Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе  Андрэй Волян

Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе

Андрэй Волян
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 142с.
Мінск 2009
25.35 МБ
Дзяржава перадаецца каралю разам з дзеючымі законамі. Ен павінен скласці прысягу, што будзе кіраваць краінай у адпаведнасці з нормамі гэтых законаў. На маю думку, якраз дзякуючы такім устанаўленням ва ўчынках нашых каралёў ніколі не ўбачыш фанабэрыстасці і жорсткасці і не заўважыш грубасці ў абыходжанні з народам.
У адрозненне ад нашых каралёў іншыя манархі кіруюць дзяржавамі зусім іначай. Як сведчаць шматлікія факты не толькі ў суседніх, але і ў болей далёкіх краях, тамтэйшыя ўладары абыходзяцца са сваімі падданымі з пачварнай бесчалавечнасцю. Найбольш верагодным мне ўяўляецца, што магчымасць такога варварства закладзеная ў самім статуце дзяржаўнага кіравання. Патомныя манархі ўспрымаюць сваю ўладу як спадчыну, атрыманую ад продкаў. Таму яны не лічацца з жаданнямі народа і не пытаюцца ў яго згоды. Але галоўная і асноўная прычына раз-
бэшчанага, фанабэрлівага царавання ляжыць у статусе ўладара, калі яго ўлада не абмяжоўваецца ніякімі дастаткова моцнымі цуглямі закону ці калі ён скідае гэтыя цуглі, скарыстаўшыся сваёю падступнасцю ці чужымі крывадушнымі парадамі.
Нават калі ў нейкім грамадстве і існуе такая завада, ці звычай, згодна з якім уладаром робіцца той, хто ім ёсць па сваім паходжанні, дык і тады народ павінен дазволіць спадкаемцу трона ўзяць уладу, толькі абмежаваўшы будучага манарха пэўнымі законамі. Сам па сабе пераход манаршага пасада ў спадчыну не будзе перашкаджаць грамадзянскай свабодзе пры ўмове, што ўладар не ўгрузне ў заганах, да якіх яго могуць схіляць ягоныя благія жаданні.
Амаль усе нашыя каралі мелі настолькі ціхі і лагодны характар, што не дазвалялі сабе ўносіць нейкія змены ў дзяржаўныя законы ці нават парушаць іх.
I ўсё ж, каб запабегчы верагоднаму самавольству караля, былі прадугледжаныя сур’ёзныя захады. Без іх, калі б уладар, скажам, меў дазвол самахоць аб’яўляць і весці вайну, маглі б быць парушаныя мір і спакой усяго грамадства. Несправядлівыя і пастаянныя войны, якія развязваюць лютыя і шалёныя ўладары, нясуць грамадствам вялікія беды. 3 гэтай прычыны шляхта, памятаючы пра асабістыя свабоды, палічыла за неабходнасць абмежаваць верагоднае самапраўства караля і не дазволіла яму аб’яўляць ці весці вайну без адпаведнай згоды набілітэту.
Нельга аднак не сказаць, што часам такая вольнасць перасягае ўсякія разумныя межы. Празмерна узурпаваная народам свабода таксама нясе грамадству шмат бедаў. Закон, прызначаны стрымліваць несправядлівыя войны, нярэдка становіцца перашкодай у справе вызвольных і справядлівых войнаў. Шляхта, упадабаўшы бяздзейнасць і даўно адвыкшы ад вайны, не азываецца на заклікі караля, не бярэцца за зброю і тым самым дазваляе ворагу ўрывацца ў нашыя землі і пустошыць нашу
радзіму агнём і мячом. Вядома, у інтарэсах дзяржавы нельга ўхваляць вайну, якую мерыцца развязаць уладар пад уплывам нейкай пустой фанабэрыі. Калі ж вораг паліць і забівае, руйнуе вёскі і гарады, лютуе і жорстка здзекуецца з грамадзянаў, не выступіць супроць такога ліхадзея і не абараніць радзіму, якая ўмольна просіць аб дапамозе, было б ганебнай, подлай, агіднай бяздзейнасцю. Калі свабода нам дарагая, дык будзем карыстацца ёю памяркоўна. Іначай, неабмежаваная свабода можа ператварыцца ў сваю процілегласць, то бок у рабства. Схіл, каб скаціцца да гэтай бяды, надзвычай круты. Упасці ў яе вельмі лёгка.
Наш народ карыстаецца многімі свабодамі, рупліва ўведзенымі нашымі продкамі. Але, мабыць, найбольшую вартасць мае свабода, згодна з якой шляхта, валодаючы ворнымі ды іншымі землямі, а таксама фальваркамі, замкамі, мястэчкамі, нікому ніякіх падаткаў ці пабораў не плаціць. Кожны шляхціц мае ў нас такое права на сваю ўласнасць, якое ў іншых краінах маюць толькі цары і каралі. У замежных нобіляў таксама ёсць вялікія ўладанні. Але гэтыя ўладанні — альбо узуфруктуарныя, калі гаспадар не мае права перадаваць іх у валоданне каму-небудзь іншаму, альбо на маёмасць адпаведна з ацэнкай накладаецца такі падатак, што ўладальніку застаецца зусім нязначная частка даходу.
У нашым народзе шляхта распараджаецца сваёю маёмасцю, як хоча. Свае ўладанні яна можа перадаць нашчадкам, скарыстаць на ўласныя патрэбы, а дзе выгадна, то і прадаць. Калі ж узнікае пагроза нападу ці ёсць якая патрэба ў агульнаграмадскіх сродках, дык складкі робяць нават і сяляне і падданыя шляхты, але не ў такой меры, як загадае кароль ці запатрабуе нейкая частка эліты, а столькі, колькі ўхваліць на сваім сойме шляхта. Так набілітэт забяспечвае сабе спакойнае і надзейнае ўладанне маёмасцю. Уладальнікам не пагражае ні рабаўніцтва, ні раскраданне, ні залежнасць ад чужой прыхамаці.
Нельга не сказаць і яшчэ пра адну акалічнасць. Толькі шляхце належыць арганізацыя войска дзеля выправы ў паход і збройнай абароны айчыны. Пры гэтым не вызначаецца, якую колькасць жаўнераў павінен прывесці з сабой кожны шляхціц. Усё залежыць ад яго сродкаў і ўсведамлення ўласнай годнасці. Галоўнае, каб ён не пасылаў замест сябе кагось іншага, а з’явіўся сам са сваімі жаўнерамі і пры поўнай амуніцыі. Магчыма, і тут варта было б мець пэўныя абмежаванні. Хай бы пры няроўных маёмасных умовах не ўсе неслі аднолькавы цяжар, пад якім адны ажно падаюць, а другія яго нават не адчуваюць.
Увогуле, для грамадства надзвычай важна, каб тыя, хто атрымлівае ад яго больш выгодаў, адпаведна ўкладалі больш сродкаў і працы ў яго бяспеку. Тады нідзе не будзе падрывацца роўнасць, якая аб’ядноўвае грамадзян краіны. Нельга, вядома, адмаўляць магчымасць кожнага свабодна распараджацца сваёй маёмасцю. Але не ўсе аднолькава шчыра ставяць бяспеку сваёй дзяржавы вышэй за асабістае майно і выгоды. I такіх, хто ўхіляецца ад выканання сваіх абавязкаў перад айчынай, трэба пры дапамозе законаў прымусіць дапамагаць дзяржаве адпаведнымі сродкамі.
Паводле Цыцэрона, свабода — гэта, апроч усяго іншага, абавязак дзейнічаць разумна, справядліва, выконваць неабходнае і мець ясна азначаны жыццёвы шлях. Таму скаргі на ўціск свабоды будуць беспадстаўнымі, калі законы, насуперак жаданню скаржніка, змушаюць да высакародных, дабрадзейных учынкаў. Дзяржаўныя законы — найлепшыя вартаўнікі свабоды. Яны, як настаўнікі, вучаць правільна весці ўсялякія справы. Розніца паміж беззаконнем і свабодай заключаецца ў тым, што беззаконнае дзеянне кіруецца толькі жаданнем бягучага моманту, а свабода стрымлівае безразважныя, аблудныя памкненні цуглямі розуму. 3 гэтай прычыны заканадаўцы павінны ўважліва прыглядацца да зместу законаў, каб пад аздобай свабоды, заснаванай на
законах грамадства, у жыццё і норавы людзей не пранікла вераломнае самачынства. Такое магчыма, калі законы адыходзяць ад маральных правілаў, увасобленых у нашай свядомасці Богам, ці калі законы, якія накіроўваюць грамадзян на дабрачынныя дзеянні, адсутнічаюць увогуле.
Але ў нас дагэтуль не стае законаў, якія забяспечвалі б трывалы і шчаслівы дабрабыт. На вялікі жаль, некаторыя законы, у свой час адзінагалосна прынятыя нашымі продкамі, разыходзяцца з Божымі нормамі і многім нямала шкодзяць. Прыгадаем факты. Іх няшмат, але і яны даюць падставу меркаваць пра многае, прынамсі, пра патрэбу ў лепшай форме дзяржаўнай улады. I мы просім заканадаўцаў таксама паразважаць пра гэта.
Раздзел X
Несправядлівы закон аб забойстве, які дзейнічае Ў НАШЫМ ГРАМАДСТВЕ, ШМАТ У ЧЫМ ШКОДЗІЦЬ АГУЛЬНАЙ СВАБОДЗЕ
Некалі Дэмасфен вельмі трапна сказаў, што нічога так не садзейнічае дабрабыгу грамадства і свабодзе народа, як аўтарытэт закона. Мір і ўсеагульная свабода грамадзянаў найбольш забяспечаныя там, дзе чалавеку не пагражае забойства, а яго маёмасці — рабаўніцтва. Адсюль вынікае, што мы шмат у чым абавязаныя законам, галоўная мэта якіх — прадухіленне ўсякай несправядлівасці ў чалавечым грамадстве. Дзякуючы магчымасці пакарання законы стрымліваюць ліхадзеяў ад злачынстваў. Як сведчыць Платон, людзі мала адрозніваліся 6 ад самага лютага звяр’я, калі б жылі без ніякіх законаў.
Прырода не стварыла чалавека такім абазнаным, каб яму былі дакладна вядомыя чыннікі, якія спрыяюць агульнаму дабрабыту. Дый нават калі б ён быў дасведчаны ў гэтым, дык і тады не заўсёды мог бы рабіць усё, што хоча. Менавіта з гэтай прычыны Дэмасфен гаворыць, што мы, бадай, маем большую карысць ад законаў, чым ад прыроды, бо чалавек у запале пачуццяў робіцца ахвярай сваіх прагных жаданняў, якія прымушаюць яго дзейнічаць на злом галавы. Але нягледзячы на тое, што чалавечая натура сама па сабе схільная да аблуд і заганаў, законы вядуць яго, накіроўваюць і змушаюць рабіць дабро. He без падставы Дэмасфен называе закон вынаходніцтвам і дарункам бессмяротных багоў. Вучоныя мужы ўвасобілі гэты дар у юрыдычныя нормы.
Пастулаты прававой навукі закладзены ў нашу свядомасць Богам. Яны, у прыватнасці, патрабуюць нікому не чыніць шкоды, не рабіць іншым таго, чаго мы не хочам сабе. А каб ніхто
не сумняваўся, што гэта ёсць норма Божага закону, Бог сам пасля патопу ўстанавіў і абвясціў усяму чалавецтву закон: «Хто праліе кроў чалавечую, таго кроў праліе чалавек». Бог не толькі санкцыянуе закон, які забараняе супрацьпраўнае забойства або гвалт у адносінах да іншай асобы, але і стварае ўладу, якая ажыццяўляе выкананне гэтага закону і мае права караць забойцу і забяспечыць мір у грамадстве. Мір гэты магчыма ўсталяваць толькі тады, калі парушальнікам спакою пагражае суровая кара і яны на сваёй шкуры адчуюць зло, якое прычынілі іншым.
Гасподзь нам ясна растлумачыў, якімі павінны быць законы, прызначаныя ахоўваць бяспеку грамадзянскай супольнасці. Суровасць пакарання мусіць адпавядаць цяжкасці злачынства. Прысуд павінен выносіцца толькі за тое, што ёсць у дэлікце. Калі ж пакаранне аказваецца суровейшым за віну злачынцы, то гэта жорсткасць, а калі лягчэйшым, то самавольства. Як адно, так і другое нельга назваць справядлівасцю.
У грамадстве, дзе справядлівасць у загоне ці адсутнічае зусім, непазбежна ўзнікаюць звады і смуты, якія нясуць разарэнне і пагібель ўсяму астатняму. Таму няхай кожны задумаецца, як у нашай дзяржаве павінна ацэньвацца пакаранне за ўчыненае забойства. Цяпер гэтае пакаранне — несувымернае злачынству. У параўнанні з учынкам яго можна назваць проста забавай ці жартам. Я ўжо не кажу пра забойства плебеяў ці іншых людзей нізкага паходжання. Забойства прасталюдзіна, як і забіццё скаціны, караецца спагнаннем нязначнай грашовай сумы. I просты люд вымушаны дагэтуль цярпець ганебны цяжар такога прыгнёту.