Апавяданні
Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
1 С е р с о — гульня з тонкім лёгкім абручом, які падкідваюць і ловяць спецыяльнай палачкай (заўв. перакл.).
тут і не падумаў пярэчыць містэру Келаду — доктар ленаваўся ўступаць у спрэчкі, а я ўсяляк выказваў сваю абыякавасць да размовы,— калі б не нехта Рэмзі, які таксама сядзеў за нашым сталом. Ён, як і містэр Келада, не выносіў пярэчанняў. Яго выводзіла з сябе самаўпэўненасць леванційца. Спрэчкі іх былі бясконцыя і з’едлівыя.
Рэмзі служыў у амерыканскім консульстве ў Кобе. Гэта быў высокі грузны чалавек, ураджэнец Сярэдняга Захаду, адзеты ў танны гарнітур, відавочна яму малы. Ён вяртаўся да месца службы пасля кароткага адпачынку ў Нью-Йорку, куды ездзіў па жонку, якая амаль год пражыла на радзіме. Гэта была прывабная кабета з арыстакратычнымі манерамі і пачуццём гумару. У консульстве плацілі, вядома, мала, што прымушала місіс Рэмзі адзявацца сціпла, але з густам, па модзе, таму і выгляд яна мела заўсёды элегантны. Я не звярнуў бы на яе асаблівай увагі, каб не гэтая надзвычай абаяльная сціпласць, якая, можа, і ўласціва болыпасці жанчын, але не ў наш час. Мяне шчыра дзівіла яе сціпласць. Яна ўпрыгожвала місіс Рэмзі, як свежая кветка ўпрыгожвае сукенку.
Неяк на абедзе мы ненаўмысля загаварылі пра жэмчуг. У газетах тады шмат пісалі, што японцы выдумалі нейкі штучны жэмчуг, і доктар заўважыў, што новы жэмчуг знізіць, мабыць, кошт сапраўднага. Гэты жэмчуг цяпер ужо даволі добры, а неўзабаве яго і не адрозніш ад каштоўнага. Містэр Келада, як звычайна, ухапіўся за новую тэму і расказаў нам усё, што ведаў пра жэмчуг. Думаю, Рэмзі і часткі таго не ведаў, але ж выдалася добрая нагода паспрачацца з леванційцам, і праз якіх хвілін пяць пачалася гарачая спрэчка. Мне не выпадала яшчэ чуць, каб містэр Келада даводзіў нешта гэтак палка і шматслоўна, як цяпер. Неўзабаве Рэмзі сказаў нешта асабліва з’едлівае, і містэр Келада грымнуў кулаком ца стале і залямантаваў:
— Я ведаю, што кажу. Я еду ў Японію якраз, каб паглядзець на гэты славуты японскі жэмчуг. Гэта мая спецыяльнасць, і кожны эксперт можа пацвердзіць, што з маёй думкаю лічацца. Я ведаю ўсе жамчужыны ў свеце, а калі ўжо чаго і не знаю пра жэмчуг, дык таго і знаць не трэба.
Нам гэта была навіна. Пры ўсёй яго балбатлівасці містэр Келада яшчэ нікому не казаў, чым ён займаецца. Мы чулі толькі, што ён накіроўваецца ў Японію па нейкіх камерцыйных справах. Містэр Келада пераможна зірнуў на нас.
— Японцы ніколі не вырабяць жамчужыны, якой бы я не распазнаў з першага погляду.— Ен паказаў на каралі місіс Рэмзі.— Папомніце маё слова, місіс Рэмзі, каштоўнасць гэтага шнурка не зменшыцца ні на цэнт.
Місіс Рэмзі па сціпласці сваёй злёгку пачырванела і памкнулася схаваць жэмчуг у выраз сукенкі.
Рэмзі падсунуўся бліжэй. Ён загадкава зірнуў на нас, і ў вачах яго мільганула ўсмешка.
— Праўда, прыгожы шнурок?
— Я адразу звярнуў на яго ўвагу,— сказаў містэр Келада.— Так, адзначыў я сам сабе, вось гэта жэмчуг як мае быць.
— Яго купілі без мяне. Цікава, колькі, па-вашаму, ён каштуе?
— Думаю, каля пятнаццаці тысяч долараў. He дзіва, калі на Пятай Авеню за яго дадуць і ўсе трыццаць.
На твары ў Рэмзі з’явілася зларадная ўсмешка.
— Уявіце сабе, што ў дзень ад’езду з Нью-Йорка місіс Рэмзі купіла гэты шнурок ва універсальным магазіне ўеяго за васемнаццаць долараў.
Містэр Келада пачырванеў ад гневу.
— Лухта. Жэмчуг сапраўдны, больш таго, цудоўнай прыгажосці, ніколі яшчэ я не бачыў такога выдатнага шнурка.
— Давайце біцца ў заклад. Стаўлю сто долараў, што гэта падробка.
— Давайце.
— Дарагі Элмар, не варта ісці ў заклад, калі загадзя ведаеш вынік,— сказала місіс Рэмзі, слабая ўсмешка кранула яе вусны, у голасе чуўся слабы дакор.
— Ну не. Грошы самі плывуць у рукі, трэба быць апошнім дурнем, каб не скарыстаць такой магчымасці.
— А як вы зможаце даказаць, што ваша праўда? — спыталася яна ў містэра Келады.
— Дазвольце мне бліжэй разгледзець, і, калі гэта падробка, я адразу скажу. He пашкадую сто долараў.
— Дарагая, здымі шнурок, калі ласка. Хай гэты джэнтльмен вывучае яго, колькі яму трэба.
Місіс Рэмзі нейкую хвіліну вагалася. Потым нерашуча дакранулася да замочка.
— Я не магу расшпіліць,— сказала яна.— Прыйдзецца вам, містэр Келада, паверыць мне на слова.
I раптам мяне працяла думка, што зараз нешта павінна здарыцца, але я прамаўчаў.
Рэмзі адразу падскочыў.
— Дай я расшпілю.
Ён працягнуў шнурок містэру Келаду. Леванціец выцягнуў з кішэні павелічальнае шкло і пачаў уважліва разглядаць жэмчуг. На яго чыста выгаленым смуглявым твары з’явілася ўсмешка пераможцы. Ён вярнуў шнурок і збіраўся ўжо загаварыць, як раптам перахапіў позірк місіс Рэмзі. Збялелая як палатно, яна, здавалася, вось-вось страціць прытомнасць. Вочы расшырыліся ад жаху і моўчкі прасілі літасці; усё было ясней яснага, дзіўна, што муж яе нічога так і не заўважыў.
Усмешка на Келадавым твары так і застыла. Ен прыкметна пачырванеў. Відаць было, што ён прыкладае ўсе намаганні, каб супакоіцца,
— Я памыліўся,— сказаў ён.— Гэта вельмі добрая падробка, і, вядома, калі я паглядзеў праз лупу, адразу
зразумеў, што жэмчуг не сапраўдны. Ваша праўда, ён каштуе не больш за васемнаццаць долараў.
Ён моўчкі выцягнуў з бумажніка сто долараў і аддаў містэру Рэмзі.
— Цяпер, малады чалавек, думаю, вы доўга будзеце помніць гэту навуку? — з’едліва сказаў Рэмзі, хаваючы грошы ў кішэню.
Я бачыў, што рукі ў Келады прыкметна дрыжэлі.
Гісторыя гэта, як звычайна бывае, хутка разышлася па караблі. У той вечар толькі і гаворкі было пра містэра Келаду, былі і жарты і едкія кпіны. Лёгка сказаць — містэр Усёвед сеў у лужыну. Толькі місіс Рэмзі не выходзіла з каюты, у яе разбалелася галава.
Раніцай назаўтра я галіўся, а містэр Келада ляжаў у пасцелі, курыў цыгарэту. Раптам пачуўся нейкі шоргат і ў шчыліну пад дзвярыма нехта падсунуў канверт. Я адчыніў дзверы і выглянуў у калідор. Нікога. Тады я падняў пісьмо. На ім друкаванымі літарамі было напісана: Максу Келаду. Я аддаў ліст яму.
— Цікава, ад каго гэта? — сказаў ён і раскрыў канверт.
Але замест ліста ён выцягнуў стадоларавую паперку. Містэр Келада зірнуў на мяне і пачырванеў. Потым ён парваў канверт на дробныя кавалачкі і папрасіў мяне выкінуць іх праз ілюмінатар.
Я выканаў просьбу і запытальна паглядзеў на яго.
— Каму ж хочацца прыкідвацца дурнем? — сказаў ён.
— Жэмчуг сапраўдны?
— Калі б у мяне была маладая прывабная жонка, ніколі б не пусціў яе адну на год у Нью-Йорк,— усміхнуўся ён.
У гэтую хвіліну містэр Келада мне падабаўся. Ён раскрыў бумажнік і акуратна паклаў туды стадоларавую паперку.
ЧАЛАВЕК СА ШРАМАМ
Упершыню я звярнуў на яго ўвагу менавіта з-за гэтага шрама, шырокага і чырвонага, які вялікім паўмесяцам перасякаў твар ад скроні да падбародка. Бясспрэчна — след страшэннай раны, мабыць, ад удару шабляй ці ад асколка снарада. Шрам ніяк не стасаваўся з гэтым праставатым, круглым, лагодным тварам з дробнымі, непрыкметнымі рысамі. Дый сам твар быў нібыта чужы, не пасаваў да такога высокага чалавека з магутнымі плячыма. На ім заўсёды бачылі адзін і той жа зношаны шэры гарнітур, колеру хакі кашулю і пакамечанае самбрэра. Выгляд не надта ахайны. Кожны дзень перад самым кактэйлем ён з’яўляўся ў гватэмальскім «Палас-гатэлі» і, няспешна пахаджваючы па бары, прадаваў латарэйныя білеты. Калі толькі гэтым ён зарабляў сабе на кавалак хлеба, дык жыў, відаць, вельмі бедна. Я не бачыў, каб хто-небудзь купіў у яго білет; затое часам яму перападала выпіць. Ён не адмаўляўся. Чалавек са шрамам праціскаўся між столікамі, асцярожна перавальваючыся з нагі на нагу, быццам стомлены доўгай хадой. Ён затрымліваўся амаль ля кожнага століка, з лёгкай усмешкай на вуснах называў нумары сваіх білетаў і, калі яго не заўважалі, з той жа лагоднай усмешкай ішоў далей. Напэўна, заўсёды ён быў на падпітку.
Неяк увечары я са сваім знаёмым стаяў ля стойкі ў бары — у гватэмальскім «Палас-гатэлі» падаюць цудоўнае сухое марціні,— калі да нас падышоў чалавек са шрамам і зноў, каторы ўжо раз, расклаў перада мною
свае білеты. Я адмоўна пакруціў галавой, але мой знаёмы па-сяброўску павітаўся з ім.
— Que tai, генерал? Як жыццё?
— He скажу што выдатнае, але бывае і горш.
— Што будзеце піць?
— Брэндзі.
Ён тут жа залпам выпіў, паставіў чарку на стойку, задаволена кіўнуў майму знаёмаму:
— Gracias. Hasta luego
I пайшоў далей прадаваць свае білеты наведвальнікам бара.
— Хто гэта? — спытаўся я.— Які страшэнны ў яго шрам.
— I праўда, зусім не ўпрыгожвае твару. Чалавек гэты — выгнаннік з Нікарагуа. Бясспрэчна, галаварэз і бандыт, але някепскі хлопец. Час ад часу я даю яму некалькі песа. Раней ён быў генералам, узначальваў там мяцеж, і, калі б не скончыліся боепрыпасы, скінуў бы ўрад і стаў бы ваенным міністрам, а не гандляром латарэйных білетаў у Гватэмале. Яго ўзялі разам з усім штабам і судзілі палявым судом. Прыгаварылі да расстрэлу, гэта там хутка робіцца.
У камеры ўсю ноч асуджаныя — іх было пяць чалавек — гулялі ў покер, выкарыстоўвалі запалкі замест фішак. Потым ён мне казаў, што ніколі яшчэ не было ў яго, каб так не шанцавала. Калі на золку прыйшлі салдаты, каб весці палонных да месца пакарання, ён паспеў прагуляць запалак больш, чым звычайны чалавек спальвае за ўсё жыццё.
Іх вывелі на турэмны двор і паставілі ля сцяны тварам да салдат. Аднак расстрэльваць не спяшаліся, і наш сябра спытаўся, якога чорта іх прымушаюць тут стаяць. Афіцэр растлумачыў, што чакаюць генерала —
1 Дзякуй. Да пабачэння (ісп.).
галоўнакамандуючага дзяржаўнымі войскамі, які пажадаў прысутнічаць пры расстрэле.
— Тады, відаць, я яшчэ паспею выкурыць цыгарку,— сказаў наш сябра.— Генерал ніколі не вызначаўся пунктуальнасцю.
Але толькі ён закурыў, генерал — між іншым, гэта быў Сан-Ігнасія, вы яго, думаю, сустракалі — з’явіўся на двары разам са сваім ад’ютантам. Выканалі звычайныя фармальнасці, і Сан-Ігнасія папытаўся, ці ёсць у каго з асуджаных апошняе жаданне. Чатыры адмовіліся, а наш сябра сказаў:
— Я б хацеў развітацца з жонкаю.
— Bueno — пагадзіўся генерал,— я дазваляю. Дзе яна?
— Чакае ля турэмнай брамы.
— Тады, думаю, мінут пяць вам хопіць.
— Нават меней, сіньёр генерал,— узрадаваўся наш сябра.
— Адвядзіце яго ўбок.
Два салдаты выйшлі наперад і адвялі асуджанага. Генерал кіўнуў галавой, афіцэр падаў каманду, прагучаў бязладны залп, і тыя чацвёра ўпалі. Падалі яны не разам, а адзін за адным, тузаючыся, як марыянеткі ў лялечным тэатры. Падышоў афіцэр і разрадзіў абодва ствалы рэвальвера ў тых, хто яшчэ варушыўся. Наш сябра дакурыў цыгарэту, пстрыкнуў недакуркам.