Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе
Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
Паколькі ўсім забойцам прадугледжваецца неадпаведна лёгкае пакаранне, то нават зламыснае пазбаўленне жыцця не лічыцца сур’ёзным крыміналам. Таму вінаватых у забойстве не абмяжоўваюць у правах. Асуджаныя карыстаюцца тымі ж тытуламі, тымі ж прывілеямі і прэрагатывамі, якія мелі раней, да злачынства. Трэба таксама згадаць, што падчас судовага разбору ўсе наперабой стараюцца дапамагчы падсуднаму як парадай, так і дзеяннем. Болей за тое, самі суддзі выступаюць у ролі заступнікаў падсуднага, не зважаючы на пратэсты і нязгоду пацярпелых, і заклікаюць бакі да замірэння. Зрэшты, дзе ёсць несправядлівыя законы, там ёсць і прадажныя суды. I гэта цалкам натуральна: адно адпавядае другому.
Нельга абмінуць і факт, што пры сённяшнім законе, які так нізка цэніць жыццё грамадзян, меней цяжкія правапарушэнні — напрыклад, пабоі, раненні — злачынствам нават не лічацца, і злачынцы застаюцца амаль зусім без пакарання. Хоць за цялесныя пашкоджанні, нанесеныя шляхце, законы ўстанаўліваюць пэўны грашовы штраф, але гэтая сума аказваецца настолькі мізэрнай, што яе сорамна атрымліваць. Дый далёка не кожнага задаволяць спагнаныя ў судовым парадку грашы. Таму большасць пацярпелых адварочваюцца ад зневажальнай платы за сваю кроў. А як бо мяккасць пакарання нікога не ўтрымлівае ад злачынства, то амаль усе, каму былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні, звяртаюцца не ў суд, а гараць жаданнем паквітацца за кроў таксама крывёю.
Здараецца, што ў судзе крымінальная справа заканчваецца, як лічаць, даволі шляхетна. Абвінавачаны караецца абібоцкай адсідкай у межах пэўнага месца. Там ён альбо задае храпака, альбо на ўсю поўніцу п’е са сваімі сябрукамі, ладзіць пад музыку святы і пыхліва зневажае збітага і знявечанага ім чалавека. А на тым чалавеку бывае столькі ран і столькі ўсякіх пашкоджанняў, што небарака ў хуткім часе канае ці на ўсё жыццё застаецца нямоглым і хворым.
Па нашых законах і цяжкае, і лёгкае цялеснае пашкоджанне кампенсуецца аднолькавай грашоваю сумай. Ужо куды надзейней бароніць свабоду грамадзянаў Карнэліеў закон, змешчаны ў Ірамадзянскім кодэксе. Мера пакарання ім устанаўліваецца ў залежнасці ад характару пашкоджання. Падсудны павінен выплаціць такую грашовую суму, якая, па вызначэнні суддзі, кампенсуе нанесенае пашкоджанне. А калі за нязначнае правапарушэнне і сур’ёзнае злачынства прадугледжваецца аднолькавае пакаранне, то ад справядлівасці не застаецца нічога. Калі ж грамадзяне ўсе разам і кожны з іх паасобку хочуць абараніць сваю свабоду, яны павінны ўмацаваць яе дзейснымі законамі. Нельга, каб законы сваёю мяккасцю распальвалі подлыя памкненні людзей. Ірамадству патрэбны законы, якія справядлівай і адпаведнаю строгасцю былі б здольныя прадухіліць баламутныя ўчынкі зламыснікаў.
Раздзел XI
Адсутнасць у нашым грамадстве законаў, ЯКІЯ КАРАЛІ Б ЗА ПРАЛЮБАДЗЕЙСТВА, ЗНАЧНА ПАРУШАЕ
ПАЛІТЫЧНУЮ I ГРАМАДЗЯНСКУЮ СВАБОДУ
Каліў грамадстве адсутнічаюць законы, то, як сведчыць Цыцэрон, няма патрэбы вызначаць, каму што належыць. 3 гэтай прычыны мудрэйшыя мужы і вучонейшыя заканазнаўцы, кіруючыся сваім прыродным інстынктам і здаровым розумам, стварылі законы, якія вучаць людзей справядлівасці і прыстойнасці і пад пагрозаю пакарання ўтрымліваюць заблудных ад распусты ці намераў завалодаць чужым. Зберагчы чалавечую супольнасць і мірнае, спакойнае яе існаванне можна толькі тады, калі з дапамогай законаў утаймаваць нястрымныя чалавечыя жаданні і жарсці, каб ніхто і ніколі не насмельваўся параніць ці забіць іншага. Законы яднаюць людзей у адно цэлае — народ. Цалкам слушна сказаў Дэмасфен: «Законы — гэта душа грамадства». I падобна як цела, развітаўшыся з душою, апускаецца і падае, так і грамадства, у якім не дзейнічаюць законы, прыходзіць у заняпад і гіне. He дарма Геракліт Эфескі кажа, што грамадзяне павінны дбаць пра законы больш, чым пра гарадскія муры. Без гарадскіх муроў грамадства існаваць можа, а вось без законаў зберагчы сваю цэласць і непарушнасць яму ніколі не ўдасца. У свой час персы, усвядоміўшы карысць законаў, знаёмілі сваіх дзяцей з дзеючымі прававымі нормамі яшчэ ў малалецтве. Гэты звычай перанялі крыцяне. Іх дзеці павінны былі запамінаць законы, хорам спяваць гімны багам, славіць подзвігі ваяводаў, што мусілі быць для кожнага ўзорам дабрачыннасці і мужнасці.
Ніякую супольнасць людзей, якая не мае законаў і дзе кожны робіць, што хоча, нельга назваць сапраўдным чалавечым грамадствам. Такая супольнасць будзе нагадваць хутчэй збо-
рышча хіжых звяроў. Толькі ў звярыным асяродку мацнейшы перамагае слабейшага і тым забяспечвае сваё існаванне. А мэта законаў — гарантаваць чалавеку спакойнае валоданне ўласнасцю і абараніць яго ад несправядлівасці. Нездарма ў сувязі з гэтым некаторая неабдуманасць нашых заканадаўцаў выклікае вялікае і ўсеагульнае нараканне. Так імі не выдадзена ніякіх законаў, якія тычыліся б маральна-этычных паводзінаў сужэнцаў. Заканатворцы не палічылі патрэбным паставіць заслон агіднаму пралюбадзейству і пазашлюбным сувязям і не стварылі адпаведных законаў. А тым не менш, на думку вучоных мужоў, апаганьванне чужога ложка ёсць злачынствам, блізкім да забойства. Гэтае злачынства разбурае тую супольнасць, з якой, нібы з крынічкі, бярэ пачатак наш радавод. He было амаль ніводнага народа, які дапускаў бы памаўзліваю юрлівасць. За распусту адпаведныя законы прадугледжвалі суровае пакаранне. Нават у жывёльным асяродку прыродны інстынкт прымушае некаторых жывёл жорстка пераследаваць самку, якая сваёй нявернасцю апаганіла шлюбную повязь. Як апавядае Пліній, леў, калі пачуе пралюбадзейства львіцы з леапардам, абрушвае на блудніцу ўвесь свой звярыны гнеў. Праўда, сланы пачуцця рэўнасці не ведаюць і боек за самак між сабой не вядуць.
Здаровы сэнс вучыць, што ў шлюбе трэба старанна і рупна дбаць пра душэўную чысціню. А ў нас, тым не менш, дагэтуль не выдадзена законаў, якія прадугледжвалі б пакаранне за распусту і юр. Такая бяздзейнасць у пэўнай меры супярэчыць прыродзе. Калі заканатворцаў не кранае голас Божага закона, які патрабуе караць за падобны грэх, то, можа, яны прыслухаюцца да голасу большасці народаў, якія з дапамогай эдыктаў ці іншых уставаў імкнуцца не дапусціць разбэшчанасці ў грамадстве. Дыядор Сіцылійскі сведчыць, што ў егіпцян заспеты на пралюбадзействе юрлівец атрымліваў да тысячы ўдараў розгамі. Юрлівым жанчынам адразалі насы, каб сваім знявечаным тварам яны адпуджвалі
ад распусты іншых. Парфяне і арабы за такое злачынства заўсё ды каралі смерцю. Колісь Залеўк выдаў для насельнікаў Локры закон, па якім асуджанаму за пралюбадзейства выдзіралі абодва вокі. Але аднойчы здарылася так, што спралюбадзейнічаў яго сын. Лакрыйцы, зважаючы на выбітную бацькаву чыннасць на карысць грамадства, гатовыя былі сыну грэх дараваць. Залеўк доўга не пагаджаўся, але, саступіўшы шматлікім просьбам народа, прыняў больш памяркоўнае рашэнне, якое, тым не менш, адпавядала прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам. Ен вырваў адно вока спачатку ў сябе, а потым адно вока ў сына. Гэтак Залеўк аддаў належнае закону, але абаім захаваў зрок.
У рымлян закон і звычай дазвалялі мужу забіць няверную жонку, пра што сведчаць даўнія помнікі: у прыватнасці, пралюбадзеяў сурова каралі паводле закона Юлія. Прыводзіць карысныя ўстанаўленні супроць парушальнікаў шлюбнай вернасці ў іншых краінах будзе, бадай, нават залішнім. Бо ў наш час амаль ва ўсіх, нават у варварскіх народаў, далёкіх ад ушанавання Хрыста, такое злачынства беспакараным не застаецца. He без падставаў гэтая акалічнасць павінна выклікаць у нас цалкам натуральнае пачуццё сораму. Мы ж называем сябе хрысціянамі, выхваляемся свабодай, справядлівымі законамі, належным дзяржаўным ладам. Але дазваляем подлыя, ганебныя ўчынкі, ад якіх патыхае рабствам. Сапраўды, той, хто можа, але не працівіцца ліхадзею, фактычна патурае ліхадзейству. 1 не трэба наіўна думаць, што згаданая гнюснасць ніяк не шкодзіць свабодзе. Ніхто не можа быць свабодным, калі яго жыццю штось пагражае. А ці лічыць сябе ў бяспецы сужэнец, чый ложак беспакарана апаганьваюць каханкі? He. Калі жонка здраджвае мужу, уся любоў пралюбадзейкі да яго знікае. Яна толькі і думае, як бы звесці мужа са свету. I багацці, якія павінны былі б садзейнічаць дабрабыту і выхаванню дзяцей, могуць стаць здабычай падступных юрліўцаў.
Хто знайшоў прыстойную жонку, кажа Эклезіяст, знайшоў і спосаб разбагацець. У асобе жонкі ён мае памочніцу, паплечніцу, надзейную апору свайго спакою. А здрадлівая, бессаромная жонка, якую той самы Эклезіяст называе паршываю сучкай, усё дабро прамантачыць і пусціць на свае зламысныя патрэбы ўвесь мужаў набытак. Але няма несправядлівасці болей жорсткай, чым калі народжаныя ад пралюбадзейства дзеці займаюць месца дзяцей легітымных і нахабна адымаюць у сапраўдных, законных спадкаемцаў маёмасць і іншыя жыццёва неабходныя сродкі. Я ўжо не кажу пра злачынныя забойствы, якія распусныя жонкі здзяйсняюць з дапамогай атруты ці іншых таемных сродкаў. А нярэдка гвалт з мужа ў адкрытую чыняць самі каханкі. Факты такога насілля настолькі шматлікія, што, бадай, і не варта згадваць усе гнюснасці, што плывуць з клаакі гэтай разбэшчанасці.
Такое ліхадзейства чыніць шкоду не толькі асобнаму чалавеку і яго маёмасці, яны ўцягваюць у вір паўсюднага разарэння і згубы ўсё грамадства. Што стала прычынай падзення Троі? Што сутыкнула столькі народаў і падштурхнула іх да ўзаемнай разні і знішчэння? Што спрычынілася да пагібелі столькіх плямён і народаў? Толькі пралюбадзейства Парыса. А калі была згвалтаваная Лукрэцыя, колькі нягодаў скаланала Рым, колькі яму выпала перажыць напасцяў, колькі забойстваў? У ізраільскім народзе таксама пасля гвалту, учыненага з жонкі Левіта, было вынішчанае цэлае пакаленне беніямітаў. 3 гэтай самай прычыны цяжкая кара спасцігла і Давіда разам з усім ягоным патомствам і нават царствам. Падзеі гэтыя настолькі добра вядомыя, што няма сэнсу спыняцца на іх падрабязна. Помсцячы за ўчыненыя злачынствы, усёмагутны і справядлівы Бог хоча, каб парушальнікі яго канонаў і запаветаў заўсёды атрымлівалі належную адплату. Божы гнеў абрынуўся на ізраільцянаў, і яны апынуліся пад гнётам жорсткага рабства. Сярод іншых правінаў таго на-
рода быў і такі цяжкі грэх, як распуста. Вуснамі прарока Ераміі (5. 7-8) Гасподзь гаворыць: «Я карміўіхдасыта, аяныпералюбы чынілі і натоўпамі хадзілі ў дамы блудніц. Гэта — укормленыя коні, і кожны з іх іржэ на жонку другога. Няўжо Я не пакараю за гэта і ці не адпомсціць душа Мая такому народу, як гэты?» Подлае апаганьванне чужога ложка, як і іншыя забаронныя сувязі змушаюць Бога да помсты паганскаму народу. I гэта павінна ўсяляць апраўданы страх у астатніх. Гасподзь папярэджвае, што за такую мярзотную разбэшчанасць ягоны гнеў насцігне не толькі ізраільцянаў, але і ўсе іншыя народы.