Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе  Андрэй Волян

Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе

Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
25.35 МБ
У нашых гарадах, мястэчках, вёсках можна бачыць падвыпіўшых і п’яных нахабнікаў, якія бадзяюцца, трывожаць людзей, зневажаюць і лаяць кожнага стрэчнага. Калі пачнеш абурацца — толькі наклічаш на сябе бяду. А пройдзеш моўчкі — панясеш у сэрцы глыбокую крыўду. Я ўжо не кажу пра дзікія вар’яцкія начныя крыкі, якімі поўняцца нашы вуліцы. Ашалелы сп’янелы натоўп, вораг цішыні і спакою, не дае хоць на час звесці вочы, то тут, то там усчынаючы то бойку, то панажоўшчыну.
Саламон у сваіх Прытчах кажа, што віно спараджае глумліўцаў, п’янка прыводзіць да буйства. I кожны, хто знаходзіць у ахмяленні асалоду, робіцца безразважны. А вось яшчэ сведчанне Ксенафонта: персідскі цар Кір, будучы яшчэ хлапчуком і жывучы ў свайго дзеда Астыягена, вельмі трапна пажартаваў з падчашага Сака. Унучак сказаў, што Сак, які налівае віно цару і гасцям, напэўна, падмешвае ў яго атруту. Бо ад такога пітва ўсе раптам страчваюць розум, чмурэюць і пачынаюць паводзіць сябе непрыстойна і недарэчна. Цар нібыта забывае, што ён цар, а госці не памятаюць, што над імі ёсць уладар. Аляксандр Македонскі пасля шматлікіх слынных подзвігаў і слаўных перамог упаў у такое п’янства, што ў папойках сваіх пазабіваў многіх
сяброў. За гэта яго ўзненавідзелі. А непераможнае Ганібалава войска, пакрысе аслабленае і зняможанае гулянкамі і папойкамі ў час пастояў, страціла сваю мужнасць і сілу і ў выніку было паступова разбітае і знішчанае рымлянамі.
Такімі прыкладамі поўняцца ўсе святыя і свецкія кнігі. Яны апавядаюць пра страшную смерць ці ганебныя, гнюсныя ўчынкі тых, хто даваў сябе зацягнуць у агідны вір п’янства. Але нам няма патрэбы шукаць фактаўу далёкіх замежных землях, бо само будзённае наша жыццё дае нам выдатна адчуць усю мярзотнасць прапойцаў. Мудрэцу прыпавесцях сваіх прамаўляе: «Дзе многа п’юць, там лямант і стогны». Некалі ў спартанцаў, чыя дзяржава вызначалася слаўнымі інстытуцыямі, быў звычай прывозіць п’яных рабоў і паказваць дзецям, як яны ванітуюць. Мярзотнае, брыдкае відовішча павінна было адпудзіць малалетак ад пераймання ганебных і паскудных паводзінаў п’янчуг. Кажуць, што і цар Кір катэгарычна забараняў свабодным і знатным людзям ужываць усякае віно. А вось рабам п янства ім дазвалялася.
Але ў нашым народзе шляхта і вышэйшая знаць не даюць люду простага і нізкага звання перахапіць у іх гэткую славу. Нават больш — яны ўсяляк імкнуцца ўзяць у гэтым над прасталюдзінамі зверхнасць. Так што людзям цвярозым, не схільным да крайнасцяў, ужо й няможна трымацца залатой сярэдзіны. Калі ў дом шляхціца прывалаклася п’яная кампанія, ён згодна са звычаем павінен гэта цярпець, выпіваць з імі разам і старацца здабыць іх прыязнасць. 1 адзіным клопатам у такіх гулянках ёсць старанне не адстаць ад субяседніка па колькасці выпітага. Бо адмову піць чарка ў чарку могуць палічыць за найвышэйшую знявагу. I часта здараецца, што слабасільнаму, які не хоча загінуць ад клінка, даводзіцца падрываць свае кволыя духоўныя і цялесныя сілы і гінуць ад непамернасці выпітага. Часам гаспадар, унікаючы такой злыбеды, мерыцца прыбраць келіхі, але п’янчуга расцэньвае гэта за пагарду да сваёй асобы
і кідае на недалужніка такі пагрозлівы позірк, абкладае яго такім моцным слоўцам, што той воляй-няволяй скараецца і прымушае сябе дапіць усё да дна.
П’янства, безразважная звычка піць прыводзяць урэшце да таго, што большасць выгодаў свабоды, якія ўжо самі па сабе робяць чалавечае жыццё чалавечным, аказваюцца для нас страчанымі. Калі не спыніць п’янства строгімі санкцыямі, то пры цяперашнім разгуле гэтай здаўна ўкаранелай злачыннай звычкі няма надзеі, што цвярозасць у нашай краіне знойдзе належнае месца і ўмеркаванасць стане агульным правілам.
Некалі ў Грэцыі былі пітныя суддзі. Іх называлі ойноптасамі. Гэтыя суддзі маглі пакараць кожнага, хто перабраў меру, выпіўшы залішне віна. Сённяшнія туркі б’юць п’яных палкамі, каб гэтая кара стрымлівала выпівох і змушала іншых ставіцца да пітва з большай перасцярогаю. Дзякуючы цвярозасці туркі вельмі ўзмацнілі сваё грамадства, пра што яскрава сведчаць шматлікія паразы хрысціянаў.
А ў нас? Па меры таго як наш народ адыходзіў ад умеркаванасці, ашчаднасці, стрыманасці, якія былі ўласцівыя продкам, ён страчваў дабрачыннасць, высакароднасць, цнатлівасць, вайсковую дысцыпліну, трываласць перад нягодамі. Ен стаў як жанчына распешчаны. У нас часцяком бяздзейнічаюць суды, амаль усе крэслы суддзяў пустуюць, а паны, як кажа прарок, здольныя хіба толькі піць віно ды праяўляць сваю моц у п янстве.
Сярод моладзі юнакі ўжо не імкнуцца здабыць пяршынства ў высакародных і мужных справах, а забаўляюцца высцігамі, хто вып’е болып агромністых келіхаў. Заезныя дамы, якія мусяць забяспечваць сваім і замежным гасцям надзейны прытулак, дзень і ноч поўняцца п’яным збродам. Такія дамы цалкам справядліва называць не корчмамі, а бандыцкімі прытонамі. Хутчэй за ўсё, з такіх прытонаў і выпаўзаюць шайкі зладзеяў, каб цікаваць на дарогах багатых наведнікаў. 1 ўжо, несумненна, яны спараджа-
юць плоймы жабракоў, якія бадзяюцца потым па вёсках і жаруць чужы дармовы хлеб.
Кожны, на каго звальваецца п’яная напасць, страчвае свой набытак і дабрабыт, робячыся голым, як той бізун. Шматлікія факты няспынна сведчаць нам пра вялікія беды, якія ў выніку празмернага ўжывання моцных напояў абрынуліся амаль на ўсё грамадства. Збядненне і п’янства сялян дайшлі да таго, што пустуюць палеткі, і нават у майстэрнях не ўбачыш майстроў.
Няма нічога карыснейшага, больш дабратворнага для здароўя грамадства і больш дзейснага для ўмацавання агульнай свабоды, чым паўсюднае выкараненне такога ліха, як п’янства. П’янчуг трэба стрымліваць рознымі відамі пакарання. У залежнасці ад асобы і яе статуса гэта можа быць або нейкае ганебнае кляймо, або зняволенне, або штраф.
Раздзел XIII
У СВАБОДНЫМ ГРАМАДСТВЕ ВЕЛЬМІ ПАТРЭБНЫЯ ЗАКОНЫ АБ ВЫДАТКАХ НА РАСКОШУ
Усе мудрацы ў цэлым згаджаюцца, што ва ўсякім грамадстве прысутнічаюць дзве немалаважныя заганы: раскоша і прагнасць. I гэтак сама, як ашчаднасць і ўмеркаванасць садзейнічалі ўмацаванню цэлых імперый, сквапнасць і празмерныя багацці спараджалі ў краінах вялікія бедствы і прыводзілі да разбурэння і гібелі ўсяго грамадства.
Адбіць небяспеку, якая пагражае бацькаўшчыне, здольны толькі той, хто рухавы і дужы, чый розум не распешчаны ўцехамі і чыё цела прывучанае да памяркоўнасці ў харчаванні і загартаванае фізічнаю працай. А хто купаецца ў раскошы і не прывык саступаць спакусам, той жыве лянотным, лайдачым жыццём, якое не нясе ніякай карысці айчыне. Людзі, заклапочаныя аздабленнем свайго жытла, спажываннем далікатных страваў, набыццём элегантных убораў, узвядзеннем велічных збудаванняў, маюць патрэбу ў значных сродках. 1 ўвага такіх людзей нярэдка скіроўваецца на супрацьзаконнае, несправядлівае авалоданне чужою маёмасцю. Калі ж у грамадстве пачынае квітнець такі неадлучны спадарожнік раскошы, як сквапнасць, у ім узнікаюць нянавісць і варажнеча. Пастаянныя ўзрушэнні руйнуюць грамадства і прыводзяць да заняпаду. Яскравым прыкладам гэтага служыць тайная змова, зладжаная Катылінам. Яе вытокамі сталі якраз гэтыя дзве гнюсныя крайнасці чалавечай натуры — раскоша і сквапнасць. Менавіта яны падштурхнулі Катыліну задумаць патаемны замах на айчыну. Тады знайшлося нямала малойцаў і несумленных грамадзян, якія, жывучы, што называецца, на шырокую нагу і прамантачыўшы сваё багацце, паклалі прагнае вока на ўласнасць іншых. Неўзабаве яны рас-
пачалі супроць грамадства вайну. Калі б Цыцэрон не папярэдзіў пра небяспеку і ўлады не прынялі адпаведных засцерагальных захадаў, нахабныя хціўцы з іх падступнымі вераломнымі замысламі несумненна задушылі б свабоду прыстойных грамадзянаў. Пралілася б кроў, загінулі б многія нявінныя людзі. I хоць падобныя ліхадзействы не заўсёды заканчваюцца трагічна і не кожны раз нясуць пагрозу грамадзянскай вайны, але марнатраўства заўсёды адчувальна нішчыць дабрабыт асобнага чалавека, спараджае вялікую дарагавізну і харчоў, і адзення, кладзецца цяжкім гнётам на няшчасны люд. Ужо з гэтай прычыны празмернае матаўство неабходна абмяжоўваць.
Ва ўсіх знаных грамадствах лічылася, што ў ліку іншых важных законаў павінен быць і закон, які стрымлівае непамерныя выдаткі грамадзян. Так, Оппіеў закон у рымлян патрабаваў, каб жанчыны насілі на сабе не больш, як на паўунцыі золата. Ім не дазвалялася апранаць рознакаляровыя строі і ездзіць у конных павозках па горадзе ці мястэчку, а таксама ў наваколлі бліжэй, як за мілю ад гэтых паселішчаў. Закон аказаўся вельмі карысны. Калі рымскіх жанчын пазбавілі магчымасці насіць дарагое ўбранне, яны пачалі ахвотна ахвяраваць срэбра і золата на папраўку дзяржаўнага скарбу. А стан рэчаў у дзяржаве тады быў сапраўды кепскі. Ганібал-пераможца выматаў у рымлянаў усе сілы. I калі 6 Оппіеў закон не пастанавіў забраць прадметы раскошы ў насельніцтва, выплачваць воінам заробак зусім не засталося б сродкаў. А без гэтага немагчыма было спыніць наступ Ганібала-пераможцы, які пагражаў мурам горада. Праўда, пазней, у перыяд росквіту Рымскай дзяржавы, гэты закон з легкадумнай ініцыятывы трыбунаў быў адменены, і ўсе жаночыя аздобы зноў былі дазволеныя. Катон, зрэшты, прадбачыў нядобрае і ўжо тады бурна даводзіў трыбунам, што такая адмена паслужыць дрэнным узорам. Наколькі справядлівай была яго перасцярога, досыць пераканаўча сведчыць тое, што раскоша
пачала сапернічаць з прагнасцю, і ў выніку пачаўся найбольшы заняпад Рымскай імперыі.
Але не будзем шукаць далёкіх прыкладаў. Звернемся да некаторых падзеяў блізкіх, сучасных і зусім недалёкіх, з якіх таксама будзе няцяжка зрабіць выснову, што агідная прага да нажывы ў спалучэнні з раскошай прыносілі нават самым магутным імперыям і царствам разарэнне і гібель.
Калі болып за стагоддзе назад люты турак аблажыў Канстанцінопаль, яго грамадзяне змаладушнічалі. Нягледзячы на тое, што імператар Канстанцін настойліва прасіў і нават патрабаваў грошай для набору войска, людзі закопвалі свае скарбы ў зямлю, хавалі ў сховах, абы толькі не аддаць каштоўнасцяў і значнай часткі срэбра і золата на карысць грамадства. Націск туркаў, чым далей, тым усё больш мацнеў. Але абаронцаў на гарадскіх мурах было надта мала, і яны не маглі даць адпор варожаму наступу. А пры спустошанай дзяржаўнай скарбніцы набраць падмацаванне магчымасці не было. Пры слабым супраціве малалікага гарнізону дзёрзкасць ворага расла ўсё больш. Расла і надзея, а потым і ўпэўненасць туркаў, што горад можна ўзяць. Пасля чарговага моцнага і імклівага штурму Канстанцінопаль нарэшце паў. Імператар быў забіты, грамадзяне знявечаныя і пасечаныя насмерць. Горад з усімі яго каштоўнасцямі і безліччу срэбра і золата перайшоў пад уладу жорсткага ворага. А калі ўсе схаваныя скарбы потым павыцягвалі з тайнікоў і выставілі перад вачыма супастата, той здзівіўся незвычайнай дурасці насельнікаў. Кажуць, ён уголас абураўся гнюснай прагавітасцю хціўцаў, якія ў цяжкую для айчыны гадзіну так ганебна клапаціліся толькі пра свае багацці.