Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня
Памер: 496с.
Пецярбург 2003
Ф.Скарына вучыцца й пытаецца, С.Полацкі вучыць і адказвае. Апошняе — прыкмета часу: чым няпэўней навакольныя абставіны, тым катэгарычней дыдактыка. Францыск застанец-
ца ў падсьвядомасьці беларускай культуры ейным паветрам і “кніжнікам кніжнікаў”.
Ф.Скарына шукаў на Захадзе, С.Полацкі знайшоў сабе на Ўсходзе — Імя. Досьведы Ф.Скарыны й С.Полацкага сфармавалі мадэль культурнага пасярэдніцтва, якая й умажлівіла ідэю Беларусі. Ф.Скарына й С.Полацкі — два роўнавялікія архетыпы, два ўзоры прэтэнзіяў для беларускіх культурнікаў. Без Ф.Скарыны, а дакладней — імпартаваных з Захаду тэхналёгіяў, не было б “кідку на Ўсход” С.Полацкага. Без С.Полацкага ня ўзьнікла б Беларусі ў ейным іншым вымярэньні — як гістарычнай пераемніцы Полаччыны, як краіны культуртрэгераў і асьветнікаў —масту паміж Захадам і Ўсходам.
Імя “Беларусь” упершыню пасьлядоўна пачало ўжывацца ў дачыненьні да сучаснай беларускай тэрыторыі менавіта пры маскоўскім двары. Захад шукаў місіянэраў, якія не выклікалі б адпрэчаньня ў артадаксальнага Ўсходу. На ролю такіх пасярэднікаў прэтэндавалі розныя тэрыторыі й этнічныя групы, але ў тым, што гэтая місія-назва “Беларусь” замацавалася менавіта за цяперашняй беларускай тэрыторыяй, пэўную заслугу мае й С.Полацкі, вучань віленскіх езуітаў, настаўнік маскоўскіх цароў. “Беларусь” на доўгія часы, да пацешных пятроўскіх палкоў і слабодаў, сталася адзіна прымальным для Расеі ўзорам заходняй цывілізацыі, з рук якой Масковія толькі й згаджалася браць рымскую вучонасьць.
Нацыю фармуюць ня толькі агульнасьць мовы ды гісторыі, але й місія — геапалітычная каньюнктура. Эліты могуць спраектаваць прэстыжную нацыянальную ідэю, але, каб зрабіцца “этнічнай культурнай тэмай”, яна мусіць улічыць геапалітычную прагматыку. Сьвятое месца не пустуе. Спачатку “Беларусь” зьявілася не ў зусім пісьменных — што зробіш—допісах маскоўскіх дыпляматаў і толькі пасьля — на палітычнай мапе. Каб апошняе адбылося, яе “вызвалялі” — гэта было актам ня толькі вайсковым, але й сэмантычным. “Вызвалялася” ня проста тэрыторыя, але й сэнс, ідэя, місія для гэтай тэрыторыі, уканаваная й закладзеная ў тэрміне “Беларусь”. Замала мець
нацыянальную ідэю й нацыянальную мітаграфію — трэба, каб тваю ідэнтычнасьць прымаў на веру яшчэ нехта збочны. Нацыя — гэта тое, што адбіваецца й адбываецца вонкі.
Урэшце, Захад і Ўсход могуць анічога ня ведаць пра існаваньне Беларусі й нават не здагадвацца пра ейную апрычоную культурную ролю. Падобны трагікамічны момант ня ставіць пад пытаньне самое місіі Беларусі, бо міжкультурны дыялёг адбываецца, насамрэч, ня толькі й ня столькі на дзяржаўным узроўні, узроўні інстытуцыяў або дыскурсаў, колькі ў штодзённым побыце, на ўзроўні індывідуальных лёсаў.
Быць беларусам азначае браць удзел у гэтым дыялягічным праекце. Беларускасьць — гэта форум, экспэртыза, палеміка. Беларусы ў Маскве рабіліся агентамі гісторыі, правакатарамі перамен. Такой была роля братоў Зізаніяў, П.Мсьціслаўца, Ф.Скарыны, М.Сматрыцкага, І.Хведаровіча й, безумоўна, С.Полацкага, уніята й палачаніна. Аслабленьне нацыянальнага імунітэту Беларусі прыпадала на пэрыяды лібэралізацыі маскоўскай дзяржавы. Беларусь рабілася прарасейскай у той ступені, у якой Расея “зьбеларушчвалася", пераймаючыся гэтай дыскусіяй. Пецярбург Пятра 1 стаўся магчымым тады, калі з прычыны бясконцых войнаў немагчымай зрабілася “полацкасьць” — камунікацыя эўразійскіх абшараў праз Балтыку з заходнім сьветам. У той ступені, у якой Беларусь прыдумвалася ў Расеі, Расея прадумвалася ў Беларусі.
Народжаны ў інтэлектуальных колах ВКЛ стэрэатып Масковіі (М.Літвін, А.Пасевін, Г.Пельгрымоўскі й інш.) быў успрыняты ў Заходняй Эўропе. I пазьней ужо новая эліта пасьляпятроўскай Расеі прызнала сябе ў гэтым стэрэатыпе й культывавала яго як у творчасьці “заходнікаў”, гэтак і “славянафілаў”. Пазнаньне чужога — найперш самапазнаньне. Француз Дэ Кюстын, пішучы пра Расею, адкрываў Эўропу, дапамагаючы вызначыцца эўрапейскім ідэалам і каштоўнасьцям. Беларусь была такім месцам, дзе выяўляла й адкрывала сябе як Расея, гэтак і Эўропа.
Бясконцыя войны ВКЛ з Масковіяй зьмянілі ня ў лепшы бок ня толькі эканамічнае ды дэмаграфічнае становішча По-
лаччыны XVII ст., але й адбіліся анамальным чынам на культурным пакліканьні гораду. Эліты Полацку, якія далі літоўскім абшарам заканадаўства, распрацаваную пісьмовую мову, падмуркі дзяржаўнай і царкоўнай арганізацыі, былі ўрэшце зьведзены да стану памежнай варты, што з пэрыядычнасьцю ў дваццаць гадоў сыстэматычна вынішчалася падчас маскоўскалітоўскіх войнаў. Полацаку як месцу, заслужыламу на ўласную гістарычную рацыю, як прагматычнаму геапалітычнаму праекту, паўсталаму цэнтрам гандлю й культурных камунікацыяў, была неабходна мірная мяжа з Масковіяй. Менавіта таму Кацярынінскае XVIII ст., што зьліквідавала паўночна-ўсходнюю мяжу літоўскай “хімэры”, сталася часам росквіту Полацку. XVIII стагодзьдзе можна ўважаць ці ня самым бліскучым у новай полацкай гісторыі. Але аблудай было б казаць, што эканамічныя свабоды сталіся для палачан больш важнымі за свабоду сумленьня. Полаччына, як пісаў прарасейскі гісторык уніі М.Каяловіч, па-ранейшаму вызначалась “множеством ревннтелей, выступавшнх под знаменем Кунцевнча”.
Вобраз Сімяона Полацкага слаба акцэптаваны ў сучаснай беларускай мітаграфіі, але ягоная прысутнасьць у айчыннай гісторыі не падлягае рэдукцыям. Ф.Скарына — больш плястычная й спадручная постаць для канструктараў мітаў, ягоны вобраз падпадае рэдагаваньню і кіраваньню палітычнай каньюнктуры. У залежнасьці ад панавальнай ідэалягічнай моды, у яго зьмяняецца нават імя: Георгі на Францыск — і наадварот. У дадзеным пляне С.Полацкі рэзыстэнтны. Складваецца ўражаньне, што гэты выхаванец езуітаў на службе маскоўскага валадара сам вызначыў парамэтры сваёй прысутнасьці ў гісторыі. Урэшце, гэта й было ягонай прафэсіяй — ён карыстаў маскоўскі двор як ідэоляг “палітыкі велічы”, забясьпечваючы гістарыясофскую падтрымку маскоўскім унівэрсалісцкім памкненьням.
Здатнасьць ставіць і вырашаць гістарычныя задачы залежыць ад адпаведнага ўяўленьня пра час і каштоўнасныя арыентацыі, зь імі зьвязаныя. Кар’ера С.Полацкага як прагматыч-
ны праект, унутрана каштоўны й этычна апраўданы, магла скласьціся толькі ў выніку адпаведных адносінаў да гісторыі і рэлігійных установак. Як і іншых паэтаў барока, С.Полацкага ўражвае дэструктыўны аспэкт часу. У сытуацыі міжчасься, міждзяржаўя й міжвер’я С.Полацкі шукае аптымальнае для свайго індывідуальнага лёсу выйсьце. Урэшце, гэтае выйсьце станецца аптымальным для ўсяго тубыльнага постсармацкага дыскурсу — “усходні” вэктар сфармуе беларускую ідэю-місію вяртаньня праваслаўнай цывілізацыі ў агульнаэўрапейскі кантэкст. Беларускі “славянафіл” у маскоўскім эквіваленце — гэта “заходнік”. У паводзінах С.Полацкага аблудна было б шукаць прыкметы нейкае вылучна беларускай схільнасьці да канфармізму. Праз стагодзьдзе, пасьля разбору Рэчы Паспалітай, полацкія езуіты будуць датрымлівацца ў дачыненьні з кацярыненскай Расеяй той жа лініі. Гэта выбар сацыяльна-актыўных людзей, якія вырашылі працаваць тут і цяпер. Падобная пазыцыя будзе даваць плён, пакуль у выніку імпэрскай рэакцыі на шэрагшляхоцкіхзабурэньняў 1812,1831 і 1863 гг.украінябудзе падарвана сацыяльна-эканамічная база эвалюцыйнага развою, створаная нацыянал-прагматыкамі. Тэзу “абеларушчваньня” Расеі забудуць на стагодзьдзе.
Жыцьцё на памежжы — існаваньне ў сытуацыі пэрманэнтнага культурнага шоку ад сутыкненьня з “чужым”, ад немагчымасьці, урэшце, напоўніцу атаясамляць сябе са “сваімі”. Гэтая сытуацыя спараджае своеасаблівы рэлятыўны фундамэнталізм. Мусіць, існуе пэўная лёгіка ў тым, што правінцыйны гішпанскі шляхціц Лаёла стаецца заснавальнікам аднаго з найбольш амбітных інстытутаў эўрапейскай экспансіі, вучань езуітаў С.Полацкі едзе вучыць маскоўскіх цароў, а сталіцай Таварыства Ісуса робіцца Полацак, незабавам інкарпаваны ў склад Расеі.
Дасьледаваньне жыцьцёвага й творчага шляху С.Полацкага выводзіць на разгляд па-сучаснаму вострых апазыцыяў Захаду й Усходу, краёвага патрыятызму й нацыянальнага пачуцьця, традыцыі й навацыяў, сьвецкага і клерыкальнага, ідэ-
алаў і прагматызму. Разьвязаньне гэтых дылем дазволіла С.Полацкаму зрабіць адну з найбольш уражвальных кар’ер у гісторыі беларускай культуры. Гэты прыклад пасьпяховасьці на стагодзьдзі прадвызначыў для беларусаў культуртрэгерскі вэктар. С.Полацкі заклаў і яшчэ адзін прэцэндэнт —як дасягнуць пасьпяховасьці, не адрынаючы свайго. Паэт, будучы ў Маскве, ня выракся ані полацкага патрыятызму, ані прыналежнасьці да базылянскага ордэну. Зрэшты, каб ня дужа падманвацца на гэты конт, варта ўлічыць адрозьненьні паміж сучасным нацыянальным пачуцьцём і ўласьцівым часом С.Полацкага спосабам самаідэнтыфікацыі паводле краёва-канфэсійнай прыкметы. Калі для сучаснага нацыяналіста ягонай “радзімай” зьяўляецца мова, дык для чалавека XVII ст. падобнай ідэалягічнай бацькаўшчынай была канфэсія, ці нават абрад, у выпадку “народнай веры”. Людзі “доўгага сярэднявечча лёгка пакідалі радзіму, бо наўрад ці яна ў іх была”(Ж. Ле Гофф). Да таго ж, і сама сацыяльная кляса, да якой належаў С.Полацкі, была, як піша М.Блок, па сваёй натуры ўнівэрсальнай.
Творчасьць С.Полацкага дазваляе выявіць тыя зьмены, што адбываліся ў сьвядомасьці ягоных сучасьнікаў, у прыватнасьці, у іхных адносінах да часу. У сваім творы “Год века образ” С.Полацкі атаясамляе сэзоны году з узроставымі стадыямі чалавечага жыцьця. Паэт падзяляе чалавечы век на пяць пэрыядаў, у кожным зь якіх па шаснаццаць гадоў: “Пяць разоў па шаснаццаць гадоў — канец веку”. Вымярэньне чалавечага жыцьця на 16-годзьдзі, на думку сучасных гісторыкаў, можа сьведчыць пра пэўную абыякавасыдь тагачаснага грамадзтва да канцэпту ўзросту, што абумовілася адсутнасьцю ўніфікаваных узроставых вехаў, якімі для нашых сучасьнікаў зьяўляецца, напрыклад, набыцьцё адукацыі ці служба ў войску.
Заслугоўвае ўвагі верш С.Полацкага “4 szesci dnia”, у якім прасочваюцца каштоўнасныя адносіны паэта да часу: “kto madry, ma пос w nienawisc, // We dnie uciechy szuka y korzsci”. (Полоцкнй C., c. 110). Параўнайма з народнай формулай “ягоны час, ягоная воля”, паводле якой “дабро ёсьць тое, што бывае ў