Акно ў замежжа  Зоя Доля

Акно ў замежжа

Зоя Доля
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 276с.
Мінск 2015
74.07 МБ
На руках заходзілася ад плачу галодная дзіця, а яго не было чым пакарміць. Ад дояраў не было спасу. Падышоў яшчэ адзін—
высокі, цыбаты, у руках трымаў такі самы бляшаны кубак. Але ён не сунуўся да цялухі, а прысеў на бервяно насупраць Ганны, сагнуўшы ў каленях свае доўгія бусліныя ногі-цыркулі. Нязручна седзячы на паваленым сукаватым старым дрэве з шурпатай сухой карой, ён глядзеў, як Ганна ціскае ля грудзей дзіця, спрабуючы суняць плач, глядзеў на астатніх траіх маленькіх дзяцей-пагодкаў, якія як зацкаваныя прыціскаліся адзін да аднаго ў шалашы. Сядзеў моўчкі.
Дзіця, накрычаўшыся, супакоілася і заснула. Немец не скрануўся з месца, сядзеў і маўчаў. Падышоў яшчэ адзін, выцягнуў кубак. Маўчун павярнуўся да яго і па-нямецку гартанна, адрывіста нешта сказаў. Той паслухмяна сышоў прэч Ганна здагадалася, небараку забаранілі даіць, маўчун сам чакае малака. Нямецкі парадак ва ўсім, нават у чарзе на даенне чужой цялухі.
Немен яшчэ некаторы час праседзеў моўчкі. Дзіця закраталася ў сне, і тады ён паказаў на яго пальцам і сказаў: «Гут». Потым паказаў тым жа пальцам на сябе, а дру гую руку выставіў перад сваім тварам, растапырыўшы чатыры пальцы, пяты вялікі прыціснуў да далоні.
— Майне кіндэр
Ганна заківала галавой, зразумела, што ў яго таксама чацвёра дзяцей.
— Разумею, разумею, чацвёра кіндараў.
— Разумець, гут, карашо,— дадаў немец.
Вось і пагаварылі. Далей немец пачаў расказваць, як ён ваюе. Падняўшы сваю вінтоўку дулам уверх, вымавіў як дзіцёнак:
— Пух, пух, — потым навёў на людзей і патлумачыў: — Пух, пух, найн.
Стукаў сябе кулаком у грудзі і ўсё прыгаворваў: «Пух, пух, найн». Даводзіў Ганне, што ён не страляе ў людзей. Паказваў на неба. Яго за гэта бог беражэ. Ён даўно на вайне, а ніводнай драпіны. Паказваў цэлыя рукі і ногі... Так ён праседзеў гадзіны дзве, трушчачы камароў і адганяючы ахвотнікаў да малака. Нарэшце падняўся са свайго імправізаванага нязручнага стула, размяў, зацёклыя, ногі і загадаў Ганне даіць цялуху і карміць малаком дзіця. Яна так і зрабіла. Сышоў ён толькі пасля таго.
як упэўніўся —дзіця накормлена... Пад вечар людзей пагналі назад у сяло...
Канечне, Аксана не збіралася пераказваць усю гісторыю. Яна ніколі не вылучалася красамоўствам. Абмежавалася некалькімі кароткімі фразамі аб тым, як немец страляў уверх, каб нікога не забіць, і як яго бярог за гэта бог. У дадатак — яшчэ пра кубачак малака для малога дзіцяці. Гісторыя — якраз дарэчы Спадарожніца зацікаўлена слухала. Аксана скончыла кароткую прамову словамі:
— Сама я асабіста з немцамі ніколі не сутыкалася, ні з дрэннымі, ні з добрымі. Затое ў школе вучыла нямецкую мову: гутэн таг, хэндэ хох, аўсвайс, Гітлер капут. У асноўным — усё, — падзялілася Аксана слоўнікавым запасам.
— А мая дачка стала перакладчыцай з нямецкай. У мяне ж — сын і дачка, — перахапіла размову жанчына. — Дачка старэйшая. Скончыла школу. Пасля школы паступіла ў інстытут замежных моў на нямецкую мову. Так у нашай сям’і ўсё пераплялося: Беларусь і Германія. I замуж яна за немца выйшла. Праўда, гадоў прайшло, пакуль той жаніх з’явіўся... Пасля інстытута дачка перакладчыцай працавала. Працавала ды працавала, на асабістае жыццё часу не хапала. Сын меншы, а сям’ю раней за сястру завёў, дваіх унукаў маю. Дачка ж — усё адна ды адна. Я змірылася, думала, яна так і будзе адзінокай. Але ж аднойчы запрасілі яе працаваць перакладчыцай на прадпрыемства, дзе наладжвалі нямецкае абсталяванне. 3 Германіі з абсталяваннем прыехаў нямецкі інжынер. Мая дачка суправаджала праект, ну і дасуправаджалася. цяпер гэты інжынер — мой зяць. У той час яму было сорак з хвосцікам — стары халасцяк, і дачка мая, ля гэтага, — не юная дзявіца, а вось, сышліся і жывуць шчасліва. Я ў іх аднойчы спытала, у дачкі з зяцем, чаму зяцю нявест у Германіі не знайшлося, а дачцэ — жаніхоў у Беларусі? Дык яны смяюцца абодва і кажуць, што на радзіме не хапіла выбару, прыйшлося шукаць свае шчасце за мяжой.
На супрацьлеглым крэсле праз праход сядзеў малады мужчына. Вочы ў яго былі закрытыя. Пад раўнамерны гул аўтобуса
ён драмаў, абапёршыся галавой аб падгалоўнік. Гэта была маскіроўка. Насамрэч ён уважліва слухаў. Па тым, як краталіся яго вейкі, Аксана здагадалася, — ідзе праслухоўванне бабскіх размоў. Мужчыны часцяком гэтым грашаць. Могуць паслухаць пра каханне і здраду, пра начальніцу самадуру і лянівых супрацоўніц, пра памаду і калготкі, а могуць і пра ваеннае дзяцінства і нямецкае замужжа. Яны толькі робяць выгляд, быццам цікавяцца выключна гайкамі ды рухавікамі з конскімі сіламі. Сапраўды ж іх кругагляд значна шырэйшы. Аксана б ніколькі не здзівілася, калі б, выпіваючы кубачак кавы ў сяброўкі і займаючыся пустой балбатнёй, янаб выпадковазнайшламужчыну падслухоўваючым у шафе. Асабліва мужчыны вылучаюцца на застольных мерапрыемствах. Крыху падпіўшы, выходзяць на лоджыю ці ў пад’езд перакурыць. Смачна зацягваючыся заціснутай двума пальцамі цыгарэтай і выпускаючы клубкі дыму, цягнуць свае занудныя размовы пра «тачкі», яшчэ завядуць пласцінку пра бізнес, які ён ёсць на сенняшні дзень і яго светлыя перспектывы ў туманнай далечыні. Усе ж у бізнесе разбіраюцца. Слухаюць адзін аднаго хутчэй з мужчынскай салідарнасці, чым з цікавасці. Звычайна гэтыя перакуры нядоўгія, бо мужыкі бягуць за стол, каб выпіць, закусіць і не прапусшць чаго-небудзь з несур’ёзнай жаночай балбатні... Назіранні за суседам паднялі настрой. Яшчэ адзін уважлівы слухач і спадарожнік чакаў працягу...
— Цяпер дачка жыве ў мужа ў Германіі. Жывуць дружна. Усё ў іх добра. Толькі вось дачка перажывае, — з працай праблема. Яна б можа даўно ўладкавалася, але зяць упіраецца. Кажа: «Хачу, каб мая жонка мела толькі добрую працу». Дык дачка ўсё па курсах ходзіць, вучыцца. А там, далей бу...
— Якая ў вашай дачкі можа быць добрая праца9 Яна ж — эмігрантка, — Аксана ўклінілася ў маналог, перапыніўшы спадарожніцу на паўслове. — Вы мяне прабачце, але эмігранцкае жыццё і праца вядомыя. Працуй там, дзе мясцовыя працаваць не хочуць. Выбар, трэба сказаць, не вялікі.
Жанчыну такі паварот размовы зусім не збянтэжыў, Нязменна роўным голасам яна патлумачыла.
— О-о, Вы маю дачку не ведаеце. Калі яна ўжо што запланавала, то абавязкова выканае. I зяць яе падтрымае, бо такі самы. Гэта я пра працу гавару. Што датычыцца працы — тут у майго зяця фанабэрыі хапае. Сам па службе прасоўваецца, і жонка каб пад стан яму была. Тут яны абодва роўныя, які ехаў такі і падсеў, — з гонарам сказала жанчына.
Яна была цалкам задаволена, што зяць з дачкой аднаго поля ягады. Сказала і зараз жа перайшла на свой звычайны тон.
— А так, у паўсядзённым жыцці, мой нямецкі зяць — мужчына прыязны. Любіць цешчыны бліны. Нядаўна прыязджаў з дачкой да мяне ў госці, праведаў наш гарадок. Якраз перад іх прыездам у горадзе рамонт зрабілі да юбілею, круглая дата з дня заснавання нашага слаўнага горада. Заасфальтавалі вуліцы, адрамантавалі фасады дамоў, кветнікі новыя парабілі — горад не пазнаць. Мой нямецкі зяць дзівіуся і хваліў, а пасля пайшоў кругом дамы з адрамантаванымі фасадамі аглядаць і выявіў дзівосы. У некаторых дамах толькі тры сцяны адрамантаваныя, а тая, што ў двор глядзіць, засталася некранутая. У яго нямецкай галаве рэбус не сышоўся. Прыйшоў да мяне, вочы хітрыя. Так, думаю, мабыць, нешта разведаў, чакаю пакуль распавядзе. Ён пакруціўся крыху, патаптаўся, не вытрымаў і пытае ў мяне, чаму недароблена чацвёртая сцяна. Я яму пачала тлумачыць пра недахоп сродкаў, не хапіла, маўляу, грошай нарамонт чацвёртай сцяны. Ён мяне выслухаў і кажа: «Можна ж было адрамантаваць сем дамоў поўнасцю, замест таго каб у дзесяці дамах адрамантаваць толькі тры сцяны». Што я магла яму адказаць? Нямецкая і беларуская лопка— мусіць дзве розныя рэчы. Адно я ведаю дакладна, калі людзі па-добраму ставяцца адно да аднаго — яны заўсёды паразумеюцца.
Жанчына ведала, пра што казала...
Аўтобус пад'язджаў да вакзала раённага гарадка, у якім і разгортваліся вышэйзгаданыя падзеі. Аксаніна спадарожніца пачала рыхтавацца да выхаду.
— Можа памяняемся месцамі? Мне тут выходзіць, а вы сядзеце да акна і паедзеце далей, — прапанавала яна Аксане.
— Няма сэнсу мяняцца. Я выходжу з вамі. Мы ж — землякі.
Аўтобус спыніўся. Маладая і пажылая жанчыны ступілі на зямлю роднага горада.
ГТерад тым як развітацца, Аксана спытала:
— А вы расказвалі гэту псторыю сваім унукам?
Жанчына паціснула плячамі.
— Ды не, неяк не выпадала. Яны ў мяне яшчэ падлеткі, камп’ютары ды дыскатэкі ў галаве. Пасталеюць, абавязкова раскажу...
Спадарожніцы развіталіся і разышлісяўрозныя бакі. Аксана ішла па вуліцы і бачыла, яе родны горад упрыгожаны да Дня Перамогі.
КВАТАРАНТЫ
У ціхім дворыку, зарослым старымі высокімі дрэвамі, вымахаўшымі амаль у вышыню пяцшавярховага дома, пад пранізлівым халодным ветрам стаяла маладая пара. Хлопец і дзяўчына ціха перагаворваліся між сабой. Яны стаялі ля самых уваходных дзвярэй пад’езда, некага чакалі. Малады чалавек, высокі і худы, быў апрануты ў драпавае вузкае шэрае паліто даўжынёй вышэй калена. Паверх паліто вакол шыі наматаны ў некалькі кругоў палатняны доўп шалік. Прыўзнятыя плечы падымалі шалік пад самыя вушы. Хлопец дыхаў у шалік, каб сагрэцца, і яшчэ вышэй падымаў плечы. Кучаравыя цёмна-шэрыя, кручаныя дробным баранчыкам, даўна не стрыжаныя валасы тырчалі ў розныя бакі і дапаўнялі да шаліка і паліто яго нетутэйшы выгляд.
Дзяўчына — маладая і зграбная, але яе зграбнасць поўнасцю ліквідавалася шырокімі мешкаватымі штанамі з кішэнямі і мешкаватай кароткай курткай з наўмысна прыспушчанымі, даўгаватымі рукавамі. 3-пад рукавоў віднеліся толькі кончыкі голых пальцаў. Дзяўчына час ад часу папраўляла распушчаныя доўпя светлыя валасы, закідваючы іх рукой за плечы. Паўночны калючы вецер дзьмуў ёй у спіну і ўпарта закідваў валасы зноў на твар.
3 машыны, якая некалькі хвілін назад пад'ехала на паркоўку паблізу дома, за парай назіраў мужчына. Ён сядзеў абапёршыся адной рукой на стырно, пальцамі другой свабоднай рукі барабаніў па пластыкавай абшыўцы салона і нешта абдумваў, разглядаючы папераменна то хлопца, то дзяўчыну.
— Ладна, пайшоў здавацца, — глуха стукнуў ён выпрастанай далонню па пластыку і з гэтымі словамі выбраўся з цёплай машыны, пстрыкнуў кнопкай аўтаматычнага закрывання замка.