Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
ЭВЭРГЕТ. Ты маеш рацыю. Амаль кожнаму бліжэй сваё. Большасць людзей занятыя пагоняй за нядоўгатрывалымі, мінучымі дабротамі. А што тычыцца розуму, яго выхавання на прынцыпах дабра і пабожнасці, — такое амаль нікога не абыходзіць. Тым часам, як ты сам даводзіш, ад гэтых атрыбутаў у істотнай меры залежыць чалавечае шчасце. Прынамсі розум, узрошчаны на згаданых прынцыпах, адкрывае чалавеку запавет-
ны шлях. А без гэтага нават сярод тых, хто будзе ўпарта імкнуцца да шчасця і накіроўваць ўсе свае намаганні на дасягненне гэтае мэты, некаторыя пойдуць не па адной дарозе, а выберуць розныя пуцявіны. Перад вялікаю разнастайнасцю навук многія падарожныя пачнуць вагацца, сумнявацца і разважаць, які шлях для іх лепшы. Таму я хацеў бы, каб ты, дарагі Эўсэбій, падрабязна распавёў, якая дарога да шчасця карацейшая. Адважуся таксама паручыцца і за тваіх апанентаў. Спадзяюся, што яны пераменяць свае меркаванні, адмовяцца ад сваіх перакананняў і, выслухаўшы твой аповед, не пагрэбуюць тваімі парадамі.
ЭЎСЭБІЙ. Няма, па-мойму, іншай дарогі, апроч пазначанай Госпадам, які і ёсць сама ісціна. Калі Сын Божы папрасіў Айца нябеснага адкрыць, што ёсць самым правільным і разумным, то пачуў адказ: вечнае жыццё, сутнасць якога ў пазнанні адзінага праўдзівага Бога і вестуна яго Ісуса Хрыста. Гэтымі словамі ён хацеў сказаць, што ўсе астатнія чалавечыя намаганні і спробы знайсці нейкае іншае шчасце, апроч спасціжэння Бога, як і меркаванні, што яно можа быць не ў авалоданні вечным жыццём, а ў нечым іншым, — аблудныя і марныя.
Трэба таксама мець на ўвазе вось што: дзеля належнага пазнання Бога патрэбны не сачыненні філосафаў, а звесткі, якія ўтрымліваюцца ў святых кнігах. Філосафы, нават самыя праніклівыя, аказваюцца дрэннымі інтэрпрэтатарамі, калі гаворка заходзіць пра Божую ўсёмагутнасць. Яны вельмі прынізілі Бога, выдумаўшы, што сусвет вечны. Гэтыя мудрагелі не прызнаюць Бога як творцу ўсяго існага, адмаўляюць яму ў здольнасці прадбачання — гэтай неабходнай умовы ўладарыць і кіраваць. Іх выказванні пра несмяротнасць душы заўсёды вельмі дваістыя і сумнеўныя. Складаецца ўражанне, што яны, прапаноўваючы свае тэзы для дыспутаў, самі думаюць іначай. А што казаць пра ўваскрашэнне мёртвых? Яны аб’яўляюць веру ў гэта блюзнерствам і адкідаюць яе як памылку і выдумку.
Але святыя прароцтвы даюць нам праўдзівае пазнанне Бога. Мы верым, што ён сапраўды ёсць творца гэтага сусвету. Без яго жадання і волі нічога наогул немагчыма ў гэтым агромністым механізме. Усявышні бачыць усё настолькі, што самыя прыхаваныя чалавечыя думкі не застаюцца для яго тайнай. Мы ведаем ласку, цярплівасць і мудрасць Бога. Мы ўслаўляем яго міласэрнасць і дабрату. Ен увасобіў у чалавечай плоці свайго адзінага сына, каб той выратаваў грэшны чалавечы род, зрынуты ў бездань апраметнай і прывёў яго да трона нябеснай славы. У адпаведнасці са Святым пісаннем мы прызнаём, што Хрыстос ёсць сынам існага Бога, сам ёсць існым Богам, а таксама існым чалавекам. Гэтыя існасці ў ім не змешваюцца, не пераходзяць адна ў другую. I хоць кожная з іх мае свае атрыбуты, але няма дзвюх асобаў, двух Хрыстосаў. Асоба ёсць толькі адна — наш Бог Ісус Хрыстос.
Сын божы зрабіўся пасярэднікам паміж Богам-айцом і ўсім родам чалавечым. Гасподзь быў укрыжаваны дзеля ўратавання грэшных. Навекі ўслаўлены, ён сваёю крывёй вярнуў царкву да праўды, перамог смерць, грэх і сатану. Ен пайшоў на згубу і прыняў смерць за смяротных людзей. Святое пісанне гаворыць пра нікчэмнасць чалавечага роду, апаганенага колішнім грэхападзеннем, і таму праклятага назаўсёды. Пазбавіцца сатанінскай тыраніі чалавек змог толькі тады, калі сын Божы ўзяў усю віну на сябе і, пакутніцкай смерцю выкупіўшы грэх, выратаваў чалавека ад наканаванай яму пагібелі. Праведны памёр за няправедных. Бязгрэшны зрабіўся грэшным за нас, каб мы, як кажа апостал, спазналі Божую справядлівасць. Хрыстова справядлівасць змагалася з чалавечай хібнасцю. Чалавека за яго грэшнасць спасціг Божы гнеў і вечны праклён. Але Хрыстос сваёй душэўнаю чысцінёй і справядлівасцю выбавіў чалавека ад Божага гневу і вечнай смерці.
Як бачым, сумная планіда, якая напаткала першага чалавека, адбылася па яго віне. Ен аддаліўся ад бязгрэшнай сваёй пры-
роды. Яго аблуднасць разбурыла праведнасць, якую падараваў яму Бог. Таму ён павінен быў панесці наканаваную яму кару і цярпець пакуты вечнае смерці. Толькі Божы сын пазбавіў чалавека ад гэтых пакутаў. Аўгустын сугучна са Святым пісаннем гаворыць, што Хрыстос, абсалютна бязгрэшны, прыняў на сябе прызначаную нам кару. I праз яго мы атрымалі дараванне нашых грахоў.
Найвышэйшая Божая справядлівасць патрабуе, каб чалавек, створаны па вобразе Бога, заўсёды захоўваў гэтае падабенства і ў адпаведнасці з Божымі запаветамі і волевыяўленнем шчыра ўшаноўваў Бога. Але Адам, першы чалавек, не паслухаўся свайго Творцу і тым самым пазбавіў сваё патомства светлага розуму, адвярнуў патомкаў ад Бога. Яны перасталі разумець Божую ісціну і ў шалёным утрапенні памкнулі за сваімі жаданнямі, якія не мелі нічога агульнага з Богам. Як заўважае Аўгустын, прыродзе, пераможанай злом, спатрэбілася свабода.
3 ласкі ўсяміласцівага Бога наш Гасподзь, шкадуючы род чалавечы, цалкам выканаў закон і прыняў смерць, якая прызначалася грэшнаму чалавеку. I як праз непаслушэнства аднаго грэшнікамі зрабіліся безліч астатніх, так і праз пакору аднаго праведніка праведнікамі сталі многія іншыя. Вечнае жыццё — гэта Божы дар. Яно даецца толькі тым, чый розум праз Евангелле вучыцца пазнанню Бога і Божага сына Ісуса Хрыста. Дабратворнае ўздзеянне Святога духа ўзбройвае чалавека непарушнай верай ва Усявышняга. Хрыстос глыбока ўваходзіць у сэрцы людзей, а людзі, паяднаныя з ім, створаныя плоць ад яго плоці, засцярожаныя толькі праведнасцю і пакорай, паўстаюць перад абліччам Бога-айца, як непахібныя і бязгрэшныя. А Хрыстос, міласэрны для тых, каго палюбіў, працягвае дарыць ім сваю дапамогу і ўрэшце праз Духа святога стварае, замест ранейшага, зусім новага чалавека, чый розум і воля дзейнічаюць у адпаведнасці з Божым законам.
Як адзначае апостал, усе святыя прысвячаюць сваё жыццё Богу і пабожнай сваёю працай імкнуцца заслужыць нябесную ўзнагароду, ці то вечнае жыццё. Хаця плоць час ад часу і сіліцца падпарадкаваць сабе дух, але Хрыстовы пакорнасць і справядлівасць заўсёды бароняць святых. Хрыстос просіць дараваць ім за іх блюзнерства, каб саграшыўшых не насцігнуў справядлівы гнеў караючага Бога. Дарэчы, плоць была б знішчаная раней, калі б гэтае нядоўгатрывалае аблачэнне не было скінутае. «Сыны, — павучае святы Ян, — не грашыце. А калі хто саграшыць, таго мы папросім з’явіцца перад Ісусам Хрыстом, які ёсць сама міласэрнасць не толькі да грахоў нашых, але і да грахоў усяго сусвету». Гэтаксама і Бернард глыбока ўпэўнены, што царква ўгрунтаваная не на заслугах сваіх, а на сваёй міласэрнасці: «Есць тры віды міласэрнасці, на якіх грунтуецца нашая надзея, менавіта замілаванне ўсынаўленнем, праўдзівасць абяцання і моц адплаты. I няхай мая неразумная свядомасць абураецца колькі заўгодна, пытаючыся: «Хто ты? Чым праславіўся? За якія такія заслугі хочаш атрымаць тое, што просіш?» Я без ваганняў адкажу на гэта: «Я ведаю, у каго веру, і ўпэўнены ў яго міласэрнасці. Ен усынавіў мяне з вялікай любоўю. Ен трымае сваё абяцанне. Аддаючы, ёнусёмагутны». А восьяшчэ словы малітвы: «Прасвятлі вочы мае — і зраблюся я мудры. He прыгадвай грахоў і заганаў майго юнага невуцтва — і буду я праведны. Вядзі мяне, Госпадзе, па дарозе тваёй — і я ўжо святы. А калі не праліецца кроў твая за мяне, то не будзе мне паратунку». Аўгустын гаворыць у гэтай сувязі наступнае: «Каб не грашыць, розум павінен накіроўвацца Хрыстом. Калі ж розум саграшыў, то ачышчае яго ад граху той жа першасвяшчэннік Хрыстос».
Чалавек, пакуль жыве, мусіць усяляк імкнуцца пазнаць праўдзівага Бога і ягонага сына Хрыста. Гэта ёсць найвялікшае шчасце і найвышэйшае дабро. Гэтаксама чалавек павінен пазнаць і сябе, дакладней, сваю мізэрнасць і сваю нікчэмнасць. Змар-
даваны нягодамі, ён заўсёды ўрэшце звяртаецца да міласэрнага Бога і просіць Хрыста аб дапамозе і паратунку. Словамі прарока Гасподзь павучае: «Няхай не хваліцца мудры сваёй мудрасцю, моцны — сваёй сілаю, багаты — сваім багаццем. Няхай кожны хваліцца тым, наколькі ён пазнаў Мяне». Святы апостал Павел, каб збіць з чалавека пыху і схіліць яго да пакоры, пісаў: «Што з таго, што ты чагось не атрымаў? А калі атрымаў, дык чаго мовіш так, быццам нічога не атрымаў? Калі нехта штось хваліць, то аддае належную пашану Богу, ад якога праз Ісуса Хрыста мы атрымалі столькі дабротаў. Створаны Богам Хрыстос ёсць для нас мудрасцю, святасцю і збавеннем».
Некалі сатырык сказаў, што прыемна быць знакамітым сярод знакамітых, славіцца гераічнымі подзвігамі, вызначацца талентам і вучонасцю. Цудоўна, калі чалавек, хоць на сваім веку, усталёўвае мір і спакой на зямлі. Добра, калі чалавек мае багацце, да якога, дарэчы, ласы і кожны прасталюдзін. Багацце дае карысць і прыбытак, дорыць магчымасць атрымліваць цялесныя і іншыя даброты, адкрывае доступ да ўсіх асалодаў, асабліва да ўзаконеных і дазволеных. Але ўсе такія выгоды часовыя, нядоўгатрывалыя. Гэта — рэчы тутэйшага, зямнога жыцця. Нярэдка яны аказваюцца небяспечнымі нават для саміх уладальнікаў. Мінучыя зямныя рэаліі не забяспечваюць шчасця, якога мы ўсе шукаем. Шчасце знаходзіцца ва ўлонні вечнага нябеснага спакою. Яго не азмрочыць ніякае ліха, не знішчыць ніякая хвароба, ні душэўная, ні фізічная. Дык павярніце, сябры, сюды вашыя позіркі. Забудзьце пра марныя летуценні гэтага свету. Імкніцеся да нябеснага, якое не знікне ніколі.
ЭВЭРГЕТ. Вядома, мы ў малітвах сваіх папросім Усявышняга, каб ён сваім Святым духам выкараніў заганную нястрыманасць нашай плоці. Калі шкодныя жаданні знікнуць, мы будзем маліць, каб Бог накіраваў нашыя сэрцы і думкі на існасці толькі нябесныя. I каб урэшце прывёў нас да прычалу найвышэйшага шчасця.
Біяграфічная даведка
Андрэй Волян нарадзіўся ў Наваградку. Яго бацька паходзіў з сілезскіх немцаў, быў чалавек адукаваны і карыстаўся асаблівай гасціннасцю ў сям’і Вастрарогаў — вядомых паслядоўнікаў Яна Іуса. Калі Андрэю споўнілася трынаццаць, яго аддалі на вучобу ў універсітэт у Франкфурце-на-Одэры. У тыя часы гэтая навучальная ўстанова ветліва расчыніла свае дзверы гуманістам і рэфарматарам. Праз тры гады юнак вяртаецца да бацькоў. Займаецца юрыспрудэнцыяй, вывучае кіраванне сельскай гаспадаркай. У наступныя тры гады праходзіць стажыроўку пад апекаю свайго дзядзькі Гераніма Квілецкага, які быў распарадчыкам маёнткаў каралевы Боны.