Апавяданні  Уільям Сомерсет Моэм

Апавяданні

Уільям Сомерсет Моэм
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 223с.
Мінск 1990
49.65 МБ
Місіс Барэт належала да тых жанчын, што ведаюць па імёнах метрдатэляў ва ўсіх найлепшых рэстаранах Еўропы. Яна сказала афіцыянту, што якраз наліваў ёй віно, каб паклікаў Анжэла.
Сапраўды, гэта была дзіўная пара. Яны сядзелі адны за маленькім столікам. Людзі ўжо даволі пажылыя.
Ён, высокі і грузны, з цэлай шапкай белых валасоў, вялікімі касматымі белымі брывамі і вялікімі белымі ж вусамі, нагадваў нябожчыка караля Італіі Умберта, толькі выгляд у яго быў больш каралеўскі. Сядзеў ён ідэальна прама. На ім быў фрак, белы гальштук і каўнерык, з тых, што ўжо гадоў мо трыццаць як выйшлі з моды. Побач сядзела маленькая бабулька ў чорнай атласнай сукенцы з вялікім дэкальтэ і ў талію. На шыі блішчэлі некалькі шнуркоў каляровых караляў. Лёгка было заўважыць, што на ёй парык, прычым далёка не найлепшы — скрозь кудзеркі і локанчыкі колеру крумкачовага крыла. Твар быў вельмі няўмела размаляваны — ярка-сіняя фарба пад вачыма і на павеках, бровы ненатуральна чорныя, на шчоках па пляме вельмі чырвоных румян, а губы фіялетава-пурпуровыя. Твар у глыбокіх маршчынах. Вочы былі вялікія і рашучыя, яна з цікавасцю пераводзіла позірк з аднаго століка на другі. Уважліва разглядала ўсіх навокал, раз-пораз паказвала на каго-небудзь свайму мужу. Выгляд гэтай пары быў такі дзіўны і незвычайны сярод моднай публікі, сярод мужчын у смокінгах, жанчын у лёгкіх светлых сукенках, што многія наведвальнікі з непрыхаванай цікавасцю назіралі за імі. Аднак гэта, відаць, бабульку зусім не бянтэжыла. Заўважыўшы, што зрабілася цэнтрам увагі, яна пачала хітравата паднімаць бровы, усміхацца і падміргваць. Здавалася, яна восьвось падскочыць з месца і, прыціснуўшы маленькую ручку да сэрца, павітаецца з публікай.
Анжэла тут жа падбег да багатай кліенткі Евы Барэт.
— Вы пажадалі мяне бачыць, мілэдзі?
— Ах, Анжэла, нам да смерці цікава даведацца, што гэта за дзіўныя людзі там за столікам каля дзвярэй?
Анжэла азірнуўся, па твары мільгануў цень разгубленасці. Ён няўпэўнена перасмыкнуў плячыма і,
быццам апраўдваючыся, з паслухмянай усмешкай на твары растлумачыў:
— Выбачайце, мілэдзі.— Ён, зразумела, ведаў, што ў місіс Барэт ніякага тытулу няма (таксама як і ведаў, што графіня-італьянка не была ні італьянкай, ні графіняй і што англійскі лорд ніколі за сябе не плаціў, калі за яго гэта мог зрабіць хто-небудзь іншы), але ён таксама ведаў, што чуць такі тытул ёй прыемна.— Яны вельмі прасіліся, каб я іх сюды пусціў, ім абавязкова трэба было ўбачыць нумар мадам Стэлы. Яны некалі і самі выступалі. Я, вядома, разумею, гэта далёка не тая публіка, што наведвае наш рэстаран, але вельмі ж яны прасіліся, у мяне не каменнае сэрца, не змог ім адмовіць.
— Ах, такая дзівосная пара. Дальбог, яны мне падабаюцца.
— Гэта мае даўнія знаёмыя. Ён мой зямляк,— метрдатэль паблажліва ўсміхнуўся.— Я паабяцаў, што пакіну ім столік, пры ўмове, што яны не будуць танцаваць. Гэтага ўжо я, вядома, дазволіць не мог, мілэдзі.
— Ах, што вы кажаце, а я б з вялікім задавальненнем паглядзела, як яны танцуюць.
— Усё мае свае межы, мілэдзі,— важна прамовіў Анжэла.
Ён усміхнуўся, пакланіўся яшчэ раз і пайшоў.
— Глядзіце! — ускрыкнуў Сэндзі.— Яны збіраюцца пайсці.
Смешная старая пара ўжо расплачвалася. Стары ўстаў і накінуў на жончыны плечы вялікае баа з белых, але не вельмі чыстых пёраў. Яна паднялася. Муж падаў ёй руку, трымаўся ён вельмі прама, а яна, такая маленькая побач з ім, дробненька затупала да выхаду. Да чорнай атласнай сукенкі прымацаваны быў доўгі шлейф, і Ева Барэт (якой ужо пераваліла за пяцьдзесят) завішчала ад захаплення.
— Паглядзіце толькі, я помню, мая маці насіла такія сукенкі, як я вучылася ў школе.
Забаўная пара прайшла па прасторных залах казіно і спынілася каля дзвярэй. Стары звярнуўся да швейцара:
— Будзьце ласкавы, падкажыце, як знайсці артыстычную. Мы ж хацелі выказаць пашану мадам Стэле.
Швейцар крытычна агледзеў іх. 3 такімі людзьмі неабавязкова быць асабліва ветлівым.
— Яе там няма.
— Няўжо яна пайшла? Па-мойму, у дзве гадзіны яна зноў выступае?
— Ваша праўда. Яна, відаць, цяпер у бары.
— Думаю, нічога, калі мы туды заглянем, Карла,— сказала старая.
— Добра, дарагая,— сказаў ён, асабліва выразна вымаўляючы «р».
Яны павольна падняліся па шырокай лесвіцы і ўвайшлі ў бар. Тут не было нікога, акрамя памочніка бармена і адной парачкі, што сядзела ў кутку. Бабулька адразу адпусціла локаць мужа і шпарка затупала да іх, яшчэ здалёк працягваючы абедзве рукі.
— Добры дзень, мілачка. Калі я сядзела ў зале, адчула выключную неабходнасць павіншаваць вас, я ж таксама англічанка. I потым, некалі я таксама выступала. У вас выдатны нумар, мая мілая, вы заслужылі поспех.— Яна павярнулася да Котмана.— А гэта ваш муж?
Стэла паднялася з крэсла і з сарамлівай усмешкай на твары слухала гаварлівую даму.
— Так, гэта Сід.
— Рады пазнаёміцца,— сказаў стары.
— А вось гэта мой муж,— дадала бабулька, ледзь дакрануўшыся да рукі свайго сівога спадарожніка.— Містэр Пенэці. Ён граф, а я аднаведна графіня Пенэці,
але з таго часу, як мы кінулі выступаць, тытулам не карыстаемся.
— Можа, што-небудзь з намі вып’еце? — прапанаваў Котман.
— He, не, дазвольце нам пачаставаць вас,— патрабавальна сказала місіс Пенэці і села.— Карла, закажы.
Падышоў бармен, і пасля нядоўгага абмеркавання былі заказаны тры пляшкі піва. Стэла піць адмовілася.
— Яна ніколі не п’е перад другім выступленнем,— растлумачыў Котман.
Стэла была маленькая кволая жанчынка гадоў дваццаці шасці, са светла-каштанавымі валасамі, коратка падрэзанымі і закручанымі, з шэрымі вачыма. Яна падмалявала губы, але на шчоках румянаў амаль не было, твар здаваўся бледны. Прыгажуняй яе не назавеш, але рысы былі тонкія і далікатныя. Простая вячэрняя сукенка з белага шоўку ладна аблягала яе стан.
Прынеслі піва, і містэр Пенэці, чалавек, відаць, не вельмі гаваркі, зрабіў некалькі глыткоў.
— А з якім нумарам вы выступалі? — ветліва спытаўся Котман.
Місіс Пенэці зірнула на яго сваімі жвавымі, густа падфарбаванымі вачыма і звярнулася да мужа:
— Скажы ім, Карла, хто я.
— Жанчына Гарматнае Ядро,— зычным голасам абвясціў той.
Місіс Пенэці шчасліва ўсміхнулася і па-птушынаму хутка перавяла позірк з Котмана на Стэлу. Абое здзіўлена глядзелі на яе.
— Флора, Жанчына Гарматнае Ядро,— паўтарыла яна.
Яна яўна разлічвала ўразіць іх, таму яньі проста разгубіліся. Стэла азадачана зірнула на свайго Сіда. Той паспяшаўся на дапамогу.
— Гэта, мабыць, было яшчэ да нас.
— Вядома, да вас. Мы ж якраз пакінулі сцэну ў той год, як памерла каралева Вікторыя. Наша знікненне са сцэны выклікала тады цэлую сенсацыю. Вы пэўна чулі пра мяне? — Але твары іх нічога не выказвалі; голас яе загучаў жаласна.— Я ж мела тады ашаламляльны поспех. Я выступала ў старым «Акварыуме», народу заўсёды збіралася процьма. Усе самыя выдатныя людзі прыязджалі, каб паглядзець на мяне. Прынц Уэльскі, дый наогул, каго толькі там не было. Увесь горад пра мяне гаварыў. Праўда, Карла?
— Дзякуючы ёй у «Акварыуме» цэлы год былі поўныя зборы.
— У іх гэта быў самы шыкоўны нумар за ўвесь час. Некалькі гадоў таму назад паехала я да лэдзі Дэ Бат, каб адрэкамендавацца. Ведаеце, Лілі Лэнгры, што жыла тады тут, дык яна мяне вельмі добра помніла. Казала, што хадзіла на мяне глядзець дзесяць разоў.
— А што вы рабілі? — спыталася Стэла.
— Мной выстрэльвалі з гарматы. Паверце, гэта была сапраўдная сенсацыя. А пасля Лондана я аб’ездзіла са сваім нумарам увесь свет. Так, мая мілая, але цяпер я старая жанчына. Містэру Пенэці семдзесят восем, дый мне ўжо далёка за семдзесят, але некалі мае партрэты расклейвалі па ўсім Лондане. Лэдзі Дэ Бат сказала мне: «Дарагая мая, вы былі такой жа славутасцю, як і я». Але ж вы ведаеце, што ў нас за публіка, убачаць што-небудзь цікавае, захапляюцца, ды толькі падавай ім увесь час нешта новенькае, а тое надакучвае, і яны перастаюць хадзіць. Так будзе і з вамі, мая мілая. Гэтага ніхто не пазбегне. Але містэр Пенэці заўсёды меў галаву на плячах. Яшчэ хлопчыкам ён выступаў у цырку. Калі мы пазнаёміліся, ён быў шталмайстрам. Я тады працавала ў акрабатычнай трупе. Акрабаты на трапецыі, ведаеце? Містэр Пенэці і цяпер яшчэ відны мужчына, але паглядзелі б вы на яго тады: у рускіх ботах і брыджах, сурдут са шнурамі ладна абля-
гаў яго фігуру, ён ляскаў доўгай плёткай, і коні круг за кругам скакалі па арэне,— прыгажэйшага мужчыны я ў жыцці ніколі не бачыла.
Містэр Пенэці пры гэтым не вымавіў ні слова, задумліва пакручваў свае вялізныя белыя вусы.
— Дык вось, як я ўжо казала, мой муж не з тых, хто раскідваецца грашыма, і калі нам не маглі ўжо даць ангажэмент, ён сказаў: «Давай болып не будзем выступаць». Ён меў рацыю: калі ты першая зорка ў Лондане, на простую работу назад у цырк ужо не вернешся. А містэр Пенэці ж граф, яму пра гэта заўсёды помніць трэба. Вось мы і прыехалі сюды, купілі дом і адкрылі пансіён. Містэр Пенэці заўсёды марыў пра гэта. Вось ужо трыццаць пяць год, як мы тут атабарыліся. I справы ў нас ішлі няблага, толькі вось у апошнія дватры гады, як здарыўся крызіс, зрабілася горай, дый кліенты не такія, як раней, калі мы толькі пачыналі: зараз падавай ім электрычнасць, водаправод у кожны пакой, а другім разам і бог ведае што. Дай ім нашу картку, Карла. Містэр Пенэці сам гатуе, і калі вам захочацца сапраўднай утульнасці далёка ад дому, вы цяпер ведаеце, дзе яе знайсці. Я люблю артыстаў, і ў нас з вамі ёсць пра што пагаварыць, мая мілая; я лічу, хто быў артыстам, той заўсёды артыст.
У гэты момант з’явіўся старшы бармен, які хадзіў вячэраць. Убачыўшы Сіда, ён сказаў:
— Містэр Котман, вас шукаў містэр Эспінэль, вельмі хацеў вас бачыць.
— Вось як? А дзе ён?
— Пашукайце, ён недзе тут.
— Ну, мы пойдзем,— сказала місіс Пенэці і паднялася.— Заходзьце да нас калі-небудзь. Я пакажу вам мае даўнія фотаздымкі і выразкі з газет. Уявіць цяжка, што вы нават не чулі пра Жанчыну Гарматнае Ядро! Я была сапраўдная славутасць, як лонданскі Таўэр!
Місіс Пенэці зусім не пакрыўдзілася на тое, што маладыя людзі нічога не ведалі пра яе. Гэта было проста забаўна.
Яны развіталіся, і Стэла зноў апусцілася ў крэсла.
— Бось зараз дап’ю піва,— сказаў Сід,— і пайду даведаюся, чаго там хоча ад мяне Пака. Ты застанешся тут, дарагая, ці пойдзеш да сябе?