная мерка ва ўсім — асалода, заслугоўваюць ганьбавання. Салодкія ўцехі, як справядліва адзначае Саламон, нясуць жывому целу пагібель. Урэшце ўсе яны змяняюцца смуткам, бо выклікаюць у чалавека, хутчэй, пачуццё раскаяння, чым прыемны ўспамін.
Мяне вабіць іншае. На маю думку, самы шчаслівы — той чалавек, які, дасканалячы свае вартасці, дасягае вяршынь і заслугоўвае найвышэйшую пашаноту. Яго ўсхваляюць, на яго глядзяць, як на бога, яму пяюць славу і выконваюць ўсе яго настаўленні. Менавіта таму самыя разумныя і таленавітыя, прыносячы сваімі думкамі і ўчынкамі шмат карысці грамадству, тым не менш мэту сваіх высілкаў бачаць у тым, каб здабыць як мага шырэйшую вядомасць свайму імю і ўславіць у вяках сваю смеласць і мужнасць. Цары, імператары, ваяводы, воіны, філосафы, прамоўцы не сядзяць, ганебна склаўшы рукі, і не аддаюцца марнаму летуценню, а імкнуцца да вышынь дабрачыннасці і, ператварыўшыся ў светачаў сярод агульнай цемры, ззяюць нязгасным агнём, застаючыся ў памяці і на вуснах людзей. А сталыя наведнікі корчмаў, прытонаў, прасталюдзіны, занятыя чорнай
работай, і ўсякія іншыя, хто да пашанот не ахвочы, праходзяць незаўважанымі. Само жыццё такіх людзей нагадвае смерць. Іх, нічым не адметных, амаль ніхто і не ведае. Выглядае, быццам яны і не жылі на свеце.
ЭЎСЭБІЙ. Так ужо яно заведзена ў людзей, што не кожны можа рабіць тое, што робіць іншы. У залежнасці ад здольнасцяў і дастатку кожны займаецца сваёй справай. 3 усяе разнастайнасці людскіх заняткаў чалавек выбірае той, да якога найболей здатны. Але на маю думку, славалюбы вельмі памыляюцца, калі бачаць шчасце ў пашане і так за ёю ганяюцца. Бо нярэдка такія асобы, наадварот, трапляюць у пастку розных заганаў і самі пазбаўляюць сябе свабоды. А свабода павінна быць чалавеку даражэйшая за ўсё. Калі ж ён разам з тым хоча карыстацца і добраю славай, то абавязаны клапаціцца пра дабрабыт грамадства. У вольны час ён не павінен ухіляцца ад спраў, аддаючыся млявасці і бяздзейнасці.
Паўсядзённы вопыт паказвае, што ўсе сферы адміністрацыйнага кіравання звязаныя з вялікімі клопатамі і турботамі. Асабліва многа мітрэнгі маюць тыя, хто па сваіх годнасці й званню стаіць на вышэйшай ступені. Рэзідэнцыя ўладара знаходзіцца ў безупыннай аблозе натоўпу, безліч людзей патрабуюць яго аўдыенцыі. I манарх не можа спасылацца на адсутнасць вольнага часу. Іначай яму давядзецца пачуць тое, што аднойчы пачуў імператар Адрыян, да якога прыйшла з просьбай жанчына. Калі Адрыян сказаў, што ў яго няма часу, то ў адказ атрымаў: «Дык не будзь імператарам». Гэтыя словы прымусілі такі імператара спыніцца і выслухаць жанчыну.
У кіраўніка дзяржавы такая безліч усялякіх справаў, што Дэмасфен у свой час ахарактарызаваў яго становішча такім параўнаннем: «Калі б на ростанях пачыналіся дзве дарогі, з якіх адна вяла б на трон, а другая ў апраметную, то мудрэц абраў бы апошнюю». 3 гэтым сугучныя і словы аднаго цара, прамоўле-
ныя падчас уручэння яму дыядэмы. Кажуць, што, прыняўшы дыядэму і крыху патрымаўшы яе ў руках, цар сказаў: «О, тканіны ласкут! Калі б хто-небудзь ведаў, колькі трывог, небяспекі й няшчасцяў звязана з гэтым вянцом, то не падняў бы яго, нават калі б той проста ляжаў на зямлі».
Манарх шчаслівы тады, калі яго лічаць дастойным кіраваць дзяржавай, а ён, у сваю чаргу, скіроўвае ўсе свае думкі на паляпшэнне дабрабыту грамадства, а не на сваю карысць. Тыя ж, хто імкнецца толькі да пашанотаў, але не дбае пра ўсеагульнае дабро і не рупіцца пра заможнасць сваіх грамадзянаў (часам нават сабе ваўрон), — такія шчасця здабыць не змогуць. Такога ўладара немінуча напаткаюць ўсе магчымыя беды: ён сам накліча іх на сваю галаву.
Што можа быць горш за нялюбасць народа і ўсведамленне, што цябе ўсе ненавідзяць, няславяць і ганяць апошнімі словамі? Бо, вядома ж, свайму ненавісніку людзі жадаюць найгоршага. I таму гэтага чалавека заўсёды мучыць вялікі страх. Ен ведае, што супроць яго плятуцца інтрыгі. Нават калі сапраўднай змовы няма, усё адно надта многія грамадзяне хочуць ягонай смерці. Знакаміты паэт-трагік, разважаючы пра найвышэйшае шчасце, зазначаў, дарэчы, што для Юпітэра няма большай і лепшай ахвяры, чым несправядлівы цар. Сам той паэт аддаваў перавагу не багаццю цароў, не пурпурным убранням і не палацам у залатым ззянні, а спакою і цішы. I ў старасці ён хацеў бы памерці ў ціхім закутку як просты чалавек.
Сказанае пра ўладароў тычыцца кожнага, хто кладзе ўсе сілы і сродкі, каб узняцца да славы, але разам з гэтым робіцца адкрытай мішэнню для стрэл ненавіснікаў і злых языкоў нядобразычліўцаў. Бо ў вачах такога прадажнага суддзі, як натоўп, жыццё знакамітых людзей абуджае не так ухваленне, як зайздрасць. I як толькі славалюб развітваецца з гэтым светам, ужо амаль ніхто і не памятае, ці ён жыў.
ФіЛАХРЫМАТ. Ну, калі такое адбываецца з усімі, хто хоць нейкім бокам дакрануўся да славы, то, па-мойму, шчаслівымі могуць быць прынамсі тыя, хто не лезе ў палітыку, а ўсе сілы аддае прымнажэнню багацця і грошай. Грашавітыя людзі абароненыя ад злыбедаў лёсу. Іх ніколі не гнятуць нястача і беднасць. Яны заўсёды маюць усё патрэбнае ў такой меры, што не баяцца голаду і іншых бедаў, якімі пагражае нэндза. Усе лічаць галечу за пакутны цяжар, а з гэтага вынікае, што шчасцем, відаць, ёсць багацце і поўны дастатак. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. У цяперашнім грамадстве бедны не можа пабудаваць добры дом, аздобіць цела дарагім шыкоўным убраннем, жыць, як душа жадае. А багаты здольны нават на большае: калі ёсць ахвота, ён можа скарыстаць свае сродкі на якую заўгодна раскошу і ўцехі.
ЭЎСЭБІЙ. Але ж Бог, дэміург усяго існага, стварыў чалавека такім, што ён задавольваецца і малым — самым сціплым адзеннем і нязначнаю колькасцю ежы. Чалавечая прырода патрабуе столькі, колькі вымагае неабходнасць, а не панада і прыхамаць. Чалавек, які жыве ў згодзе з прыродай, робіцца свабодным ад турботаў і клопатаў, звязаных з набыццём рэчаў, і мірна цешыцца душэўным спакоем, без якога немагчыма шчаслівае жыццё. А той, хто займаецца збіраннем і прымнажэннем і без таго немалых грошай, толькі мардуе сябе няспыннымі трывогамі і бяссоннымі начамі. Яму ніколі няма спачыну. Такі руплівец сам сябе пазбаўляе прыемнасці чалавечага існавання.
Усе багацеі аднолькавыя: чым больш яны багацеюць, тым мацнейшую адчуваюць прагу да золата. Есць людзі, якія, імкнучыся ўсімі спосабамі разбагацець, жывуць, аднак, сціпла і адмаўляюць сабе нават у самым неабходным. Іх ежа, адзенне сведчаць пра вялікую беднасць. 3 кожнага кут у іх доме крычыць убогасцю і нястачай. Пра такіх багацеяў можна сказаць, што яны багатыя не для сябе, а для іншых. Калі яны памраюць.
іх багацці, здабытыя імі ў поце чала, забіраюць тыя, хто іх перажыў. А пакуль яны жывуць па прынцыпе: і сам не гам, і другому не дам, — і пастаянна баяцца падпусціць да сябе каго-небудзь блізка. Акурат, як сабака, што ляжыць у хляве на сене: і сам сена не есць і валу есці не дазваляе.
Прыгадаем Тантала, якога часта згадваюць паэты. Знаходзячыся ў апраметнай і маючы вакол мноства пітва і ежы, ён увесь час мусіў пакутаваць ад голаду і смагі. Тое самае і багацей: жыве мізэрным, убогім жыццём, недаядае і галадуе — абы зэканоміць. Такое ж становішча і ў гаротніка асла, які на сваёй хрыбеціне носіць правізію і іншы цяжар, а корміцца жухлай травой, якую яму кладуць на подсціл.
Зрэшты, ёсць і ініпыя багацеі, для якіх багацце ёсць сродкам жыць у раскошы і шыку. Яны не саджаюць свайго Плутаса ў вязніцу, а, выцягнуўшы са схова, прымушаюць служыць салодкім разгульным забавам. Але ад такога жыцця мы ўжо адмовіліся, паказаўшы, якія згрызоты сумлення мучаць пасля маталыгу, што аддаўся ўцехам і блуду. Нельга лічыць шчаслівым чалавека, які валодае агромністымі багаццямі, — усё адно, ці дасталося яно ад продкаў, ці ён сам нажыў яго сваёй працай і розумам. Акрамя ўжо згаданых заганаў, багатыя маюць яшчэ адну, пра якую народная прымаўка кажа: усякі багацей або сам няправедны, або ўладальнік няправеднага. Немагчыма, каб нейкі сярмяжнік без падману і гвалту стаў раптам заможны, прыдбаў добрае імя і аказаўся надзвычай багатым. Мабыць, і Сулла ў свой час небеспадстаўна пачуў папрок: «Як магло стацца, што ты стаў знянацку такі багаты і знатны, калі бацькі нічога табе не пакінулі?»
Але дапусцім, што чалавек набыў багацце без круцельства, сваім мазалём. Тады цяжка нават пералічыць, колькі яму, ахвочаму разбагацець, давялося перажыць нягодаў, сцярпець пакутаў і праліць поту. Ужо сама няўтольная прага да набыцця
заўсёды ўзбуджае і нікому не прыносіць душэўнага заспакаення. А ў змардаваным розуме і целе, як сведчыць Цыцэрон, здароўя быць не можа. Чалавека, чый розум страчвае стабільнасць і раўнавагу, філосафы называюць вар’ятам. Вось чаму, калі апантанаму прагаю да нажывы хочуць ліха, яму зычаць доўга жыць — каб ён яшчэ многія гады цярпеў душэўныя пакуты, трывогі і хваляванні. Бо апроч бясконцага карпення дзеля здабыцця ўсё новай маёмасці, не меншым злом ёсць і вечны страх за сваё дабро. Гэтае пачуццё скоўвае чалавечы розум і пазбаўляе яго рашучасці. Багач увесь час баіцца, што праз падман ці якую неспадзяванку ўвесь яго скарб зараз знікне ці кудысь прападзе. А калі такое сапраўды здараецца, душу скнарліўца пачынаюць душыць і мучыць незлічоныя хваробы, нядужасць і немач. Дык ці можна назваць чалавека шчаслівым, калі ўсе яго памкненні і думкі прасякнуты страхам і пакутнаю горыччу? He, ён хутчэй гарапашнік. Ужо куды болей шчаслівы той, чыё вечна жывое сэрца безупынку раздзірае ў апраметнай арол, ці той, што, ніколі не ведаючы спачыну, мусіць варочаць кавалак скалы, штурхаючы яго да вяршыні.