Апавяданні
Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
чаць, іпто Францыя — краіна земляробаў і яе апора — працавітыя фермеры. Ва ўсім гэтым ёсць сэнс. Так думаў стары Пер’е.
Неяк увечары пасля яды — прайшло ўжо дзесяць дзён, як яны дазналіся, што П’ера Гавэна няма,— мадам Пер’е, загадзя дамовіўшыся з мужам, сказала Анет:
— Я надоечы напісала Жану, каб ён заўтра да нас прыехаў.
— Дзякуй, што папярэдзілі. Я са свайго пакоя не выйду.
— Паслухай, дачка, не гавары глупства. Глядзі на ўсё цвяроза. П’ер памёр. Жан цябе кахае, хоча ажаніцца. Хлопец ён прыгожы. Любая дзяўчына ганарылася б такім мужам. Мы ж з бацькам не пацягнем фермы без яго. Ён абяцаў купіць на свае грошы трактар і плуг. Што было, тое было, забудзься пра гэта.
— Дарэмна ўсё, мама. Я раней зарабляла сабе на жыццё, зараблю і цяпер. Ён брыдкі, агідны чалавек. Каб магла, забіла б яго. Але мне мала яго смерці. Я хачу, каб ён пакутаваў так, як пакутую я. Здаецца, я і памру спакойна, калі змагу яго параніць гэтак балюча, як ён мяне.
— Што ты вярзеш, беднае дзіця.
— Слухайся мацеры, дачушка,— сказаў Пер’е.— Нас перамаглі, і цяпер трэба неяк прыстасоўвацца, наладжваць адносіны з пераможцамі. Мы разумнейшыя за іх, яшчэ невядома, хто выйграе. Францыя ўся наскрозь прагніла. Яўрэі і плутакраты — вось хто загубіў нашу краіну. Чытай газеты, сама сваім розумам дойдзеш.
— Я не веру ніводнаму слову ў гэтай газеце. Няўжо ты не разумееш, чаму ён іх табе цягне? Таму, што гэта здрадніцкая газета, яна прадалася немцам. Тыя, хто піша ў ёй,— здраднікі. Здраднікі! Божа літасцівы, дажыць бы мне да таго дня, калі раз’юшаны натоўп
параздзірае іх на кавалкі! Іх купілі, купілі на нямецкія грошы. Падлюгі!
Мадам Пер’е страціла цярпенне.
— Чаго ты чапляешся да хлопца? Ну праўда, ён узяў цябе сілком. Ён быў п’яны, нічога не цяміў. He ты першая, не ты апошняя, з кім гэта не здараецца. Ён жа тады ўдарыў твайго бацьку, з яго кроў лілася, як з параненага вепра, а ці ён злуецца?
— Гісторыя непрыемная, але я лічу за лепшае забыцца пра гэта,— сказаў Пер’е.
Анет пагардліва зарагатала.
— Табе б быць свяшчэннікам. Ты даруеш крыўдзіцелям з хрысціянскай цярплівасцю.
— Ну і што з таго? — злосна спыталася маці.— Хлопец зрабіў усё, што мог, каб загладзіць віну. Дзе б твой бацька браў тытунь усе гэтыя месяцы, каб не Жан?! I мы не галадалі толькі дзякуючы Жану.
— Калі б вы мелі хоць крышачку гонару, вы б шпурнулі яму ў твар усе яго падачкі.
— Але і табе ад іх перападала. Скажаш, не?
— He! Ніколі!
— Хлусіш. Ты сама добра ведаеш, што гэта не так. Праўда, ты не ела сыру, што ён прыносіў, і алею, і сардзінаў. Але суп ты ела, а ў ім быў кавалак мяса, што прынёс Жан. А салата сёння на вячэру: ты б ела без алею, калі б не Жан.
Анет глыбока ўздыхнула, стомлена правяла рукой па вачах.
— Ведаю. Я не хацела дакранацца да гэтага, але не магла стрымацца: я так нагаладалася. Я ведала, што ў супе мяса, якое прынёс Ганс, але ўсё ж такі крышачку з’ела. Я ведала таксама, што салата з яго алеем. Я вырашыла спачатку адмовіцца, але есці так хацелася! Гэта не я ела, а галодны звер, што сядзіць ува мне.
— Так ці гэтак, але суп ты ела.
— Сорам, адчай быў у душы, але ела. Спярша іх самалёты і танкі зламалі нас, а цяпер, калі мы бездапаможныя, яны хочуць зламаць наш дух, мораць нас голадам.
— Няма тут чаго разважаць, дачушка, гэтым справе не дапаможаш. Ты жанчына вучоная, а ў галаве глупства. Забудзься пра тое, што было, падумай лепш пра дзіця, яму патрэбен бацька, я ўжо не кажу пра тое, што ў нас на ферме будзе такі работнік. Ён адзін варты двух парабкаў. Гэтак будзе разумней.
Анет паціснула плячыма, і ўсе трое змоўклі.
На другі дзень прыехаў Ганс. Анет варожа зірнула на яго, але не скранулася з месца, не сказала ні слова. Ганс усміхнуўся.
— Дзякуй, што не ўцякла ад мяне, як заўсёды,— сказаў ён.
— Бацькі запрасілі цябе прыехаць. Яны пайшлі ў вёску. А я, пакуль іх няма, хачу без хітрыкаў пагаварыць з табой. Сядай.
Ён зняў шынель і каску, падсунуў крэсла бліжэй да стала.
— Бацька і маці хочуць, каб я пайшла за цябе. Ты — спрытны. Змог-такі абвесці іх вакол пальца. Яны вераць таму, што пішуць у газетах, якія ты носіш ім. Дык вось, ведай: я ніколі не буду тваёй жонкай. Я раней і ўявіць сабе не магла, што можна так ненавідзець чалавека, як я ненавіджу цябе.
— Слухай, давай лепей гаварыць па-нямецку. Ты ж добра ведаеш мову, зразумееш, што я буду казаць.
— Дзіва што! Я выкладала гэтую мову. Два гады я адпрацавала гувернанткай у Штутгарце.
Ганс перайшоў на нямецкую, яна ж, як і раней, гаварыла па-французску.
— Я вельмі кахаю цябе, зачараваны табою. Я ў захапленні ад тваёй адукаванасці, культурнасці. Вельмі паважаю цябе. Я, вядома, разумею, што цяпер ты не
пойдзеш за мяне, калі б нават такая магчымасць і была. Але П’ер жа памёр.
— He смей называць гэта імя! — крыкнула Анет.— Гэтага яшчэ не хапала!
— Я толькі хацеў выказаць спачуванне, што ён...
— Што яго расстралялі немцы.
— Можа, з часам ты будзеш менш думаць пра яго. Ведаеш, калі памірае чалавек, якога кахаеш, здаецца, што ўжо не перажывеш. Але міне час, і ўсё забываецца. А ты не думаеш, што твайму дзіцяці натрэбен бацька?
— Калі б я нават і не кахала другога, няўжо ты думаеш, я забылася б, што ты немец, а я францужанка? Калі б ты не быў такі дурань, як усе вы, немцы, ты б скеміў, што дзіця застаецца мне вечным дакорам. Думаеш, у мяне няма сяброў? Як я буду глядзець ім у вочы — я, у каго дзіця ад нямецкага салдата? Адно прашу: пакінь мяне адну з маёю ганьбаю. Богам прашу, ідзі і ніколі не вяртайся.
— Але гэта ж маё дзіця. Я хачу быць з ім.
— Ты? — шчыра здзівілася яна.— Што табе гэтае дзіця, зачатае па-свінску.
— Ты не разумееш. Я шчаслівы, я ганаруся. Калі я даведаўся, што ты цяжарная, тады я і зразумеў, што кахаю цябе. Спярша і сам не паверыў, так гэта было нечакана. Няўжо ты не разумееш? Дзіця гэтае для мяне — усё на свеце. He ведаю, як табе гэта растлумачыць. Яно яшчэ не нарадзілася, а ўжо блізкае, роднае мне. Я сам часам сябе не разумею.
Анет уважліва паглядзела на яго, вочы яе дзіўна заблішчэлі, быццам нейкая думка раптам працяла яе. Яна нервова засмяялася.
— He ведаю, што ў мяне мацнейшае: нянавісць да нямецкага свінства ці пагарда да іх сентыментальнасці.
Ён, здавалася, не звярнуў увагі на яе словы.
— Я ўвесь час толькі пра яго і думаю.
— А ты ўпэўнены, што будзе хлопчык?
— Я ведаю, што будзе абавязкова хлопчык. Мне вельмі хочацца патрымаць яго на руках, я буду вучыць яго хадзіць. А калі ён падрасце, навучу ўсяму, што сам магу. Навучу ездзіць вярхом, навучу страляць. У вашай рэчцы ёсць рыба? Навучу яго вудзіць рыбу. Я самы шчаслівы бацька на свеце.
Яна глядзела на яго халоднымі, жорсткімі вачыма. Твар быў напружаны, суровы. Страшэнная думка зноў працяла яе. Ён жа лагодна ўсміхнуўся ў адказ.
— Калі ты ўбачыш, як я моцна люблю нашага сына, можа, і ты мяне тады пакахаеш. Я буду табе добрым мужам, каханая мая.
Яна маўчала. Толькі вочы яе па-ранейшаму былі халодныя і жорсткія.
— Няўжо ты не знойдзеш мне хоць адно ласкавае слова? — спытаўся Ганс.
Анет ускіпела, моцна сціснула кулакі.
— Хай мною пагарджаюць іншыя, але я ніколі не зраблю так, каб потым пагарджаць сабой. Ты мой вораг і заўсёды ворагам застанешся. Мне б толькі дажыць да таго дня, калі Францыя зноў будзе свабодная. Але дзень гэты надыдзе. Хай праз год, праз два, можа, нават праз трьіццаць гадоў, але ён надыдзе. Іншыя могуць жыць, як сабе хочуць, я ж ніколі не кіну змагацца з тымі, хто прыгнятае маю радзіму. Я ненавіджу і цябе, і дзіця, зачатае ад цябе. Нас перамаглі, але мы не скарыліся, ты яшчэ ўбачыш. А цяпер ідзі. Я так вырашыла, і няма на свеце сілы, якая б прымусіла мяне зрабіць інакш.
Хвіліны дзве ён маўчаў.
— Трэба ж з доктарам дамовіцца? Усе выдаткі я бяру на сябе.
— Ты што, звар’яцеў? Хочаш, каб пра нашу ганьбу ўся вёска ведала? Маці сама зробіць, што трэба.
— А калі што-небудзь здарыцца?
— He сунь носа ў чужое проса.
Ганс уздыхнуў, падняўся і выйшаў, зачыніўшы за сабой дзверы.
Яна сачыла праз акно, калі ён ішоў сцежкай да дарогі. Раптам яна адчула, што Гансавы словы закранулі ў яе душы нейкія невядомыя ёй дагэтуль пачуцці.
— Божа, божа літасцівы, дай мне сілу,— крыкнула яна ў роспачы.
Стары дварняк, піто багата пражыў тут на ферме, з брэхам кінуўся да Ганса. Ганс ужо некалькі месяцаў спрабаваў прывучыць сабаку, але так і не змог. Калі ён хацеў яго пагладзіць, сабака адскокваў, гыркаў, шчэрыў зубы. I цяпер, раззлаваны на Анет за яе словы, Ганс груба таўхануў сабаку нагой, той адляцеў у кусты, заскуголіў і пакульгаў прэч.
— Звер! — выгукнула Анет.— Усё гэта няпраўда, няпраўда! А каб яшчэ крышачку, я пачала б яго шкадаваць.
На сцяне ля дзвярэй вісела люстэрка. Анет падышла да яго і паспрабавала ўсміхнуцца, але выраз твару застаўся жорсткі і халодны.
Быў ужо сакавік. У суасонскім гарнізоне пачалася незвычайная мітусня: муштравалі амаль кожны дзень, зачасцілі інспекцыі. Хадзілі розныя чуткі. Адно было зразумела — часць рыхтавалі да адпраўкі, але куды, пра гэта салдаты не ведалі. Адны меркавалі, што будзе вырашацца пытанне з Англіяй, некаторыя прытрымліваліся думкі, што пашлюць на Балканы; была гаворка і пра Украіну. Увесь час Ганс ад клопату і турбот не знаходзіў сабе месца і на ферму паехаў праз два тыдні.
Дзень выпаў пахмурны, халодны. Была слота, вецер хвастаў па твары. Шэрае і бязрадаснае было наваколле.
— Нарэшце! — узрадавалася мадам Пер’е, калі Ганс прыехаў.— Мы ўжо чаго толькі не думалі.
— He выпадала прыехаць раней. Загаду кожны дзень чакаем, збіраюцца некуды адпраўляць. А калі загад той будзе, невядома.
— Дзіця нарадзілася сёння раніцай. Хлопчык.
Ганс быў на сёмым небе ад шчасця. Ён кінуўся да старой, сціснуў яе ў абдымках, пацалаваў.
— У нядзелю нарадзіўся, будзе шчаслівы. Ну а цяпер трэба выпіць шампанскага. Як Анет?
— Добра, як добра можа адчуваць сябе жанчына ў такім стане. Роды былі не цяжкія. Уначы пачаліся схваткі, а ў пяць гадзін раніцы ўжо нарадзіла.
Стары Пер’е сядзеў ля самай печы, курыў люльку. Ён лагодна ўсміхнуўся, гледзячы на радаснага Ганса.
— Так з кожным бывае, калі нараджаецца першае дзіця,— сказаў ён.
— Валасы ў хлопчыка густыя і такія ж бялявыя, як у цябе. А вочы блакітныя. Усё так, як ты і думаў,— сказала мадам Пер’е.— Упершыню бачу такое прыгожае дзіця. Увесь у бацьку.