Англійскі сусед
Міхаіл Вешым
Выдавец: Логвінаў
Памер: 295с.
Мінск 2019
— Добры дзень... — сказаў Джон, які ўпершыню пераступіў парог бара.
— Хэлоў! — адказала барменка, якая адрэпетавала сустрэчу загадзя. — Ай эм Глорыя.
— Джон! — павітаўся ён.
— Я ведаю... Я шмат чула пра вас...
Джон спыніўся насупраць яе.
— Гіпс! — сказаў ён. — Хацець купіць гіпс...
— He гандлюю такім! — усміхнулася яму Глорыя. — Але знайду...
Сонны Ванча ўзняўся над сталом і сказаў п’яным голасам:
— Я поўны гіпсу! — і зноў зваліўся на руку.
Глорыя пяшчотна ўзяла англічаніна за локаць, адвяла ў другі кут бара і пасадзіла за стол.
— Момант! — сказала яна і знікла.
Хутка яна вярнулася з бутэлькай піва і талеркай канапак.
— Тубарг! — аб’явіла яна. — I гамбургер... За кошт бара. Вы любіце гамбургеры? Ці лепей хот-дог?
Яна пацягнулася адкаркаваць піва, але так, што твар Джона амаль апынуўся ў яе дэкальтэ. Збянтэжаны, ён не ведаў, куды падзець вочы.
— Падабацца шопскі салата... Любіць перцы-бюрэк і ба-ні-ца... — ён пачаў заікацца.
— Як-небудзь спяку табе баніцу, — усміхнулася Глорыя і абдала яго хваляй парфумы. Пасля села на суседняе крэсла, паклаўшы свае доўгія ногі так, што яе кароткая спадніца высока агаліла сцёгны. Джон зноў захваляваўся, куды яму накіраваць свой погляд: ад пояса ўніз ці ўверх.
— Мой муж быў у Лондане, — сказала барменка і зноў заварушыла нагамі, каб прынесці стос здымкаў. — Вось ён... Тут ён на Трафальгарскай плошчы... А гэта аўтобус... Двухпавярховы...
— Ес! — кіўнуў Джон,якога цяпер больш цікавіўдругі паверх яе, чым другі паверх лонданскага аўтобуса.
Трымаючы металашукальнік, як Індыяна Джонс, Скін абшукваў падвал старой хаты. Абшукваў вельмі старанна, не прапускаючы ніводнага квадратнага сантыметра. Дарма. У навушніках нідзе нічога не піснула.
Але Скіну трэба было, каб піснула. Ён выйшаў на вуліцу і пачаў абыходзіць плошчу ля тэрасы. Раптам ля адной апорнай бэлькі прылада сігналізавала пра наяўнасць металу. Голены скінуў навушнікі і адзначыў месца вапнай. Пасля занёс металашукальнік у падвал і зноў загарнуў яго ў карычневую паперу.
А ў бары «Лондан» Глорыя загарнула Джону з сабою некрануты гамбургер. Праз паўгадзіны аповедаў пра жыццё мужа ў Англіі яна адкрыла, што цяпер яе мужык у Іспаніі. Таму яна вучыць іспанскую і толькі і чакае, калі ён усё зладзіць, каб яна паехала да яго. У момант, калі яна пачала дзяліцца, што пачуваецца жахліва самотнай, англічанін праявіў нецярплівасць.
— Трэба ісці... — выбачыўся ён. — У мяне майстар дома.
— Даруй, што загаварыла цябе... — чароўна ўсміхнулася Глорыя. — Чакай, ледзь не забыла.
Яна прынесла поліэтыленавы пакет гіпсу і прыклала да яго скрутак з гамбургерам.
— Усё за кошт бара... — заўпарцілася яна. — Інакш ты мяне пакрыўдзіш!
— Трэба пяць бутэлькі піва... — згадаў перад выхадам Джон.
— «Амстэл», «Хайнікен» ці «Тубарг»?
— Балгарскае не горшае, — абраў мясцовае англічанін.
Ён заплаціў, забраў рэшту і стрымана, па-англійску, развітаўся.
— Я яго скарыла! — сказала прыгажуня Глорыя Ванчу, які нават не зварухнуўся на яе словы.
Адкрыўшы месца ля бэлькі, Скін згубіў усялякую цікавасць да тынкоўкі. Ён сеў на трохногі зэдлік і загледзеўся ў адзначаны вапнай крыжык. Пад гэтым крыжыкам недзе глыбока пад зямлёй драмаў цэлы чыгунок золата. Той драмаў ужо сто год, але сёння ўвечары ён выкапае яго... Такім замроеным яго і знайшоў Джон, калі вярнуўся з бара «Лондан» з гіпсам і півам.
— Адпачываць... — зрабіў здагадку працадаўца.
— Ну... — адказаў працаўнік. — На сёння я скончыў!..
Джон паглядзеў на гадзіннік.
— Няма абеду?
— Дастаткова на сёння! — выцер рукі Скін і нахабна паглядзеў на англічаніна. — У мяне ёсць другі аб’ект!
Ён узяў сабе адно піва з торбы Джона і адкаркаваў зубамі. Пасля вадаспадам выліў змесціва бутэлькі ў горла.
— Тумораў монінг! — сказаў на развітанне балгарскі працаўнік і ўсунуў пустую бутэльку ў рукі замежнаму працадаўцу.
Аперацыя была прызначана на поўнач. Шчарбатаў глядзеў на цыферблат свайго камандзірскага гадзінніка, які фосфарнымі лічбамі пабліскваў у цемры. Ён атрымаў яго ў свой час ад Міністэрства ўнутраных спраў Башкірыі падчас службовай камандзіроўкі. Гэта быў дарагі для яго напамін пра славутае мінулае, таму палкоўнік ніколі не здымаў яго з рукі. Гадзіннік адставаў на шэсць хвілін кожную гадзіну, але Шчарбатаў заўжды ўлічваў гэтую яго асаблівасць.
Фосфарныя стрэлкі башкірскага камандзірскага гадзінніка сышліся на лічбе дванаццаць.
— Нуль гадзін і дваццаць дзве хвіліны! — адрапартаваў кіраўнік аперацыі. — Пачатак...
Пасля сігналу да дзеяння адзін цень жвава пераскочыў агароджу і прабраўся на двор англічаніна. Цень нёс у руцэ маленькую сапёрную рыдлёўку, якую ў арміі празвалі «шанцавальным інструментам». Гэты інструмент бясшумна запрацаваў пад
тэрасай ля апорнай бэлькі і за кароткі час выкапаў глыбокую яму. Раптам вастрыё скрыганула аб жалеза. Капальнік нахіліўся, залез па локаць у яму і дастаў нешта, што паспрабаваў агледзець у месяцавым святле. I ў святле ўбачыў, што знойдзенае жалеза — гэта звычайная конская падкова.
— Тваю маць! — вылаяўся цень, і ў гэты момант апорная бэлька правісла. Старая драўляная тэраса са скрыгатам нахілілася ў бок і ледзь не абвалілася.
— Хто тут? — крыкнуў зверху разбуджаны англійскі гаспадар і запаліўлямпу.
Голеная галава Скіна бліснула ў электрычным святле. Трымаючы ў адной руцэ рыдлёўку, а ў другой — падкову, ён глядзеў у выкапаную яму, у якой павінны было ззяць золата.
— Што рабіць тут? — запытаў здзіўлены Джон, які ў піжаме з кароткімі штанамі вызірнуў на вуліцу.
— Такая справа, брат... — адразу зарыентаваўся Скін. — Заўтра, тумораў монінг, у мяне іншая праца, таму я і прыйшоў цяпер трохі папрацаваць.
Джон толькі схапіўся за галаву. Было падобна, што ён не мог знайсці адпаведных слоў у сваім балгарскім слоўніку. А ад англійскіх слоў тут не было сэнсу... Ён паглядзеў на выкапаную яму, пасля на павіслую тэрасу і сказаў:
— Ты звольнены! Ты не будаўнік, ты разбуральнік! He хацець бачыць!
Скін нахабна паглядзеў на яго:
— Покі-чмокі! — і пхнуў яму ў рукі ржавую падкову. — На шчасце!
Схаваўшыся ў цені плота, Шчарбатаў прасачыў за ўсімі дэталямі аперацыі з дапамогай прыбора начнога бачання.
— Правал! — адрапартаваў Скін і злосна адсек галіну з куста бузіны шанцавальным інструментам.
— Спакойна... — адказала камандаванне.
— Ён яшчэ звальняць мяне будзе! — працягнуў абурацца Голены. — У маёй краіне будзе мяне звальняць! Я ледзь рыдлёўкай яго не ляснуў!
— Сціхні ты, Скін! — загадаў палкоўнік. — 3 брытанцам трэба працаваць далікатна...
Ён схаваў прыбор начнога бачання ў футляр. Затым пачысціў рыдлёўку ад зямлі. Палкоўнік дзейнічаў строга па статуце: пасля аперацыі абсталяванне абавязкова павінна вярнуцца на склад пачышчаным і запакаваным.
— У цябе ёсць твая трава? — раптоўна прыдумаў Шчарбатаў.
— Ёсць дзве цыгарэты... — адказаў Скін. — Ты хочаш дзьмухнуць?
— Брытанцу зараз захочацца дзьмухнуць... — не дагаварыў камандзір і выдаў новы загад: — Вяртайся назад! Толькі ціха... Каб ён не пачуў!
Пазней, калі хата англічаніна зноў патанула ў змроку, Голены другі раз за вечар пераскочыў праз агароджу.
А Шчарбатаў дастаў свой мабільны тэлефон і набраў нейкі нумар:
— Ало, паліцыя...
3 самай раніцы Джон сабраўся выправіць усе пашкоджанні, якія яму пакінуў ягоны голены майстар. Ён запоўніў яміну каменнем, зрабіў апалубку, замясіў бетон і заліў яго ў аснову апорнай бэлькі. Праз дзень-два, як толькі бетон застыне, ён падправіць і павіслую драўляную тэрасу... За гэты час ён сам замажа трэшчыны на фасадзе. Яму больш не былі патрэбныя майстры — ні з голенымі, ні з няголенымі галовамі.
Праз нейкі час на ягоным участку з’явілася баба Мара з рондалем казінага малака. Разам яны пайшлі на кухню, каб старая падзялілася з ім другой балгарскай таямніцай — таямніцай кіслага малака.
— У вашым краі такога няма... Няма гэтай бактэрыі... Бацылус булгарыкус завецца.
Яна паставіла рондаль на агонь і, пакуль малако варылася, апісала тэхналогію, якую Джон старанна запісаў у свой арганайзер. Гэты электронны нататнік месціў у сваёй памяці шмат таямніц балгарскага побыту і быў бясцэнным.
Зваранае малако павінна было астыць. У гэты час Джон вырашыў пачаставаць сваю госцю англійскай гарбатай. Баба Мара выпіла гарбату з трыма лыжкамі цукру, але ўсё адно не адчула ніякага смаку. Пасля гарбаты яны перайшлі да практычных заняткаў па малочнай вытворчасці:
— Закваску трэба дадаваць, калі малако мае тэмпературу цела.... Трыццаць сем градусаў — ні болей, ні меней. Паспрабуй пальцам! Тэрмометр не патрэбны, спрабуй пальцам.
Джон паслухмяна апусціў палец у рондаль, папярэдне выцершы яго вільготнай парфумаванай сурвэткай.
— Паспрабуй і другой рукой! — загадала інструктарка. — Ёсць розніца?
Званок мабільнага тэлефона заспеў яго аберуч у малацэ. Баба Мара зноў дапамагла: дастала апарат з кішэні і прыклала да вуха. Джон загаварыў па-англійску: званіла яго жонка з Лондана.
— Сонечна... Квашу малако... Ёгурт... Мяне суседка вучыць... О, ну калі ласка, Паці, гэта не тое, што ты думаеш! Я і брынзу навучуся рабіць. Людзі тут вельмі мілыя. Рамонт прасунуўся... Пакуль нязручна размаўляць, стэлімся пазней!
Як толькі размова скончылася, баба Мара вярнула тэлефон назад у кішэню.
— Гэта Патрыша?
Джон кіўнуў.
— Як у Англіі?
— Дождж, — каротка адказаў ён і ўзяўся разліваць малако з рондаля па слоіках. Ён закрыў слоікі і закруціў іх коўдрай. Па інструкцыі для заквашвання была патрэбная цеплыня.
— Мама! — пачуўся голас Нотынгема з суседняга двара. — Дай есці!
Быў час абеду.
— Такі ў мяне сын, што сам сабе ежы накласці не можа! — прамармытала баба Мара і пайшла да сябе.
Патрульная машына спынілася ля плота англічаніна. 3 яе выйшла пара паліцэйскіх, падобных да персанажаў амерыканскай камедыі. Адзін высокі і худы, як жардзіна, а другі нізкі і раздзьмуты, нібы балонік. Абодва паглядзелі на нумар на браме, пасля паглядзелі адзін на аднаго.
— Тут! — сказаў тонкі. — Як будзем яго арыштоўваць: па старым ці па новым законе?
— Стары нібыта ўжо не дзейнічае, — адказаў таўстун. — Давай па новым!
Ён дастаў кніжку і пачаў яе гартаць.
— Спачатку надзяваем на яго кайданкі... He, спачатку кажам, што ён мае права на адваката...