Акно ў замежжа  Зоя Доля

Акно ў замежжа

Зоя Доля
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 276с.
Мінск 2015
74.07 МБ
Адшукала новыя тапкі Віктора, разлічыўшы, што яе тапкі трыццаць шостага памеру на тыя ласты наўрад ці ўзлезуць. Валянціна Іванаўна ўсунула ногі ў тапкі і гугнява прамовіла:
— Як вы тут жывяце?
— Нармальна жывём, мама. Я табе казаў што ўсё ў нас у парадку.
— У парадку? — Валянціна Іванаўна працяла сына паглядам рэвізора.
— Праходзьце, калі ласка. Будзьцеякдома... ая... яхуценька чайнік пастаўлю, — сказала Вера.
Яна марыла хутчэй уцячы з пярэдняй, каб перавесці дух. Пакінуўшы Віктора абіхаджваць маму, руплівай гаспадыняй змылася на кухню.
Валянціна Іванаўна праводзіла рэвізію памяшканняў. Першнаперш зазірнула ў залу. Абрыўкі нітак валяліся на падлозе, недашытая васільковая сукенка і кавалкі крою — на канапе.
— Парадак. — з’едліва склала вусны ў крывыя складкі Валянціна Іванаўна і няўхвальна захістала галавой.
Сын стаяў у яе за спінай, маўчаў і пакутліва зводзіў вочы да пераносся. Зрэнкі з’ехаліся адна да адной, а як мама павярнулася і глянула на Віктора, спрытна вярнуліся на свае месцы.
— Мама, пойдзем, пап’ем гарбаты.
— Што ты мяне падганяеш? Я хачу паглядзець, як жыве мой сын.
— Нармальна жыву, мама.
Вера грукала кубкамі на кухні. На пліце шыпеў чайнік. А Валянціна Іванаўна няўёмна шастала па пакоях. У спальні яна затрымалася, уважліва разгледзела двухспальны ложак, дзе яе сын спаў з гэтай... Валянціне Іванаўне захацелася падысці і пакратаць, праверыць пругкасць спружын, ці добры ў сына матрац для начнога адпачынку. He памацала, перадумала. Накіравалася ў дзіцячы пакой. Сын хадзіў следам, закатваючы вочы, ён зусім бы скасавурыўся, але з кухні прагучаўратавальны свісток. Працяглы, спачатку невыяўна шыпучы, ён разгойдваўся, наліваўся і ўзрастаў, набраўшы моцы, залівіста завішчаў на ўсю кватэру. Свісток на носе чайніка клікаў піць гарбату
— Так, мама, хопіць, прагучаў фінальны свісток. Агляд скончаны, пайшлі на кухню, — загадаў Віктор
Вера сустрэла маму Вікторалісліва-ветлівайусмешкай, падсунула ёй табурэтку.
— Сядайце, калі ласка, — запрасіла госцю і, павярнуўшыся да Віктора, пачала яго ўшчуваць: — Віктор, чаму ты мяне не папярэдзіў, я б торт купіла.
— Так атрымалася, — абыякава адбрыкнуўся Віктор.
— Частуйцеся, калі ласка, — працягвала абіхаджваць Валянціну Іванаўну Вера і падсунула да яе вазу з пячэннем.
— Ды не мітусіся ты... сядзь... Пап’ём гарбаты ды паедзем. Мама спяшаецца.
Віктор крануў Веру за плячо. Яна адчула хоць нейкую падтрымку і паспакайнелая села на табурэтку, адпіла глыток гарбаты.
— Яшчэ безліч спраў трэба зрабіць, хутка паедзем... Мы з мамай заязджалі на Уручынскі рынак купіць шпалеры. Вось яна захацела на хвіліну да нас заскочыць. паглядзець, як мы жывём, — бадзёра трындзеў Віктор.
Валянціна Іванаўнахруснула зубамі сухое квадратнае пячэнне. Вера аж здрыганулася. А госця пад пячэнне гучна сербанула з кубка гарачага напою.
— Валянціна Іванаўна, а якія вы купілі шпалеры? — старанна вырабляючы на твары зацікаўленасць, спытала Вера.
Яна хацела паразмаўляць пра колеры і малюнкі, гэта была Верына стыхія, тым больш размова ні аб чым, можна доўга мусоліць — такія кветачкі, гэтакая фактура.
— Вытворчасць Францыя, пятнаццаць долараў трубка, — адчаканіла Валянціна Іванаўна, каб было зразумела гэтай... абы-што яна не купляе, і жорстка хрумкнула пячэннем.
— Пэўна, добрыя шпалеры. У французаў выдатны густ. Яны надаюць шмат увагі модным кірункам, выкарыстоўваюць цікавыя фарбы і структура пакрыцця незвычайная. Я звяртала ўвагу... цяпер з’явіліся новыя калекцыі з шаўкаграфіяй...
Валянціна Іванаўна з-пад хімічна завітых, з перапаленымі канцамі, нізка спадаючых на лоб валасоў знішчальна зірнула на Веру.
— Па пятнаццаць долараў за трубку ерунду не прадаюць, — адрэзала яна.
— Безумоўна, я з вамі згодна. Якаснае заўсёды каштуе нятанна, — сакатала перад ёй Вера.
Валянціна Іванаўна да размовы цікаўнасці не выявіла і прадоўжыла моўчкі цягнуць гарбату з кубка, поглядам рэвізора прамацвала кухню. Вера коўзала вачамі ўслед за паглядам Валянціны Іванаўны. У куце пад столлю звісала павуцінка, з мыйкі тырчаў непамыты рондаль. Жах!...
Віктор выратаваў становішча, завёў з мамай размову пра надвор’е і іншыя дробязі.
— Дзякуй за гарбату, — сказала Валянціна Іванаўна і адсунула ад сябе кубак з рэштай астыўшага напою. — Віця, нам трэба ехаць, бацька недзе прачакаўся.
— Едзем, мама!
Віктор ускочыў з табурэткі, зіхоткі ад задавальнення, што мама адчальвае. Яго напружвала вязкая нацягнутая размова двух жанчын за сталом, а ён між імі накшталт перадаючага прыстасавання.
Валянціна Іванаўна паднялася з-за стала і самавіта пакрочыла да выхаду, з гонарам несучы кубічнае цела.
«Дзе рабіць талію?.. Сукенку на Валянціну Іванаўну сшыць няпроста», — прафесійна прыкінула Вера, агледзеўшы госцю са спіны
Віктор на развітанне, пакуль мама не бачыць, паслаў Веры паветраны суцяшальны пацалунак. «Забаўна яму», — злавалася Вера. Яна чула, як прагудзеў ліфт, звозячы Валянціну Іванаўну. У кватэры аднавілася цішыня. Вера зайшла ў залу, прысела на кукішкі і запознена пачала збіраць ніткі на падлозе.
— Хоць бы папярэдзіў... я б кватэру прыбрала.
Віктор з мамай выйшаў з пад’езда. Валянціна Іванаўна спынілася пад уваходным казырком і, учэшста трымаючыся рукой за сына, нахіліла складанасагнутае цела ўніз, паправіла на назе пантофлю на ўстойлівым шырокім абцасе. Выпрасталася, засапла носам і, не дачакаўшыся, пакуль сядуць у машыну, гугнява выдала вердыкт па выніках праверкі.
— Віця, я табе дзіўлюся. Нашто табе гэта Вера?.. Ды яшчэ з дзіцём... Я думала, хоць відная з сябе, а яна... так сабе, нічога асаблівага. .. а манерная, спінка роўненькая, трыма пальцамі кубачак трымае... не інакш з граф’ёў паходзіць... — язвіла Валянцша Іванаўна, — Курыца, пачала квахтаць пра шпалеры... пакрыццё шаўкагра-фі-ка нейкая.
— Шаўкаграфія, мама, — паправіў Віктор.
— Шаўкаграфія, ага... канечне, добра, што ты маму паправіў мама ў цябе неадукаваная... я трыццаць гадоў эканамістам працавала! А гэтая... у шаўкаграфіях яна добра разбіраецца, a дома парадку няма. Адразу відаць бесталкоўшчына... Ой, сын, не ведаю. .. Ды на цябе ж любая дзяўчына загледзіцца. Ты і бізнесам займаешся, і так з сябе мужчына відны.
Валянціна Іванаўна ўзняла цёплы пагляд уверх на сына, вышэйшага за яе на галаву. Яе агарнула замілаванне ад сынавай, як ёй здавалася, пекнаты. Віктор важна, з самазадаволенасцю, падмацаванай мамінымі дыфірамбамі, перастушў з нап на нагу, вальяжна пагуляў у руцэ ключамі ад машыны. Сутулы, адно плячо вышэй за другое. Залысіны на Вікторавай галаве распаўсюджваліся ўглыб, паступова знішчаючы бляклыя шэрыя валасы. Невялікія, блізка пасаджаныя к пераноссю вочы і доўгі кручкаваты нос дапаўнялі партрэт віднага з сябе мужчыны. Мама не магла на яго налюбавацца.
— Так, мама, пайшлі ў машыну, няма часу. Іншым разам пагаворым, — загадаў Віктор.
Мама кароткімі нагамі, падобнымі на перавернутыя ўніз горлам бутэлькі, адбіваючы ўпэўнены крок, пашыбавала да аўто сына-бізнесмена.
5
Прамінуў месяц. Мама Віктора на кватэры не з’яўлялася. Гэтыя абставіны пасля знаёмства з Валянцінай Іванаўнай Веру больш не засмучалі. Віктор з галавой сышоў у справы бізнесу. Адна за адной пасыпаліся замовы на прадуктовыя пастаўкі. Ён днямі праседжваў у офісе. Дадому прыходзіў позна вечарам, стомлены і негаваркі...
У адзін з пагодлівых веснавых дзён Вера паехала ў горад купляць шпулькі нітак. Новая замова на сукенку, пакроеная і змётаная, вісела ў шафе. Вера з кавалачкам тканіны ад рэшткаў крою выправілася ў ЦУМ, каб падабраць швейныя ніткі патрэбнага адцення. У аддзеле фурнітуры, як вавёрка ў коле, круцілася прадавачка. Розных формаў і памераў гузікі, замкі-маланкі, цясёмкі, ніткі, карсажныя стужкі і іншыя дробязі праходзілі праз яе рукі. Вера спынілася ля вітрыны, паклала на шкляны прылавак каснікі ад крою і, углядаючыся ў катушкі пад шклом, папрасіла прадавачку:
— Пакажыце мне, калі ласка, другую катушку ў верхнім шэрагу.
Прадавачка падала невялікую, роўна зматаную на кардонны стрыжань катушку. Вера прыклала ніткі да тканіны і сумнеўна надзьмула вусны.
— He падыходзіць. Давайце цямнейшую, тую, што побач.
Прадавачка падала чарговую.
— I гэта, на жаль, не падыходзіць. Што там яшчэ? — напружана ўглядалася Вера ў шкляны прылавак, шукаючы ідэальнае адценне да тканіны.
Прадавачка дастала пяць катушак рознакаляровых нітак, дэманстратыўна расклала перад Верай і разважліва сказала:
— Я думаю, гэта надоўга. Выбірайце. А мяне пакупнікі чакаюць.
Прадавачка маланкава і беспамылкова вызначыла ў Веры даставучую асобу ў падборы адценняў, аматарку дасканаласці. Вера памусоліла ў руках няроўны тканевы каснік, уражаная, наколькі іншыя ніткі не пасуюць па колеры. Узяла катушку, тую першую, што агледзела з самага пачатку, і пайшла да касы. Аплачаныя ніткі перакачавалі з прылаўка ў сумачку і згубіліся сярод мілых жаночых дробязяў: памады «Маргарэт Астор», бліскучых заколак, авальнага люстэрка-пудраніцы і бог ведае чаго яшчэ, што можна адшукаць у жаночай сумачцы. Задаволеная пакупкай, Вера збегла па прыступках на першы паверх ЦУМа і паспяшалася ў метро.
У гулкім вагоне, занырваючым у перагоны метро, праімчала па рэйках да станцыі «Усход». На выхадзе ледзь не атрымала па ілбе. Шкляныя тугія дзверы піхнула перад сабой тоўстая цётка, вынесла сваё грузнае цела ў пераход і адпусціла дзверы ў вольны палёт. Яны з разгону панесліся назад на Веру. Вера ліхаманкава выставіла перад сабой рукі і, захістаўшыся, як камыш пад ветрам, перахапіла прыляцеўшыя дзверы. Сонечныя акуляры, прыгожа і модна ўладкаваныя над ілбом, плюхнуліся на нос і, з’ехаўшы па пераноссі, затрымаліся на самай піпцы. А цётка, нібы крэйсер, шыбавала наперад. Вера натужна выціснула дзверы ад сябе наперад, сумленна іх прытрымала, каб не заехалі ў наступнага наведвальніка метро. Апынуўшыся ў пешаходным пераходзе, яна паправіла сонечныя акуляры, устойліва замацавала два чорныя авалы на пераноссі. На лоб не ставіла, асцерагалася, раптам зваляцца пад ногі, а цёткі-крэйсеры раструшчаць і вокам не міргнуць. Лятучай хадой Вера выпырхнула з перахода. Подбегам імканула да гандлёвага ларка, адвярнуўілыся да мінакоў спінай, падфарбавала чырвонай памадай вусны, агледзела твар у маленькае люстэрка з пудраніцы. Кіназорка. Шчоўкнула накрыўкай пудраніцы і зашпурнула яе ў сумачку. Крутнулася на тонкіх абцасах і пайшла да прыпынку. Апошнім часам Вера пахарашэла. Незаўважна з худзенькай дзяўчыны яна ператварылася ў статную відную маладзіцу, асаністую, з акруглымі тачонымі формамі. Мама Віктора не мела рацыі, калі называла яе курыцай.