Акно ў замежжа
Зоя Доля
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 276с.
Мінск 2015
— Ды пачакай крыху, зараз прынясе, — абыякава супакойваў кампаньёна Саша.
Час ішоў. Віктор паглядаў на гадзіннік, аблізваючы сасмяглыя вусны. Прайшло больш за дваццаць хвілін. Хлопчык з кока-колай не вярнуўся.
— Ён не прыйдзе, — сказаў Саша. — He ўбачыць табе ні грошы, ні кока-колы... стопудова.
Сашу разбіраў смех.
— Во гадзёныш! — кіпеў Віктор. — А вочкі бачыў? 3 яго б святых пісаць.
— Н-д-а-а, дзе-е-ткі пайшлі, — цягнуў Саша і глядзеў на праход між дамамі, дзе знік школьнік з грашамі.
— Куды глядзіць школа?!
— А ведаеш, пацан, як вырасце, абавязкова павінен адкрыць гандлёвую фірму. У гэтым бізнесе яго чакае вялікая будучыня! — смеючыся, захоплена падсумаваў Саша.
He дачакаўшыся кока-колы, кампаньёны на старым Вікторавым «Пежо» паехалі ў офіс. У офісе Віктор таропка наліў
з пластыкавай бутэлькі поўны стакан звычайнай вады і вялікімі глыткамі высмактаў да дна. Палягчэла. Усеўся застол, завалены паперамі.
Офіс Віктора і Сашы знаходзіўсяў паўпадвале. Некалькі прыступак спускаліся ўніз да цяжкіх металічных дзвярэй. Зверху над прыступкамі навісаў самаробны казырок з барвовай металачарапіцы. Над казырком замацаваліся разнастайныя і разнавялікія шыльды з гучнымі назвамі паўпадвальных прадпрыемстваў: МП «Сатурн», Мартынюк і К ( пад літарай К хаваўся намёк, што нехтаМартынюк валодае цэлай кампаніяй), ЗАО «Высокае неба». Да неба адсюль было далёка, затое арэнда каштавала танна. Офіс уяўляў сабой пакой метраў пятнаццаць з трыма сталамі, прыціснутымі грувасткімі камп’ютарамі, закладзенымі паперамі. Накладныя, бланкі дамоў, рахункі-фактуры, каталогі коштаў грувасціліся стосамі. Два сталы належалі Віктору і Сашу, трэці бухгалтарцы. Бухгалтарка, маладая, замужняя жанчына, што заўсёды і ўсюды спазнялася, ніколі не магла толкам звесці дэбет з крэдытам. To ў яе губляліся рахункі-фактуры, то забывалася ўнесці звесткі аб продажах, то яшчэ нейкая трасца. Нахмурыўшы лоб, яна ўвесь час засяроджана і дзелавіта шчоўкала па калькулятары, збіваючы лічбы, замазвала белай замазкай з дробнай бутэлечкі напісанае ў паперах і ўносіла новыя паказчыкі, праз некаторы час замазвала замазанае і зноў выпраўляла. Віктор у здзелкі закладаў добры кавалак навару, а частку ўгод праводзіў наогул без папер за наяўныя грошы, перададзеныя ў кустах. Каб не Вікторава сквапнасць, з бухгалтаркай Клавай яны б даўно вылецелі ў трубу. Бухгалтарка Клава насіла рэдкае імя, і яно вельмі ёй пасавала. Клаўдзію трэба было звольніць, але на яе месца прыйдзе такая ж самая. Добрага бухгалтара днём з агнём не адшукаць. Сам Віктор з паперамі і калькуляцыямі не вельмі сябраваў, яны наганялі на яго тугу. Аднак за справамі ён сачыў пільна і імгненна адчуваў, калі што пайшло не так. Віктор меў нядрэнны нюх на грошы.
Сёння Клава з’ехала ў падатковую Віктор і Саша па вяртанні ў офіс бухгалтаркі не заспелі і апынуліся ў пакоі адны. Офіс. Так гучна называўся цесны пакой з двума малымі акенцамі пад
столлю. Праз акенцы часам бачыліся ногі жыхароў дома, насяляўшых пяць паверхаў над падвалам. Саша, чалавек нежанаты, любіў глядзець на ноп пад кароткімі спадніцамі, тоўсценькія і худыя запалкі, са скразнячком і літарай X. Ён маляўніча ўяўляў, як можа выглядаць уладальніца ўбачаных ног.
У офісе быў зроблены еўрарамонт. Еўрапейскімі выяўляліся матэрыялы, а рукі, што рабілі рамонт, былі мясцовага паходжання, рукі шабашнікаў-хаўтуршчыкаў. Брыгады, прагнучы падзарабіць, смела і рашуча называлі сябе будаўнікамі і браліся за справу рамонту. «Падумаеш, рамонт, — разважалі чальцы брыгад, — любы і кожны можа к сцяне шпалеры прыляпіць і плінтус прыцвікаваць, і мы гэта здзейснім у найкарацейшы тэрмін». Вось гэты любы і кожны ў рамонце офіса асабіста пашчыраваў. Дарагія імпартныя шпалеры, коса ггрылепленыя да сцяны, месцамі разышліся па швах. Пенапластавы плінтус пад столлю ў кутках адклеіўся і правісаў краямі. Ля стала бухгалтаркі прадраўся лінолеум. Будаўнікі-хаўтуршчыкі пакінулі пад ім у падлозе дзірку, паленаваліся заканапаціць, а Клаўдзія прасадзіла лінолеум шпількамі абцасаў.
Саша перагледзеў паперы, склаў іх у стос і пацягнуўся за пачкам цыгарэт. Пачак быў амаль пусты, засталося тры цыгарэты.
— Трэба матануцца да Мітрафанаўны, закупіць тытуню. Вазьму адразу пару блокаў«Мальбара». Давай зараз з’ездім, — папрасіў Саша, круцячы ў руках апусцелы цыгарэтны пачак.
— Паехалі, — пагадзіўся Віктор.
6
Мітрафанаўна, жвавая хударлявая бабуля, стаяла ў падземным пераходзе ля Камароўскага рынка з палатнянай пацёганай торбай у руцэ. У торбе, прыкрытыя вязанай кофтай, хаваліся пачкі імпартных цыгарэт: кантрабандны тавар, нелегальна ўвезены з-за мяжы. Мітрафанаўна знаходзілася ў шчыльнай сувязі з буйнымі кантрабандыстамі. Яна брала на рэалізацыю цыгарэты і займалася падпольным дробным гандлем. Сёння да Мітрафанаўны далучылася новая кампаньёнка-пенсіянерка. Яна
не проста самастойна прыйшла і стала гандляваць, яна была ўведзена ў падпольную сетку па рэкамендацыі кантрабанднымі сувязнымі. Новую гандлярку цыгарэтамі «Мальбара», «Кент» і «Кэмел» з вярблюдам на пачку звалі Кацярына Львоўна. Некалі яна працавала выкладчыцай ва ўніверсітэце. 3 глыбокім веданнем справы выкладала палітэканомію і нават напісала кандыдацкую дысертацыю. Цяпер мінулы выкладчыцкі вопыт і статус ніякім чынам не мог ёй спатрэбіцца, бо яны зраўняліся ў падземным пераходзе ля Камароўскага рынка з пралетаркай, былой працаўніцай завода Галінай Мітрафанаўнай. Зраўняла іх аднолькавая жабрацкая пенсія. Поспех прыходзіць і сыходзіць, а есці хочацца заўсёды. Былая выкладчыцаКацярына Львоўнаў першы дзень кантрабанднай працы на працоўнае месца з’явілася пры парадзе: адпрасаваныя штаны і кофта з белым каўняром. Тонкія бяскроўныя старэчыя вусны яна паднавіла някідкай памадай. Фарбаваныя валасы пасля накруткі на бігудзі дыбіліся на галаве буйнымі локанамі. На носе невялікія круглыя акуляры шкельцамі прыкрывалі падслепаватыя вочы. У плеценую плоскую кашолку пад шоўкавую ў сіні гарошак касынку Кацярына Львоўна склала кантрабандныя тытунёвыя вырабы.
Да Мітрафанаўны па першасці яна звярнулася карэктна і на «Вы». Прадставілася.
— Мяне завуць Кацярына Львоўна. А Вас, здаецца, як мне казалі, ГалінаМітрафанаўна... ГалінаМітрафанаўна, любезная, Вы мне, калі ласка, растлумачце, якія тут правілы паводзінаў і парадкі. Я буду Вам вельмі ўдзячная.
Мітрафанаўна скептычна агледзела новую нягеглую гандлярку і пра сябе ахрысціла яе прафесаршай.
— Якая я табе Галіна Мітрафанаўна, мы ж, лічы, равесніцы. Заві мяне простаГаля. Пры жаданні можна, канечне, і па бацьку, ніхто не забараняе. Але мы тут з дзяўчатамі адна адну па імені называем, няма калі расшарквацца.
Пасівелыя «дзяўчаты» з торбамі, запоўненымі цыгарэтамі, апанавалі ўсе чатыры ўваходы ў падземны пераход і ціхімі галасамі затоена паведамлялі мінакам:
— «Мальбара», «Кент»... нядорага, за блок — зніжка.
Кацярына Львоўна пакрысе ўваходзіла ў курс кантрабанднай справы. Яна клапатліва паправіла шоўкавую касынку ў кашолцы, запіхнула краі за цыгарэты.
— Калі вы дазваляеце, я з задавальненнем буду звяртацца да вас на «ты», — прафесарша крыху памялася, рыхтуючыся да сяброўскага пераходу ў адносінах, і прамовіла: — Галя, скажы, якія ў мяне могуць узнікнуць праблемы вось з гэтым, — паказала яна вольнай рукой на кашолку.
— Ніякіх праблем не будзе. Прадавай ды бяры грошы. Акрамя таго, што міліцыя можа загрэбці ў пастарунак. To трэба ўцякаць. Цябе ж напэўна папярэдзілі?
— Безумоўна, папярэдзілі. Але мне неяк боязна.
— Ой, Каця... кінь дурное... няма чаго асабліва баяцца. Міліцыянеры на нас, на старых, не надта злосныя. Некаторыя шкадуюць часам, разумеюць, што не ад добрага жыцця мы ў пераход гандляваць пайшлі... Але ўсё адно ім лепш на вочы не трапляцца... а ты добра зрабіла, што ў штанах прыйшла. Спрытней будзе бегчы.
Мітрафанаўна крутнулася да мінакоў і прагаварыла як мантру:
— «Кэмел», «Мальбара», нядорага.
Падземны пераход нагадваў вялікі мурашнік. Людзі ад аўтобусных прыпынкаў і бліжэйшых вуліц спяшаліся на рынак. Сноўдалі валютчыкі, моцныя хлопцы ў красоўках і спартыўных касцюмах з залатымі ланцугамі на шыі. Дачнікі гандлявалі кветкамі, прытуліўшыся ўздоўж сцен, ставілі ля ног рознакаляровыя пластмасавыя вёдры з букетамі.
Прафесарша нясмела ўзялася за працу і пайшла ў народ.
— «Кэ-мел», — слаба выціснула яна з сябе і пастукала па плеценай кашолцы.
— Пішчыць як кацяня, — ціха прабурчала пра прафесаршу Мітрафанаўна, — абацькуейнагазваліЛеў... Царзвяроў... Прыдумаюць жа людзі імёны... Леў... He, каб па-чалавечы назваць Мікалаем ці хоць бы Мітрафанам, як майго бацьку.
Ля прафесаршы спыніўся малады хлопец, па ўсяму відаць студэнт, лядашчы і галавасты, Прафесарша без малейшых згрызот сумлення загнала студэнту пачак цыгарэт.
— О, размачыла. Гэта добра, цяпер гандаль пойдзе, — пахваліла новенькую бывалая Мітрафанаўна.
Гандаль пайшоў. Бабулі сноўдалі па пераходзе і пакрысе распрадавалі тытунь. Прафесарша хутка стамілася без звычкі. Жвавая Мітрафанаўна хадзіла нібы завадная і паспявала сачыць за абстаноўкай. Бакавым зрокам наверсе на плошчы перад падземным уваходам Мітрафанаўна злавіла варушэнне. Хутка ўзбегла па прыступках, агледзела плошчу ля рынка. Ад Дома Мэблі рухаўся міліцэйскі патруль. Мітрафанаўна маланкай пранеслася ўніз па прыступках і гукнула да кантрабандыстак:
— Дзеўкі, мянты!..
Ад нечаканасці прафесарша з кашолкай аслупянела.
— Што здранцвела9 — піхнула яе пад локаць Мітрафанаўна. —Каця, не стой як слуп. Пабеглі да «кукурузы», — загадала прафесаршы, і яны прыпусцілі на друп бок пераходу да выхаду з падзямелля.
Мітрафанаўна на ўсіх ветразях абганяла прафесаршу. КацярынаЛьвоўнаперарывістадыхаючы, выяўляла небывалы спрыт і старалася не адставаць.
Двое мужчын спыніліся і назіралі за бабулямі. Адзін прамовіў:
— Паглядзі, што старушэнцыі твораць! Навыперадкі панесліся! А ў паліклініцы стогнуць: ціск у іх, суставы хворыя. Сюды б участковага ўрача, каб палюбаваўся на пацыентак.
— А тая, каторая худзейшая, — кіўнуў другі на Мітрафанаўну, — якраз мая цешча.
Мітрафанаўна і прафесарша вынырнулі з падземнага пераходу на вуліцу і, змяніўшы подбег на хуткую хаду, аддыхваючыся, пашыбавалі да высокага дома з белымі паўкругпымі балконамі, падобнага на кукурузны пачатак, празванага ў народзе «кукурузай».