Анамалія
Алесь Бычкоўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 136с.
Мінск 2012
Ён падняўся з канапы і пасунуўся ў свой пакой, не разумеючы ўласныя душэўныя пачуцці. Мо гэта і называецца натхненнем?
Янусь уключыў камп'ютар і пасля хвілінных разваг прыняўся набіваць тэкст...
* * *
"Труна — 5000 долараў, месца на могілках — 200, жалобны стол — 1000, арэнда памяшкання — 70..." — вусны таўстуна ў шыкоўным чорным касцюме зашавяліліся ў аб'ектыве, і Андрэй пстрыкнуў "Кодакам".
"Жывуць жа людзі",падумалася фатографу, спецыяльна запрошанаму здымаць пахаванне Лідусі.
Ён перавёў камеру ў бок гасцей, зафіксаваў накрыты стол і пачаў "шукаць твары”.
Кадры атрымліваюцца не штучнымі, калі ніхто не звяртае ўвагі на фотамастака. Тады ў здымках ёсць сіла, яны жывуць.
Андрэй любіў сваю справу і зарабляў ёй на жыццё. Вяселле, хрэсьбіны, хаўтуры — усё распісвалася па сюжэтах. Даўно вядомых, звыклых. Нявеста распісваецца ў ЗАГСе — пстрык! Жаніх надзяе заручальны пярсцёнак — пстрык! Госці віншуюць маладзёнаў — пстрык! Галоўны кадр — першы пацалунак... Святар хрысціць дзіцятка — пстрык! Віншуе бацькоў с хрэсьбінамі — пстрык!... Труна з нябожчыкам стаіць на катафалку — пстрык! Ля выратай яміны — пстрык! Надмагілле з надпісамі "Шаноўнай, шаноўнаму (патрэбнае падкрэсліць)" — пстрык! Прамоўца на жалобе — "Кастлявая рука смерці вырвала з нашых радоў..." — пстрык!
Андрусёва камера няўмольна фіксавала ўсе праявы чалавечай душы: пакуты і боль, смутак і журбу, каханне і шчасце, любоў і радасць.
А паміж кадрамі Андрэй ''шукаў твары".
Яго цікавілі эмоцыі. Сапраўдныя пачуцці, не прыкрытыя маскамі абавязковасці. Звычайна пачуцці і выраз твару падрыхтоўваюць загадзя, трэніруюцца перад люстэркам, каб на вясельнай цырымоніі ўсмешка атрымалася прыгожай, а не здзеклівай, каб скрозь спачувальны выраз твару на пахаванні не праявілася знарок зларадства. Кожнай цырымоніі — свой твар. Госці загадзя ведаюць, калі будзе "пстрык", і рыхтуюцца, каб адбітак іх твару на здымку адпавядаў атмасферы мерапрыемства.
Паміж пстрыкамі хаваюцца сапраўдныя чалавечыя твары. Іх Андрусь здымаў выключна для сябе, уласнай калекцыі. I часцяком бачыў у аб'ектыве больш за іншых людзей.
***
Вольга — бліжэйшая сяброўка няшчаснай Лідусі, сядзела быццам накрухмаленая. Бледная нібы фарфор, страшэнныя цені пад вачыма, яна адрознівалася ад
нябожчыцы толькі тым, што зрэдку варушылася — разпораз вынімала цыгарэты з мятага пачка "Салем" на стале і паліла бясконца доўга, быццам сабралася перавесці на свеце ўвесь тытунь. Дзіўная рэч — Вольга не міргала. Ашклянелымі вачыма ўзіралася ў бясконцасць, недзе перад сабой. Падобныя перламутру хударлявыя рукі падносілі да мармуровага твару запаленую нікацыянавую амбру, і чорнага колеру вусны пускалі дым.
Даўгія валасы Вольгі былі снежна-белымі, крыху з лялечна-перламутравым адценнем, што яшчэ больш надавала дзяўчыне падабенства статуі. Апранутая Вольга была ў тлусты, абсалютна белы світэр і белыя джынсы. Нягледзячы на летнюю пару, ад Лідусінай сяброўкі патыхала арктычным холадам. Пры чым з такой сілай, што Андрэю здалося — запацеў аб'ектыў.
Уся постаць дзяўчыны патыхала змрокам. Быццам зведала Вольга глыбіні апраметнай і жыла з тае пары спакусамі. Нішто на гэтай зямлі не бачыцца грэшнаму чалавеку прыгажэйшым, чым грэх у момант спакусы.
Ён доўга і ўважліва разглядаў незвычайную госцю пахавання. Дзякуючы Вользе, у Андрэя з'явілася нечаканая ўпэўненасць, што колер сапраўднага траура менавіта белы, арктычны.
Лёд, холад, смерць... I мурашы па спіне. Андрэй скалануўся.
Няўмольная Вользіна "мармуровасць" аднак здавалася незвычайна прыгожай. Праўда, гэта прыжосць зусім не тая, пра якую кажуць, што яна "выратуе свет". He, яе прыгажосць хутчэй свет пахавае, вырашыў Андрусь.
3 Вольгай ніхто не сядаў побач. Афіцыянт імкліва паставіў перад дзяўчынай фужэр, наліў штосьці з бутэлькі і з маніякальнай упартасцю робата пасунуўся абслужыць астатніх прысутных, на гэтым зносіны з людзьмі для Вольгі скончыліся. Яна не казала прамоў, не падымала фужэр з астатнімі. Яна бясконца паліла, не звяртаючы ні на каго ўвагі. Госці плацілі дзяўчыне тым жа. А потым Вользе ўсё надакучыла, яна затушыла цыгарэту аб стол, паднялася і шпарка пакрочыла да выхаду.
Ніхто нічога не заўважыў — пстрык!
***
Паміж імі ўзніклі пачуцці. Андрэй быў проста ўпэўнены. Штосьці павінна адбыцца. Штосьці звязала яго, звычайнага фатографа, і Вольгу там, у рэстаране. Хоць яны і не размаўлялі, не абменьваліся поглядамі, зусім не знаёмыя, але штосьці звязала іх у адзіным эпізодзе, кадры, імгненні вечнасці.
Хлопец быў больш чым упэўнены, што яшчз сустрэнецца з Вольгай. Прадчуванне такое...
Тым вечарам Андрэй доўга не затрымліваўся на трызне. Пасля сыходу Вольгі здымаць для душы нічога не засталося. Адпрацаваная стужка ляжала ў кішэні, госці гудзелі на свой лад, прычын затрымлівацца ў рэстаране не існавала ніякіх. Андрэй падаўся дахаты.
Паміж фотасесіямі Андрэй "мастачыў" Істотнага падзаробку гэта не прыносіла, у адрозненне ад здымак, таму мастацкай справай хлопец займаўся дзеля душэўнай раўнавагі, унутранага спакою. Маляваў заўсёды па заказах царкоўнага пастара. Аздабляў інтэр'ер малітоўных дамоў, нядзельных школ. Час ад часу прэзентаваў уласныя карціны братам па веры.
У жыцці Андрэя прысутнічала цікавая акалічнасць — ён быў баптыстам. Так, насамрэч сапраўдным вернікам евангельскім. Hi больш ні менш.
Баптыст — шматпакутлівае паняцце. Калісьці яно лічылася абразлівым, горш, чым "здраднік радзімы". Баптыстаў стралялі, гнаілі ў турмах, зганялі на сібірскія лесапавалы, нарыльскія ўранавыя руднікі, ды дзе толькі не сустракаўся брат-баптыст. Імі пужалі непаслухмяных дзяцей, з імі змагаліся на партыйных і камсамольскіх сходах, іх выкаранялі з грамадства як толькі маглі. A этымалогія паходжання загадкавага слова "баптыст" у савецка-народным фальклоры ў поўным зборы нагадвае дзіцячую кнігу казак Афанасьева. I чым мацней іх прыціскалі ў свой час улады, тым больш яны ганарыліся гэтым сваім паходжаннем.
Андрэевы карціны адрознівала прастата. Выкананыя на евангельскія тэмы малюнкі былі ненадакучлівымі і зразумелымі, як само хрысціянскае вучэнне. Вось
сейбіт кідае зерне, апосталы цягнуць сетку з рыбай, Хрыстос крочыць па вадзе, а мытнік ускараскаўся на самае высокае дрэва, каб убачыць прыход Збавіцеля. Усё спрошчана і шчыра, ад сэрца.
Андрэй маляваў натхнёна. Калі натхненне не надыходзіла — не маляваў. Чакаў свайго імгнення. Быў упэўнены — натхненне прыходзіць толькі ад Бога, тэлрнт — дар Усявышняга. Таму ніколі не падбухторваў сябе. Кожны малюнак выношваў унутры. Недзе ў глыбінях, невядомых падручнікам анатоміі.
Сённяшні заказ аказаўся не складаным. Пасля апошняй нядзельнай службы пастар наблізіўся да Андрэя і папрасіў намаляваць прыгожы надпіс, вытрымку з Пісання "БогёсцьЛюбоў".
"Атрымаецца, дык атрымаецца. He стану прымушаць, — заверыў пастар, які ведаў вельмі сціснуты рабочы графік Андрэя. — Урэшце, днямі напаткаў былога школьнага сябра. Той хваліўся, дачка — добрая мастачка, афармляе камерцыйныя вітражы. Абяцаў пасадзейнічаць. Мо яна намалюе? Глядзіш, там і да нашай царквы далучыцца. Справа Боская".
На гэты раз Андрэй згадзіўся намаляваць і без натхнення. Узяўся было за пэндзаль, але штосьці стрымала...
Сёння Міклуш адразу дамоў не пайшоў. Падаўся ў гарадскі парк. Доўга назіраў за дзецьмі, што насіліся на каруселях. Іх звонкія галасы і смех расслаблялі, прымушалі ўспомніць уласнае дзяцінства. Міклуш набыў квіток і сам сеў на карусельнага коніка.
Конік аказаўся пашэрпаны і ярка-чырвонага колеру.
Карусель завялася і закружылася ў неверагодным танцы, напоўненым дзіцячымі віскамі.
Міклуш раптам зразумеў увесь камізм сітуацыі і ўголас рассмяяўся, закалаціўся ў рогаце, нібы псіхічна хворы.
Вядомы, паважаны чалавек, салідны імпазантны мужчына і на табе — лётае на дзіцячай каруселі з партфелем у руках.
Міклушу было пляваць, што падумаюць людзі. Няхай думаюць, няхай гавораць. Столькіх з іх ён паспеў пера-
лячыць, паставіць на ногі, выцягнуць з таго свету, а вось для сябе доктара не знайшоў. Душа балела ў Міклуша.
Калі карусель спынілася, ён заўважыў знаёмую постаць у дарагім чорным касцюме. Міклуш пазнаў не адразу, хто перад ім, а калі пазнаў, пасур'ёзнеў. Гэта быў чалавек з тых самых багатых сяброў пацыенткі, якую днямі ў агоніі прывезлі пасля аўтааварыі, і якую ўжо на аперацыйны стол паклалі толькі дзеля сумлення.
Міклуш спыніўся. Мужчына акінуў хірурга поглядам з ног да галавы. Здаецца, намагаўся пазнаць. Але тут з каруселі да мужчыны падбегла дзіця, і яны, ўзяўшыся за ручкі, пакрочылі да выхаду, дзе чакала шыкоўная аўтамашына.
Міклуш глядзеў услед, пакуль аўтамабіль не знік з вачэй. Потым пайшоў.
Катанне на каруселі зняло стрэс. Хтосьці з заходніх псіхолагаў у нейкім медыцынскім часопісе раіў менавіта такім чынам пазбаўляцца ад нярвовага напружання. Дзеці таму і нярвова здаровыя, што пазбаўлены шматлікіх "дарослых" комплексаў, гуляюць у свае дзіцячыя забавы, якія праганяюць смутак, шэрасць дзён і дораць радасны настрой. А імпазантным дзядзечкам з партфелямі ў руках комплекс імпазантнасці не дае паганяць мяч на двары або пагуляць у пікара, каб расслабіцца. Яны вымушаны наведваць рэстараны, паліць тытунь, ужываць алкаголь. I ў выніку такога зняцця стрэсу салідныя мужчыны зарабляюць часцей інфаркт. Дарэчы, акрамя каруселяў, заходні псіхолаг раіў спрабаваць гульню "ў класікі" і скокі са скакалкай па дажджавых лужынах.
Палёгка аказалася часовай.
Праз рукі Міклуша праходзіла шмат розных хворых. Але вось тая, што загінула ў аўтакатастрофе, не выходзіла з галавы. Маладая, прыгожая, у самым саку. Гэта і псавала настрой. Бо жыла ў душы ўпэўненасць, самі можам у любы момант памерці. Ці многа чалавеку трэба, каб зямная камандзіроўка заўчасна скончылася? Як хірург, Міклуш ведаў адказ. Ведаў і баяўся, аднойчы сабе давядзецца назаўжды пакінуць.свет. Што настане тады? А гады ляцяць быццам імгненні-секунды, і нічога вартага
не адбываецца ў жыцці, што не сорамна будзе паказаць на тым свеце. А ў той свет Міклуш верыў. Верыў больш, чым у гэты, і баяўся смерці, хоць змагаўся з ёй штодзень.
Міклуш крыўдаваў на жыццё, якое так кепска распараджаецца з людзьмі. Добрыя гінуць, а благія жывуць па сто гадоў і кіруюць светам. Чаму? Наіўнае пытанне. Рытарычнае. Адказ вядомы ўсім — адказу проста няма.