Ад Скарыны і Фёдарава — у XXI стагоддзе
Адам Мальдзіс
12+
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 208с.
Мінск 2018
У творчасці Уладзіміра Караткевіча ёсць тое, што ў большай ці меншай ступені, прама або ўскосна, уваходзіць у нашу сённяшнюю ідэалогію — нацыянальную і дзяржаўную як эмацыйнае, вобразнае выяўленне і ўвасабленне гэтай ідэалогіі.
Якімі ж ідэаламі натхняўся сам пісьменнік і натхняў іншых? Што заставалася ў свядомасці чытачоў яго твораў, слухачоў яго публічных выступленняў і прыватных гутарак? У канцэнтрава-
ным, крышталізаваным выглядзе ў У. Караткевіча нічога такога не знойдзеш. Яно вынікае з усёй сістэмы мастацкіх вобразаў, учынкаў і разваг яго герояў. Гэта трэба выяўляць па драбніцы, сублімаваць. I зрабіць сёння такое выяўленне і абагульненне куды лягчэй, чым яшчэ некалькі месяцаў таму. Справа ў тым, што чытач нядаўна атрымаў (у серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі») тоўсты том пад назвай «Уладзімір Караткевіч. Быў. Есць. Буду! : Успаміны, інтэрв’ю, эсэ» (Мінск, 2005; пры цытаванні старонкі далей пазначаюцца ў тэксце ў дужках). У ім рупліва сабраныя Галінай Шаблоўскай выказванні блізкіх, сяброў, знаёмых пісьменніка, беларускіх і замежных літаратараў, мастакоў, артыстаў, дзеячаў культуры. I кожны з іх згадвае, чым жа ён узбагаціўся ў чытацкім або размоўным кантактаванні з У. Караткевічам.
Калі не спыняцца на пабочных, дадатковых момантах у шматграннай спадчыне Уладзіміра Караткевіча можна выявіць пяць узаемна звязаных пастулатаў, якія разам утвараюць выпеставаны ў думках ідэал пісьменніка, вельмі індывідуальную сістэму яго поглядаў на грамадства і чалавека.
Першы пастулат
У беларусаў ёсць свая, Богам дадзеная зямля. Яна прывабная, прыгожая («прыўкрасная»). Другой, іншай зямлі ў іх няма і не будзе. Таму яе трэба берагчы, песціць. Не калечыць чарнобылямі, бяздумнымі асушэннямі, ранамі-кар’ерамі, не шкодзіць ёй рознай хімічнай атрутай, а раз і назаўсёды ўсвядоміць яе непаўторнасць, рабіць квітнеючай.
Важна падкрэсліць, што Беларусь ва Уладзіміра Караткевіча гэта яшчэ не дзяржава (пра яе можна было тады ціха мроіць), не краіна, а толькі «зямля» («Зямля над белымі крыламі»), «край» («Беларуская песня»). Праўда, ужо не нейкая «тутэйшая» мясціна, не «малая радзіма» ці яе асобная частка. Не адно Падняпроўе (хоць У Караткевіч яго асабліва мілаваў), не Падзвінне, Наднёманне ці Палессе, а ўсё гэта разам узятае. Агульнанацыянальнае, адно цэ-
лае, калі глядзець на яго зверху, з нябёсаў. Цэлы край, які вось-вось набрыняе, нібы дрэва вясной, унутранымі сокамі, ператворыцца ў паўнацэнную краіну, дзяржаву.
Аб «прыўкраснасці» роднай зямлі вельмі вобразна сказана ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Яе будучыня асацыюецца ў Юрася Братчыка з раем. Узнёсшыся на неба, да Саваофа, ён убачыў там заможнае, ідэальнае жыццё: «кожная веска была, як пахучы букет», а ўся дагледжаная зямля аж «дымела ад сытасці і задаволення, на ванах гоняны ўгору злакі і дрэвы», распасціралася «ў нятленным ззянні вечнай красы». Сімвалічным, звернутым у будучыню ўспрымаецца завяршэнне рамана, калі Братчык-Хрыстос разам з сейбітамі падняўся «на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара». Яны ўпэўнена ішлі насустрач сонцу, а «гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю». Не раллю, а менавіта зямлю.
Безумоўна, Уладзімір Караткевіч, апісваючы «родную старонку» і яе насельнікаў, прыхароіпваў іх, часта выдаючы жаданае за сапраўднае (бо інакш які ж ідэал). Алена Васілевіч, якая рэдагавала беларускі аўтапераклад «Зямлі пад белымі крыламі», згадвае сваё першае ўражанне ад тэксту наступнымі словамі: аўтар «маляваў побыт беларусаў такімі нясцерпна буйнымі фарбамі, што, збоку зірнуўшы на такое піраванне жыцця... кожны сказаў бы: “А, чорт іх не браў, гэтых беларусаў: як цары жылі, елі сала з салам і спалі на саломе...”» (149). Паэтызацыя краявідаў у творчасці У Караткевіча ўразіла Пятра Драчова, які імкнуўся ў малюнках да яго твораў перадаць, услед за пісьменнікам, «прыгажосць роднай зямлі». Паводле слоў мастака, «Караткевіч пастаянна ў сваёй творчасці паказвае нам, што гэта наша зямля, яна не горшая за іншыя і не лепшая, але яна родная. Яе трэба любіць і шанаваць. I таму мне хацелася, каб у гледача ўзнікала адчуванне светласці і адначасна ўнутранай пагрозы. Каб зразумець глыбокую душу самога Караткевіча» (441).
Сапраўды, Уладзімір Караткевіч першым у беларускай літаратуры прадбачыў тую пагрозу, якую нясе нашай зямлі тэхнічны прагрэс, сэрцам прадчуваў Чарнобыльскую катастрофу. Задоўга да
яе, пішучы ў сярэдзіне 1960-х гг. аповесць «Чазенія», вуснамі маладога, сімпатычнага і таленавітага героя, вучонага-атамніка Севярына Будрыса, які атрымаў вялікую дозу апраменьвання і тым не менш не згубіў аптымізму, папярэджвае Гражыну Арсайлу, а разам з ёй і чытача, і чалавецтва: «Нелъга бясконца стрымліваць самае святое — урэшце адбудзецца выбух». I тут не ўтапічная схема, не «ігнараванне навукова-тэхнічнага прагрэсу і ядзернай фізікі», як сцвярджаў у рэцэнзіі на гэтую аповесць крытык Якаў Герцовіч, а, як адказваў яму аўтар «Чазеніі», рэальны прывід «атамнага выбуху». Падзеі 26 красавіка 1986 г. пераканальна даказалі, хто меў рацыю: пісьменнік ці яго крытык з вачыма, зашоранымі вульгарным сацыялагізмам.
Або прыгадаем як прароча пісаў У. Караткевіч у вершы «Дзяўчына пад дажджом», датаваным яшчэ 1960 г.:
Дожджык зрабіў сваё цуда, Ён абляпіў, як мог, Плечы, маленькія грудзі, Гнуткія лініі ног.
Бэзам з садоў павявала, Вечна хацелася жыць. Дзяўчына ад шчасця спявала.
Стронцый быўу дажджы.
I праз чвэрць стагоддзя радыеактыўны дождж над беларускай зямлёй праліўся.
Уладзімір Караткевіч глядзеў на зямлю як на арганічнае цэлае з яе насельнікамі, з чалавекам. Таму папярэджваў: нельга бяздумна ставіцца да прыроды, па-варварску калечыць яе і нявечыць. Асабліва гнеўна выступаў пісьменнік супраць інтэнсіўнай меліярацыі, якая пераўтварала Палессе ў пясчаную пустыню (эсэ «Званы ў прадоннях азёр», нарысы пра Тураў). Надзея Кучкоўская, пляменніца пісьменніка, якая ездзіла разам з ім і яго жонкай Валянцінай Браніславаўнай у навуковыя экспедыцыі па Брэсцкай
вобласці, згадвае: «Ездзіў з намі і Дзядзечка. Як заўсёды, ён быў у цэнтры ўвагі. 3 ім раіліся. Ён расказваў пра дарогі-брукаванкі, старасвецкія паркі, Палессе, асушванне балот і яго вынік — пясчаныя буры. Адна з супрацоўніц перапытала Караткевіча: “Вы што, супраць савецкай улады?” “Я супраць дурняў у любой уладзе”, катэгарычна адрэагаваў Дзядзька» (100).
I «дурні» помсцілі аўтару «Званоў у прадоннях азёр», як маглі: пасквілем у газеце «Літаратура і мастацтва», выкрэсліваннем кніг з выдавецкіх планаў.
Але пісьменнік рашуча і паслядоўна адстойваў зялёныя лёгкія Еўропы, адстойваў дзеля будучыні, нашчадкаў.
Другі пастулат
Ён лагічна вынікае з першага: калі ты жывеш на такой «прыўкраснай» зямлі, то павінен быць яе дбайным гаспадаром. Ты не маеш права працаваць дрэнна, быць несумленным ці подленькім чалавечкам. Станоўчыя героі У Караткевіча людзі высокамаральныя (хоць часам і празмерна ідэалізаваныя). А дабро гэтых герояў раней або пазней, няхай нават праз пакаленні, перамагае ліха.
Сам Уладзімір Караткевіч пра стаўленне да працы, пра ўнутраную патрэбу сумленна выконваць свае абавязкі, абавязкі Насельніка самім Богам дадзенай зямлі, спецыяльна не выказваўся. Гэта для яго было нібы аксіяматычным, само сабой зразумелым. Але такое стаўленне вынікала з яго адносінаў да людзей, якія нешта зрабілі і робяць. Не марнатравяць час, не птушачкі ў справаздачах ставяць, а робяць карыснае для сябе і іншых. Ён паважліва (сам назіраў не раз), зацікаўлена гутарыў з пастухамі і леснікамі, мастакамі і будаўнікамі — усімі тымі, хто пакідаў стваральны след на «прыўкраснай» зямлі.
Зрэшты, і сам пісьменнік паказваў прыклады апантанай працавітасці. Калі яго нішто не прыгнятала, не выводзіла з сябе. ён сядаў за работу, як за святочны стол: апранаў белую кашулю, клаў на стол добрую паперу, браў у рукі паркераўскую ручку. Прасіў
не падымаць тэлефонную трубку, каб ніхто, нават высокае начальства, не адцягваў увагі ад «свяшчэннага дзеяння». Вядома, былі «пустыя», «ненатрэбныя» дні і тыдні. Але яны лягчэй або цяжэй змяняліся, замяняліся месяцамі напружанай працы. Бо інакш не было б напісана столькі, што, сабранае разам, складзе (з лістамі) не менш як 25 тамоў.
Трэці пастулат
Героі Уладзіміра Караткевіча (яго alter ego) высокамаральныя ў хрысціянскім сэнсе гэтага слова. Калі Стваральнік Сусвету добры, калі ён стварыў і такую «прыўкрасную» зямлю і чалавека, дасканалага, як Алесь Загорскі ці Гервасій Выліваха, то трэба паступаць у адпаведнасці з устаноўленымі Ім канонамі, запаведзямі, адказваць Яму любоўю на любоў. Станоўчы герой У Караткевіча верны хрысціянскаму ідэалу, хоць і талерантны да рэлігійных перакананняў іншаверцаў. Для пісьменніка Беларусь была (гэта вынікае з яго твораў, гэта помніцца з асабістых размоў) зямлёй поліканфесійнай. Рэлігійная разнастайнасць, спалучэнне ўсходніх і заходніх уплываў (у праваслаўі, каталіцызме, уніяцтве, пратэстантызме) робяць яе шматфарбнай, быццам летняя сенажаць, непаўторнай. Зрэшты, У Караткевіч разумеў, што поліканфесійнасць мела ў беларускай гісторыі і культуры як плюсы, так і мінусы.
Апаненты могуць запярэчыць: а раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»? Хіба не з’яўляецца ён «богаборніцкім»? Хіба не развенчваецца ў ім ілжэ-Хрыстос? Хіба не з сарказмам апісвае аўтар разбэшчанасць касцёльных служак?
Такія самыя пытанні пры мне задаваў пісьменніку (можа, толькі ў больш далікатнай форме) архіепіскап Мінскі і Беларускі Антоній, які да ўладыкі Філарэта ўзначальваў Праваслаўную царкву ў Беларусі, а потым быў пераведзены ў Ленінград. Хоць і нараджэнец Масквы, але цікавіўся беларускай літаратурай, прачытаў, як высветлілася пазней, «Хрыста...» у арыгінале. I вось неяк пазваніў ён мне дадому і сказаў:
— Адам Восіпавіч, я чуў («наслышан»), што ў кола вашых сяброў уваходзіць Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Сёння я арганізую ў сябе выстаўку старадаўняй беларускай вышыўкі і ткацтва. То ці не былі б вы так ласкавыя перадаць маё запрашэнне Уладзіміру Сямёнавічу і ўдвух прыйсці на гэтую выстаўку заўтра, скажам, а гадзіне сёмай вечара?! Жывём жа мы побач, праз некалькі дамоў.
Я тут жа накіраваўся да У Караткевіча, тады таксама суседа, і спытаў: